Geely SC7

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Geely SC7
Агульныя даныя
Тып(ы) кузавы: 4‑дзв. седан (5‑месн.)
На рынку
Папярэднік
Папярэднік
Пераемнік
Пераемнік

Geely SC7 Haijing (кіт.: 海景) — седан кітайскай кампаніі Geely. На ўнутраным рынку Кітая прадаваўся пад суббрэндам Englon[1], на рынках Украіны[2] і краін Паўднёвай Амерыкі (Чылі[3]) — як Geely SL.

Упершыню быў паказаны на Шанхайскім аўтасалоне ў красавіку 2009 года[4]. За час выпуску былі праведзеныя два рэстайлінгі: у 2014 і 2015 годзе.

Агляд[правіць | правіць зыходнік]

Экстэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

{{{box_caption}}}
{{{box_caption}}}
Першапачатковы дызайн

Geely SC7 — чатырохдзверны седан C-класа. Прататыпам паслужыла Toyota Corolla Е120, якая выпускалася ў 20002006 гадах[5][6]. Дызайн задніх ліхтароў называюць падобным на оптыку дарэстайлінгавага Mercedes-Benz S-класа W221[7]. Рашотка радыятара, молдынг на вечцы багажніка і вонкавыя ручкі дзвярэй маюць храміраванае аздабленне.

Габарытная даўжыня аўтамабіля складае 4682 мм, шырыня — 1739 мм, вышыня — 1485 мм, колавая база — 2602 мм.

{{{box_caption}}}
{{{box_caption}}}
Рэстайлінгавы варыянт (2014—2015)

У 2014 годзе быў праведзены рэстайлінг, у выніку чаго пярэдняя частка атрымала падабенства да мадэляў Б'юік[8][9]. Галоўнае адрозненне — новая рашотка з вертыкальнымі прутамі і новыя фары. Замест супрацьтуманных ліхтароў у бамперы з'явіліся святлодыёдныя хадавыя агні. Змяніліся карпусы вонкавых люстэркаў. Ззаду практычна ўсё засталося па-ранейшаму: і оптыка, і дызайн увогуле. Па вуглах задняга бампера з'явіліся дэкаратыўныя элементы імітуючыя накладкі на патрубкі выхлапной сістэмы. Хадавая частка і асноўныя агрэгаты не змяніліся[10].

Вонкавыя выявы
Пярэдняя частка пасля другога абнаўлення (2015)

У 2015 годзе адбылося другое абнаўленне: новы бампер, новая пярэдняя оптыка і рашотка радыятара, якая захавала вертыкальны дызайн, але стала больш выпуклай[11].

Інтэр'ер[правіць | правіць зыходнік]

Салон — пяцімесны. Дызайн пярэдняй панэлі мае падабенства да панэлі Toyota Corolla дзявятага пакалення[12]. Руль рэгулюецца па вуглу нахілу, рэгуліроўка вышыні сядзення кіроўцы адсутнічае. Спінка задняга сядзення адкідваецца, трансфармуючы багажнік для перавозкі доўгіх рэчаў. Аб'ём багажніка — 560 літраў.

На рэстайлінгавых SC7 2014 года ў інтэр'еры з'явілася новая панэль прыбораў і цэнтральная кансоль са срэбранай акантоўкай паветраводаў, блока кліматызацыі і мультымедыйнай сістэмы[9].

Рухавікі[правіць | правіць зыходнік]

Для беларускага рынку прапаноўваўся толькі адзін бензінавы рухавік аб'ёмам 1,8 літра і магутнасцю 127 к.с. пры 6200 аб/хв; максімальны круцільны момант — 162 Н·м пры 4250 аб/хв[13]. Па канструкцыі ён блізкі да таётаўскага рухавіка 1ZZ-FE: мае падобную поршневую, ГБЦ, рэгуліроўку зазораў клапанаў, але са спрошчанай сістэмай падачы паліва і ўпырску[14]. Мае два размеркавальныя валы, ланцужны прывад ГРМ і сістэму змены фаз газаразмеркавання.

Мадэль рухавіка Тып Аб'ём Магутнасць Макс. круцільны момант Макс. хуткасць Выдатак паліва, л/100 км
1,5 CVVT[15][16] JL4G15D L4, 16V, DOHC, CVVT 1,5 л (1498 см³) 106 к.с. (78 кВт)
пры 6000-6200 аб/хв
135 Н·м
пры 4800 аб/хв
165 км/г 7,5
1,5 DVVT[15][17] JLγ-4G15 L4, 16V, DOHC, DVVT 1,5 л (1498 см³) 109 к.с. (80 кВт)
пры 6000 аб/хв
140 Н·м
пры 4200-4600 аб/хв
165 км/г 6,8
1,8 CVVT[15] JL4G18 L4, 16V, DOHC, CVVT 1,8 л (1792 см³) 102 кВт
пры 6200 аб/хв
172 Н·м
пры 4200 аб/хв
185 км/г 7,5
1,8 DVVT[15][18] JLγ-4G18 L4, 16V, DOHC, DVVT 1,8 л (1808 см³) 133 к.с. (98 кВт)
пры 5800-6000 аб/хв
175 Н·м
пры 4000-4400 аб/хв
170 км/г 8,5

Шасі[правіць | правіць зыходнік]

Прывад — пярэдні. Пярэдняя падвеска — тыпу McPherson, ззаду — паўзалежная тарсіённая бэлька. Пярэдняя каляіна — 1492 мм, задняя — 1472 мм. Дарожны прасвет — 160 мм. Тармазы — спераду і ззаду дыскавыя вентыляваныя, абсталёўваюцца ABS. Рулявое кіраванне — рэйкавае, абсталяванае гідраўзмацняльнікам.

