Перайсці да зместу

Алег Алегавіч Жугжда

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Алег Жугжда)
Алег Алегавіч Жугжда
Дата нараджэння 13 верасня 1961(1961-09-13) (63 гады)
Месца нараджэння
Грамадзянства
Адукацыя
Прафесія тэатральны рэжысёр
Тэатр
Прэміі
Узнагароды

Алег Алегавіч Жугжда (нар. 13 верасня 1961, г. Вільнюс) — беларускі рэжысёр тэатра. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі.

У 1983 г. скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, у 1990 г. — Ленінградскі інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі імя М. К. Чаркасава.

Да 1987 г. Алег Жугжда працаваў артыстам, потым пачалася яго рэжысёрская дзейнасць. За гэты час ён паспеў стварыць вялікую колькасць цікавых спектакляў у тэатрах лялек Мінска, Магілёва, Брэста, Гродна. У 2002 г. рэжысёр быў запрошаны на пасаду мастацкага кіраўніка Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра. У 2004 г. вярнуўся ў Гродзенскі абласны тэатр лялек.

Сярод пастановак А. Жугжды ў Магілёўскім абласным тэатры лялек — «Маленькі прынц» паводле А. Сент-Экзюперы (1986, рэжысёрскі дэбют), «Рыгорка — Ясная зорка» А. Вярцінскага (1990), «Зязюлька» У. Граўцова (1993); у Брэсцкім абласным тэатры лялек — «Тры казкі папугая» (аўтар А. Жугжда, 1991), «Плыт мерцвякоў» Х. Мюлера (1992); у Беларускім тэатры «Лялька» — «Загубленая душа, альбо Пакаранне грэшніка» У. Граўцова паводле Я. Баршчэўскага (1993); у Беларускім дзяржаўным тэатры лялек — «Прыгоды алавянага салдаціка, пастушкі і камінара» (1996) і «Русалачка» (1998; аўтар А. Жугжда) паводле Х. К. Андэрсена, народная казка «Марозка» (2008); у Мінскім абласным тэатры лялек «Батлейка» — «Дзікія лебедзі» (аўтар А. Жугжда; 1994) паводле Х. К. Андэрсена, «Казкі з куфэрка» (аўтар А. Жугжда, 1996).

У Гродзенскім абласным тэатры лялек Алег Жугжда паставіў спектаклі «Кузуркіяна» (музыка П. Кандрусевіча, лібрэта С. Клімковіч, 1993), «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра (2001), «Паэма без слоў» Я. Купалы (2002) і інш.

У Магілёўскім абласным драматычным тэатры рэжысёр паставіў спектаклі «Турандот» К. Гоцы (2001), «Сёстры Псіхеі» С. Кавалёва (2002), «Сон у летнюю ноч» У. Шэкспіра (2011) і інш.

Алег Жугжда займае ў тэатральным жыцці асаблівае, вызначанае ўласным талентам месца: поспех, павага, захапленне, цікавасць да пастановак спадарожнічаюць яму паўсюль і пастаянна. Жугжда — чалавек-тэатр з незвычайнай харызмай, рамантычны і ўзнёслы летуценнік, драматычны інтэрпрэтатар. Разважаючы пра свае адносіны да мастацтва, рэжысёр адзначае: «Я — частка тэатра, тэатр — частка мяне». Пры стварэнні вобразаў спектакля ён надзвычай выразна ўяўляе ўсю яго «карцінку»: рух, эмоцыі, музыку, колер. У творчым почырку рэжысёра пераважае эмпірычны пачатак: гледачы павінны плакаць і смяяцца, інакш спектакль не атрымаецца.

Сярод створаных Алегам Жугждам спектакляў сапраўдным шэдэўрам стала казка «Чароўнае люстэрка», пастаўленая аўтарам на сцэне Гродзенскага абласнога тэатра лялек у 2000 г. Акцёры выконвалі свае ролі яскрава і разам з тым тактоўна і далікатна. Чароўную, казачную атмасферу надалі спектаклю касцюмы і дэкарацыі галоўнага мастака тэатра Л. Мікінай.

Крыху раней спектакль Гродзенскага тэатра лялек «Трагедыя пра Макбета» У. Шэкспіра з поспехам прайшоў на тэатральным фестывалі[pl] ў Торуні (Польшча). На VIII Міжнародным фестывалі тэатральнага мастацтва ў Празе ў 2004 г. Алег Жугжда атрымаў дыплом «За лепшую рэжысуру» гэтага спектакля.

У 2000 г. тэатр выступіў на фестывалі ва Ужгарадзе (Украіна) са спектаклем «Неверагодны ілюзіон» Жугжды, на якім атрымаў дыплом фестывалю і спецыяльны прыз. Рэжысёр быў адзначаны прызам «За міжнароднае творчае супрацоўніцтва» — яго спектаклі на фестывалі з поспехам прадставілі тры краіны: Беларусь, Украіна і Балгарыя.

