Антаніна Макараўна Макарава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Антаніна Макараўна Макарава
руск.: Антонина Макаровна Макарова
Імя пры нараджэнні руск.: Антонина Макаровна Парфёнова
Род дзейнасці палач
Дата нараджэння 1 сакавіка 1920(1920-03-01)
Месца нараджэння
Дата смерці 11 жніўня 1979(1979-08-11) (59 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Прыналежнасць Трэці рэйх
Бітвы/войны

Антані́на Мака́раўна Мака́рава, народжаная Панфі́лава[1][2][3], у шлюбе Гінзбург (1 сакавіка 1920, Малая Ваўкоўка[4], Сычоўскі павет, Смаленская губерня — 11 жніўня 1979, Бранск, РСФСР, СССР) — ваенная злачынка, кат Локацкага самакіравання  (руск.) ў час Вялікай Айчыннай вайны. На службе ў нямецкіх акупацыйных улад і рускіх калабарацыяністаў, расстраляла каля 1500 чалавек, галоўным чынам савецкіх партызан і цывільных жыхароў, была вядома пад мянушкай Тонька-кулямётчыца. Пазней выйшла замуж і працавала кантралёрам у швацкім цэху, пад канец 1970-х была выкрыта і асуджана да смяротнага пакарання. Адна з трох жанчын, расстраляных у СССР у паслясталінскую эпоху.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Раннія гады[правіць | правіць зыходнік]

У біяграфіі Антаніны застаецца шмат нявысветленых момантаў[2]. Нарадзілася 1 сакавіка 1920 года, але некаторыя крыніцы даюць 1922 і 1923 гады. Месцам нараджэння даюцца вёска Малая Ваўкоўка і Масква[1][2]. Расла ў Малой Ваўкоўцы, была малодшай з сямі дзяцей. Па нараджэнні яе імя было Антаніна Макараўна Панфілава. Акалічнасці атрымання прозвішча Макарава пэўна не выяўлены, па найбольш пашыранай версіі, гэта адбылося ў пачатковай школе. Калі 7-гадовая Антаніна пайшла ў першы клас вясковай школы, то пасаромелася назваць настаўніцы імя, а аднакласнікі назвалі яе «Макаравай», па бацьку. Быццам гэты выпадак стаў пачаткам таго, што ўва ўсіх наступных дакументах, у школьных, камсамольскім білеце і потым пашпарце, яна была запісана як Антаніна Макараўна Макарава. З невядомых прычын бацькі гэтай памылкі не выправілі[5].

Асаблівага імкнення да дакладных навук Антаніна не выяўляла, ёй больш падабаліся гісторыя і геаграфія. У вясковай школе правучылася 8 гадоў, пасля яе сям’я пераехала ў Маскву, дзе дзяўчынка скончыла апошнія два класы. Пасля школы паступіла ў вучылішча, потым — у медыцынскі тэхнікум, збіралася стаць лекарам. Ёсць згадкі, што яе гераіняй была Анка-кулямётчыца, дзяўчына-чырвонаармейка з фільма «Чапаеў», чыя гісторыя і натхніла Антаніну пайсці на вайну[5][6].

Жыццё на вайне[правіць | правіць зыходнік]

У 1941 годзе, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Макарава пайшла добраахвотнікам на фронт, дзе працавала буфетчыцай і санітаркай[2].

Восенню 1941 года яна аказалася ў ліку нешматлікіх, хто выжыў у Вяземскай аперацыі, пасля разгрому сваёй часці некалькі дзён хавалася ў лесе, але ўрэшце трапіла ў палон[7]. Праз некаторы час яна і салдат Мікалай Фядчук, знайшоўшы момант, збеглі. Некалькі месяцаў яны ўдвух бадзяліся па акрузе, спрабавалі выйсці з акружэння. Пазней на допыце Макарава сказала, што была дужа напалохана і таму сама пайшла з Фядчуком, прапанаваўшы яму сябе за «паходную жонку»[8].

Герб Локацкай рэспублікі.

