Ітэльмены

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Ітэльмены, іцельмены
(ительмень, итэнмьи)
Itelmen winter dwelling.jpg
Агульная колькасць 3193
Рэгіёны пражывання Расія
Мова іцельменская
Рэлігія Праваслаўе
Блізкія этнічныя групы Чукчы, каракі, керэкі

Ітэльме́ны, іцельме́ны (саманазвы ительмень, итэнмьи[1]) - карэннае насельніцтва Камчаткі.

Паходжанне і гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Антрапалагічныя дадзеныя сведчаць аб генетычнай сувязі ітэльменаў з найстаражытнейшымі прадстаўнікамі мангалоіднай расы. Мяркуецца, што іх продкі адносіліся да мезалітычнай культуры вандроўных паляўнічых Усходняй Манголіі і Паўднёвай Сібіры. Адтуль яны засялілі значную частку Усходняй Сібіры, Камчатку і Алеуцкія астравы.

У эпоху неаліту (прыкладна 5 тысячагоддзе да н. э.) у цэнтральнай і паўднёвай частках Камчаткі з'явіліся прадстаўнікі тар'інскай культуры — рыбаловы і паляўнічыя з Паўднёва-Усходняй Сібіры, якія змяшаліся з першымі насельнікамі. Выразныя тар'інскія рысы прасочваліся ў карэнных жыхароў Камчаткі да сяр. XVII ст. Жытлы ітэльменаў нагадвалі сваімі канструкцыйнымі асаблівасцямі зямлянкі, што будаваліся ў эпоху неаліту. Знойдзены археолагамі інвентар таксама падобны на прылады, апісаныя даследчыкамі XVIII ст. Ітэльменскія фальклор і матэрыяльная культура сведчаць аб этнічных кантактах з іншымі народамі Сібіры і Паўночнай Амерыкі.

Да прыходу рускіх у кан. XVII ст. ітэльмены складалі асноўную частку жыхароў Камчаткі да паўночнай мяжы на р. Цігіль. Яны падзяляліся на 5 тэрытарыяльных (ці племянных) груп: бурын, суаччу-юй, кыхчэрэн, лігнурын і кулес. Агульнай назвы ў іх не мелася. Этнонім ительмень першапачаткова азначаў проста мясцовага жыхара, "таго, хто існуе". Прыкладная колькасць у кан. XVII ст. — 12-13 тыс. чалавек.

У выніку ваенных сутычак з казакамі, эпідэмій і голаду агульная лічба карэнных насельнікаў хутка скарацілася. Многія казакі і іншыя перасяленцы дабраахвотна ці прымусова бралі ітэльменскіх жанчын у шлюб, што прывяло да далейшай асіміляцыі. Гэтаму таксама садзейнічала хрышчэнне ітэльменаў у праваслаўе (да сяр. XVIII ст.). У. Атласаў паведамляў, што ў 1697 г. было каля 25 000 ітэльменаў. У кан. XVIII ст. налічвалася ўсяго 3 тыс. карэнных жыхароў[2]. Прычым, да іх адносілі і тых, хто запазычыў многія элементы рускай культуры і нават размаўляў на рускай мове. Асабліва моцнай русіфікацыі падвергліся жыхары даліны ракі Камчатка, якія ў выніку ператварыліся ў рускую этнічную групу камчадалаў. У заходніх раёнах Камчаткі, куды рускія амаль не перасяляліся, групы лігнурын і кулес здолелі лепей захаваць свае этнічныя рысы. Рэгістратары Палярнага перапісу 1926-1927 гг. вызначылі іх нашчадкаў як ітэльменаў (825 чал.).

