Алвару I (кароль Конга)

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Алвару I Мвемба а Нзінга
Álvaro I Nimi a Lukeni lua Mvemba
кароль Конга
1568 — 1587
Папярэднік: Энрыке I
 
Дзейнасць: манарх
Нараджэнне: XVI стагоддзе
Смерць: 1587
Мбанза-Конга
Дынастыя: Квілу
Дзеці: Álvaro II of Kongo[d] і Bernardo II of Kongo[d]

Алвару I Німі а Лукені луа Мвемба (парт.: Álvaro I Nimi a Lukeni lua Mvemba); каля 1568 г. — 1587 г.) — манарх афрыканскай дзяржавы Каралеўства Конга, заснавальнік дынастыі Квілу.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Паколькі па законах Каралеўства Конга манархам мог стаць толькі сын жанчыны каралеўскага рода, то мяркуецца, што маці будучага караля мела высакароднае паходжанне. Алвару I быў яе сынам ад першага шлюба. Імя бацькі не вядома. Другі шлюб маці Алвару I быў з Энрыке I, што стаў каралём Конга ў 1567 г. або ў 1568 г. Кіраванне гэтага караля хутка скончылася смерцю падчас вайны на памежжы. Згодна паведамленням партугальцаў, Алвару I быў выбраны каралём Конга па супольнай згодзе ў вельмі маладым узросце.

Нашэсце яга[правіць | правіць зыходнік]

У 1568 г. пачалося нашэсце яга на Каралеўства Конга. Яга ўяўлялі сабою асобныя ваенныя фарміраванні, куды маглі ўваходзіць прадстаўнікі розных этнасаў. Партугальцы лічылі іх дзікунамі і канібаламі. Жанчыны яга насілі зброю падобна мужчынам, ім забаранялася нараджаць дзяцей, таму воіны бралі дзяцей заваяваных народаў. Паходжанне яга аспрэчваецца ў навуковай літаратуры. Сучасныя даследчыкі атаесамляюць іх з выхадцамі з афрыканскай дзяржавы Лунда. Яга з'явіліся на ўсходняй мяжы Конга прыкладна за дзесяцігоддзе да пачатку кіравання Алвару I. Доўгі час яны стрымліваліся герцагамі правінцыі Мбата, але пасля паражэння Энрыке I здолелі перайсці ў наступ.

За кароткі час яга падышлі да сталіцы Мбанза-Конга. Алвару I сустрэў іх з невялікім спехам сабраным войскам і пацярпеў паражэнне. Мбанза-Конга была захоплена і разрабавана. Атрады яга падзяліліся і пачалі рабаваць краіну. Алвару I з прыдворнымі схаваўся на адным з астравоў ракі Конга. Ён і яго паплечнікі цярпелі ад голада і эпідэмій. Кароль звярнуўся за дапамогай да партугальцаў.

Каля 1570 г. у вусці Конга высадзіўся атрад партугальскіх наёмнікаў і добраахвотнікаў на чале Франсіску дэ Гавея Сотамаёра. Ён разграміў яга, аб'яднаў рэшткі арміі Конга і вызваліў горад Мбанза-Конга. У Франсіску дэ Гавея Сотамаёра меліся інструкцыі ад караля Партугаліі аб вядзенні перагавораў з Алвару I, аднак той з-за ўмяшання місіянера Франсіска дэ Барбуды ня здолеў упэўніць кангалезскага караля даць згоду на ўсе патрабаванні. Мяркуецца, што Алвару I прызнаў сябе васалам караля Партугаліі і даў згоду на заваяванне партугальцамі тэрыторыі Луанды.

Знешняя палітыка[правіць | правіць зыходнік]

Пасля выгнання яга Алвару I імкнуўся выправадзіць партугальцаў. З-за частых нападаў і рабаванняў з боку мясцовых жыхароў большасць еўрапейскіх гандляроў пакінула краіну. Аднак у 15751579 гг. армія Конга ўдзельнічала ў вайне партугальцаў супраць дзяржавы Ндонга, захоўваўся гандаль рабамі.

Пасля падпарадкавання Партугаліі іспанскім Габсбургам палітыка ў дачыненні да Конга змянілася. Мадрыдскі двор арыентаваўся на інтарэсы партугальскіх гандляроў і авантурыстаў, імкнуўся стрымаць перадачу баконга агнястрэльнай зброі і новых тэхналогій. Алвару I вёў сталыя перагаворы з рымскімі папамі, у тым ліку дамагаўся стварэння самастойнай ад Партугаліі і Іспаніі кангалезскай епархіі, пашырэння місіянерскай дзейнасці капуцынаў, непадуладных партугальскім каланіяльным уладам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Орлова, А. История государства Конго; XVI-XVII века. - М.: Наука, 1968.
  • Vansina, J. More on the Invasions of Kongo and Angola by the Jaga and the Lunda. // The Journal of African History. Vol. 7, No. 3. 1966. P. 421 - 429
  • Thornton, J. Kongo Kingdom: Jaga Invation to 1665. // Encyclopedia of African History. Vol. III. - Routledge, 2013. P. 774 - 775