У студзені 1942 года яны дабраліся да сяла Красны Калодзец  (руск.) (у Брасаўскім раёне Арлоўскай, цяпер Бранскай вобласці), дзе ў Фядчука жыла жонка з дзецьмі, і ён, нягледзячы на просьбы Макаравай, расстаўся з ёю[5]. Думаюць, што адмова Федчука ад працягу адносін, або душэўны заняпад сіл і псіхалагічны разлад ад перажытага ў «Вяземскім катле», прычыніліся таго, што дзяўчына магла звар’яцець. У Красным Калодцы ёй спачатку дапамагалі мясцовыя жанчыны, але неўзабаве сталі ставіцца блага праз яе бязладнага інтымнага жыцця, і ёй давялося пакінуць сяло[5][9]. Макарава яшчэ нейкі час бадзялася па вёсках і сёлах, нідзе не затрымвалася надоўга, і ўрэшце аказалася на тэрыторыі так званай Локацкай рэспублікі ў сяле Локаць, дзе нядоўгі час жыла ў адной жанчыны. Ёй не было чым плаціць гэтай жанчыне за жыццё, таму Макарава збіралася неўзабаве далучыцца да мясцовых партызанаў, але звярнула ўвагу ў якіх добрых умовах жылі рускія калабарацыяністы і вырашыла ісці на службу да немцаў. Тут яна нейкі час займалася прастытуцыяй[5].

Пазней, даючы паказанні, Макарава заявіла, што проста хацела выжыць пасля працяглях бадзянняў, таму, калі немцы яе распытвалі, лаяла савецкую ўладу. На свой страх яна спісала і паступленне на службу ў локацкую дапаможную паліцыю. Обер-бургамістр Браніслаў Камінскі выдаў ёй кулямёт Максіма  (руск.) для здзяйснення расстрэлаў асуджаных савецкіх партызан і членаў іх сем’яў. Паводле Макаравай, немцам не хацелася самім браць удзел у пакараннях смерцю і яны былі рады даручыць ёй выкананне прысудаў. За згоду браць удзел у расстрэлах немцы пасялілі Макараву ў пакоі на мясцовым конезаводзе, дзе яна захоўвала і кулямёт. Адной са сведкаў гэтага была жанчына з Краснага Калодца, у якой Макарава аднойчы пераначавала. Яна прыйшла да былой пастаялкі за дапамогай і ўбачыла кулямёт і адзенне расстраляных. Ёй Макарава расказала пра расстрэлы і выкарыстанне рэчаў забітых. Жанчына спалохалася і ўцякла[6][9].

На самым першым расстрэле Макарава хоць і трымалася ўстойліва, але ніяк не магла стрэліць, таму немцы напаілі яе алкаголем[6]. На наступных расстрэлах алкаголь ёй быў ужо не патрэбен. На допыце Макарава сваё стаўленне да расстрэлу тлумачыла следчым так[2][6]:

Я не ведала тых, каго расстрэльваю. Яны мяне не ведалі. Таму сорамна мне перад імі не было. Бывала, стрэліш, падыдзеш бліжэй, а сёй-той яшчэ варушыцца. Тады зноў страляла ў галаву, каб чалавек не мучыўся. Часам у некалькіх зняволеных на грудзях быў падвешаны кавалак фанеры з надпісам «партызан». Некаторыя перад смерцю нешта спявалі. Пасля пакаранняў смерцю я чысціла кулямёт у вартавым памяшканні ці ў двары. Патронаў было ў дастатку… Усе асуджаныя да смерці былі для мяне аднолькавыя. Змянялася толькі іх колькасць. Звычайна мне загадвалі расстраляць групу з 27 чалавек — столькі партызан мясціла ў сябе камера. Я расстрэльвала прыкладна за 500 метрах ад турмы каля нейкай ямы. Арыштаваных ставілі ланцужком тварам да ямы. На месца расстрэлу нехта з мужчынаў выкочваў мой кулямёт. Па камандзе начальства я станавілася на калені і страляла па людзях датуль, пакуль не валіліся ўсе…

