Аляксандр Фёдаравіч фон Дрэбуш
Аляксандр Фёдаравіч фон Дрэбуш | |||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|
| |||||||
|
|||||||
Папярэднік | Кірыл Цюфяеў[d] | ||||||
Пераемнік | Сяргей Давыдаў[d] | ||||||
|
|||||||
Нараджэнне |
6 снежня 1782
|
||||||
Смерць |
21 мая 1856 (73 гады) |
||||||
Веравызнанне | лютэранства | ||||||
Адукацыя | |||||||
Званне | генерал-маёр | ||||||
Бітвы | |||||||
Узнагароды |
Аляксандр (Аляксандр-Фрыдрых-Густаў) Фёдаравіч фон Дрэбуш (руск.: Александр (Александр-Фридрих-Густав) Федорович фон Дребуш, ням.: Alexander Friedrich Gustav (Leutsch) v. Dröbusch; 6 снежня 1782, г. Гапсаль, Эстляндыя — 21 мая 1856, г. Санкт-Пецярбург) — расійскі дзяржаўны дзеяч.
Біяграфія
[правіць | правіць зыходнік]Выхадзец з балтыйскага рыцарскага роду. Сын Фёдара (Фрыдрыха-Готгільфа) Міхайлавіча фон Дрэбуша (пам. пасля 1815), калежскага асэсара, старшага ляснічага ў г. Магілёве (на 1815) і Даратэі-Элізабеты Іаганаўны фон Барлевен (нар. да 17.10.1760 — пасля 1782), дваранкі Эстляндскай губерні. Меў брата Андрэя (пам. 1825), штабс-капітана лейб-гвардыі Егерскага палка, дзекабрыста (член Саюза дастатку і Таварыства Ф. М. Глінкі). Лютэранін[1].
Скончыў Сухапутны шляхецкі кадэцкі корпус у 1797 годзе[1].
З 15 снежня 1797 года прапаршчык Наўгародскага мушкецёрскага палка, падпаручнік (7 лютага 1798). У час Італьянскага і Швейцарскага паходаў Суворава ў 1799 годзе ўдзельнічаў у аблозе крэпасці Тартоны (23 ліпеня — 6 жніўня 1799), бітве пры Сен-Гатардзе (13 верасня 1799), пераправе праз Чортаў мост (14 верасня 1799), бітве ў Мутэнскай даліне (20 верасня 1799). Паручнік (3 студзеня 1800), штабс-капітан (13 ліпеня 1803), капітан (4 лістапада 1804)[1].
У перыяд вайны 3-й антыфранцузскай кааліцыі (1805) удзельнічаў у фарсіраваным маршы ад Цешына да крэпасці Браўнау (з 21.09.1805), бітве пад Крэмсам (30 кастрычніка 1805), у час бітвы пад Аўстэрліцам (20 лістапада 1805) «паранены кулямі ў левую руку навылёт ніжэй локця з пашкоджаннем косці, у правую — наскрозь, кантузіяй у брухавіне пупка і на баку з раздрабненнем бакавой косці». 30 жніўня 1807 года звольнены ад службы «за ранамі» ў чыне маёра. Знаходзіўся для адмысловых даручэнняў пры прынцы Г. Гольштэйн-Ольдэнбургскім[1].
З 6 чэрвеня 1809 года старшыня Камітэта па добраўпарадкаванні г. Цвяры, з 30 верасня 1809 года па 17 лютага 1821 года цвярскі губернскі пракурор, надворны саветнік (29 студзеня 1810), з 17 лютага 1821 года па 20 верасня 1823 года знаходзіўся ў адстаўцы, з 20 верасня 1823 года па 30 красавіка 1826 года чыноўнік Дэпартамента розных падаткаў і збораў Міністэрства фінансаў, з 30 красавіка 1826 года па 9 лютага 1828 года чыноўнік Дэпартамента дзяржаўных маёмасцяў Міністэрства фінансаў, 9 лютага 1828 года звольнены ад службы «праз хваробу», 8 чэрвеня 1828 года ўзведзены ў калежскія саветнікі «ва ўзнагароду за ранейшую руплівую яго службу», з 7 сакавіка 1829 года падпалкоўнік Корпуса жандараў, стацкі саветнік (26 красавіка 1831)[1].
