Перайсці да зместу

Керэкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Керэкі
(ан,к,лhакку, каракэкку)
Рассяленне керэкаў у XVII ст.
Агульная колькасць 4
Рэгіёны пражывання Расія
Мова керэкская
Рэлігія культ продкаў, шаманізм
Блізкія этнічныя групы Каракі, ітэльмены, чукчы

Керэкі (саманазвы каракэкку, аӈӄалҕакку, літаральна «прыморскія людзі») — малы народ, карэнныя насельнікі Чукоткі. Агульная колькасць 4 чалавекі (2010).

Традыцыйным месцам рассялення керэкаў лічыцца заходняе ўзбярэжжа Берынгава мора ад Анадырскага заліва да вусця ракі Апука. У наш час на Чукотцы жыве толькі 1 прадстаўнік гэтага народа.

Керэкі лічацца адным з найбольш старажытных народаў Паўночна-Усходняй Азіі. Археолагі прасочваюць характэрны для іх комплекс культуры на некалькі тысячагоддзяў. У мінулым ён пашыраўся на поўдзень ад вядомага месца пасялення. Старажытныя керэкі будавалі круглявыя зямлянкі, апрацоўвалі косць і камень.

У 1651 г. керэкі ўпершыню сутыкнуліся з рускімі казакамі С. Дзяжнёва. У 1728 г. узбярэжжа, населенае керэкамі, наведала расійская экспедыцыя на чале з В. Берынгам. З 1777 г. прадстаўнікі расійскага ўрада збіралі з керэкаў ясак, аднак кантакты з рускімі не былі сталымі. Асноўную інфармацыю аб керэках рускія атрымоўвалі ад іх суседзяў, чукчаў. Керэкі моцна пацярпелі падчас ваенных сутычак паміж чукчамі і каракамі ў XVIII ст., паколькі іх тэрыторыі знаходзіліся на шляху ўзброеных атрадаў.

У канцы XIX ст. у афіцыйных запісах Анадырскай акругі керэкі вызначаліся як самастойны народ, які чукчы адрознівалі ад каракаў. Аднак у савецкім навуковым даследаванні 1937 г. керэкі былі прылічаны да каракаў і ў далейшым фіксаваліся перапісам насельніцтва як каракі. У 1959 г. даследчыкі налічвалі прыкладна 100 керэкаў. Перапіс насельніцтва пачаў фіксаваць прадстаўнікоў гэтага народа з 2002 г., калі засталося толькі 8 чалавек, якія вызначалі сваю тоеснасць як керэкі. Перапіс 2010 г. паказаў, што засталося 4 керэкі, 1 з іх жыў на Чукотцы. Галоўнай прычынай вымірання народа сталі разбурэнне традыцыйнай гаспадаркі і культуры, а таксама пашырэнне шлюбаў з прадстаўнікамі іншых этнасаў.

Керэкі былі аселым народам. Іх галоўнымі заняткамі з’яўляліся рыбалоўства, паляванне на птушак, здабыча марскіх звяроў, збіральніцтва. Рыбу лавілі пераважна з дапамогай спецыяльных крукоў, прывязаных да доўгіх тычак. Рыбалоўныя сеткі распаўсюджваюцца толькі ў XX ст. Ласосевых падчас нерасту здабывалі на невялікіх рэках пра запас, сушылі або квасілі ў спецыяльных ямах. Астатнюю рыбу лавілі для штодзённых патрэб. Птушак лавілі ўвесну падхватнікамі і скуранымі мяхамі. Птушынае мяса вэндзілі, а перад ужываннем у ежу яшчэ і варылі. Лоў птушак з’яўляўся надзвычай важным промыслам. Керэкі таксама здабывалі птушыныя яйкі, сушылі на зіму жаўток.

Паляванне на ластаногіх калісьці было важным заняткам. Чэрапы марскіх жывёл знаходзяць на сакральных месцах керэкаў на беразе мора. Аднак у канцы XIX ст. колькасць ластаногіх значна паменшылася з-за дзейнасці амерыканскіх зверабоеў, і здабыча прыйшла ў заняпад. Абавязак выплочваць ясак вымушаў керэкаў займацца паляваннем на пушных звяроў, аднак для гаспадаркі гэты занятак асаблівага значэння не меў. У адрозненне ад чукчаў і каракаў, керэкі не верылі ў звышнатуральныя ўласцівасці ваўкоў, таму ахвотна здабывалі іх і выкарыстоўвалі ў гаспадарцы воўчыя скуры.

Паселішчы будавалі на друзлых паўастравах каля вусця рэк, гарлавін марскіх заліваў, на пляцоўках каля лежняў ластаногіх. Улетку арганізоўвалі стаянкі на месцах, багатых рыбай. Зімовыя паселішчы складаліся з зямлянак кумаяана. Зверху жытлы засыпалі зямлёю і абкладвалі дзёрнам, так што яны нагадвалі невысокія круглявыя пагоркі, непрыкметныя для іншаземцаў.

