Ндонга
Гістарычная дзяржава | |||
Ндонга | |||
---|---|---|---|
|
|||
1500 — 1671
|
|||
Сталіца | Кабаса | ||
Рэлігія | каталіцызм, мясцовыя культы | ||
Грашовая адзінка | Ракавіны малюскаў | ||
Форма кіравання | Манархія | ||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Ндо́нга (парт.: Reino do Ndongo) — гістарычная дзяржава на паўднёвым захадзе Цэнтральнай Афрыкі. Тытул манархаў Ндонга нгола даў назву сучаснай краіне Ангола.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Дзяржава Ндонга вылучалася ў XVI ст. са складу Каралеўства Конга. Асноўнае насельніцтва тут складаў народ амбунду. У 1518 г. манарх Ндонга даслаў паслоў да партугальцаў з запытам аб арганізацыі каталіцкай місіі. Аднак партугальскія місіянеры сутыкнуліся з супраціўленнем караля Конга. Кароль Афонсу I вымусіў місіянераў пераехаць у Конга і сам даслаў у Ндонга свайго святара.
У 1556 г. Ндонга зноў звярнулася да караля Партугаліі з запытам аб ваеннай падтрымцы і хрысціянскай місіі. У 1560 г. у вусці ракі Кванза спынілася экспедыцыя на чале з Паўлу Дыяшам ды Навайшам, унукам знакамітага мараплаўца Барталамеу Дыяша, у якой прысутнічалі езуіты. Але высветлілася, што нгола, які дасылаў пасольства, памёр, а новы манарх адмовіўся ад прамых перагавораў. У 1564 г. Паўлу Дыяш вярнуўся ў Партугалію. У 1571 г. ён атрымаў дазвол ад Себасцьяна I на заснаванне ў дзяржаве нгола калоніі. Лічыцца, што права на ўзбярэжжа Ндонга Партугаліі перадаў Алвару I, кароль Конга.
У 1575 г. Паўлу Дыяш заснаваў крэпасць Сан-Паўлу-ды-Луанда, аднак да канца жыцця не здолеў усталяваць поўнага кантролю над узбярэжжам. Ваенныя канфлікты паміж партугальцамі і амбунду ў 1590—1599 гг., 1602—1604 гг., 1617 г. прывялі да саслаблення Ндонга. У войнах супраць амбунду партугальцы выкарыстоўвалі качэўнікаў-канібалаў яга. У 1621 г. Ганна Нзінга ад імя нгола заключыла мір з губернатарам Луанды, даўшы абяцанне прызнаць залежнасць ад Партугаліі. У 1624 г. яна незаконна прыйшла да ўлады ў Ндонга, што выклікала паўстанне супраць яе з боку мясцовых правадыроў. Паўстанне хутка перарасло ў грамадзянскую вайну, у якую актыўна ўмешваліся партугальцы, галандцы і прадстаўнікі суседніх афрыканскіх народаў. Канчаткова Ганна Нзінга адраклася ад улады толькі ў 1655 г.
Канчаткова дзяржава Ндонга была заваявана партугальцамі ў 1671 г. пасля задушэння чарговага паўстання з боку нгола.
Кіраванне
[правіць | правіць зыходнік]Дзяржава Ндонга падзялялася на 736 аўтаномных абшчын на чале з мясцовымі правадырамі соба. Абшчыны часам аб’ядноўваліся ў саюзы канда. Яны былі падпарадкаваны ўладзе адзінага манарха нгола. Манархічная ўлада перадавалася мужчынам па жаночай лініі. Хаця жанчыны адыгрывалі важную ролю ў цырымоніях і кіраванні, яны не мелі права займаць пасаду нгола. Спроба Ганны Нзінгі парушыць гэты закон прывяла да грамадзянскай вайны.
Грамадства падзялялася на высакародных макота, свабодных абшчыннікаў ана мурында, прыгонных іджыка і рабоў абіка. У другой палове XVI — XVII стст. Ндонга адыгрывала выключна важную ролю ў забеспячэнні партугальскіх гандляроў рабамі.
У XVII ст. галоўная рэзідэнцыя нгола знаходзілася ў Кабасе, горадзе, што налічваў каля 50 тысяч жыхароў. Пры двары нгола знаходзіліся ваенны правадыр нгаламболе, суддзя тэндала і чыноўнікі куд’я.