Шчучынскі раён
Шчучынскі раён | |||||
---|---|---|---|---|---|
|
|||||
Краіна | Беларусь | ||||
Уваходзіць у | Гродзенская вобласць | ||||
Адміністрацыйны цэнтр | Шчучын | ||||
Дата ўтварэння | 15 студзеня 1940 | ||||
Кіраўнік | Аляксей Валянцінавіч Садоўскі[d][1] | ||||
Афіцыйныя мовы |
Родная мова: беларуская 72,35 %, руская 24,15 % Размаўляюць дома: беларуская 58,32 %, руская 33,22 %[2] |
||||
Насельніцтва (2018) |
39 375 чалавек (7-е месца) | ||||
Шчыльнасць | 25,02 чал./км² (8-е месца) | ||||
Нацыянальны склад |
палякі — 46,38 %, беларусы — 44,99 %, рускія — 6,39 %, украінцы — 1,29 %, іншыя — 0,95 %[2] |
||||
Плошча |
1 911,54[3] (2-е месца) |
||||
Вышыня над узроўнем мора |
161 м[4] | ||||
Афіцыйны сайт | |||||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Шчу́чынскі раён — адміністрацыйная-тэрытарыяльная адзінка ў паўночна-заходняй частцы Гродзенскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр — горад Шчучын.
Утвораны 15 студзеня 1940 года. З карысных выкапняў ёсць вапна, пясок, торф, гліна. Па тэрыторыі раёна працякае буйная рака Нёман, 48 малых рэк і 96 ручаёў. Пабудавана 21 штучная сажалка люстраной плошчай 424 га. Азёры: Берштаўскае, Доўгае, Зубраўскае і інш.
У раёне два пасёлкі гарадскога тыпу — Жалудок і Астрына, 435 сельскіх населеных пунктаў, 13 сельсаветаў.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Шчучынскі раён утвораны 15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці БССР. Цэнтр — гарадскі пасёлак Шчучын. 12 кастрычніка 1940 года падзелены на 14 сельсаветаў: Баліцкі, Востраўскі, Вялікабаярскі, Вярбілкаўскі, Герніцкі, Дэмбраўскі, Ельненскі, Еўлашоўскі, Залесненскі, Каменскі, Ражанкаўскі, Ракавіцкі, Шчучынскі і Шынкавецкі. З 20 верасня 1944 года ў складзе Гродзенскай вобласці. 16 ліпеня 1954 года скасаваны Востраўскі, Вярбілкаўскі, Еўлашоўскі, Залесненскі, Шынкавецкі сельсаветы, утвораны Лядскі сельсавет, Ельненскі сельсавет перайменаваны ў Скоржыцкі. 20 студзеня 1960 года са скасаванага Васілішкаўскага раёна далучыны гарадскі пасёлак Астрына, Астрынскі, Касцянеўскі, Навадворскі, Нарашскі і Шайбакпольскі сельсаветы. 13 лютага 1960 года далучаны Бакштаўскі сельсавет з Радунскага раёна. 25 лютага 1961 года скасаваны Астрынскі і Герніцкі сельсаветы. У 1961 годзе Навадворскі сельсавет перададзены ў склад Радунскага раёна.
17 красавіка 1962 года са скасаванага Жалудоцкага раёна далучаны гарадскі пасёлак Жалудок і 8 сельсаветаў (Агародніцкі, Гардзеевецкі, Доўгаўскі, Дубраўскі, Жалудоцкі, Орлеўскі, Пескаўскі, Ходаравецкі). 20 красавіка 1962 года Шайбакпольскі сельсавет перайменаваны ў Лычкавіцкі. 23 мая 1962 года ў склад Скідзельскага раёна перададзены гарадскі пасёлак Астрына, Дэмбраўскі, Каменскі і Нарашскі сельсаветы. 31 жніўня 1962 года гарадскі пасёлак Шчучын атрымаў статус горада. 25 снежня 1962 года са скасаванага Мастоўскага раёна далучаны Галубоўскі, Дубненскі, Мастоўскі і Мікелеўшчынскі сельсаветы, са скасаванага Радунскага раёна — Васілішкаўскі, Навадворскі, Першамайскі і Хадзілонскі сельсаветы, са скасаванага Скідзельскага раёна — гарадскі пасёлак Астрына, Дэмбраўскі, Каменскі і Нарашскі сельсаветы; Пескаўскі і Ходаравецкі сельсаветы перададзены ў склад Лідскага раёна.
