Перайсці да зместу

Анісіфар (Дзевачка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анісіфар
Род дзейнасці святар
Дата нараджэння 1510-я
Дата смерці красавік 1592
Месца смерці
Грамадзянства
Веравызнанне праваслаўе
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Анісіфар, або Анісіфор, свецкае імя Міхаіл Пятровіч Грынькавіч-Дзевачка (пачатак 1510-х[1] — паміж 10 і 28 красавіка 1592[2], Алешавічы) — мітрапаліт кіеўскі, галіцкі і ўсёй Русі (1579—1589).

У гістарыяграфіі

[правіць | правіць зыходнік]

Да нядаўняга часу выказваліся розныя думкі пра паходжанне мітрапаліта Анісіфара, у т.л. з украінскіх зямель (напр. Нікалаеў[3], Цімашэнка[4])[5], напрыклад, з галіцкага баярства. Распрацоўка аддзелам старажытных актаў НГАБ у 2003—2018 гады актавых кніг судовых устаноў ВКЛ 2-й паловы XVI ст., у т.л. Гродзенскага земскага суда, выявіла багаты актавы матэрыял роду Дзевачак і тастамент самога Анісіфара, што дазволіла значна дапоўніць яго біяграфію[5]. Даследчыкі адзначаюць, што шэраг актаў з гісторыі роду Дзевачак і тастамент мітрапаліта былі вядомы яшчэ складальнікам АВАК, але не апублікаваны, на іх думку, бо не адпавядалі кантэксту палітыкі Расійскай імперыі адносна Паўночна-Заходняга краю[6].

Род Дзевачкаў

[правіць | правіць зыходнік]

Дзевачкі — віцебскі баярскі род. На пачатку XVI ст. даволі нізкага сацыяльнага статусу, не цураліся сваяцтва з мяшчанамі, займалі дробныя службовыя пасады пры магнацкіх дварах. У 1510-х гадах атрымалі маёнтак Алешавічы (цяпер Мастоўскі р-н) Гарадзенскага павета.[7]

На пачатку XVI ст. гаспадарскі дваранін Івашка Дзевачка атрымаў па нейкім Луку Бранцы маёнтак, які складаўся з вёсак Алешавічы і Кулешавічы і дзвюх пустаўшчызн — Талюцеўшчына і Барсуноўшчына. У 1519 годзе віцебскі баярын Пётр Грынькавіч, разам з дзядзькамі Васькам і Занькам Янкавічамі, атрымаў маёнтак у Алешавічах ад брата апошніх Івашкі Дзевачкі.[7]

Пётр Грынькавіч як гарадзенскі баярын засведчыў 11 кастрычніка 1523 года, што атрымаў па сваёй жонцы дом у Берасці па вуліцы Жыдоўскай і прасіў вызваліць гэты дом ад усіх месцкіх падаткаў. За яго ў гэтай справе прасіў берасцейскі староста Юрый Іванавіч Іллініч, якому Пётр Грынькавіч служыў пісарам. З дакумента ад 1523 года вынікае, што жонка Пятра — берасцейская мяшчанка, сястра Марціна Данькавіча. Пётр Грынькавіч меў яшчэ некаторыя маёмасныя справы па гэтым пытанні ў Берасці 23 жніўня 1525 года.[7]

На Попісе 1528 года гарадзенскі баярын Пётр Грынькавіч таксама згадваецца. Тым жа 1528 годам, 29 сакавіка, датаваны пацвярджальны ліст вял.кн. Жыгімонта Старога гаспадарскаму двараніну Пятру Грынькавічу на частку маёнтка ў Гарадзенскім павеце «у Волешевичъ, в Кулешевичахъ». 1532 годам, 15 снежня, датуецца пацвярджальны ліст вял.кн. Жыгімонта Старога гаспадарскаму двараніну Пятру Грынькавічу на права валодання дворцам у Зяноваўшчыне Гарадзенскага павета. Зяноваўшчына — частка маёнтка Ятвеск (цяпер не існуе, тэрыторыя Шчучынскага р-на) Гарадзенскага павету, раней была прададзена Пятру Грынькавічу віцебскім харужым Раманам Гарасімавічам.[7]