Колькасць ітэльменаў у Расіі:

У 1959 г. налічвалася 1096 ітэльменаў, але большасць сем'яў мелі шлюбныя ці сваяцкія сувязі з рускімі ці прадстаўнікамі іншых народаў. У 1989 — 2429. У 2010 г. — 3193. У наш час ітэльмены жывуць у асноўным на тэрыторыі Камчацкага краю і Магаданскай вобласці Расіі.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Асноўным заняткам карэннага насельніцтва Камчаткі здаўна з'яўляўся лоў рыбы, у асноўным ласасёвых. Звычайна рыбу нарыхтоўвалі празапас: вялілі, квасілі ў ямах, узімку замарожвалі. Меньшае значэнне мела паляванне на лясных і марскіх звяроў (мядзведзя, горных баранаў, ластаногіх, кітоў і інш.). Галоўныя прылады здабычы - гаплікі, сеткі, лук, стрэлы, капканы. Да прыходу рускіх прылады вырабляліся з дрэва, косці і камянёў. Наканечнікі вырабляліся з горнага крышталя. Лоў рыбы і паляванне лічыліся мужчынскімі заняткамі, але пераапрацоўка - жаночым. Жанчыны таксама нарыхтоўвалі крапіву для сетак, шылі вопратку, займаліся прыгатаваннем страў, збіральніцтвам раслін прыдатных для ежы. Галоўныя сродкі руху - калодападобныя чаўны, плыты, лыжы, невялікія нарты, запражаныя сабакамі.

Паселішчы ітэльменаў звычайна размяшчаліся на беразе ракі, абносіліся частаколам або земляным валам, складаліся з вялікіх зімніх паўземлянак-юрт і летніх хацін на палевых памостах. У зімніх юртах (1-2 на паселішча), якія ўмяшчалі да 100 і болей чалавек, жылі прадстаўнікі адной патрыярхальнай пашыранай сям'і. Летам вялікія сем'і распадаліся на малыя. Вялікая сям'я валодала навакольнымі землямі і агульнымі сродкамі вытворчасці, але сярод суродзічаў вылучаліся "лепшыя мужыкі". Існавала патрыярхальнае рабства. Шлюб меў палігамны характар. Жаніх, не здольны заплаціць выкуп, павінен быў адпрацаваць (часам некалькі гадоў) у сям'і нявесты. Адзінага кіравання тэрытарыяльнымі групамі не існавала, таму паміж вялікімі сем'ямі часцяком успыхвалі канфлікты.

Ітэльмены апраналіся ў футравае адзенне са скур дзікіх лясных і марскіх звяроў, сабак, часам рабілі вопратку з пер'я. Звычайнай вопраткай для мужчын і жанчын былі кухлянка з каптуром і штаны. Зімовая вопратка шылася ў два пласта, футрам унутр. Былі вядомы шапкі з футра і пер'я, берасцяныя павязкі. Упрыгожванні рабілі з валос аленя, лайкі, скуры і г. д.

Народная культура ітэльменаў вядома сваім жаночым танцавальным мастацтвам (у тым ліку рытуальным), арыгінальным гафтам, пляценнем з травы і скуры, аплікацыямі з футра, цісненнем на бяросце, разьбярствам па косці і дрэву.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Родная мова ітэльменаў фактычна з'яўляецца непісьмовай, хаця складзена яе граматыка. Яна ўваходзіць у адзіную моўную сям'ю з мовамі чукчаў і каракаў. К сяр. другой паловы XX ст. ітэльменская моладзь ужо разўмаўляла пераважна на рускай мове. У 1989 г. 76,6% ітэльменаў лічыла сваёй роднай мовай рускую. Невялікая колькасць захоўвала ітэльменскую гутарковую мову, якая ў сваю чаргу падзялялася на напанскі, седанкінскі, сапачноўскі і хайрузаўскі дыялекты.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Да прыходу рускіх сярод жыхароў Камчаткі былі распаўсюджаны культы духаў прыроды. Асабліва пачыталіся дух мора Мітг і першапродак - крумкач Кутх. Цырыманіяльныя рэлігійныя рытуалы звычайна выконвалі жанчыны. Але ў кан. XVII - сяр. XVIII ст. усе ітэльмены былі ахрышчаныя ў праваслаўе.

Зноскі

  1. В. А. Тураев, Ительмены // Народы России: Энциклопедия. / Главный редактор В. А. Тишков. - М.: Большая Российская Энциклопедия, 1994. C. 164
  2. Катастрофа американских индейцев

Знешнія спасылкі[правіць | правіць зыходнік]