Каробка перадач — механічная, пяціступеньчатая. Пасля набыцця аўстралійскага вытворцы трансмісій Drivetrain Systems International  (англ.), Джылі атрымала магчымасць усталявання аўтаматычных каробак перадач DSI на свае мадэлі. У верасні 2012 года на аўташоу ў Цзінані быў паказаны SC7 з аўтаматам[19]. Шасціступеньчатая аўтаматычная каробка перадач прапаноўвалася для машын з рухавіком 1,8 л магутнасцю 133 к.с[20].

Абсталяванне[правіць | правіць зыходнік]

На беларускім рынку Geely SC7 прапаноўвалася ў дзвюх камплектацыях. У базавую версію GS уваходзілі кандыцыянер, гідраўзмацняльнік руля, пярэднія і заднія электрашклапад'ёмнікі, вонкавыя люстэркі з электрарэгуліроўкай і абаграваннем, рэгуляванне руля па вуглу нахілу, цэнтральны замок з кіраваннем з ключа, аўдыёсістэма CD/MP3/USB, франтальныя падушкі бяспекі для кіроўцы і пярэдняга пасажыра, ABS+EBD , імабілайзер і сігналізацыя. Камплектацыя GS+ адрознівалася толькі наяўнасцю клімат-кантроля замест кандыцыянера[10].

Продажы ў Кітаі[правіць | правіць зыходнік]

Продажы Geely SC7 Haijing у Кітаі, адз.[21]

Зборка ў Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

На заводзе «Аўтагідраўзмацняльнік» у Барысаве ажыццяўлялася SKD-зборка аўтамабіляў Geely SC7. Машынакамплекты пастаўляліся праз літоўскі порт у Клайпедзе: кузаў на шасі з крэсламі, рулём, панэллю, без колаў і хадавой часткі. Рухавік паступаў на завод са знятым навясным абсталяваннем.

Продажы Geely SC7 у Беларусі, адз.
2013[22] 2014[23] 2015[24]
350 1238 466

Першыя аўтамабілі ў тэставым рэжыме былі сабраныя ў першай палове 2012 года. Таварныя аўтамабілі выйшлі на рынак у 2013 годзе. Адначасова пачаліся пастаўкі ў дзяржаўныя ўстановы: МНС і ДАІ. Пазней аўтамабілі сталі атрымліваць Дэпартамент аховы, Міністэрства абароны, Дзяржпагранкамітэт, Транспартная інспекцыя і інш. Закупалі аўтамабілі таксама службы таксі. У 2014 годзе ў Беларусь сталі паступаць машынакамплекты для зборкі рэстайлінгавай версіі SC7.

На беларускім рынку Geely SC7 прапаноўвалася толькі з 1,8-літровым бензінавым рухавіком і механічнай каробкай перадач.

«Першы беларускі электрамабіль»[правіць | правіць зыходнік]

У жніўні 2017 года быў паказаны прататып электрамабіля беларускай распрацоўкі. Машына была спраектавана Аб'яднаным інстытутам машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук на базе Geely SC7[25].

Усталяванне новай сілавой устаноўкі зроблена пры мінімальных зменах канструкцыі базавага аўтамабіля. З машыны быў дэмантаваны бензінавы рухавік з усімі агрэгатамі, уключаючы каробку перадач, выхлапную сістэму і бензабак. Пад капотам быў усталяваны сінхронны матор-рэдуктар, інвертар і кантролер. Магутнасць электрарухавіка складае 60 кВт (80 к.с.), круцільны момант электрапрывада — да 2600 Н·м. Для ахаладжэння пакінуты стандартны радыятар. Захавалася ўся бартавая электроніка — яе сілкаванне ажыццяўляецца ад акумулятара. Для сілкавання вакуумнага ўзмацняльніка тармазоў усталявана спецыяльная вакуумная помпа і рэсівер. Батарэя — літый-іонная, размешчана ў багажніку. Пастаўшчык — "Энер зэт" (Санкт-Пецярбург, Расія). Над батарэяй усталявана зарадная прылада. Раздым для зарадкі выведзены ў люк бензабака.

Тэхнічныя характарыстыкі: ёмістасць батарэі — 32 А·г; ёмістасць суперкандэнсатара — 650 Вт·г; прабег на поўным зарадзе — 150 км; зарадка каля 3-4 гадзін ад 380 вольт альбо каля 6 гадзін ад 220 вольт; максімальная хуткасць — 110 км/г.