З 26 красавіка па 28 верасня 1831 года в. а. мінскага грамадзянскага губернатара (пасаду заняў 1 чэрвеня 1831 года), сапраўдны стацкі саветнік (28 верасня 1831). З 28 верасня 1831 года па 12 студзеня 1835 года мінскі грамадзянскі губернатар (звольнены «праз хваробу»)[1].
Прымаў меры па ліквідацыі ачагоў паўстання 1830—1831 гадоў на тэрыторыі Мінскай губерні; вёў барацьбу з эпідэміяй халеры, заснаваў лазарэты ў гарадах і сельскай мясцовасці; праводзіў змены ў кадравым складзе дзяржаўных устаноў; займаўся распаўсюджваннем агульнарасійскага заканадаўства на мясцовую судовую сістэму ў сувязі са спыненнем дзеяння Літоўскага статута[1].
Генерал-маёр (27 красавіка 1836), з 1836 года па 22 сакавіка 1839 года начальнік 4-й акругі Корпуса жандараў (з месцазнаходжаннем у г. Вільня), у 1838 годзе старшы член Камісіі, заснаванай у Смаленску для выкрыцця злоўжыванняў у правядзенні работ па стварэнні Смаленскай шашы[1].
З 22 сакавіка 1839 года сенатар, прысутнічаў у 1-м аддзяленні 6-га дэпартамента, затым у 8-м дэпартаменце і з 1855 года — ва 2-м аддзяленні 6-га дэпартамента. Тайны саветнік (26 сакавіка 1839). З 1849 па 1855 гады старшыня Савета Маскоўскай евангелічна-лютэранскай царквы Пятра і Паўла[1].
На 1832 год валодаў маёнткам: радавым — 226 душ прыгонных у Чавускім павеце Магілёўскай губерні; па жонцы — 489 душ прыгонных у Цвярской губерні[1].
Узнагароды
[правіць | правіць зыходнік]Кавалер ордэнаў Святой Ганны 2-й ступені (3 чэрвеня 1810) з імператарскай каронай (1 студзеня 1830), Святога Уладзіміра 4-й ступені (14 жніўня 1813), 3-й ступені (18 кастрычніка 1832), Святога Станіслава 1-й ступені (1834), Святой Ганны 1-й ступені (1838), Святога Уладзіміра 2-й ступені (1841) і Белага Арла (1848). Узнагароджаны Найвышэйшай ласкай (1804, 1810) і «абсалютным Яго Вялікасці задавальненнем» за паспяховае спагнанне нядоімак па Мінскай губерні (1832)[1].
Сям’я
[правіць | правіць зыходнік]У шлюбе з Варварай Мікалаеўнай Ражновай (пам. пасля 1831), дваранкай Цвярской губерні, нашчадства не пакінуў[1].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё ж з і к л фон ДРЕБУШ Александр (Александр-Фридрих-Густав) Федорович // Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793-1917) : биографический справочник / сост. Ю.Н. Снапковский; редкол.: В.И. Адамушко [и др.]. — Минск: Беларусь, 2016. — 398 с. — ISBN 978-985-01-1200-2.
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- фон ДРЕБУШ Александр (Александр-Фридрих-Густав) Федорович // Минские губернаторы, вице-губернаторы и губернские предводители дворянства (1793-1917) : биографический справочник / сост. Ю.Н. Снапковский; редкол.: В.И. Адамушко [и др.]. — Минск: Беларусь, 2016. — 398 с. — ISBN 978-985-01-1200-2.
- Мінскія губернатары
- Нарадзіліся 6 снежня
- Нарадзіліся ў 1782 годзе
- Нарадзіліся ў Эстоніі
- Памерлі 21 мая
- Памерлі ў 1856 годзе
- Памерлі ў Санкт-Пецярбургу
- Выпускнікі Першага кадэцкага корпуса
- Кавалеры ордэна Белага арла (Расійская імперыя)
- Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 2 ступені
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 1 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Станіслава 1 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 3 ступені
- Кавалеры ордэна Святога Уладзіміра 4 ступені
- Кавалеры ордэна Святой Ганны 2-й ступені з імператарскай каронай
- Асобы
- Остзейскае дваранства
- Генерал-маёры (Расійская імперыя)