У 1538 і 1539 годах сярод служэбнікаў віцебскага ваяводы згадваецца Федзька Дзевачка. У 1541 годзе, напэўна, гэты Фёдар як сваяк выступаў істцом разам з Міхнам Пятровічам і яго дзязькамі Міхайлам, Жданам у справе пра права валодання Зяноваўшчынай па нябожчыку Пятру Грынькавічу.[7]

Міхаіл Пятровіч Грынькавіч-Дзевачка — сын гаспадарскага двараніна Пятра Грынькавіча, бадай першы з роду зрабіў значную кар’еру — займаў урад гараднічага кіеўскага, пазней мітрапалічы сталец Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі[7].

У актавых кнігах Гарадзенскага земскага суда канца XVI — пачатку XVII ст. некаторыя зямяне называюць сябе Грынькавічамі-Дзевачкамі, такое падвойнае прозвішча ў 1597—1608 гады ўжываў, напрыклад, Ян Фёдаравіч Грынькавіч-Дзевачка, сваяк мітрапаліта[7].

Радавод Дзевачкаў

[правіць | правіць зыходнік]
 
 
 
 
 
 
 
 
Івашка Дзевачка
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Яраш
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Янка
 
 
Васька
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Аляксандр
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Занька
 
 
Пётр
 
Міхаіл (Анісіфар)
 
 
Лазар
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Грынька
 
 
Міхайла
 
 
 
 
 
 
Пётр
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Ждан
 
 
 
 
 
 
Настасся
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
Федзька Дзевачка
 
Ян
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 
 

Пячатка Анісіфара (Дзевачкі)

[правіць | правіць зыходнік]
Адбітак пячаткі Анісіфара (Дзевачкі), мітрапаліта Кіеўскага, Галіцкага і ўсёй Русі (1579—1589), на дакуменце ад 21 мая 1585 года.

Адбітак асабістай пячаткі мітрапаліта Анісіфара знойдзены ўкраінскім навукоўцам Алегам Аднарожанкам ў фондзе Інстытута рукапісаў Нацыянальнай бібліятэкі Украіны імя В. І. Вярнадскага на дакуменце ад 21 мая 1585 г. Пячатка круглая, памерам 36 мм. У полі пячаткі чатырохчасткавая рэнесансная тарча, на якой у першай частцы — знак у выглядзе крыжа над трыма кроквамі, у другой — тры лілеі ў слупок (герб «Кірдзея»), у трэцяй — шасціпрамянёвая зорка над паўмесяцам, які ляжыць рагамі дагары (герб «Ляліва»), у чацвёртай — падвойная лілея (герб «Газдава»). Легенда па коле: «+ ВОЛЄЮ БОЖЬЄЮ [НИСИ]ОР АРХ[И]ЄПИСКОП МИТРОПОЛ[ИТ] КИЄВ[СКИИ] Г[А]ЛИЧ[СКИИ]». Герб змяшчае генеалагічныя звесткі — выявы герба бацькі і маці мітрапаліта, а таксама дзвюх яго бабак, што дае кірункі далейшых генеалагічных пошукаў.[8]

Стала жыў у сваім маёнтку Алешавічы[7]. Да 1540 года Міхаіл Грынькавіч ужо заўдавеў, меў прынамсі двух дзяцей. У 1540 годзе ўзяў другі шлюб з княжной Ганнай Цімафееўнай Пузынай, адпісаў ёй частку маёнтка Алешавічы[9]. Цесцю — князю Цімафею Іванавічу Пузыну, належалі маёнткі Балічы (цяпер Шчучынскі раён), Глыбокае (Шчучынскі раён), Масты (цяпер г. Масты Гродзенскай вобл.) і Ракавічы (Шчучынскі раён), якія амаль з усіх бакоў атачалі Алешавічы, а таксама, напэўна, Новы Двор, атрыманы Пузынам як пасаг за жонкай[1].