Таксама яна сказала, што ў яе ніколі было мукаў сумлення, бо самі пакаранні смерцю ўспрымаліся ёю не як штосьці незвычайнае, а толькі як выдаткі ваеннага часу. Тым не менш на допытах пазней яна ўспомніла акалічнасці адного з пакаранняў смерцю, дзе асуджаны да расстрэлу хлопец перад смерцю крыкнуў ёй: «Больш не ўбачымся; бывай, сястра!»[2]. Звычайна колькасць пакараных смерцю складала да 30 чалавек за дзень. Бывалі дні, калі яна расстрэльвала па тры разы на дзень. Паводле афіцыйных дадзеных, Макарава расстраляла каля 1500 чалавек, але толькі для 168 чалавек атрымалася аднавіць пашпартныя звесткі. Галоўным чынам гэта былі савецкія партызаны, члены іх сем’яў і цывільнае насельніцтва — жанчыны, старыя і дзеці. За кожны расстрэл Макарава атрымвала 30 рэйхсмарак, пасля гэту суму часта параўноўвалі з 30 срэбранікамі[6]. Пасля выканання прысудаў Макарава здымала з трупаў упадабанае ёй адзенне, матывуючы гэта так: «А што? Прападаць добрым рэчам?»[2]. Яна скардзілася, што на адзенні забітых застаюцца вялікія плямы крыві і дзіркі ад куль. Сведкі ўспаміналі, што па начах Макарава часта прыходзіла ў мясцовы конезавод, дзе немцы стварылі турму для асуджаных да смерці, і пільна разглядала зняволеных, быццам загадзя прыглядаючы сабе іх рэчы. Адна са сведак расказала, што пры вялікай колькасці людзей Макарава выходзіла і памахвала бізуном[8]. Па акрузе пашлі чуткі пра ката па мянушцы Тонька-кулямётчыца, і некаторыя партызаны нават абвясцілі на яе паляванне[5].

Макарава часта бывала ў мясцовым музычным клубе, дзе ў вялікай колькасці ўжывала спіртное і як некалькі іншых мясцовых дзяўчын уступала ў інтымную сувязь з паліцаямі і нямецкімі салдатамі, часта за грошы. З дзяўчынамі сяброўскіх адносін не падтрымлівала[9]. Такое разгульнае жыццё прывяло да таго, што летам 1943 года Макараву адправілі ў нямецкі тылавы шпіталь на лячэнне ад сіфіліса, таму яна не была захоплена партызанамі і Чырвонай Арміяй, якія вызвалілі Локаць 5 верасня. У тыле Макарава завяла раман з нямецкім кухарам-яфрэйтарам, які таемна вывез яе ў сваім абозе ва Украіну, а адтуль — у Польшчу. Там яфрэйтар быў забіты, а Макараву немцы адправілі ў канцлагер у Кёнігсберг[8]. Калі ў 1945 годзе Чырвоная Армія захапіла горад, Макарава выдала сябе за савецкую медсястру дзякуючы выкрадзенаму ваеннаму білету, чыя ўладальніца ў 1941—1944 гадах служыла ў 422-м санітарным батальёне, і такім чынам трапіла медсястрой у савецкі шпіталь. Там сама яна пазнаёмілася з параненым падчас штурму горада маладым сяржантам Віктарам Гінзбургам. Ужо праз некалькі дзён яны пажаніліся, Антаніна ўзяла прозвішча мужа[6].

Далейшы лёс[правіць | правіць зыходнік]

Маладыя спачатку жылі ў Калінінградскай вобласці, пазней пасяліліся бліжэй да радзімы Віктара ў Лепелі (Беларуская ССР). Ён паходзіў з Полацка, уся яго сям’я была забіта карнікамі[6]. У іх нарадзіліся дзве дачкі. Антаніну і як яе мужа лічылі ветэранам вайны, яны карысталіся адпаведнымі льготамі, былі ўзнагароджаны некалькімі ордэнамі, іх фатаграфіі былі ў мясцовым музеі. Жанчына сустракалася са школьнікамі на звычайных марапрыемствах падтрымання памяці пра вайну[2][6]. Пра яе сапраўднае жыццё не ведалі ні муж з дочкамі, ні знаёмыя сям’і. Пасля выкрыцця фатаграфіі Макаравай былі паспешна прыбраны з музея і выняты з музейных фондаў[6].