23 сакавіка 1964 года скасаваны Агародніцкі сельсавет. 6 студзеня 1965 года далучаны Берштаўскі сельсавет з Гродзенскага раёна, Галубоўскі, Дубненскі, Мастоўскі і Мікелеўшчынскі сельсаветы перададзены адноўленаму Мастоўскаму раёну. 23 ліпеня 1965 года скасаваны Вялікабаярскі сельсавет. 1 жніўня 1966 года Гардзеевецкі сельсавет перайменаваны ў Мажэйкаўскі. 17 студзеня 1969 года скасаваны Доўгаўскі і Дубраўскі сельсаветы, 11 лютага 1972 года — Баліцкі, Скоржыцкі і Хадзілонскі сельсаветы. 12 сакавіка 1973 года Касцянеўскі сельсавет перайменаваны ў Галавічпольскі, скасаваны Лычкавіцкі сельсавет. 20 лістапада 1973 года скасаваны Жалудоцкі сельсавет, 14 студзеня 1974 года — Нарашскі сельсавет. 20 кастрычніка 1995 года горад Шчучын і Шчучынскі раён аб’яднаны ў адну адміністрацыйную адзінку. 20 верасня 2002 года скасаваны Берштаўскі сельсавет[5]. 26 лютага 2013 года Астрынскі пассавет рэарганізаваны ў Астрынскі сельсавет, Жалудоцкі пассавет — у Жалудоцкі сельсавет. 28 жніўня 2013 года скасаваны Бакштаўскі, Галавічпольскі, Навадворскі і Ракавіцкі сельсаветы[6].
Насельніцтва
[правіць | правіць зыходнік]Насельніцтва — 41,5 тыс. чалавек (2015)[7], 38,5 тыс. чалавек (2019)[8], 34,6 тыс. чалавек (2021)[9]. Згодна з перапісам 1999 года, беларусы складалі 41,1 % ад усяго насельніцтва, палякі — 50,5 %, рускія — 6,5 %. У невялікай колькасці на тэрыторыі раёна пражываюць таксама ўкраінцы, літоўцы, татары і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцей. Раён адносіцца да тэрыторый, насельніцтва якіх змяншаецца: калі ў 2001 годзе яно сягала 57 тыс. чалавек, то ў 2015 годзе скарацілася больш як на 25 %[10]. У 2019 годзе палітолаг В. Рубінчык звярнуў увагу на тое, што за 20 гадоў (з 1999 года) насельніцтва Шчучынскага раёна зменшылася на 23 тысячы чалавек, або на 37,3 %[11].
Прамысловасць
[правіць | правіць зыходнік]Цяпер на тэрыторыі раёна працуе 5 прадпрыемстваў прамысловасці. Найбольш буйныя з іх — адкрытыя акцыянерныя таварыствы «Шчучынскі завод „Аўтапровад“» і «Шчучынскі масласырзавод», а таксама 3 прадпрыемствы недзяржаўнай формы ўласнасці, 573 індывідуальныя прадпрымальнікі.
Сельскагаспадарчая галіна Шчучынскага раёна (грамадскі сектар) прадстаўлена 8 сельскагаспадарчымі вытворчымі кааператывамі, 3 унітарнымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, адкрытым акцыянерным таварыствам «Васілішкі», 3 эксперыментальнымі базамі, племптушкарэпрадуктарам, 28 фермерскімі гаспадаркамі. У раёне таксама працуюць: ААТ «Шчучынаграхімсэрвіс», Шчучынскі вытворча-гандлёвы філіял ДУП «Аблсельгастэхніка», ТАА «Шчучынскае Аграпрамэнерга», Гродзенскі занальны навукова-даследчы інстытут сельскай гаспадаркі і шэраг іншых арганізацый.
Асноўны вытворчы напрамак сельскагаспадарчай галіны раёна — мяса-малочны, з вырошчваннем збожжавых, бульбы і цукровых буракоў.
Транспарт
[правіць | правіць зыходнік]Транспартныя паслугі аказваюць аўтамабільны парк № 12, аўтакалона № 9 аблспажыўсаюза і 2 чыгуначныя станцыі. Функцыянуюць 33 прыгарадныя, 4 гарадскія і 4 міжгароднія аўтобусныя маршруты. Сувязь у раёне забяспечваюць вузлы паштовай і электрычнай сувязі і 37 іх аддзяленняў.
Гандаль і быт
[правіць | правіць зыходнік]Гандлёвая сетка раёна налічвае 324 гандлёвыя аб’екты, 126 з якіх адносяцца да сістэмы спажывецкай кааперацыі. Дзейнічае 27 ведамасных магазінаў, з іх 6 прысвоены статус «фірменны» магазін, 2 крамы дома, 7 аўтамагазінаў. Арганізацыю грамадскага харчавання на тэрыторыі раёна ажыццяўляюць 23 прадпрыемствы, з іх 3 — індывідуальныя прадпрымальнікі і 2 — таварыствы з дадатковай адказнасцю.
Бытавыя паслугі аказваюцца насельніцтву 20 комплекснымі прыёмнымі пунктамі, 14 вытворчымі падраздзяленнямі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства «Камбінат бытавога абслугоўвання насельніцтва Шчучынскага раёна» і 37 індывідуальнымі прадпрымальнікамі.