У 1541 годзе Міхна Пятровіч Грынькавіч разам з дзядзькамі Міхайлам, Жданам і сваяком Фёдарам быў істцом у справе пра права валодання Зяноваўшчынай, часткай маёнтка Ятвеск, па сваім нябожчыку бацьку[7]. Згадваецца як уладальнік Алешавіч у актах Гарадзенскага земскага суда пад 1555 (пад прозвішчам Грынькавіч) і 1558 гадамі[7] і ў Пісцовай кнізе Гарадзенскай эканоміі пад 1558 годам[9].

Пад прозвішчам Дзевачка згадваецца як адзін з кіеўскіх ураднікаў 15 чэрвеня 1562 года. У дакументах 1566—1570 гадоў Міхаіл Пятровіч Дзевачка называецца кіеўскім гараднічым, урад меў шэраг абавязкаў, якія вымушалі стала жыць у Кіеве. У свой час украінскі гісторык Л. Цімашэнка выказаў думку, што кіеўскі гараднічы Міхаіл Дзевачка мог быць братам мітрапаліта Анісіфара Дзевачкі, але з тастаменту апошняга выявілася, што гэта адна і тая асоба. На Попіс 1567 года да 28 верасня Міхаіл Дзевачка, гараднічы кіеўскі «з ыменья своего Олешевич выслал сына своего Яроша, кони з ним 2, пнцр., пр., согай., саб., рогатн. Он же ставил драба 1 з рогатиною, мечом», т.б. тым часам у бацькоўскім маёнтку жыў паўнагадовы сын.[10]

З канца 1570-х гадоў Міхаіл Пятровіч зноў жыў у сваім маёнтку Алешавічы. Падпісаўся 14 лютага 1578 года як кіеўскі гараднічы сярод сведак тастаменту гарадзенскага зямяніна Юрыя Быкоўскага, складзенага ў маёнтку Макрэц (цяпер не існуе, тэрыторыя Шчучынскага р-на) непадалёку Алешавіч.[9]

У тым жа 1578 годзе, 1 кастрычніка, «дваранін Яго Каралеўскай Міласці» Міхаіл Пятровіч Дзевачка прадставіў у Гарадзенскі земскі суд выпіс з актавых кніг Віленскага гродскага суда пра продаж яму кіеўскім рымска-каталіцкім епіскапам-намінатам Мікалаем Пацам грунту маёнтка Ражанка (Шчучынскі р-н) Гарадзенскага павета за 60 коп літоўскіх грошаў. Сам дакумент пра продаж быў складзены ў Вільні 28 жніўня 1577 г., актыкаваны ў Віленскім гродскім судзе 15 снежня 1577 года, з яго вынікае, што тым часам Міхаіл Пятровіч быў свецкай асобай і сямейным чалавекам — грунт набываўся з магчымасцю перадачы «малжонце, детемъ и потомъкомъ его», а таксама, што Пац прадае грунт як малапатрэбны, бо ляжыць асобна ад іншых зямель маёнтка Ражанка, паміж землямі маёнтка Алешавічы.[1]

Пры нарачэнні на мітрапаліцкую пасаду і, як выяўляецца з тастамента, пры высвячэнні на яе Міхаіл (Анісіфар) быў жанаты, прычым другім шлюбам. Наданне духоўных пасад свецкім асобам не выбіваецца з практыкі Рэчы Паспалітай, але, звычайна, яны або абмяжоўваліся нарэчанай пасадай і не бралі высвячэння, або ўрэшце пераходзілі ў духоўны стан. Сам Анісіфар гэтую акалічнасць не ўспрымаў незвычайнай ці супрацьзаконнай, не разглядала яе такой і яго жонка. Напэўна, у праваслаўнай царкве ВКЛ у сярэдзіне XVI ст. наданне духоўных пасад, нават такіх высокіх, як мітрапаліцкая, жанатым прэтэндэнтам не ўспрымалася як супрацьзаконнае. Права святароў грэцкага абраду мець сем’і паступова пашыралася і на прадстаўнікоў царкоўнай іерархіі ўсіх узроўняў. Такая практыка з абурэннем і непрыманнем засведчана заезджымі грэчаскімі іерархамі, візіты якіх пачасціліся ў 1580-х гады.[11]