Машына выкарыстоўвалася НАН у якасці хадавой лабараторыі для адпрацоўкі тэхналогій. У далейшым электракар быў мадэрнізаваны. Батарэю перанеслі з багажніка пад днішча, яе ёмістасць павялічылася ўдвая. На электроннае кіраванне былі пераведзеныя тармазная сістэма, рулявое кіраванне, панэль прыбораў і інш[26].

Зноскі

  1. 主打豪华 上海英伦三款新车出席车展 (кіт.). autohome.com.cn (10 красавіка 2009). Праверана 1 жніўня 2020.
  2. В Украине стартуют продажи Geely SL (руск.). autoconsulting.ua (19 верасня 2011). Праверана 1 жніўня 2020.
  3. Geely SL: Nuevo Sedán debuta en Chile (ісп.). autocosmos.cl (14 снежня 2011). Праверана 1 жніўня 2020.
  4. 品牌展示汇总:吉利车展新车多图汇总 (кіт.). autohome.com.cn (22 красавіка 2009). Праверана 1 жніўня 2020.
  5. Zotye vs Geely: или-или? (руск.). abw.by (17 чэрвеня 2014). Праверана 1 жніўня 2020.
  6. До Geely дожили, а что пережили? Каким был путь белорусской иномарки "для народа" (руск.). av.by (10 снежня 2015). Праверана 1 жніўня 2020.
  7. "Немного ржавчины - и все!" Что произойдет с Geely SC7 после 100 тыс.км (руск.). av.by (28 снежня 2015). Праверана 1 жніўня 2020.
  8. Spy Shots: Geely ‘Buick’ Englon SC7 seen testing in China (англ.). carnewschina.com (2 ліпеня 2013). Праверана 1 жніўня 2020.
  9. а б Выбираем «Автомобиль 2014 года» на белорусском рынке: Nissan Sentra vs Geely SC7 (руск.). onliner.by (2 снежня 2014). Праверана 1 жніўня 2020.
  10. а б Geely SC7: и что в нем нового? // АВТОбизнес : газета. — № 39 (950), 2 кастрычніка 2014. (руск.)
  11. 小幅升级 2015款海景将于5月25日上市 (кіт.). autohome.com.cn (18 мая 2015). Праверана 1 жніўня 2020.
  12. Geely SC7: достойный экземпляр... Для белоруса? (руск.). abw.by (14 красавіка 2014). Праверана 13 жніўня 2021.
  13. Белорусский Geely SC7 получил 1,8-литровый 127-сильный двигатель с расходом 7,5 литра (руск.). onliner.by (1 лютага 2013). Праверана 1 жніўня 2020.
  14. Geely SC7 Prestige – достойное решение для города // Новые машины / newauto.kz : часопіс. — 2014. — № 4 (6). — С. 11. Архівавана з першакрыніцы 16 мая 2017. (руск.)
  15. а б в г Geely Englon SC7 (Haijing) Sedan (англ.). chinaautoweb.com. Архівавана з першакрыніцы 30 чэрвеня 2020. Праверана 1 жніўня 2020.
  16. 比以往车型有质的提升 试驾华普海景 (кіт.). autohome.com.cn (12 снежня 2009). Праверана 1 жніўня 2020.
  17. 解读低配车 实拍2014款海景1.5L低配车 (кіт.). autohome.com.cn (17 кастрычніка 2014). Праверана 1 жніўня 2020.
  18. 全面进入6AT时代!试英伦SC7 6AT车型 (кіт.). autohome.com.cn (12 снежня 2012). Праверана 1 жніўня 2020.
  19. SC3/SC6/SC7 英伦旗下三款车型即将上市 (кіт.). autohome.com.cn (5 верасня 2012). Праверана 1 жніўня 2020.
  20. Geely SC7 gets an automatic gearbox in China (англ.). carnewschina.com (10 верасня 2012). Праверана 1 жніўня 2020.
  21. Geely SC7 Haijing China Sales Figures (англ.). carsalesbase.com. Праверана 1 жніўня 2020.
  22. Обзор рынка новых автомобилей в Беларуси за 2013 год (руск.). domkrat.by (11 лютага 2014). Праверана 1 жніўня 2020.
  23. Статистика продаж 2014 (руск.). Беларуская аўтамабільная асацыяцыя / auto-baa.by. Архівавана з першакрыніцы 28.06.2018.
  24. Снова поскребли по сусекам, или Как белорусы покупали новые автомобили в 2015 году (руск.). abw.by (17 лютага 2016). Праверана 1 жніўня 2020.
  25. Прэзентаваны першы беларускі электрамабіль. БелТА (22 жніўня 2017). Праверана 1 жніўня 2020.
  26. Первый белорусский электрический минивэн за $50 000. Кто его купит? (руск.). av.by (19 лютага 2020). Праверана 30 верасня 2020.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]