Іван Віктаравіч Канявега

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Віктаравіч Канявега
Род дзейнасці прадпрымальнік, палітычны вязень
Дата нараджэння 29 красавіка 1978(1978-04-29) (45 гадоў)
Грамадзянства

Іван Віктаравіч Канявега (нар. 29 красавіка 1978) — індывідуальны прадпрымальнік, дырэктар канцэртнага агенцтва Horse&Vega, бізнес-аналітык і SEO-аптымізатар. Іван супрацоўнічаў з грамадскай арганізацыяй «Добрая справа» (дапамога дзецям з аўтызмам), UNICEF і іншымі грамадскімі і дабрачыннымі арганізацыямі. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 2014 годзе бацька Івана перанёс інсульт. Калі гэта здарылася, Іван жыў за мяжой у Чарнагорыі, але ўсё пакінуў і вярнуўся ў Беларусь, каб даглядаць за бацькам, вазіць яго па лекарах і дапамагаць яму. Спецыяльна для бацькі і людзей з парушэннем вымаўлення (афазія), якія перанеслі інсульт, на свае сродкі распрацаваў мабільную прыладу — праграму Verbo для аддаленай працы з лагапедам, у межах гэтай праграмы ён супрацоўнічаў з цэнтрам паталогіі маўлення ў Маскве, лагапедам Заводскага раёна Мінска і з 11-й бальніцай у Мінску. З гэтым праектам у 2018 Канявега перамог на конкурсе Social Weekend, як пераможца навучаўся ў Маскве[1][2].

Як дырэктар агенцтва Horse&Vega удзельнічаў у арганізацыі канцэртаў, пры яго непасрэдным удзеле ў Беларусі выступалі наступныя праекты: Аффинаж, Zoloto, Свидание, Алена Швец, Мы, Обе Две, Ф. Чистяков (гурт «Ноль»), Темнікова, Sonic Death, Арсений Креститель, The Retuses, ssshhhiiittt!, Gnoomes, MIRÈLE, Shortparis. Супрацоўнічаў з таварыствам «Зялёная сетка», разам з якімі быў арганізатарам канцэртаў гуртоў Port Mone і Сансара[3].

Як бізнес-аналітык і SEO-аптымізатар супрацоўнічаў з агенцтвам Red Graphic, дзе праектаваў ды прасоўваў сайты[4][5].

Ратаваў бяздомных жывёл, супрацоўнічаў з грамадскай арганізацыяй «Добрая справа» (дапамога дзецям з аўтызмам), UNICEF і іншымі грамадскімі і дабрачыннымі арганізацыямі. Пацыфіст, цікавіцца экалогіяй, вельмі любіць музыку.

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Першы раз Івана Канявегу затрымалі дома раніцай 12 жніўня 2020 пасля акцыі пратэсту ноччу 10 жніўня. Пазней, ужо на судзе, Канявега патлумачыў, што ў тую ноч спрабаваў спыніць машыну ДАІ, бо баяўся, што яна на вялікай хуткасці заедзе ў натоўп людзей, якія знаходзіліся на дарозе. Ён два разы ўдарыў рукой па машыне ззаду злева для прыцягнення ўвагі супрацоўнікаў ДАІ. У выніку на машыне засталіся адбіткі яго пальцаў, па якіх пазней яго і ідэнтыфікавалі. Ён быў дапытаны ў РАУС Цэнтральнага района Мінску, пасля пераведзены ў ІЧУ на Акрэсціна, адкуль выйшаў 15 жніўня[1].

Другі раз Канявегу затрымалі 17 снежня 2020, калі ён пайшоў знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы, адкрытай на яго па падзеях у сталіцы з 9 на 10 жніўня. Івану прапанавалі прызнаць віну, ён адмовіўся, у выніку чаго быў затрыманы, і з таго часу знаходзіўся пад вартай у СІЗА № 1 на Валадарскага. Яго абвінавацілі адразу па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: па ч. 1 арт. 342 КК (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 364 КК (Гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі), ч. 1 арт. 218 КК (Наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя агульнанебяспечным спосабам альбо якія пацягнулі прычыненне шкоды ў буйным памеры), Канявега не прызнаў сваёй віны ні па аднаму з прыпісаных яму артыкулаў[6].

На судзе ў пачатку лютага 2021 сталі вядомы іншыя падрабязнасці справы, былі вывучаныя відэаматэрыялы крымінальнай справы. Фактычна абвінавачванне зводзілася да таго, што Канявега ўдарыў па машыне ДАІ, калі тая спрабавала праехаць праз натоўп пратэстоўцаў. Супрацоўнік ДАІ Раманоўскі, які разам з іншым супрацоўнікам ДАІ Раткевічам праходзіў па справе адным з пацярпелых, сцвярджаў, што пратэстоўцы спынілі машыну ДАІ мінімум на хвіліну, «людзі кідалі ў іх пластыкавыя бутэлькі з вадкасцю, білі нагамі, рукамі і іншымі часткамі цела па машыне, нанеслі шмат пашкоджанняў», але на відэа было бачна, что ад моманту спынення машыны ДАІ да моманту, калі яна працягнула рух, прайшло не больш за 8 секунд. Нягледзячы на гэта, абодва пацярпелыя заявілі грамадзянскія пазовы аб кампенсацыі маральнай шкоды ў памеры 500 і 400 рублёў, родныя Канявегі ў гэты ж дзень аплацілі 900 рублёў, якія запрасілі супрацоўнікі ДАІ у якасці кампенсацыі маральнай шкоды. Пасля гэтага пацярпелыя адмовіліся ад іскавых патрабаванняў. Таксама Канявега пагасіў палову сумы нанесенай шкоды за рамонт аўтамабіля ДАІ (астатнія 50 % — іншы абвінавачаны па прозвішчы Луковіч) і папрасіў прабачэння перад супрацоўнікамі ДАІ і раскаяўся ў сваіх дзеяннях. Пракурор адзначыла, што абвінавачваннем не выяўлена абцяжваючых абставінаў, але нягледзячы на гэта, запрасіла для Канявегі 3 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму[7].

4 лютага суддзя Заводскага суда Кацярына Мурашка, нягледзячы на шматлікія станоўчыя характарыстыкі абвінавачанага, сталы ўзрост яго бацькоў, а таксама інваліднасць бацькі, прысудзіла Івану 3 гады пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму[7].

9 лютага 2021 года восем беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна» і Беларускі Хельсінкскі камітэт, прызналі Івана Канявегу палітычным зняволеным на падставе таго, што «маніторынг гэтых судовых паседжанняў паказаў, што суды выносяць непрапарцыйна жорсткія (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім абвінавачваюцца асобы, прысуды ў параўнанні з прысудамі, якія выносіліся па такім жа катэгорыям справаў па-за палітычным кантэкстам»[8].

Пасля прысуду быў пераведзены ў СІЗА Жодзіна, дзе чакаў рашэння па апеляцыі (у выніку прысуд застаўся без зменаў), у канцы сакавіка 2021 быў пастаўлены на прафілактычны ўлік за схільнасць да агрэсіі і гвалту (што прадугледжвае больш жорсткі рэжым утрымання, усе перамяшчэнні па турме адбываюцца ў кайданках). Пасля пераведзены ў папраўчую калонію № 15 у Магілёве, дзе адбывае прызначаны судом тэрмін, працуе грузчыкам.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]