Важнай падзеяй часу кіравання Анісіфара (Дзевачкі) было ўвядзенне ў Рэчы Паспалітай новага календара ў 1582 годзе. Сярод насельніцтва і духавенства грэчаскага абраду ўзніклі моцныя хваляванні з-за нежадання адзначаць царкоўныя святы паводле новага календара. Каб пазбегнуць канфліктаў караль і вял.кн. Стэфан Баторый гарантаваў падданым грэчаскага абраду права карыстацца ў царкоўным жыцці старым календаром. Для гэтага ён выдаў некалькі адмысловых грамат — у 1584 і 1586 гадах. У апошняй адзначалася, што «приезжал се зде до нас велебный Онисифор Девочка, митрополит Киевский, Галицкий и всея Руси, (…) жалуючися, иж вы людем религеи их свят Греческих святити не допущаете». Свецкага справаводства гэта не тычылася. На думку даследчыкаў, можна было б дапусціць, што царкоўныя іерархі і духавенства грэчаскага абраду пры датаванні ўласных дакументаў аддавалі перавагу старому календару. Аднак, сам Анісіфар Дзевачка ўласнаручны тастамент датуе «року тисеча пятьсот девятьдесят второго, месеца априля десятого дня по новому» — на думку даследчыкаў, гэта можа сведчыць, што нават прадстаўнікі вышэйшай іерархіі праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай ужо ў першыя гады ўвядзення новага календара спакойна карысталіся ім пры складанні дакументаў свецкага характару, нават такіх спецыфічных «эга»-дакументаў, як тастаменты.[12]

У 1583 годзе мітрапаліт Анісіфар садзейнічаў выданню ў віленскай друкарні братоў Мамонічаў «Службоўніка». Пры ім жа было заснавана брацтва пры Віленскім манастыры Святой Тройцы.[1]

У дакуменце з актавых кніг Гродзенскага земскага суда ад 4 кастрычніка 1585 года Дзевачка названы імем Анісіфар, згадана і яго духоўная пасада — архіепіскап, мітрапаліт Кіеўскі, Галіцкі і ўсёй Русі. Гэтым дакументам ўпаўнаважаны служка Міхаіл Фёдаравіч засведчыў цяжкасці, якія паўсталі пасля нядаўняга набыцця мітрапалітам маёнтка Ятвеск у Яна Гамшэя, адзначалася, што маёнтак быў прададзены «его милости митрополиту и сыномъ его милости».[1]

Найбольш вядомы Анісіфар (Дзевачка) з-за рэзанансных падзей 1589 года. Тым часам канстанцінопальскі патрыярх Ерамія ІІ Транос наведаў Вільню і Маскву, гэты візіт увайшоў у гісторыю ўсходняга хрысціянства дзвюма вызначальнымі падзеямі — у Маскве адбылося пастаўленне першага патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Іова; у Вільні Ерамія таксама здзейсніў беспрэцэдэнтны ўчынак — склікаў сабор, на якім адбылося нізлажэнне мітрапаліта Анісіфара (Дзевачкі). Афіцыйнай падставай было названа мітрапалітава «дваяжэнства». Менавіта такі эпітэт і сёння найчасцей суправаджае імя мітрапаліта Анісіфара ў працах па гісторыі праваслаўнай царквы. З-за таго, што наступнікам Дзевачкі на мітрапалічай пасадзе быў Міхаіл Рагоза, адзін з ініцыятараў заключэння Брэсцкай уніі 1596 года, выказваліся думкі, што абвінавачванне ў «дваяжэнстве» — элемент кампаніі па дыскрэдытацыі апанента. Паняцце «дваяжэнства», аднак, зусім не азначала дзвюх жонак адначасова, а ўжывалася, калі пасля смерці першай жонкі браўся другі шлюб — такая акалічнасць была перашкодай для высвячэння ў святарскі сан і, адпаведна, атрымання духоўных пасад. Дапускалася пастрыжэнне ў манахі і заняцце духоўных пасад мужчынамі, якія аўдавелі пасля смерці першай жонкі.[1]

