Ігар Міхайлавіч Рынкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ігар Міхайлавіч Рынкевіч
Нараджэнне 3 красавіка 1968(1968-04-03) (56 гадоў)
Дзеці дачка
Партыя
Член у
Адукацыя
Дзейнасць праваабаронец, палітык, адвакат
Месца працы
Сайт rynkevich.livejournal.com

І́гар Міха́йлавіч Рынке́віч (нар. 3 красавіка 1968, Гродна) — беларускі юрыст, адвакат, палітык.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вучоба[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 3 красавіка 1968 года ў Гродна ў сям’і рабочых-машынабудаўнікоў. У 1985 годзе скончыў сярэднюю школу № 3 з залатым медалём.

У 1985 годзе паступіў на гістфак Гродзенскага дзяржуніверсітэта. Пасля першага курсу на працягу двух гадоў праходзіў тэрміновую воінскую службу ва Узброеных Сілах СССР з прысваеннем звання сяржанта. З 1988 года працягнуў навучанне на гістфаку Гродзенскага дзяржуніверсітэта.

У 1989 г. абраны дэлегатам ад універсітэта на студэнцкую канферэнцыю Беларусі і Усесаюзны студэнцкі форум. Удзельнічаў у працы Маскоўскага студэнцкага клуба, які падтрымаў Міжрэгіянальную групу дэпутатаў ВС СССР.

У плыні III—IV курсаў паводле індывідуальнага плану навучання быў прымацаваны да кафедры сацыялогіі палітыкі сацыялагічнага факультэта Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе наведваў заняткі на шэрагу факультэтаў і рыхтаваў да абароны дыпломную працу па тэме: «Роля ценявых карпаратыўных аб’яднанняў у сістэме савецкай бюракратыі ў 1953—1991 гг.» У сувязі з распадам СССР і насталай няўзгодненасцю ў сістэме адукацыі абарона дыпломнай працы ў МДУ не была праведзена.

У 1992 годзе скончыў ГрДУ па спецыяльнасці «Гісторыя» з прысваеннем кваліфікацыі «Гісторык, выкладчык гісторыі і сацыяльна-палітычных дысцыплін» з дыпломам з адзнакай.

Працягнуў навучанне завочна ў ГрДУ і ў чэрвені 1998 года скончыў поўны курс па спецыяльнасці «Правазнаўства» з прысваеннем кваліфікацыі «Юрыст» з дыпломам з адзнакай.

Абараніў дыпломную працу па тэме: «Праблемы прававога рэгулявання дзейнасці сродкаў масавай інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь». Дадзеная праца была адзначана на конкурсе студэнцкіх дыпломных прац. Некаторыя становішчы працы былі апрабаваны падчас законапраектнай дзейнасці Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь XIII склікання.

З’яўляўся сушукальнікам навуковай ступені кандыдата юрыдычных навук, аднак падрыхтаваную дысертацыю не стаў абараняць. Мае шэраг публікацый па прававым рэгуляванні дзейнасці СМІ, крымінальна-прававой і праваабарончай тэматыцы, а таксама палітыка-публіцыстычных артыкулаў.

Кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

У 1992—1994 гадах працаваў настаўнікам гісторыі, грамадазнаўства ў сярэдніх школах Гродна.

З верасня 1998 года — выкладчык кафедры тэорыі і гісторыі права, затым — старэйшы выкладчык кафедры крымінальна-прававых дысцыплін прыватнага Інстытута кіравання і прадпрымальніцтва. У жніўні 2006 года ў пік судовай абароны па крымінальнай справе А. Казуліна кіраўніцтва ВНУ не падоўжыла працоўны кантракт.

Са жніўня 1998 года спачатку — стажор, затым — адвакат Мінскай абласной калегіі. Працаваў адвакатам у Мінскай абласной юрыдычнай кансультацыі № 2 у г. Мінска да красавіка 2007 года, але з-за актыўнай і прынцыповай абароны кандыдата ў прэзідэнты А. Казуліна быў вымушаны звольніцца з адвакатуры.

Цяпер працуе юрысконсультам у ТАА «СПАРТАСЭРВІС».

Грамадска-палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Са студэнцкіх гадоў актыўна займаўся грамадска-палітычнай, праваабарончай дзейнасцю.

Сустаршыня Клубу выбаршчыкаў г. Гродна «Грамадзянская ініцыятыва» (1991—1994). Каардынатар збору подпісаў у г. Гродна за правядзенне рэферэндуму па датэрміновых выбарах у Вярхоўны Савет (1993).

Адзін з ініцыятараў стварэння, аўтар статуту Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), член Праўлення, выканаўчы дырэктар (1995—1997), намеснік дырэктара Цэнтра прававой абароны СМІ пры БАЖ (1997—1998).

Сябар Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК), прэс-сакратар БХК (1996).

Супрацоўнічаў з праваабарончай арганізацыяй «Прававая абарона насельніцтва» (2001—2004). Адзін з ініцыятараў грамадзянскай кампаніі «Беларусь — у Раду Еўропы», стварэнні ў Беларусі Грамадскай камісіі па рэабілітацыі ахвяр палітычных рэпрэсій (2007).

Сябра партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» (1991), старшыня Цэнтральнай рэвізійнай камісіі партыі (1992—1995), сябар Цэнтральнай Рады і выканкама партыі (1995—1999), прэс-сакратар, галоўны спецыяліст па арганізацыі выбараў (1995—1997).

Удзельнічаў у стварэнні Сацыял-дэмакратычнага саюза і аб’яднання БСДГ з ПНP у партыю БСДП «Народная Грамада» (1995). З студзеня 2005 — сябра Цэнтральнай Рады партыі. З сакавіка 2007 гады — нам. старшыні БСДП (Грамада).

У маі 2007 года на Кангрэсе аб’яднаных дэмакратычных сіл (АДС) Беларусі абраны сябрам Палітрады АДС і Прэзідыума Палітрады АДС.

Быў адвакатам экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна.

У лютым 2008 года вылучаны прэтэндэнтам на кандыдацтва ў дэпутаты на парламенцкіх выбарах 2008 года па адзіным спісе ад АДС па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 г. Мінска. У жніўні 2008 года на падставе сабраных подпісаў грамадзян быў зарэгістраваны кандыдатам у дэпутаты. Яго даверанымі асобамі былі А. Казулін і А. Мілінкевіч, іншыя грамадскія дзеячы.

Асабістае жыццё[правіць | правіць зыходнік]

З канца 1994 года пражывае ў Мінску.

Жанаты (жонка — эканаміст-бухгалтар), выхоўвае дачку.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]