У 1961 годзе Антаніна ўладкавалася на працу ў швацкі цэх Лепельскага прамкамбіната, пазней працавала там кантралёрам якасці прадукцыі. Тамсама працавалі Віктар (ён быў начальнікам аднаго з цэхаў) і абедзве яе дачкі. Яна лічылася адказным і сумленным працаўніком, яе фатаграфія часта аказвалася на мясцовай дошцы пашаны. Аднак, працаваўшы шмат гадоў, Антаніна не мела там сяброў. Фаіна Тарасік, якая тым часам была інспектарам аддзела кадраў фабрыкі, успамінала, што калега была вельмі замкнёнай, негаварлівай і падчас калектыўных святаў імкнулася як мага менш ужываць алкаголю. Напэўна, яна баялася прагаварыцца. «Немагчыма ўвесь час баяцца. Першыя дзесяць гадоў я чакала груку ў дзверы, а потым супакоілася. Няма такіх грахоў, каб усё жыццё чалавека мучылі», — расказвала жанчына пазней[9][10].

Расследаванне[правіць | правіць зыходнік]

Органы дзяржбяспекі пачалі адшукваць калабарацыяністку адразу па вызваленні Локаця ад немцаў. Аднак ацалелыя жыхары мястэчка змаглі паведаміць следчым вельмі скупыя звесткі, бо ведалі яе толькі як «Тоньку-кулямётчыцу». З іншых прыкмет назвалі «цяжкі і пранізлівы пагляд», узрост прыкладна 21 год, напэўна, масквічка, цёмнавалосая, са зморшчынай на лбе[6][8]. Яе шукалі сярод палонных і параненых, была версія, што яе забілі або вывезлі нямецкія спецслужбы[8].

Пошукі расцягнуліся на 30 гадоў. Як успамінаў следчы КДБ СССР Пётр Галавачоў, які займаўся вышукам нацысцкіх злачынцаў, супрацоўнікі «перадавалі справу ў спадчыну». Перыядычна яна трапляла ў архіў, аднак зноў адкрывалася пасля адшукання чарговага калабарацыяніста[6]. Толькі ў 1976 годзе справа зрушыла, калі ў Бранску на гарадской плошчы адзін мужчына накінуўся з кулакамі на Мікалая Іваніна, у якім пазнаў начальніка локацкай турмы часоў нямецкай акупацыі. Іванін, які ўвесь гэты час хаваўся, не стаў адмаўляцца і дэталёва расказаў пра сваю тагачасную дзейнасць, заадно згадаўшы і жанчыну-ката, з якой меў кароткачасовы раман. Хоць ён памылкова назваў следчым яе як Антаніну Анатолеўну Макараву, інфармацыя дазволіла КДБ пачаць правярку грамадзянак СССР прыдатнага ўзросту з імем Антаніна Макарава (агулам каля 250 чалавек). Праверка не дала слушнага выніку, бо разглядаліся толькі жанчыны зарэгістраваныя пад гэтым імем пры нараджэнні. Антаніна ж Гінзбург была запісана пад прозвішчам Панфілава[6][8].

Спачатку следчыя памылкова выйшлі на іншую Антаніну Макараву, якая жыла ў Серпухаве. Іванін пагадзіўся правесці апазнанне, і яго прывезлі ў Серпухаў і пасялілі ў мясцовай гасцініцы. На наступны дзень самазагубіўся ў нумары па нявысветленых прычынах. Пазней КДБ знайшоў іншых выжылых сведкаў, якія ведалі катку ў твар, але ўсе яны пацвердзілі, што гэта не жанчына ў Серпухаве, таму пошукі пачаліся наноў[8].