У 1590 годзе Анісіфар пакінуў віленскі манастыр Святой Тройцы. Не было пэўна вядома, дзе ён жыў пасля гэтага — выказваліся думкі, што пры кафедральнай царкве ў Новагародку або ў Лаўрышаўскім манастыры. Тастамент, аднак, сведчыць — апошнія гады ён жыў у сваім маёнтку Алешавічы.[2]

У 1591 годзе, 10 студзеня, калі Анісіфар Дзевачка ўжо не быў мітрапалітам, ён па-ранейшым называецца «велебныи в Бозе его милость отецъ», калі яго ўпаўнаважаны прадставіў у суд для актыкацыі выпіс з гарадзенскіх гродскіх кніг ад 3 кастрычніка 1590 года пра акалічнасці набыцця часткі маёнтка Ятвеск — Забалацце. Напэўна, адразу пасля свайго нізлажэння былы мітрапаліт актыўна заняўся ўпарадкаваннем маёмасных спраў. Адначасова з выпісам быў прадстаўлены падрабязны інвентар набытага маёнтка, датаваны 29 верасня 1590 года, паводле яго, маёнтак быў набыты за 650 коп літоўскіх грошаў, складаўся з 2 баярскіх службаў і 10,5 службаў людзей цяглых.[1]

У 1592 годзе, 10 красавіка, Анісіфар Дзевачка ўласнаручна склаў у сваім маёнтку Алешавічы тастамент, дзе адзначаў, што робіць гэта «розумеючи мне по худом и утлом здоровъю моем, яко то у старости летех, иж есми ближшии смерти нижли жывоту». Ужо 29 красавіка 1592 г., трое сыноў Анісіфара ў Алешавічах склалі дзельчы ліст паміж сабой рухомай і нерухомай бацькавай маёмасці. Днём раней, 28 красавіка 1592 г., удава былога мітрапаліта княжна Ганна Пузына сведчыла пра атрыманне ад сыноў грашовай сумы, запісанай у тастаменце «небожчика пана Михаила, в духовенъстве названого отца Онисифора Петровича Девочки, митрополита Киевского, малжонка ее». Такім чынам, пэўна, Міхаіл (Анісіфар) Дзевачка памёр у сваім маёнтку Алешавічы паміж 10 і 28 красавіка 1592 года.[2]

У тастаменце не выказана пажаданне Дзевачкі пра месца пахавання. Не згадана ні царква, ні манастыр, ні нават прадстаўнікі духавенства. Багатае царкоўнае ўбранне, якім валодаў былы мітрапаліт, было аддадзена ім у заставу свецкім асобам. На думку даследчыкаў, з гэтага можна зрабіць выснову, што ён быў пахаваны не ў буйным і прэстыжным манастыры Вільні, Новагародка або ў Лаўрышаве, а ў бліжэйшай ад Алешавічаў царкве. Праваслаўныя землеўладальнікі ўсходняга ўскрайку Гарадзенскага павета, дзе знаходзіліся і Алешавічы, абіралі месцам свайго пахавання царкву Святога Мікалая ў вёсцы Турэйск (Шчучынскі р-н). Таксама магчыма, што былога мітрапаліта пахавалі ў царкве, якая знаходзілася на землях Дзевачкаў, па дарозе з Ятвеска да Алешавічаў, хоць і вядомая з крыніц як «царква ў Ятвеску», але размяшчалася па-за вялікімі паселішчамі каля фальварка Шніпкі (Шчучынскі р-н). Невядома, ці былі пры гэтай царкве ў канцы XVI ст. могілкі або крыпта. Магчыма, наогул, тым часам царква была прыпісной да іншай. Першае яе падрабязнае апісанне датуецца толькі 1696 г., у канцы XVII ст. адзначалася, што многія яе парафіяне перайшлі ў лацінскі абрад і сталі наведваць рымска-каталіцкі касцёл у суседняй вёсцы Каменка (Шчучынскі р-н).[13]

