Ільза Канстанцінаўна Лакштанава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з І. К. Лакштанава)
Ільза Канстанцінаўна Лакштанава
Дата нараджэння 31 студзеня 1923(1923-01-31)
Месца нараджэння
Дата смерці невядома
Грамадзянства
Муж Іосіф Пятровіч Лакштанаў
Адукацыя
Прафесія тэатральная актрыса
Тэатр
Член у
Узнагароды
Заслужаны артыст Беларускай ССР

Ільза Канстанцінаўна Лакшта́нава (31 студзеня 1923, Камышын, Валгаградская вобласць — ?) — беларуская актрыса. Заслужаная артыстка БССР (1954).

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася 31 студзеня 1923 года ў г. Камышын Валгаградскай вобласці (Расія). Пасля заканчэння Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя А. Луначарскага ў Маскве (1944, курс М. Тарханава, У. Белакурава) была напраўлена ў Таганрогскі тэатр імя А. Чэхава. У 1952 г. актрысу запрасілі ў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр БССР, дзе яна працавала да 1990 г., увасобіўшы на сцэне шэраг запамінальных лірыка-драматычных і характарных роляў.

З 1991 г. актрыса жыве ў Ізраілі.

Член Беларускага саюза тэатральных дзеячаў з 1952 года.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Імкненнем да стварэння шматпланавых вобразаў былі адзначаны ўжо самыя першыя крокі ў мастацтве, якія рабіла маладая актрыса. Кожны з іх уражваў не толькі багаццем адценняў, але і шматграннасцю характару. Вобразы гераінь І. Лакштанавай былі вельмі сапраўднымі, нібы выхапленымі святлом рампы з самога жыцця. Рэальнасць іх у спалучэнні з паэтычным падтэкстам, які несла актрыса, стварала асаблівую, лірычную атмасферу, калі нават вельмі зямное не зазямляецца, а грубае не выглядае вульгарным. Бездакорны густ і пачуццё меры ніколі не здраджвалі ёй.

На сцэне Дзяржаўнага рускага драматычнага тэатра БССР І. Лакштанава дэбютавала бліскучым выкананнем ролі Фенісы ў спектаклі «Хітрамудрая закаханая[es]» Лопэ дэ Вэгі. Гераіня была чароўнай і дасціпнай, пяшчотнай і рашучай, вясёлай і сумнай, гарэзлівай і вынаходлівай, нястомнай у барацьбе за каханага. У 1953 г. у тэатры быў пастаўлены спектакль «Кароль Лір» У. Шэкспіра, які стаў буйной падзеяй у тэатральным жыцці краіны. Дырэктар Каралеўскай акадэміі драматычнага мастацтва ў Лондане Дж. Ферналд пісаў аб спектаклі[1]:

" Для англійскага рэжысёра, які глядзеў спектакль Рускага драматычнага тэатра Беларускай ССР, найбольш надзвычайнай у гэтай пастаноўцы была яе вернасць Шэкспіру. Гэта быў наш англійскі Лір… Кароль Лір у выкананні пана Кістава цудоўны… Місіс Лакштанава, несумненна, была лепшай Кардэліяй, якую я бачыў калі-небудзь раней. У Англіі мы звычайна даём гэтую ролю вельмі маладой актрысе, якая, як правіла, занадта маладая, каб мець жыццёвы вопыт, неабходны для перадачы ўсёй глыбіні гэтай цяжкай ролі. Місіс Лакштанава выглядала прыгожай і вельмі маладой. Аднак яна была дастаткова сталай і дастаткова добрай актрысай, каб паказаць сапраўдную душэўную пакуту… дачкі, якая шкадуе свайго няшчаснага бацьку. "

Важкімі мастацкімі каштоўнасцямі вылучалася пастаноўка п’есы «Каменнае гняздо» Х. Вуаліёкі (1956). Ільза Лакштанава стварыла абаяльны вобраз Ілоны Алгрэн — прыгожай, сумленнай, захопленай. Чароўную «жанчыну-цукерку» Клару сыграла І. Лакштанава ў спектаклі «Доктар» Б. Нушыча (1956): вытачаная фігурка, жаноцкасць, графічная выразнасць сцэнічнага малюнка… Так складалася пэўнае акрэсленае амплуа актрысы. Шчырасць і чысціня вылучалі Катрын у выкананні І. Лакштанавай у спектаклі «Матухна Кураж і яе дзеці[ru]» Б. Брэхта (1962). Роля яе без адзінага слова (Катрын нямая), але ўсё нешчаслівае жыццё абяздоленай жанчыны, увесь яе боль, крушэнне надзей і мужнасць зрабілі вялікае ўражанне на гледачоў.

Іграючы каралеву Лізавету ў спектаклі «Марыя Сцюарт» Ф. Шылера (1970), І. Лакштанава здолела з уласцівай ёй паслядоўнасцю пранікнуць у тайнікі душы жанчыны і каралевы, адшукаць пабуджальныя матывы ўчынкаў, велічы і нізасці, здолела пранікнуцца спагадай і агідай. Актрыса не столькі паказала нам вынікі, колькі зрабіла сам працэс аналізу бачным і захапляючым. Гэта была нечаканая грань творчасці І. Лакштанавай. Скупы на пахвалу малдаўскі драматург І. Друцэ напісаў на праграмцы спектакля па сваёй п’есе «Птушкі нашай маладосці» (1972): «Лепшай Арціне». Ільза Лакштанава, па агульным меркаванні, артыстка ніяк не бытавога плана, сыграла цярплівую, рана пастарэлую малдаўскую сялянку з такой сілай спагады, пранікнення ў няхітры жаночы лёс, што ціхая, сціплая Арціна стала высокім сімвалам.

У спектаклі «Рэтра» А. Галіна (1980) І. Лакштанава сыграла ролю былой балерыны Розы Аляксандраўны Песачынскай. Вобраз быццам вышыты найтанчэйшай строчкай. Інтанацыя, мімалётная ўсмешка, позірк, жэст — усё так тонка, нібыта гэта і ёсць галоўная задача актрысы — захапіць гледача прыгажосцю і мудрагелістасцю ўзора. Але ж разам з тым актрыса імкнецца выявіць назапашанае, захаванае ў душы, прагне абуджаць спачуванне, спагадлівасць, чалавечнасць. Вылучаюцца такія ролі актрысы, як Ганна, Алена, Ліза («Варвары», «Мяшчане[ru]», «Дзеці сонца» М. Горкага), Клаўдзія («Дзеці Ванюшына» С. Найдзёнава), Калугіна («Саслужыўцы» Э. Брагінскага[ru] і Э. Разанава), старая Ганна («Апошні тэрмін» паводле В. Распуціна), Вольга («Нашэсце» Л. Лявонава[ru]), Марта Боль («Фізікі» Ф. Дзюрэнмата) і інш.

Індывідуальнасці І. Лакштанавай уласцівы спалучэнне рэальнасці з паэтычным светам, імкненне раскрыць ва ўсёй глыбіні псіхалогію вобраза, выявіць найтанчэйшыя душэўныя зрухі складаных чалавечых характараў.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Жонка акцёра і рэжысёра Іосіфа Пятровіча Лакштанава (1911—1986).

Зноскі

  1. Бушко, Т. Святло незабыўных імгненняў / Тамара Бушко. — Мінск, 1985. — С. 136.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]