Перайсці да зместу

Амброзій Кастравіцкі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Амброзій Кастравіцкі
Байбуза[d]
Байбуза[d]
Род дзейнасці урач
Дата нараджэння 1871
Месца нараджэння
Дата смерці 1937
Месца смерці
Месца пахавання
Бацька Караль Фларыян Кастравіцкі[2]
Маці Алена Свентарэцкая[d]
Жонка Марыя Стэфанія з Багушэўскіх (1875 г.н.)
Дзеці Самуэль Андрэй (1902 г.н.), Марыя (1904 г.н.), Хрысціна (1906 г.н.), Даніэль (1908 г.н.), Андрэй Антоні (1910 г.н.), Яраслаў, Антонія
Альма-матар

Амброзій Самуэль Кастравіцкі (18711937) — лекар, беларускі грамадскі дзеяч, брат Казіміра Кастравіцкага (Каруся Каганца).

Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Кастравіцкіх гербу «Байбуза», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Менскім ваяводстве ВКЛ і Мінскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Менавіта з гэтай галіны роду паходзіць французскі паэт Гіём Апалінэр.

Нарадзіўся ў 1871 годзе ў сям’і маянткоўца Караля Самуэлевіча Кастравіцкага (1814—1874) і яго жонкі сярэднезаможнай шляхцянкі Гелены Тадэвушаўны Свентаржэцкай. Бацька, Караль Фларыян Кастравіцкі, удзельнічаў у паўстанні 1863—1864 гадоў, быў сасланы расійскімі ўладамі ў Табольск, а яго маёнтак Навасёлкі ў Мінскім павеце быў канфіскаваны. Па лініі маці Амброзій Кастравіцкі быў блізкім сваяком іншага паўстанца — Баляслава Свентаржэцкага (1831—1888). Акрамя таго Кастравіцкія мелі блізкія сваяцкія сувязі з іншымі сярэднезаможнымі родамі Міншчыны — Ваньковічамі, Вайніловічамі, Прушынскімі, Оштарпамі, Янішэўскімі і інш. Напрыклад, блізкай сваячкай была Ядвіга Адамаўна Кастравіцкаяроду Вайніловічаў).

Амброзій Кастравіцкі нарадзіўся ў Цывільск, што ў Паволжы. У 1874 сям’і дазволена вярнуцца на Беларусь. Канфіскацыя сямейнага маёнтка стала прычынай збяднення гэтай галіны роду Кастравіцкіх і пераходу яе з катэгорыі маянткоўцаў у катэгорыю малазаможнай інтэлігенцыі, хоць сям’я Караля Кастравіцкага пасля вяртання з ссылкі атрымала прытулак у блізкіх сваякоў — жылі ў вёсцы Засулле каля Стоўбцаў і вёсцы Прымагілле каля Койданава. Там хутка памер бацька Амброзія.

Скончыў гімназію ў Санкт-Пецярбургу і медыцынскае аддзяленне Маскоўскага ўніверсітэта (1897).

У 1901—1920 Кастравіцкі працаваў лекарам у Лідзе, Свянцянах і Мінску. Ажаніўся з каталічкай Марыяй Багушэўскай (1875 г.н.). Удзельнічаў у беларускім нацыянальна-дэмакратычным руху, сябраваў з Вацлавам Іваноўскім, уваходзіў у «Круг беларускай народнай прасветы і культуры», фінансаваў выданне літаратурных твораў на беларускай мове.

Амброзій Кастравіцкі ў 1916—1917 гадах удзельнічаў у мінскім аддзеле Камітэта дапамогі ахвярам вайны, згадваецца, што ў сакавіку 1917 доктар Кастравіцкі быў старшынём З’езда беларускіх нацыянальных арганізацый у Мінску[3], але магчыма гаворка ідзе пра яго брата Казіміра[4].

У кастрычніку 1918 жыў у Лідзе, разам з сынам Самуэлем (1902 г.н.) з’яўляўся сябрам польскай Самаабароны. Удзельнік баявых дзеянняў пад Шчучынам.

З лета 1920 жыў у Варшаве, у 1925 атрымаў гаспадарку ў Белагрудзе, пад Лідай.

Памёр у 1937 годзе, пахаваны ў Белагрудзе. 10 лютага 1940 года ўдава, дочкі Марыя (1904 г.н.) і Хрысціна (1906 г.н.) былі дэпартаваныя ў Азіяцкую частку СССР, рэабілітаваная ў 1996[5].

  1. https://proza.ru/2021/11/20/1843
  2. Гербоўнік беларускай шляхты. Т. 8, ч. 2. К (Касабуцкія – Корзуны) / пад рэд. Я. С. ГлінскіМн.: НГАБ, 2024. — 880 с. — ISBN 978-985-90614-1-7
  3. Верас З. Пакуль рука пяро трымае: Успамiны, лiсты / Уклад. М. Скобла. Мн., 2015. С. 50
  4. Смалянчук А. Раман Скірмунт (1868—1939): жыццяпіс грамадзяніна Краю. Мінск, 2018. С. 267, 269, 273
  5. Памяць: Ліда. Лідскі раён: Гіст.-дак хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / Рэдкал. В. Баранаў і інш. Мн. 2004. С. 179