Перайсці да зместу

Аляксандр Біспінг

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Біспінг
Біспінг[d]
Біспінг[d]
Нараджэнне 16 студзеня 1844(1844-01-16)
Смерць 24 красавіка 1867(1867-04-24) (23 гады)
Месца пахавання
Род Біспінгі[d]
Бацька Каміль Біспінг[d]
Маці Леанціна з Валовічаў[d]
Адукацыя

Аляксандр Біспінг фон Гален (16 студзеня 1844 — 24 красавіка 1867) — памешчык.

Паходзіў з нямецкага рода Біспінгаў уласнага герба (прыдомак фон Гален), прадстаўнікі якога ў канцы XVI — пачатку XVII ст. перасяліліся ў Вялікае Княства Літоўскае. Нарадзіўся 16 студзеня 1844 года у бацькаўскім маёнтку ў Дуляўшчыне Ваўкавыскага павета, недалёка ад Струбніцы, у сям’і Каміля Біспінга (1810—1850). У сям’і акрамя Аляксандра было яшчэ трое дзяцей: браты Ян, Юзаф і Тэрэза.

Бацька, Каміль Біспінг, даводзіўся родным пляменнікам Аляксандры Свечынай і Юзэфе Вайчынскай, у дзявоцтве Біспінгаў. Пасля смерці сваіх сужэнцаў (абодва займалі высокія пасады ў службовай іерархіі Расійскай імперыі), не маючы сваіх уласных дзяцей, яны ў 1853 г. аб’ядналі свае маёнткі ў агульны Масалянскі маярат[pl]. Для тых часоў гэта быў унікальны выпадак, які патрабаваў ад дзвюх жанчын не толькі паразумення, але настойлівасці, цярпення і патрэбных сувязяў у вышэйшых колах пецярбургскага двара. Дзеля канчатковага вырашэння дадзенага пытання спатрэбіўся непасрэдны ўдзел імператара, які адмысловым імянным указам даў на гэта свой дазвол. У склад Масалянскай ардынацыі ўвайшлі непасрэдна Масаляны, а таксама Верцялішкі, Паплаўцы, Скалубава, Трэйглі (Гродзенскі павет) і Вярэйкі, Кузьмічы, Мацейкаўшчына (Ваўкавыскі павет) — разам 1970 мужчынскіх душ. Паводле гэтага дакумента, уладаром усёй гэтай маёмасці пасля смерці фундатарак мусіў стаць меўшы на той час 11 год Аляксандр Біспінг. Пры гэтым Аляксандр не быў старэйшым. Тым не менш, у абыход маяратнага права менавіта ён стаў адзіным уладаром велізарнай маёмасці сваіх стрыечных бабак. Прычына гэтага, верагодна, крыецца ў тым, што адна з фундатарак ардынацыі, Ю. Вайчынская, была яго хроснай маці і любіла яго больш за іншых унучатых пляменнікаў. Несумненна, гэты крок спарадзіў унутраны сямейны канфлікт паміж Янам (старэйшым братам) і Аляксандрам. У далейшым гэтая канфрантацыя толькі ўзмацнілася[1].

Хлопчыкаў з роду Біспінгаў накіравалі на вучобу спачатку ў ліцэй у Мітаве. Пасля Аляксандр вучыўся ў Бонскім універсітэце, дзе ён пазнаёміўся з сынам англіканскага святара Фортэск’ю Андэрсанам, той даваў яму дзве зімы ўрокі англійскай мовы. З 1 мая па 1 лістапада 1862 г. сябры пабывалі на другой Сусветнай выстаўцы ў Лондане.

Вяртанне на Радзіму

[правіць | правіць зыходнік]

Да 1863 годзе тэрміновыя справы патрабавалі асабістай прысутнасці і нагляду за вялікай гаспадаркай, маладому спадчынніку трэба было вяртацца на радзіму.

" Для графа было вельмі неабходна, каб ён як мага хутчэй прыступіў да асабістага кіравання сваёй маёмасцю. Яго бацькі памерлі. У яго не было іншых сваякоў, здольных несці ўвесь цяжар адказнасці. Ён не мог цалкам давяраць выкананне розных планаў, якія лічыў неабходнымі, сваім агентам. Многае трэба было зрабіць для паляпшэння становішча, як арандатараў, так і рабочых на яго зямлі. Праца ўдвая цяжкая па прычыне якое змянілася становішча рэчаў у выніку адмены прыгоннага права… У поўным перакананні я без далейшых згрызот сумлення прыняў яго ласкавую і шматразовую прапанову і разам з ім і яго слугой-немцам выправіўся ў дарогу ўвечар 26 лютага 1863 года з Берліна. "

На сем месяцаў Ф. Андэрсан стаў яго найбліжэйшым кампаньёнам, дарадцам і настаўнікам англійскай мовы. Іх доўгі маршрут у карэце пачаўся ў Боне, далей пралягаў праз Берлін, Маенбург, Кёнігсберг, у Вільні сябры пераселі ў вагон чыгуначнага цягніка і прыехалі ў Гродна. Час для паездкі ў рускую Польшчу было выбрана няўдала, на тэрыторыі Заходняга края Расійскай імперыі пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне. Па прыбыцці ў родныя месцы малады граф пачаў рабіць візіты да блізкіх і далёкіх сваякоў.

