Вацлаў Мікалай Радзівіл

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вацлаў Мікалай Радзівіл
Герб «Трубы»
Герб «Трубы»
Нараджэнне 1879(1879)
Смерць 30 лістапада 1914(1914-11-30)
Усходняя Прусія
Месца пахавання
Род Радзівілы
Бацька Вільгельм Адам Радзівіл
Маці Кацярына Радзівіл
Жонка Марыя Магдалена Радзівіл
Адукацыя
Бітвы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Вацлаў Мікалай Радзівіл (1879 — 30 лістапада 1914) — шляхціч і ваенны, капітан рэзерва 52 драгунскага палка царскай арміі. Муж Марыі Магдалены Радзівіл.

Біяграфія

Пачатковую адукацыю атрымаў у езуітаў, пасля працягваў навуку ў Пажаскім корпусе ў Санкт-Пецярбургу. У 18-гадовым узросце пайшоў добраахвотнікам у войска Вялікабрытаніі, каб удзельнічаць у Другой англа-бурскай вайне (1899—1902). Падчас руска-японскай вайны апынуўся ў расійскім войску.

30 красавіка 1906 года ў Лондане ажаніўся з Марыяй Магдаленай Завішай у Баварскай каралеўскай капліцы[1]. Марыя Магдалена была на дзевятнаццаць гадоў старэйшая за яго[2]. Такая ўзроставая розніца ў шлюбе была непрыхільна сустрэта ў польскіх вышэйшых колах, што пазней паўплывала на канчатковы разрыў Мікалая з польскаю грамадскасцю[2]. Пра Мікалая Радзівіла ўспамінай знаёмы журналіст М. Паўлікоўскі:

Быў надзвычай прыгожы: ніколі ні раней ні пасля не сустракаў …мужчыны з такой дасканалай мужчынскай прыгажосцю: шырокія плечы, вузкія сцёгны, прадаўгаваты твар з арэхавымі вачамі, быццам з міндалю, і арэхавая, злёгку хвалістая бародка. Дадаць яму жабо—і быццам толькі што сышоў з партрэта шаснаццатага стагоддзя.

Пабраўшыся шлюбам, разам з жонкай жыў у Кухцічах або ў Мінску. Тут Мікалай Радзівіл зацікавіўся збіраннем беларускага фальклору. З яго прапановы будавалася чыгуначная лінія ад маёнткаў Магдалены Радзівіл да станцыі Вярэйцы Лібава-Роменскай чыгункі, што ішла праз усю Беларусь і злучала яе з Балтыйскім морам з аднаго боку і з Украінай з другога. Такая ініцыятыва станоўча адбілася на эканоміцы рэгіёна[3].

У 1912—1913 гг. на Балканах, дзе ў шэрагах балгарскага войска змагаецца перш супраць туркаў, пасля супраць сербаў і грэкаў. У пачатку Першай сусветнай ванйы ў жніўні 1914 года ваяваў у Германіі. Праз Францыю і Італію дабраўся дамоў і адразу далучыўся да расійскай арміі. Загінуў ва Усходняй Прусіі 17 лістапада (30 лістапада) 1914 года.

Пахаванне

Цела князя было перавезена ў Кухцічы праз Мінск, дзе на яго труне быў пакладзены вянок з надпісам: «Князю Мікалаю, сыну зямлі беларускай, беларусы». А на другой стужцы: «Лёгка зямелька табе, княжэ, ў роднай забытай старонцэ»[4]. Пра гэта напіша газета «Biełarus»:

Князь М. Радзівіл, забіты на вайне, перавезены ў радавы магільнік у Нясвіжы[а 1]. Нябошчык быў мужам вядомай у Меншчыне грамадзянскай працаўнічкі Я. А. Княгіні Магдалены Радзівіловай, каторая лічыць сябе беларускай, за што вельмі не любяць яе польскія нарадовыя дэмакраты, каторым здаецца, што нават той беларус-каталік, каторы па-польску ніводнага слова сказаць не ўмее, ёсць тыкі не беларус, а паляк, а ў галаве іх не можа памясціцца, каб шляхціц, пан, а то яшчэ й князь ды мог быць беларусам. А тымчасам ведама нам, што і нябошчык бацька княгіні Магдалены быў усёй душой беларус і не мала папрацаваў для беларускай справы, толькі ён быў адзін у полі, ды не такія былі варункі[4].

Пахаванне адбылося 26 лістапада[5] (9 снежня) 1914 года ў Кухцічах. Службу адпраўляў беларускі каталіцкі святар а. Аляксандр Астрамовіч. У надмагільнай прамове па-беларуску ён між іншым сказаў:

Князь любіў і простую беларускую мову і прычыніўся да яе пад’ёму і да адраджэння беларускага народа… Смерць князя — гэта вялікая страта для ўдавы княгіні. Гэта страта для ўсіх людзей дваровых і ўсяго беларускага народа. У асобе нябошчыка князя беларусы трацяць шчырага абаронцу справы іх адраджэння, трацяць яго ў тым часе, калі займаецца зара новага лепшага жыцця, калі заглядае сонца і ў наша ваконца[6].

На труну князя беларуская пісьменніца Алаіза Пашкевіч усклала вянок з хвойных ветак і беларускі пояс[7].

Заўвагі

  1. Як адзначае Аляксандр Надсан, тут дапушчана відавочная памылка: Мікалая Радзівіла пахавалі не ў Нясвіжы, а ў Кухцічах

Зноскі

  1. а б Забытые меценаты. Мария Магдалина Радзивилл. (руск.). Radziwill.by (22 мая 2024).
  2. а б Аляксандр Надсан. Княгіня Радзівіл і справа адраджэння Уніі ў Беларусі. — 2-е выд.. — Мінск, 2009. — С. 7—8. — 112 с.
  3. Хурсік В. Белы лебедзь у промнях славы. Магдаліна Радзівіл, Мінск, Пейто, 2001, с. 112
  4. а б Biełarus, No. 49, Vilnia, 4.12.1914. s. 6.
  5. Аляксандр Надсан. Княгіня Радзівіл і справа адраджэння Уніі ў Беларусі. — 2-е выд.. — Мінск, 2009. — С. 10. — 112 с.
  6. Biełarus, No. 52, Vilnia, 24.12.1914. s. 1.
  7. Уласаў А. «Дні Жыцця», падрыхтоўка тэксту С. Александровіча, Шляхам гадоў, Мінск, Мастацкая літаратура, 1990, с. 175