Ігар Аляксеевіч Ярмолаў

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ігар Аляксеевіч Ярмолаў
Род дзейнасці палітычны вязень
Дата нараджэння 15 лістапада 1983(1983-11-15) (40 гадоў)
Грамадзянства
Альма-матар

Ігар Аляксеевіч Ярмолаў (нар. 15 лістапада 1983) — беларускі палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны падчас пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе. Да затрымання кіраваў школай танцаў Dance Cafe, заснавальніком якой з’яўляўся, быў валанцёрам у штабе Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Гродна, дзе скончыў школу. Пасля скончыў факультэт прыкладной матэматыкі БДУ. Працаваў праграмістам, пазней праз сваё захапленне танцамі стварыў уласную школу танцаў Dance Cafe, дзе з’яўляўся не толькі кіраўніком, але і выкладчыкам танцаў. Выкладчыкам у гэтай школе працаваў таксама Мікалай Сасеў, якога пазней асудзілі па адной справе з Ярмолавым.

У маі 2020 Ярмолаў уступіў у штаб Віктара Бабарыка, кіраваў ініцыятыўнай групай па зборы подпісаў у Кастрычніцкім раёне Мінска. У штабе пазнаёміўся з Юрыем Васкрасенскім, які быў кіраўніком ініцыятыўнай групы па Першамайскім раёне. Пазнея на судзе Ярмолаў сцвярджаў, што Васкрасенскі перадаў яму грошы, на якія і былі набыты ўказкі, якія сталі галоўным рэчавым доказам на будучым судзе.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Бацька Аляксей, маці Святлана, Ігар адзіны сын у сям’і.

Палітычны пераслед[правіць | правіць зыходнік]

Ігра Ярмолаў быў жорстка затрыманы ў сваёй кватэры 12 жніўня 2020, пасля затрымання тыдзень праляжаў у вайсковым шпіталі, у яго зафіксавалі прабітае лёгкае, страсенне галаўнога мозгу, зламанае рабро[1]. Яго затрыманне стала яшчэ адным у шэрагу крымінальнага пераследу, які зазналі чальцы штабоў Віктара Бабарыкі і Святланы Ціханоўскай падчас і пасля прэзідэнцкіх выбараў[2]. 18 жніўня Ярмолава з шпіталя перавялі ў СІЗА КДБ, дзе яму выставілі абвінавачванні па двум часткам арт.293 Крымінальнага кодэкса (Удзел у масавых беспарадках, а таксама навучанне ці іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў масавых беспарадках), пазней быў пераведзены ў СІЗА-1 у Мінску.

19 жніўня 2020 шэрагам беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН-цэнтр, Ігар Ярмолаў быў прызнаны палітычным зняволеным: «дэманстрантамі не здзяйсняліся дзеянні, якія ахопліваюцца дыспазыцыяй артыкула 293 КК і адпаведна не могуць кваліфікавацца, як масавыя беспарадкі. Удзельнікі пратэстаў не здзяйснялі падпалаў, пагромаў, не знішчалі маёмасць і не аказвалі ўзброенага супраціву праваахоўным органам»[3].

Праз восем месяцаў пасля затрымання, 12 красавіка 2021, пачаўся судовы разгляд справы Ярмолава і іншых затрыманых (Мікалая Сасева, Уладзіслава Карэцкага, Дзмітрыя Канапелькі), разгляд адбываўся ў судзе Маскоўскага раёна Мінска, справу вяла суддзя Святлана Бандарэнка[4], дзяржаўнае абвінавачванне прадстаўляў пракурор Раман Бізюк. У першы судовы дзень падтрымаць падсудных прыйшло каля паўсотні чалавек, але месцаў у залі паседжанняў хапіла не ўсім. Усім чатыром палітвязням было агучана аднолькавае абвінавачванне, якое палягала ў тым, што «маючы адзіны намер і дзейнічаючы сумесна, здзяйснялі публічныя заклікі да ўдзелу ў загадзя спланаваных масавых беспарадках на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь», акрамя заклікаў мужчын вінавацілі ў тым, што яны набылі ў адным з мінскіх супермаркетаў шэраг прадметаў — два малаткі слясарныя, не менш за 90 лазарных указак, не менш двух запальніц, не менш двух піратэхнічных вырабаў, а таксама «невызначыныя прадметы, якія валодаюць кідальнымі і паражальнымі ўласцівасцямі» — і мелі намер выкарыстаць гэтыя прадметы на акцыях пратэсту. Пры гэтым адзначалася, што ніводзін з падсудных фактычна не прыняў удзел у акцыях, бо ўсе яны былі затрыманы. Усе абвінавачаныя не прызналі сваёй віны. Падчас судовага разбіральніцтва быў заслуханы эксперт-афтальмолаг з Рэспубліканскага шпіталя МУС, які адзначыў, што нанесці шкоду з дапамогай лазарных указак амаль немагчыма, а таксама, што адсутнічалі звароты ў медустановы МУС са скаргамі на страту зроку ад ўздзеяння лазерных прамянёў[5][6].