Арышт і высылка

[правіць | правіць зыходнік]
" У пятніцу, чацвёртага верасня, мы прыехалі ў Гродна з Вярэек, намерваючыся на наступным тыдні адправіцца ў Верцялішкі і наведаць свята ўраджая, які там павінен быў адбыцца. Мы прабылі ў Гродна ўсю суботу і нядзеля, а ў панядзелак пасля абеду адправіліся ў фальварак. Надвор’е стаяла цудоўнае; паштмайстар-яўрэй даслаў за намі сваю найлепшую запрэжку з чатырох коней, і граф, яго слуга-немец і я пакінулі гатэль каля трох гадзін у прыўзнятым настроі, мала думаючы пра падзеі, якія павінны былі неўзабаве адбыцца з намі[2]. "

У той жа дзень яны былі арыштаваны і пасаджаны ў адзіночныя камеры гродзенскай турмы, якая размяшчалася ў былым езуіцкім калегіуме. Допыты следчай камісіі з 11.00 раніцы да 17.00 вечара з прыдзіркамі вядуць пяць дасведчаных следчых. Ф. Андэрсан прасіў дазволіць яму тэлеграфаваць у Пецярбург паслу, лорду Нейпіру[ru], консулу ў Варшаву і бацьку ў Бон. У тэлеграмах адразу было адмоўлена. Доказ віны будаваўся на сведчаннях двух сведкаў-паўстанцаў, якія сцвярджалі, што бачылі графа і англічаніна ў лесе ў атрадзе паўстанцаў Лянкевіча, і нават чулі, пра што гаворыць замежнік. Затрыманы спрабаваў праз перакладчыка-яўрэя, а потым праз афіцэра імператарскай гвардыі барона фон Ховена даказаць, што ён не ведае польскай мовы, у крайніх выпадках пераходзіў на французскую[2].

7 верасня 1863 года следчая справа паступіла да губернатара Скварцова, які прызнае А. Біспінга «абсалютна нядобранадзейным у палітычным плане». Адказ ад 19.09.1863 г. з віленскай канцылярыі за подпісам генерал-губернатара М. Мураўёва дублюе першае заключэнне Скварцова: сведчанні лжэсведак-шляхцічаў прыняты, а «…памешчыка Аляксандра Біспінга, як зусім нядобранадзейнага ў палітычным плане і шкоднага для далейшага знаходжання ў краі, адправіць на жыхарства ў Арэнбургскую губерню, з усталяваннем там за ім строгага паліцэйскага нагляду; Англічаніна Андэрсана выслаць за граніцу, забараніць яму ўезд у Расію».

29 верасня 1863 года Аляксандр Біспінг, канваяваны жандарам, быў адпраўлены ў пасажырскім цягніку ў Санкт-Пецярбург у перасыльную турму, адкуль па этапе ў прызначанае месца ссылкі — Арэнбургскую губерню. Яму дазволена ўзяць з сабой у спасылку слугу і камердынера. Яго маёмасць на падставе ўказу ад 10.12.1865 падлягала абавязковаму продажу.

Палітычныя погляды Аляксандра кардынальна разыходзіліся з «чырвонымі», ён быў лаяльным да ўлады чалавекам кансерватыўных поглядаў, вернападданы цара, што пацвярджаюць мемуарныя і архіўныя дакументы. З рукапісу яго брата Яна Біспінга:

" Неўзабаве да нас дайшла жудасная вестка пра зняволенне брата майго Аляксандра і адпраўка яго ва Уфу, таксама пра накладанне на ордэн секвестра. Страшны гэта быў удар і для нас, і незаслужаны, бо, ведаючы палітычныя погляды брата майго, мы былі ўпэўнены, што ён не вінаваты, ён паў ахвярай інтрыгі чырвонцаў… Мой брат Аляксандр, як ардынат, багаты і смелы, ішоў супраць паўстання, (занадта моцна ім перашкаджаў), яны яго і загубілі лжывым і гнюсным даносам. "

