Алена Маслюкова

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Алена Маслюкова
Партрэт
Алена Маслюкова (сакавік 2020)
Род дзейнасці праваабаронца
Дата нараджэння 6 лютага 1965(1965-02-06) (55 гадоў)
Месца нараджэння
Альма-матар

Алена Маслюкова (нар. 6 лютага 1965, Светлагорск Гомельскай вобласці) — беларуская экалагічная актывістка і праваабаронца, кіраўніца светлагорскай філіі Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Скончыла Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны па спецыяльнасці «Гісторыя» з атрыманнем кваліфікацыі «Гісторык. Выкладчык гісторыі і грамадазнаўства» (1988)[1]. У 1988—1996 гадах выкладала гісторыю і грамадазнаўства ў сярэдняй школе ў рабочым пасёлку Сасновы Бор (каля Светлагорска). У 1996 годзе пачала выкладаць гістарычныя дысцыпліны і сусветную мастацкую культуру ў светлагорскай філіі Нацыянальнага дзяржаўнага гуманітарнага ліцэя імя Якуба Коласа, дзе працавала да рэарганізацыі ўстановы ў 2001 годзе.

З 2001 года зноў працавала ў школе, з 2008 — у светлагорскай школе № 10. 6 лютага 2014 года перамагла на светлагорскім раённым этапе рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года», але на абласны этап яе не адабралі праз пазначэнне ў анкеце сваёй партыйнасці «сябра Партыі БНФ», таму Светлагорскі раён на абласным этапе ніхто не прадстаўляў. 1 ліпеня 2014 года дырэктарка школы № 10 не падоўжыла кантракт з Аленай Маслюковай, ёсць меркаванне[2], што адбылося гэта праз яе актывісцкую дзейнасць і актыўную грамадскую пазіцыю.

З 2015 года ўзначальвае светлагорскую філію Праваабарончага цэнтру «Вясна». Асноўнай спецыялізацыяй Алены Маслюковай стала абарона экалагічных правоў. Праваабаронца з’яўляецца адной з лідарак ініцыятывы супраць запуску завода па вытворчасці бялёнай цэлюлозы ў Светлагорску. 9 кастрычніка 2018 года праваабаронцу Алену Маслюкову суд Светлагорскага раёна пакараў штрафам[3] памерам 612,50 беларускіх рублёў як арганізатарку флэшмобу супраць «смярдзючага» завода, які прайшоў 15 верасня 2018 года ў Светлагорску[4]. У абарону праваабаронцы выступіла Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў, партнёрства FIDH і Сусветнай арганізацыі супраць катаванняў, якія заклікалі беларускія ўлады спыніць пераслед Алены Маслюковай і іншых экалагічных актывістаў[5].

Таксама Алена Маслюкова ўдзельнічае ў іншых кампаніях Праваабарончага цэнтру «Вясна» — «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання», «Праваабаронцы за свабодныя выбары» і іншых. Актыўна бярэ ўдзел у інфармацыйных акцыях праваабаронцаў[6].

1 чэрвеня 2019 года Алена Маслюкова абрана[7] ў кіруючы склад Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый[8] — Рабочую групу секцыі «Правы чалавека».

У 2020 годзе Алена Маслюкова стала гераіняй[9] міжнароднага фотаконкурсу «Партрэты сілы»[10] Фонду Дамоў правоў чалавека, прысвечанага жанчынам-праваабаронцам.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

  • Прэмія Чэмпіёны грамадзянскай супольнасці Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый у намінацыі «Грамадская лідарка года»[11] (2019, разам з актывісткай Святланай Гатальскай з руху «Маршыруй, дзетка!»[12], які прасоўвае ў Беларусі прыняцце закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту).

Зноскі

  1. «Тры апазіцыянеры, два чыноўнікі»: Алена Маслюкова і светлагорскі «Бумажнік». euroradio.fm.
  2. Шукаем працу «Настаўніцы года», якую звольнілі за «дэструктыўныя думкі». kyky.org.
  3. У Сьветлагорску за флэшмоб супраць кітайскага заводу аштрафавалі праваабаронцу і актывіста. svaboda.org.
  4. «Арыштуй нас! Нам усё роўна, дзе паміраць». У Сьветлагорску прайшоў флэшмоб супраць кітайскага заводу. svaboda.org.
  5. Абсерваторыя заклікае зняць усе абвінавачванні супраць светлагорскіх актывістаў. spring96.org.
  6. “Вясноўцы” адзначылі Міжнародны дзень Мандэлы інфармацыйнай акцыяй. spring96.org.
  7. Алену Маслюкову абралі ў Рабочую групу Асамблеі НДА. spring96.org.
  8. Асамблея НДА
  9. Праваабаронца Алена Маслюкова — гераіня міжнароднай фотавыставы «Партрэты сілы». spring96.org.
  10. Portraits of Strength: Women Defending Human Rights 2020. Human Rights House.
  11. Светлагорская актывістка стала Чэмпіёнкай грамадзянскай супольнасці Беларусі. greenbelarus.info.
  12. Маршыруй, дзетка!

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]