Адукацыя, культура, ахова здароўя
[правіць | правіць зыходнік]У раёне функцыянуюць 32 агульнаадукацыйныя школы, з якіх 16 сярэдніх, 15 базавых, гімназія; дапаможная школа-інтэрнат, 26 дашкольных устаноў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, 6 пазашкольных устаноў, 3 вучэбна-вытворчыя камбінаты, прафесійна-тэхнічнае вучылішча № 198 сельскагаспадарчай вытворчасці, Васілішкаўскі дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, ДУ «Шчучынскі дом-інтэрнат для псіханеўралагічных хворых», дзіцячы сацыяльны прытулак Шчучынскага раёна; працуе гарадскі стадыён «Алімп».
Структуру ўстаноў культуры складае 38 устаноў клубнага тыпу, 44 бібліятэкі, школа мастацтваў, 3 музычныя школы, цэнтр рамёстваў, метадычны цэнтр народнай творчасці.
У раёне функцыянуюць цэнтральная раённая бальніца, 2 гарпасялковыя і 2 сельскія ўчастковыя бальніцы, 1 бальніца сястрынскага догляду, 5 урачэбных амбулаторый, 35 фельчарска-акушэрскіх пунктаў, 1 здраўпункт, каля 10 аптэк, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. У 2017 годзе, аднак, паведамлялася, што ў Шчучынскім раёне «смяротнасць у працаздольным узросце склала ў 2017 годзе 686,69 на 100 тыс. насельніцтва, што вышэй за сярэднеабласны паказчык у 1,7 разы і вышэй за паказнік мінулага года на 11,5 %»[11].
Выдатныя асобы
[правіць | правіць зыходнік]Са шчучынскімі піярскімі навучальнымі ўстановамі звязаны імёны такіх вядомых навукоўцаў XVIII—XIX стагоддзяў, як гісторык-археограф Мацей Догель, філосаф Казімір Нарбут, філосаф, логік і псіхолаг Анёл Доўгірд, біёлаг Станіслаў Баніфацы Юндзіл, геолаг, мінералаг, даследчык Чылі, удзельнік вызваленчага руху на Беларусі Ігнат Дамейка.
На тэрыторыі Шчучынскага раёна нарадзіліся генерал Парыжскай Камуны Валерый Урублеўскі, адна з пачынальніц беларускага пісьменства Цётка (Алаіза Пашкевіч), беларускі палітычны і грамадскі дзеяч Вацлаў Іваноўскі (1880, в. Лябёдка — 1943), мастак-графік Казімір Альхімовіч, этнограф Тадэвуш Антонавіч Навагродскі, спявак Чэслаў Неман, фізік, дзяржаўны дзеяч Сяргей Аляксандравіч Маскевіч, Герой Сацыялістычнай працы Андрэй Іосіфавіч Бялко, беларускі гісторык, журналіст, праваабаронца Уладзімір Хільмановіч.
Старшыні Шчучынскага раённага выканаўчага камітэта
[правіць | правіць зыходнік]- з 5 сакавіка 2013 — Сяргей Васілевіч Ложачнік
- з 12 верасня 2019 — Аляксей Валянцінавіч Садоўскі
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ http://schuchin.grodno-region.by/uploads/files/Privetstvie/Biografija-Sadovskogo-A.V.-dlja-sajta.pdf
- ↑ а б Результаты переписи 2009 года(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 мая 2012.
- ↑ «Дзяржаўны зямельны кадастр Рэспублікі Беларусь» Архівавана 4 сакавіка 2016. (станам на 1 студзеня 2011 г.)
- ↑ GeoNames — 2005. Праверана 9 ліпеня 2017.
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 20 сентября 2002 г. № 99 О решении вопросов административно-территориального устройства Щучинского района
- ↑ Решение Гродненского областного Совета депутатов от 28 августа 2013 г. № 250 О некоторых вопросах административно-территориального устройства Щучинского района Гродненской области Архівавана 18 мая 2021.
- ↑ Дзянніца, 11.08.2015
- ↑ Архіўная копія(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 23 красавіка 2018. Праверана 14 мая 2019.
- ↑ http://schuchin.grodno-region.by/ru/geodr-ru/
- ↑ Рубінчык, Вольф. Шчучынская каша (29.09.2015) //http://belisrael.info/?p=5280
- ↑ а б https://belisrael.info/?p=19212
Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Административно-территориальное устройство БССР: справочник: в 2 т. / Главное архивное управление при Совете Министров БССР, Институт философии и права Академии наук БССР. — Минск: «Беларусь», 1985―1987.
- Административно-территориальное устройство Республики Беларусь (1981—2010 гг.): справочник. — Минск: БелНИИДАД, 2012. — 172 с.