5 студзеня 1867 года з Уфы Аляксандр Біспінг падаў прашэнне на імя новага генерал-губернатара Віленскага, Ковенскага, Гродзенскага і Мінскага Э. Т. Баранава. Да таго часу А.Біспінг пасля найвышэйшага дазволу ўжо перайшоў у праваслаўе, у ссылцы цалкам парваў адносіны з мясцовым шляхецкім асяроддзем. 29 сакавіка 1864 года Эразм Карлавіч Заблоцкі (1831—1884), адзін з паплечнікаў кіраўніка паўстання К. Каліноўскага, арыштаваны ўвосень 1863 года, дае ў адмысловай следчай камісіі новыя сведчанні, выдае прозвішчы некаторых мясцовых памешчыкаў, у тым ліку і Аляксандра Біспінга. Для даследавання справы з Уфы графа дастаўляюць у Гродзенскую турму, там яго трымаюць да сярэдзіны снежня 1864 года, пакуль не вынеслі канчатковы прысуд. Заблоцкі на допыце сцвярджаў, што ён з Каліноўскім праязджаў праз маёнтак Вярэйкі. На допыце Біспінг адмаўляўся ад знаёмства з Заблоцкім і Каліноўскім, матывуючы тым, што ў яго маёнтку размешчаны заезны двор, можа быць, у ім і начавалі гэтыя людзі, але ён нічога пра гэта не ведаў.

У 1864 годзе ў англійскім выдавецтве «Macmillan and CO» выйшла кніга Андэрсана «Seven Months’ Residence in Russian Poland in 1863» (бел.: Сем месяцаў жыцця ў рускай Польшчы ў 1863 годзе), у якой былі апублікаваныя дзеннікі аўтара, адным з галоўных герояў якіх быў граф Аляксандр Біспінг. Запісы змяшчаюць таксама інфармацыю пра грамадскія настроі таго года, звычаі мястэчак, гаспадарку ў маёнтках, вінакурэнне, кірмашы, экспарт драўніны, адметныя асаблівасці гарадскога грамадства ў Гродне і сядзібах Ваўкавыскага ды Бераставіцкага паветаў. Аўтар кнігі звярнуўся ў англійскі парламент са зваротам датычна карных акцый у краі. У кнізе англічанін выказаў сваё неадназначнае стаўленне да паўстання, узгадваючы пра Біспінга Андэрсан звяртаў увагу на несправядлівы лёс блізкага таварыша, які стаў закладнікам горкіх акалічнасцяў:

" Дзень за днём я быў сведкам яго сумленных і паслядоўных высілкаў на карысць імператара, якому ён і яго народ былі абавязаны падпарадкаваннем; і народ, які ён ахвотна абараняў і песціў, ізноў аддаваўся на міласць ваяўнічага казака ці на сквапнае вымагальніцтва яўрэя. Яго самыя ўзнёслыя памкненні былі скрышаны ў самым росквіце яго юнацкай спеласці, і «сонца яго найярчэйшай надзеі гэтак жа раптоўна зайшло, калі яшчэ быў дзень. "

У еўрапейскіх газетах справа атрымала міжнародную агалоску, гэта інфармацыя дайшла і да генерал-губернатара М. Мураўёва, што толькі пагоршыла становішча асуджанага.

З рукапісу барата Яна Біспінга:

" У першыя дні снежня зняволеным абвясцілі прысуд ваеннага суда… Брата майго зноў ва Уфу адправілі па той жа злашчаснай прычыне, што меў англічаніна пры сабе. Мураўёў, калі яму зноў паказалі справу майго брата, уласнаручна на ёй напісаў: «Ведаю, што ён не вінаваты, але трэба хлапчука правучыць, каб не меў пры сабе англічан, якія чэрняць Расію і бруд кідаюць на яе чыноўнікаў, так што вярніце яго ва Уфу». "

Старэйшы Ян Біспінг з’явіўся ў Гродне толькі бліжэй да зімы 1864 года, жадаў пабачыць і дапамагчы брату: «Нам дазволілі пасылаць ежу ў турмы, і там брат мой стырноў са сваёй кішэні дваццаць чалавек. Жандары, якія ахоўвалі нашых палонных… шаноўныя гэтыя людзі, годныя шчырай ад нас падзякі, штодня прыносілі нам запіскі і лісты…. Гэта каштавала нам нямалых выдаткаў, таму што трэба было добра аплачваць паслугі».

Яго адданасць праваслаўю была дакументальна засведчана брэсцкім епіскапам Ігнаціем падчас кароткага побыту Аляксандра ў Гродне ў 1866 г. Ён браў непасрэдны ўдзел у справе перабудовы Вярэйскага касцёла ў царкву. З 1865 г. у афіцыйнай перапісцы Біспінг усё часцей фігуруе ў якасці «паборніка рускай справы ў Заходнім краі». Нядзіўна, што на розных узроўнях уладнай іерархіі ўсё часцей пачынаюць гучаць галасы аб магчымасці і нават неабходнасці яго вяртання на радзіму[1].