Судовы разгляд справы цягнуўся некалькі тыдняў, 25 мая, падчас спрэчак бакоў, пракурор Бізюк запрасіў для кожнага з абвінавачанных па 5 гадоў абмежавання волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, нягледзячы на тое, што па дадзенным ГУУС Мінгарвыканкама, далучаным да справы, масавыя беспарадкі зафіксаваны не былі, адсутнічалі факты выкарыстання падчас акцый пратэсту лазерных указак ці піратэхнічных вырабаў, таксама ў судзе не быў апытаны Юрый Васкрасенскі, на сведчаннях якога было ў вялікай ступені заснавана абвінавачванне і які фактычна прафінансаваў набыццё лазерных указак[7][8].

28 мая Ярмолаў і іншыя абвінавачаныя выступілі з апошнім словам. У ім, акрамя падрабязнага адказу на пункты абвінавачвання, Ярмолаў заявіў пра ціск у СІЗА КДБ, у тым ліку пра пагрозы сексуальнага гвалту: «Першы тыдзень да зняволення я правёў у шпіталі. І мабыць за гэты тыдзень аператыўнікі сталі крыху мякчэй. Калі мяне толькі прывезлі туды ў дзень затрымання ўжо з паламанымі рэбрамі, пнеўматораксам і страсеннем мозгу, аператыўныя супрацоўнікі, задаючы пытанні і атрымліваючы задавальняючыя іх адказы, сказалі, што цяпер засунуць мне дубінку прама ў <нецэнзурная лаянка>, і там у двары КДБ пачалі сілком здзіраць з мяне джынсы. Пасля вяртання са шпіталя кіраўнік аператыўнай групы ўсяго толькі пагражаў мне, што калі я не раскажу тое, што мне загадаюць, мяне адправяць у такую зону, дзе, паводле яго слоў, мяне „будуць драць ззаду з раніцы да вечара“. Яго падначалены крыху пазней казаў, што цыганы на этапе адбяруць маю кашулю, а на зоне мне кожны тыдзень будуць зашываць ачко. І дадаткова пагражаў ўздзейнічаць на мяне фізічна. Пасля гэтага я перастаў апранаць кашулю на сустрэчы»[9]. Раней пра ціск на яго на допытах заявіў сябар Ярмолава Аляксандр Звягоў, які выступаў у судзе ў якасці сведкі[10].

Амаль праз два месяцы пасля пачатку судовага разгляду, 10 чэрвеня 2021, суддзя Бандарэнка агучыла прысуд: усе падсудныя атрымалі па 5 гадоў ва ўмовах узмоцненага рэжыму, як раней запрасіў пракурор. У адказ на агучаны прысуд Ярмолаў зачытаў урывак вершу Уладзіміра Караткевіча «Паўлюк Багрым». У дадатак да гэтага суддзя пастанавіла канфіскаваць машыну маці Ярмолава Святланы[11].

Адбываць прызначаны тэрмін Ярмолаў быў пераведзены ў папраўчую калонію № 17 у Шклове.

У падтрымку Ігара і яго маці Святланы (якую таксама пазней асудзілі па абвінавачванні ў абразе супрацоўніка АМАПа Фёдарава, яна атрымала 2 гады «дамашняй хіміі», а таксама суд абавязаў яе сплаціць 2000 рублёў пацярпеламу супрацоўніку)[12], мастак па дрэве Уладзімір Буракоў зладзіў аўкцыон падтрымкі, дзе збіраў грошы на падтрымку сям’і Ярмолавых[13].

Зноскі

  1. «Передать ужас, который я испытала, невозможно». Монологи женщин, чьи близкие пострадали во время протестов (руск.)
  2. Валанцёра штабу Віктара Бабарыкі затрымалі, збілі ды шыюць крымінальную справу (бел.)
  3. Патрабуем неадкладнага вызвалення палітвязняў, затрыманых у межах крымінальнай справы аб масавых беспарадках (бел.)
  4. Бондаренко Светлана Александровна (руск.)
  5. Обвинение: купили протестующим указки, зажигалки. Судят директора «Технократии» (руск.)
  6. Масавыя беспарадкі з дапамогай лазерных указак? Як праходзіць суд над валанцёрамі штаба Бабарыкі (бел.)
  7. У судзе па справе аб «лазерных указках» прайшлі спрэчкі бакоў (бел.)
  8. «Чаму тады не казаць, што ўказкі — для здзяйснення акту тэрарызму?» Аргументы абароны ў спрэчках бакоў па справе валанцёраў штаба Бабарыка (бел.)
  9. «Прама тут і цяпер вырашаецца мой лёс і лёс маіх сяброў». Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў выступілі з апошнім словам у судзе (бел.)
  10. Працягваецца допыт сведак у справе валанцёраў штабу Віктара Бабарыка (бел.)
  11. «Убачымся на новым судзе! Вы за ўсё адкажаце!» За падрыхтоўку да масавых беспарадкаў, якіх не было, палітвязняў асудзілі на 5 гадоў калоніі кожнага (бел.)
  12. «Абразы» у сацсетках, тралейбусе і бальніцы. Як беларусаў судзілі па дыфамацыйных артыкулах на мінулым тыдні (бел.)
  13. Мастак прадае працы, каб сабраць грошы палітычнаму вязню Ігару Ярмолаву (бел.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]