У 2000 г. Алег Жугжда ажыццявіў пастаноўку спектакля «Трышчан і Іжота» па п’есе С. Кавалёва на сцэне Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Сусветна вядомая легенда пра Трыстана ды Ізольду, першыя згадкі пра якую датуюцца XI—XIII стст., узнікла ў Шатландыі на аснове кельцкага эпасу і стала асновай для мноства апрацовак у еўрапейскіх літаратурах. Першая беларуская версія «Аповесці пра Трышчана» была зроблена невядомым аўтарам яшчэ ў XVI ст. і мела сваю пэўную зместавую адметнасць: падзеі завяршаліся прыездам Ізольды да хворага Трыстана. Спроба стварэння сучаснай версіі твора належыць беларускаму драматургу С. Кавалёву, які ў п’есе «Трышчан, альбо Блазны на пахаванні» даволі смела спалучыў элементы светаўспрыняцця сучаснага чалавека з поглядамі чалавека эпохі барока.

Алег Жугжда ў гэтым спектаклі выступіў і ў ролі мастака. Дзякуючы яго мастацкаму афармленню кожнае слова спектакля набывае не прамы, а асацыятыўны сэнс, утвараецца новае асяроддзе, у якім рамантычны пафас змяняецца стыхіяй гульні, канфлікт — суперніцтвам тэатральных масак. Праз гульню спектакль дае магчымасць адчуць, што каштоўнасць нашага жыцця заключаецца ў працэсе чалавечых зносін.

У Гродзенскім абласным драматычным тэатры Алег Жугжда ажыццявіў пастаноўку п’есы С. Кавалёва «Навука кахання» (2001). Твор заснаваны на рэальных гістарычных фактах і распавядае пра апошні перыяд жыцця Францішкі Уршулі Радзівіл — першай беларускай жанчыны-драматурга. Пастаноўка аднаўляе няўлоўна-чароўную атмасферу аматарскага тэатра XVIII ст. з яго схільнасцю да рамантычнай прыўзнятасці і пастаральнага прымітывізму.

У 2004 г. падчас Міжнароднага дня тэатра ў Гродне прайшла прэм’ера оперы-буф «Чырвоны Каптурык» паводле аднайменнай казкі Ш. Перо (кампазітар П. Кандрусевіч) — сумесны праект Гродзенскага абласнога тэатра лялек і Гродзенскай капэлы. Опера ўзнімае і раскрывае спрадвечныя катэгорыі: дабро — зло, гумар — сум. Аўтар лібрэта, рэжысёр-пастаноўшчык спектакля, харэограф і адзін з выканаўцаў ролі Маркіза дэ Ваўка — Алег Жугжда.

16 сакавіка 2007 г. у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Я. Купалы адбылася прэм’ера спектакля «Вольга» па п’есе фінскага аўтара Л. Руаханен у пастаноўцы А. Жугжды. Твор закранае тэму кахання адзінокай немаладой жанчыны да маладога чалавека. Гэта каханне выратоўвае іх у халодным, бездухоўным і хаатычным свеце: некалькі дзён жыцця сталі галоўнай падзеяй у іх лёсе, падарылі пакуты немагчымага кахання і радасць чалавечага шчасця перад непазбежным расставаннем.

У верасні 2011 г. Гродзенскі абласны тэатр лялек прымаў удзел у XIII Міжнародным фестывалі тэатраў лялек «Разанскія агледзіны» (г. Разань, Расія), які больш за 20 гадоў збірае лялечнікаў з краін блізкага і далёкага замежжа. Спектакль Алега Жугжды «Пікавая дама», створаны па матывах аповесці А. Пушкіна і оперы П. Чайкоўскага, атрымаў прызнанне як прафесіяналаў, так і глядацкай аўдыторыі і прайшоў пры «перааншлагу»: публіка размясцілася на прыступках, ля сцэны, у праходах, многія засталіся ў фае.

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 2 жніўня 2011 г. Алег Алегавіч Жугжда ўзнагароджаны медалём Ф. Скарыны. У сакавіку 2007 г. ён атрымаў прыз Беларускага саюза тэатральных дзеячаў «Крыштальны анёлак» — «За ўнёсак у развіццё беларускага тэатра лялек». У 1994 г. рэжысёр стаў уладальнікам прэміі імя Л. Мазалеўскай, у 2012 г. — Прэміі імя Аляксандра Дубко абласнога выканаўчага камітэта як «Рэжысёр года». У 2019 годзе прысвоена званне Заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь[1].

Зноскі