У першым шлюбе меў прынамсі двух сыноў — Яраша і Аляксандра; у другім, з княжной Ганнай Пузынай — прынасмі двух сыноў Лазара і Пятра і дачку Настассю.[14]

Яраш Міхайлавіч згадваецца яшчэ ў Попісе 1567 года, але ў тастаменце былога мітрапаліта не названы, напэўна, памёр задоўга да 1590-х гадоў або загінуў у Інфлянцкую вайну, у якой паводле Попісу і браў удзел.[14]

Аляксандр Міхайлавіч быў жанаты тройчы. Першая жонка берасцейская зямянка Кацярына Быстрыеўская. 7 кастрычніка 1585 г. Аляксандр Міхайлавіч склаў на яе імя дарчы ліст на маёнтак Барысава (Барысавічы) каля Кобрына Берасцейскага павета. У другім шлюбе быў з Ганнай Бароўскай, якая памерла паміж 8 сакавіка і 3 кастрычніка 1595 г. З тастамента, складзенага ў Алешавічах 8 сакавіка 1595 г. у час цяжкай хваробы, вядома, што тым часам Аляксандр Міхайлавіч меў дзяцей ад розных шлюбаў, але імёны іх не названы. У 2-й палове 1590-х гадоў узяў трэці шлюб з Ядвігай Хамец. Ад гэтага шлюбу нарадзіліся сыны Андрэй, Мікалай, Майсей, Ян і дачка Раіна. Ад першых двух шлюбаў былі сыны Аляксандр і Пётр, дочкі Марына і Сафія. Старэйшая дачка ад першага шлюбу Марына ў 1600 годзе была замужам за Янам Валовічам. 5 кастрычніка 1609 г. Аляксандр Міхайлавіч Дзевачка згадваецца як нябожчык, а Ядвіга Хамец ужо як жонка Юрыя Беліковіча.[12]

Звестак пра нашчадкаў Лазара і Пятра Міхайлавічаў пакуль не выяўлена.[12]

Пра нашчадкаў Настассі Міхайлаўны вядома з яе тастамента, складзенага 21 студзеня 1591 г. у маёнтку Велянова на мяжы Берасцейскага павета з Польскім Каралеўствам. З першым мужам Навумам Цяляціцкім яна мела сына Абрама і чатырох дачок, старэйшую з іх звалі Ганнай. З тастамента самога мітрапаліта Анісіфара вядома, што яшчэ адну дачку, напэўна наймаладзейшую, звалі Алеськай (Аляксандрай). У другім шлюбе Настасся Міхайлаўна была з Малхерам Крупіцкім. Памерла да пачатку кастрычніка 1591 г., таму Міхаіл (Анісіфар) Дзевачка клапаціўся ў сваім тастаменце пра малалетнюю ўнучку Алеську.[12]

Другая жонка Міхаіла (Анісіфара) — княжна Ганна Пузынянка, згадваецца яшчэ 20 студзеня і 4 кастрычніка 1594 года як «старая матка» братоў Дзевачкаў. Адразу пасля смерці мітрапаліта сыны вылучылі ёй для жыцця частку маёнтка Ятвеск — Сцяпанішкі, якая па смерці мачахі мусіла перайсці да Аляксандра Міхайлавіча. Пры гэтым княжна Ганна, напэўна, па чарзе жыла ў сваіх сыноў «яко гостя», фактычна яны яе даглядалі.[12]

  1. а б в г д е ё Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 14..
  2. а б в Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 16..
  3. Нікалаеў І. В. Анісіфар // Рэлігія і царква на Беларусі: энцыкл. давед. — Мн., 2001. — С. 16
  4. Тимошенко 2006, с. 151..
  5. а б Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 11..
  6. Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 20..
  7. а б в г д е ё ж з і Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 13..
  8. Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 19-20..
  9. а б в Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 12..
  10. Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 12-13..
  11. Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 14-15..
  12. а б в г д Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 19..
  13. Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 17..
  14. а б Лісейчыкаў, Бобер 2018, с. 18-19..