Сапраўднае прозвішча Антаніны стала вядома, калі адзін з яе братоў, які жыў у Цюмені і быў супрацоўнікам Міністэрствы абароны СССР, запоўніў у 1976 годзе анкету для выезду за мяжу[11]. У анкеце ён паказаў, што ў яго шасцёра братоў і сясцёр, усе прозвішчам Панфілавы, апроч адной сястры — Антаніны Гінзбург, у дзявоцтве Макаравай. Гэты факт прыцягнуў увагу органаў бяспекі. Тым не менш яны не наважваліся арыштоўваць ветэрана без пераканаўчых доказаў. У Лепелі за Гінзбург было ўстаноўлена сачэнне, але праз тыдзень яго давялося спыніць, бо жанчына пачала нешта падазраваць. Пасля гэтага на цэлы год следчыя пакінулі яе ў спакоі і ўвесь гэты час збіралі матэрыялы і доказы[8]. Пазней яе выклікалі ў райваенкамат з некалькімі іншымі ветэранамі, нібыта для ўдакладнення інфармацыі для ўзнагароджання (паводле іншых звестак, гэта было зроблена да Дня Перамогі[8]). Тут супрацоўнік КДБ завёў з Гінзбург размову пра яе жыццё на вайне, і яна не змагла адказаць на яго пытанні пра месцы дыслакацыі воінскіх часцей, дзе яна служыла, і пра імёны камандзіраў, спаслаўшыся на благую памяць і даўнасць падзей[6][8].

У ліпені 1978 года следчыя вырашылі зрабіць эксперымент: яны прывезлі на фабрыку адну са сведак, тым часам як Антаніну пад выдуманай прычынай вывелі на вуліцу перад будынкам. Сведка, назіраючы з акна, апазнала яе, аднак аднаго такога апазнання было мала, таму следчыя зрабілі яшчэ адзін эксперымент. Яны прывезлі ў Лепель дзвюх іншых сведак, адна з якіх сыграла супрацоўніцу мясцовага сацзабеса, куды Гінзбург выклікалі нібыта для пераразліку пенсіі. Тая пазнала Тоньку-кулямётчыцу. Другая сведка сядзела знадворку будынка са следчым КДБ і таксама пазнала Антаніну[8][10].

Арышт, суд і пакаранне смерцю[правіць | правіць зыходнік]

У верасні 1978 года Антаніну арыштавалі па шляху з працоўнага месца да начальніка аддзела кадраў. Следчы Леанід Савоськін, які быў пры арышце, пазней успамінаў, што жанчына паводзіла сябе вельмі спакойна і адразу ўсё зразумела[12]. «Ні страху, ні хвалявання, ні слёз. Да апошняй хвіліны», — так характарызаваў паводзіны Макаравай пры затрыманні былы аператыўнік УКДБ па Бранскай вобласці Пётр Галавачоў у 2003 годзе[6].

Гінзбург даставілі ў Бранск, змесцілі ў 54-ю камеру мясцовага СІЗА. Спачатку следчыя асцерагаліся самазагубства, таму падсадзілі сукамерніцу-«квактуху». Тая ўспамінала, што Макарава паводзіла сябе вельмі спакойна і была ўпэўнена, што яе праз узрост і даўнасць асудзяць максімум на тры гады зняволення, нават мела планы жыцця пасля адбывання пакарання. Яна шкадавала, што давядзецца змяніць працу і месца жыхарства[5]. На допыт яна выклікалася сама, дэманстравала той самы спакой і проста адказвала на пытанні. Сяргей Ніканенка ў дакументальным фільме «Адплата. Два жыцця Тонькі-кулямётчыцы» казаў пра ўпэўненасць Антаніны, што яе няма за што караць і ўсё спісвала на вайну. Не меней спакойна паводзіла сябе і на следчых эксперыментах, калі яе прывезлі ў Локаць, і не разумела, чаму мясцовыя жыхары плявалі ў яе[8]. Сведкамі па справе праходзілі, у прыватнасці, нешматлікія выжылыя пры масавых расстрэлах. Яны ўспаміналі, што Тонька-кулямётчыца дагэтуль сніцца ім у жахах, і прасілі вынесці ёй суровы прысуд[9].

Затрыманне вайсковай злачынкі выклікала шырокі грамадскі рэзананс. Упершыню інфармацыя пра гэта апублікавана ў газеце «Брянский рабочий» пад загалоўкам «По ступеням предательства». 31 мая 1979 года выйшаў шырокі артыкул «Падение» ў газеце «Правда»[6].