Кожная кумаяана з’яўлялася зборам з некалькіх зямлянак. Асноўнай была вялікая зямлянка з асобным уваходам. Вакол яе будавалі меншыя па памерах зямлянкі, якія злучаліся з асноўнай калідорамі. Некаторыя з малых зямлянак нават не мелі сваіх уваходаў. У калідорах рабілі адгалінаванні, дзе захоўвалі харч. Да галоўнага ўваходу вялікай зямлянкі вёў доўгі калідор са снегу. Каля кумаяана капалі неглыбокія яміны для захавання рыбы. Частку харчовых прыпасаў пераносілі ў патаемныя месцы далёка ад жытла.

Зімовыя зямлянкі ладзілі на чатырох стойках. Іх злучалі ашэсткамі, а на ашэсткі пад нахілам навальвалі тоўстыя жэрдкі, што прымацоўваліся да зямлі. У даху мелася адтуліна для дыму і святла. Яе зачынялі кавалкам рачнога лёду. Падлогу рабілі з друзу. Агмень уяўляў сабою яму, у якой распальвалі вогнішча. Калі сцены ямы награваліся, вугаль і попел выграбалі, клалі туды ежу, зверху накрывалі плоскім каменем. Такім чынам ежа магла гатавацца без посуду.

Кумаяана мела вельмі старажытнае паходжанне і мала адрознівалася ад жытлаў керэкаў, знойдзеных археолагамі. Звычайна ў адным такім паселішчы жыло адразу некалькі сваяцкіх сем’яў. Але зімовая зямлянка не была прыстасавана да летняга надвор’я. Пад уздзеяннем сонца і дажджоў яна хутка разбуралася. Таму на лета яе разбіралі, а ўвосень будавалі нанава. Улетку ладзілі лёгкія часовыя жытлы валкыран (літаральна «са сківіцы кіта»).

У XVIII ст. з-за ваенных дзеянняў паміж суседнімі каракамі і чукчамі керэкам прыходзілася будаваць умацаваныя паселішчы, а таксама хавацца ў пячорах. У савецкі час керэкі перасяліліся ў пасёлкі і жылі ў драўляных хацінах, хаця звычай сяліцца з краю захоўваўся яшчэ ў 1970-я гг. Доўгі час сярод керэкаў таксама існаваў звычай класціся спаць галавой толькі на ўсход.

Да канца XIX ст. асноўнай сацыяльнай адзінкай керэкскага грамадства была пашыраная сям’я, якая ў сваю чаргу складалася з меншых па памерах сваяцкіх сем’яў. Узімку яны жылі ў адным кумаяана, а ўлетку маглі разлучацца. Даследчыкі XX ст. сустракалі патрылакальныя сем’і, дзе галоўную ролю адыгрываў бацька. Яго пераемнікам лічыўся старэйшы сын. Аднак на аснове рэканструкцыі некаторыя навукоўцы прыйшлі да высновы, што да перасялення з кумаяана ў сучасныя паселішчы сем’і былі матрылакальнымі. Галоўнай у пашыранай сям’і была маці, адлік сваяцтва таксама вёўся па маці. Сваякі, што жылі ў розных жытлах або нават паселішчах, не гублялі адзінства, аказвалі ўзаемадапамогу, разам палявалі. У некаторых выпадках сустракалася палігінія, калі ўжо жанаты мужчына забіраў да сябе жонку і дзяцей памерлага брата. Лічылася, што народжаныя дзеці — гэта вернутыя раней памерлыя сваякі. Старэйшы сын атаясамліваўся з бацькам жонкі, а дачка — са свякрухай. У адпаведнасці з гэтым звычаем даваліся імёны. Дзяцей таксама называлі ў гонар значных падзей.

Фальклор керэкаў прадстаўлены міфамі, гістарычнымі казаннямі, казкамі, эпічнымі апавяданнямі пра крумкача Кукі.

Керэкская мова належыць да камчацка-чукоцкай сям’і палеаазіяцкіх моў. Блізкая да мовы каракаў, аднак развівалася пад уплывам чукоцкай мовы. Бяспісьменная. У наш час жывых носьбітаў не засталося.

Да нашага часу на заходнім узбярэжжы Берынгава мора захаваліся старажытныя керэкскія стадолы камак. У мінулым яны будаваліся недалёка ад жытлаў, уяўлялі сабою драўляны арнаментаваны слуп, часам з выразаным чалавечым тварам, або косткі кіта, да якіх прыносілі ахвяры — голавы забітых жывёлін. Вучоныя звязваюць камак з культам продкаў. Захаваліся звесткі пра керэкскіх шаманаў, якімі маглі стаць як мужчыны, так і жанчыны. Яны карысталіся асаблівай павагай сярод саміх керэкаў, а таксама сярод суседніх народаў. Памерлых хавалі ўлетку ў зямлі, ўзімку ў моры. Блізкім сваякам на пахаванні прысутнічаць забаранялася.