Аляксандра Свечына

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандра Свечына
Біспінг[d]
Біспінг[d]
Нараджэнне каля 1773
Смерць 1853
Месца пахавання
Род Біспінгі[d]
Бацька Юзаф Біспінг[d]
Маці Тэадора з Сухадольскіх[d]
Муж Аляксандр Міхайлавіч Свечын[d]

Аляксандра Свечына з Біспінгаў (каля 1773, Вярэйкі — 1853) — памешчыца Ваўкавыскага павета, заснавальніца Масальскай ардынацыі і фундатарка касцёла ў Вярэйках.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Паходзіў з нямецкага рода Біспінгаў уласнага герба (прыдомак фон Гален), прадстаўнікі якога ў канцы XVI — пачатку XVII ст. перасяліліся ў Вялікае Княства Літоўскае. Нарадзілася ў сям’і стольніка Юзафа Біспінга і яго жонкі Тэадоры з Сухадольскіх, якія жылі ў Вярэйках Ваўкавыскага павета. Мела старэйшую на два гады сястру Юзэфу, якая нарадзілася 24 ліпеня 1784 г[1].

Бацька хутка памёр, сёстры выхоўваліся пад апекай маці. Апекуном асерацелай сям’і застаўся брат стольніка Ян, маршалак старадубаўскі, які за пакінутыя братам грошы купіў Масаляны. Маці заўзята іграла ў карты, аднойчы стальніковую на 30000 рублёй абыграў Аляксандр Толь Свечын, палкоўнік, праваслаўны, з добрага баярскага роду, што аблегчыла яму знаёмства з Біспінжанкамі. У 1806 г. Аляксандра выйшла замуж за Свечына. Па просьбе сваёй жонкі апошні атрымаў ад расійскага імператара дазвол на пабудову касцёла ў Вярэйках. Анатоль Свечын памёр у 1838 г. і быў пахаваны ў Кузьміцкай царкве[1]. У Вярэйках, за 150 м ад касцёла, пры гасцінцы, ад якога адгаліноўваецца дарога ў Кузьмічы, Аляксандра паставіла помнік мужу, на якім выбіты наступныя словы на польскай мове: «Аляксандр Толь Светчын са знакамітага баярскага роду, дзяржаўны дзеяч, кавалер шматлікіх ордэнаў. Яго жыццё пад трыма манархамі была напоўнена сямейнай і грамадскай дабрадзейнасцю. Заўсёды справядлівы, шаноўны сваім родам і грамадзянамі, жыў з верай у Бога і з Богам. Нарадзіўся 27 жніўня 1774 г., памёр 13 снежня 1838 г.»[2].

Сястра Свечынавай Юзэфа выйшла замуж за Антонія Вайчынскага і атрымала ў пасаг Масаляны. З мужам пражыла 16 гадоў, а пазней развялася, пры гэтым Вайчынскі ажаніўся з яе пакаёўкай Рудавіцкай[1].

Ад Тэадоры Біспінг да Аляксандры перайшоў фальварак у Кузьмічах[2].

Аляксандра Свечынавая, адчуваючы блізкую смерць, разам з сястрой Вайчынскай, будучы бяздзетнымі, фундавалі на сваіх маёнтках Масалянскую ардынацыю[1]. Дзеля канчатковага вырашэння дадзенага пытання спатрэбіўся непасрэдны ўдзел імператара, які адмысловым імянным указам даў на гэта свой дазвол. У склад Масалянскай ардынацыі ўвайшлі непасрэдна Масаляны, а таксама Верцялішкі, Паплаўцы, Скалубава, Трэйглі (Гродзенскі павет) і Вярэйкі, Кузьмічы, Мацейкаўшчына (Ваўкавыскі павет) — разам 1970 мужчынскіх душ. Паводле гэтага дакумента, уладаром усёй гэтай маёмасці пасля смерці фундатарак мусіў стаць меўшы на той час 11 год Аляксандр Біспінг. Пры гэтым Аляксандр не быў старэйшым. Тым не менш, у абыход маяратнага права менавіта ён стаў адзіным уладаром велізарнай маёмасці сваіх стрыечных бабак. Прычына гэтага, верагодна, крыецца ў тым, што адна з фундатарак ардынацыі, Ю. Вайчынская, была яго хроснай маці і любіла яго больш за іншых унучатых пляменнікаў. Несумненна, гэты крок спарадзіў унутраны сямейны канфлікт паміж Янам (старэйшым братам) і Аляксандрам. У далейшым гэтая канфрантацыя толькі ўзмацнілася[3].

Надмагілле сясцёр Аляксандры Свечынай і Юзэфы Вайчынскай з Біспінгаў у Вялікіх Эйсмантах

Хутчэй за ўсё Аляксандра, як фундатарка, пасля смерці была пахавана каля касцёла ў Вярэйках, а калі касцёл быў адабраны пад царкву, надмагілле было знішчана. Цяпер пліта з яе надмагілля знаходзіцца перад касцёлам у Вялікіх Эйсмантах (Бераставіцкі раён).

Зноскі

  1. а б в г В. Карпыза. Род Біспінгаў на Ваўкавышчыне ў XVIII—XX ст. // Герольд Litherland № 2 (2). Горадня, 2001
  2. а б Старинные усадьбы Гродненщины : Берестовицкий — Ивьевский районы / А. Т. Федорук ; науч. ред. О. Н. Попко. — Минск: Беларусь, 2014. — С. 119-120. — 543 с. — ISBN 978-985-01-1091-6.
  3. Аляксандр Радзюк. [ПАМІЖ ДВУХ СВЕТАЎ: ГІСТОРЫЯ САМАГУБСТВА ГРАФА АЛЯКСАНДРА БІСПІНГА] Homo Historicus. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. 2019. том 5.