За час следства Антаніна ні разу не ўспомніла пра сваю сям’ю і не захацела сувязі з імі. Віктар Гінзбург, не ведаючы прычын арышту жонкі, увесь час спрабаваў дамагчыся яе вызвалення, у тым ліку пагражаючы скаргай Брэжневу і ў ААН. Ён дайшоў да таго, што далучыў да справы савецкую дыяспару Ізраіля, з-за чаго ў пракуратуру Лепеля сталі прыходзіць лісты ад замежных праўных арганізацый. Урэшце следчым давялося расказаць Віктару праўду і паказаць яму пісьмовыя прызнанні жонкі. Кажуць, што пасля гэтага мужчына «пасівеў і пастарэў за адну ноч»[5][2].

20 лістапада 1978 года суддзя Бранскага абласнога суда Іван Бабракоў прызнаў яе вінаватай у забойстве 168 чалавек, чые асобы здолелі пэўна вызначыць, і асудзіў да найвышэйшай меры пакарання — расстрэлу. Такая суровая кара стала нечаканасцю для шмат якіх удзельнікаў працэсу, бо смяротны прысуд быў вынесены, нягледзячы на ўзорныя паводзіны Антаніны ў паваенны час і тое, што 1979 год быў абвешчаны ў СССР Годам жанчыны[9]. Гінзбург прызнала сваю віну і ўспрыняла гэта, як заўсёды, спакойна (прысутны ў залі Віктар, пачуўшы прысуд, наадварот, расплакаўся), але з таго ж дня пачала падаваць прашэнні пра памілаванне (прасіла замяніць расстрэл турэмным тэрмінам) у ЦК КПСС і іншыя інстанцыі. Усе яны былі адхілены. У 6 гадзін раніцы 11 жніўня 1979 года прысуд быў выкананы[2][9].

Хоць шматлікія крыніцы паведамлялі, што Віктар Гінзбург разам з дочкамі з’ехаў у невядомым кірунку з Лепеля і іх далейшы лёс невядомы[5][2], напраўдзе яны засталіся ў Лепелі. Яны не падверглася грамадскай дыскрымінацыяй і ніякія абвінавачанні і прэтэнзіі да іх не выстаўляліся. Віктар і малодшая дачка Антаніны памерлі, але час іх смерці не вядомы[13].

Асоба і значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыю Макаравай часта прыводзіць ілюстрацыяй цёмнага боку «вызваленчай вайны савецкага народа». Ёсць думка, што Макарава — жанчына, якая ўласнаручна забіла найбольшую колькасць людзей у гісторыі[9]. У СССР справа Антаніны Макаравай была апошняй буйной справай па здрадніках Радзімы ў гады Другой сусветнай вайны і адзінай, дзе фігуравала жанчына-карнік[5][9]. Антаніна была адной з трох жанчын у СССР, якіх прысудзілі да расстрэлу ў паслясталінскую эпоху і чыё пакаранне смерцю пэўна пацверджана: у 1983 — раскрадальніца сацыялістычнай уласнасці Берта Бародкіна  (руск.), у 1987 — серыйная атрутніца Тамара Іванюціна  (руск.)[2]. Цяпер справа Макаравай захоўваецца ў архіве ФСБ, доступ да яе абмежаваны[9].