Спачатку гэта былі прашэнні непасрэдна Аляксандра і яго сваякоў (напрыклад, Тадэвуша Сегеня). Пасля да іх далучыўся арэнбургскі губернатар Рыгор Аксакаў. Справа дайшла да міністра ўнутраных спраў. Пазней да яе вырашэння падключыўся гродзенскі губернатар І. Скварцоў, на чыё меркаванне абапіраўся М. Мураўёў, высылаючы графа ў 1863 г. Са зместу ўсіх гэтых заключэнняў вынікала, што асоба А. Біспінга вельмі запатрабаваная ў краі, хаця яшчэ 2-3 гады таму яе знаходжанне там было прызнана шкодным. Адначасова з гэтым пачынае ўздымацца пытанне аб вызваленні маёнткаў А. Біспінга ад дзеяння Указа ад 10 снежня 1865 г., які прадугледжваў абавязковы продаж уладанняў асобаў, што былі высланыя ў двухгадовы тэрмін, асобам «рускага паходжання». Адзінае, што ўдалося ім зрабіць у гэтай сітуацыі для А. Біспінга, дык гэта з дазволу міністра ўнутраных спраў вызваліць таго ад паліцэйскага нагляду на месцы ссылкі, а таксама дазволіць кароткачасовыя візіты ў сталіцу і Варшаву (падчас якіх ён атрымаў права спыняцца на радзіме для вырашэння маёмасных пытанняў)[1].

Апошні раз Аляксандр прыехаў дамоў у лютым 1867 г. Але за гэты час ён і на радзіме стаў чужынцам. Сваякі, блізкія, знаёмыя адвярнуліся ад яго, сустрэлі амаль што з пагардай. У гэтай сітуацыі ён шукаў новае таварыства і знайшоў яго сярод рускіх прыезджых сем’яў. І тут, калі даваць веру пазнейшым звесткам, што былі сабраныя афіцэрам корпуса жандараў П. Гравэ, ён «без галавы» закахаўся ў адну з дачок нейкага Трафімоўскага. Здавалася б, што ў гэтым факце нічога заганнага няма, калі б не адна акалічнасць. Справа ў тым, што за месяц да гэтага ў графа адбыліся афіцыйныя заручаны з Вольгай Аксакавай, дачкой уфімскага губернатара Рыгора Сяргеевіча Аксакава і, адпаведна, унучкай вядомага пісьменніка Сяргея Аксакава. Граф пры падрыхтоўцы да пачатку сямейнага жыцця сутыкнуўся з матэрыяльными праблемамі, меў патрэбу ў грошах і нават спрабаваў пазычыць 15 тыс. у кагосьці з Булгарыных, але атрымаў адмову[1].

Пісьменніца Эліза Ажэшка, чый родавы маёнтак Мількаўшчына знаходзіўся паблізу Масалянаў, звярнула ўвагу (грунтуючыся, праўда, на чутках) на іншы аспект справы[1]:

" Катастрофа самагубства даўно ўжо наспявала ў сумленні няшчаснага, і канчаткова садзейнічалі ёй наступныя акалічнасці. Калі ў адным з пецярбургскіх клубаў нейкі высокі саноўнік-міністр альбо падобны да яго не захацеў паціснуць працягнутую яму Біспінгам руку, пры гэтым на ўвесь голас сказаў, што не хоча запэцкаць сваю руку аб руку чалавека, які выракся веры і Айчыны. "

24 красавіка 1867 года Аляксандр Біспінг пераразаў сабе брытвай горла ў гасцініцы Пецярбурга напярэдадні жаніцьбы.

Эліза Ажэшка, на падставе на розных чутак, склала такі запіс:

" З самай раніцы над зямлёй разносіўся царкоўны звон, збіраючы мясцовых людзей на богаслужэнне па памерлым рэнегаце Біспінгу, які застрэліўся, але як мне паведамілі, ён у Варшаве бясслаўна зарэзаўся брытвай, таму рускія распусцілі чуткі быццам бы гэта справа рук палякаў. Браты прывезлі яго цела, каб пахаваць у фамільным склепе, прабачылі яго. Смерць усё ачысціла… "

Аляксандр Біспінг быў пахаваны ў крыпце царквы ў Вярэйках, перабудаванай пасля паўстання з касцёла, узведзенага ў 1830-х гг.

Зноскі

  1. а б в г д Аляксандр Радзюк. [ПАМІЖ ДВУХ СВЕТАЎ: ГІСТОРЫЯ САМАГУБСТВА ГРАФА АЛЯКСАНДРА БІСПІНГА] Homo Historicus. Гадавік антрапалагічнай гісторыі. 2019. том 5.
  2. а б Немного истории об имении Массоляны 1864 г. Часть 2