Перайсці да зместу

Аляксандр Іванавіч Родзін

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аляксандр Іванавіч Родзін
Фатаграфія
Дата нараджэння 15 мая 1947(1947-05-15)[1]
Месца нараджэння
Дата смерці 19 снежня 2022(2022-12-19) (75 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак
Жанр партрэт
Вучоба
Член у
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Алесь Ро́дзін, поўнае імя Аляксандр Іванавіч Ро́дзін (15 мая 1947, г. Баранавічы, Брэсцкая вобласць — 19 снежня 2022) — беларускі мастак.

Нарадзіўся ў Баранавічах у 1947 годзе. Вучыўся ў мастацкай студыі В. Вярсоцкага і мастацкай школе № 1. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут у 1972 годзе, у якім займаўся ў майстэрнях Івана Ахрэмчыка, Натана Воранава, Хайма Ліўшыца.

Мастак-авангардыст, аўтар футурыстычных карцін і шматгадовы арганізатар фестываляў эксперыментальнага мастацтва «Дах».

Карціны выстаўляліся ў Францыі, Італіі, Нідэрландах, Бельгіі і іншых краінах. Доўгі час працаваў у берлінскім арт-цэнтры «Тахелес». Адрэстаўраваныя творы мастака ў 2022 годзе прадстаўлены ў Мінску[2].

Працаваў у галіне жывапісу, графікі. Аўтар твораў «Мегаполіс» (1975), «Міфалагема тысячагоддзя. Нон стоп панарама» (1986—2000), «Двайны стандарт» (1986), «Ноч неапазнаных сутнасцей» (1987), «XXI стагоддзе» (1989—1991), «Пустэльнікі» (1993—1996), «Апакаліпсіс» (1994—1997), «Кругі пазнання» (1996—1997), цыкла «Сіндром Адраджэння» (1996—1997), паліпціха «Стварэнне сусвету» (1999—2001). Творчасці ўласцівы сюррэалістычная манера выканання, графічнасць, дэталізацыя сюжэта, спалучэнне абстрактнасці мыслення і фігуратыўнасці выяў.[3] У лютым-сакаівіку 1994 года ў мінскай «6-я лінія» прайшла выстаўка твораў Алеся Родзіна.

У 2001 годзе ў Берліне ў Доме мастакоў Tacheles адкрылася выстаўка сучаснага беларускага мастацтва Dасh, у ёй былі прадстаўлены творы Алеся Родзіна. Падзея змяніла лёс мастака. На працягу 13 гадоў у вялізнай выставачнай зале па некалькі месяцаў экспанаваліся манументальныя жывапісныя палотны Родзіна, сам ён штодня праводзіў майстар-класы для наведвальнікаў.

З 2003 года разам са Змітром Юркевічам Родзін ладзіў штогадовы фестываль «ДАХ» — некалькі фестываляў адбыліся і ў Мінску ў Палацы мастацтва.

У лютым-сакавіку 2024 года ў Мінску, у Палацы мастацтва, прайшла выстаўка памяці Алеся Родзіна «Эксперыментальны кантакт», у Баранавічах, у выставачнай зале краязнаўчага музея — выстаўка жывапісу «Шлях, што абраў».[4]

Зноскі

  1. Нацыянальная бібліятэка Беларусі — 1922. Праверана 20 снежня 2022.
  2. Творы беларускага мастака Алеся Родзіна прадстаўлены ў Мінску (руск.). zviazda.by (4 ліпеня 2022). Праверана 11 сакавіка 2024.
  3. Щирый, Тарас. Не стала вядомага беларускага мастака Алеся Родзіна.. Яму было 75 . Onliner.by (19 снежня 2022). Архівавана з першакрыніцы 30 студзеня 2023. Праверана 23 мая 2023.
  4. Фотарэпартаж. Адкрыццё выставы жывапісу знакамітага беларускага мастака Алеся Родзіна адбылося ў Баранавічах (руск.). nashkraj.by. Праверана 11 сакавіка 2024.