У дакументальным серыяле «Следствие вели…» вядучы Леанід Канеўскі выказаў версію, што ў 1941 годзе, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, 21-гадовая Макарава адправілася на фронт, натхніўшыся, як і шмат якія савецкія дзяўчыны, вобразам Анкі-кулямётчыцы з фільма «Чапаеў». Гэта магло б вытлумачыць, чаму ў будучыні яна пагадзілася ўзяць кулямёт як сродак здзяснення пакаранняў. Псіхіятр-крыміналіст Міхаіл Вінаградаў сказаў: «Ёй хацелася забіваць… Для такіх людзей забойства — гэта норма жыцця і ніякай мукі сумлення [у іх] няма. Я не ўпэўнены, што ў яе было паняцце „Радзімы“». Паводле яго думкі, калі б яна трапіла на фронт салдатам, то таксама не вагаючыся страляла б у немцаў[8]. Адзін са спецыялістаў, які праводзіў у інстытуце Сербскага псіхіятрычную экспертызу Макаравай, выказаў здагадку, што ў мозгу жанчыны існавалі нейкія дзве «паралельныя свядомасці», і адна магла блакаваць іншую[2]. «Яе праўда нічога не мучыла, не трывожыла. І толькі ў апошні год, кажа, нешта пачало турбаваць, сніцца нешта нядобрае стала», — казаў следчы КДБ Пётр Галавачоў. У той жа час ён заклікаў не асуджаць жанчыну, якой рухала жаданне выжыць[6][9]. Іншы следчы Леанід Савоськін палічыў Макараву вельмі жорсткай жанчынай, якая не ўсведамляе цяжкасці сваіх учынкаў[9].

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. а б Соловьёв Ю. П. Краткий очерк истории судоустройства на Брянской земле. — Брянск: Ладомир, 2014. — С. 158. — 200 с. — ISBN 9785915162920.
  2. а б в г д е ё ж з і к л м Процесс. Суд над Тонькой-пулемётчицей. Дилетант (31 снежня 2016). Архівавана з першакрыніцы 2 студзеня 2017. Праверана 13 студзеня 2015.
  3. Медведев С. Загадки века (4-й сезон). Тонька-пулемётчица // Youtube.com
  4. Ваўкоўка малая ўваходзіла ў склад Бехцееўскай воласці Сычоўскага павета (гл.: Список всем местностям, как-то: селам и деревням Сычевского уезда где живут раскольники какого бы то ни было толка. Бехтеевской волости. Вяземский филиал Госархива Смоленской Области. Архівавана з першакрыніцы 3 лістапада 2016. Праверана 1 лістапада 2016.), не збераглася; зараз тэрыторыя (55°47′30″N 34°2′21″E) адносіцца да Сычоўскага раёна Смаленскай вобласці (гл.: ЭтоМесто Архівавана 4 лістапада 2016.).
  5. а б в г д е ё ж з і Сидорчик А.. Палач. Настоящая история Тоньки-пулемётчицы. Аргументы и факты (12 студзеня 2015). Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2018. Праверана 13 студзеня 2018.
  6. а б в г д е ё ж з і к л м н о п Смертный приговор для Тоньки–пулемётчицы(недаступная спасылка). Историческая правда (4 кастрычніка 2017). Архівавана з першакрыніцы 8 лістапада 2017. Праверана 14 лістапада 2017.
  7. Макарова Антанина Макаровна, 08.10.1941, попал в плен (освобожден), :: Донесение о потерях :: Память народа(недаступная спасылка). pamyat-naroda.ru. Архівавана з першакрыніцы 13 студзеня 2020. Праверана 13 студзеня 2020.
  8. а б в г д е ё ж з і к л м Девушка-палач. Следствие вели…. Архівавана з першакрыніцы 19 чэрвеня 2017. Праверана 14 лістапада 2017.
  9. а б в г д е ё ж з і к л Из истории Отечественной войны: советская девушка Тоня расстреляла 1500 детей, женщин и стариков. Брянск.ru (4 снежня 2005). Архівавана з першакрыніцы 4 студзеня 2018. Праверана 13 студзеня 2018.
  10. а б Возмездие. Две жизни Тоньки-пулемётчицы. Youtube. Праверана 13 студзеня 2018.
  11. Петрушин А. А. Тюмень без секретов, или Как пройти на улицу Павлика Морозова. — Тюмень: Мандр и Ка, 2011. — С. 264. — 320 с. — 1 000 экз. — ISBN 5-93020-449-7.
  12. Из истории Отечественной войны: по приговору фашистов советская девушка Тоня расстреляла 1500 детей, женщин и стариков. NEWSru.com (3 снежня 2005). Праверана 14 лістапада 2012.
  13. «Из дела майора Черкасова. „Палач“. Без срока давности». Документальный фильм(нявызн.).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]