Фларыян Паўлавіч Ждановіч
Фларыян Паўлавіч Ждановіч | |
---|---|
Дата нараджэння | 28 кастрычніка 1884 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 20 кастрычніка 1942 (57 гадоў) |
Месца смерці | |
Грамадзянства | |
Дзеці | Ірына Фларыянаўна Ждановіч |
Прафесія | акцёр |
Тэатр | Першае беларускае таварыства драмы і камедыі |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Фларыян Паўлавіч Ждановіч (16 (28) кастрычніка 1884, Мінск — 22 кастрычніка 1937[1] або 20 кастрычніка 1942, Мінск, НКУС; Псеўданімы: Алесь Крэсік, Иван Карась) — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра. Брат А. П. Ждановіча.
Біяграфія
Скончыў Варшаўскую драматычную школу (1902). Працаваў акцёрам у польскіх тэатрах Беларусі. Далучыўся да беларускага культурніцкага руху; у 1913 годзе ў Радашковічах паставіў «Паўлінку» Я. Купалы; падрыхтаваў мастацкую праграму «Беларускі кірмаш». Арганізаваў драматычны гурток, які пасля паказу ў Старым Сяле пад Мінскам спектакля «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага быў забаронены ўладамі. Каб пазбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на рускай сцэне. Да Лютаўскай рэвалюцыі (1917) працаваў у Мінскай гарадской думе.
Адзін са стваральнікаў Першага таварыства драмы і камедыі, у 1917—1920 гадах яго мастацкі кіраўнік і рэжысёр. У 1919 годзе некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я. Купалы.
У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатр. Пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча 14.9.1920 года ў Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1; цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), дзе ён быў першым мастацкім кіраўніком і акцёрам. Адначасова ў Наркамаце асветы БССР курыраваў беларускія тэатры. З 1922 года ў акцёрскім складзе тэатра.
3 1926 года пачаліся ганенні. Фларыян Ждановіч арыштаваны ДПУ БССР 19.7.1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Асуджаны 10.4.1931 года калегіяй АДПУ як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 5 гадоў ППК (адбываў у Беламорска-Балтыйскім лагеры, пасля зняволення вяртанне ў Беларусь не было дазволена[2]). У 1937—1938 годзе арыштаваны паўторна і расстраляны[2]. Рэабілітаваны 11.7.1958 года Вярхоўным судом БССР. Групавая справа Ф. Ждановіча і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Быў двойчы жанаты, першая жонка — Пралеска, актрыса Першага таварыства драмы і камедыі; другая — Гелена Маеўская. Меў дваіх дзяцей, яго дачка — Ірына Ждановіч — актрыса, Народная артыстка БССР.
Творчасць
Ф. Ждановіч зрабіў першыя пастаноўкі беларускай драматургічнай класікі, паводле твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, К. Каганца, К. Буйло і інш. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І. Буйніцкага і інш.) і традыцыі беларускага народнага тэатра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках народную музыку, спевы.
Перакладаў на беларускую з польскай, рускай і ўкраінскай моў.
Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драматычных і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалагічную сутнасць характару, асэнсаванне сацыяльнай прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д'ябла» Б. Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б. Томаса).
Зноскі
- ↑ [1]
- ↑ а б Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
Літаратура
- Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біяграфічны нарыс. — Мн., 1972.
- Сабалеўскі А. Асоба мастака: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн., 1992.
- Міхнюк У. Фларыян Ждановіч: Матэрыялы да біяграфіі // Тэатральная творчасць № 6, 1996.
- Ждановіч // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6).
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- ЭГБ, т. 3.
- Нарадзіліся 28 кастрычніка
- Нарадзіліся ў 1884 годзе
- Нарадзіліся ў Мінску
- Памерлі 20 кастрычніка
- Памерлі ў 1942 годзе
- Памерлі ў Мінску
- Асобы
- Памерлі 22 кастрычніка
- Памерлі ў 1937 годзе
- Акцёры Беларусі
- Перакладчыкі Беларусі
- Тэатральныя рэжысёры Беларусі
- Асуджаныя па справе «Саюза вызвалення Беларусі»
- Рэпрэсаваныя савецкай уладай
- Расстраляныя ў СССР
- Рэабілітаваныя ў СССР