Перайсці да зместу

Арыэльскі ўніверсітэт

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Арыэльскі ўніверсітэт
іўр.: אוניברסיטת אריאל
Выява лагатыпа
Арыгінальная назва іўр.: אוניברסיטת אריאל
Міжнародная назва англ.: Ariel University
Заснаваны 1982
Рэктар Альберт Пінгасаў[d]
Студэнты 17 000
Размяшчэнне Арыэль
Сайт ariel.ac.il
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Арыэльскі ўніверсітэт (іўр.: אוניברסיטת אריאל, англ.: Ariel University) — ізраільская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта, якая знаходзіцца ў горадзе Арыэль на Заходнім беразе ракі Іардан.

Каледж, які папярэднічаў стварэнню ўніверсітэта, быў заснаваны ў 1982 годзе як рэгіянальнае аддзяленне Універсітэта імя Бар-Ілана. Першапачаткова ён быў размешчаны ў паселішчы Кедумім, пазней ён пераехаў у Арыэль, дзе пабудаваў большы кампус і стаў найбуйнейшым дзяржаўным каледжам Ізраіля. У 2004/2005 навучальным годзе прыналежнасць да Універсітэта імя Бар-Ілана скончылася, і ён стаў самастойным каледжам.

17 ліпеня 2012 года Савет па вышэйшай адукацыі Іўдзеі і Самарыі прагаласаваў за наданне навучальнай установе поўнага статусу ўніверсітэта. Гэты крок высока ацанілі прэм’ер-міністр Біньямін Нетаньяху, міністр адукацыі Гідэон Саар, міністр замежных спраў Авігдор Ліберман і некаторыя члены Кнэсета, а таксама лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы матэматык Роберт Аўман. Але Савет прэзідэнтаў ізраільскіх універсітэтаў асудзіў гэты крок. Апытанне ў 2013 годзе паказала, што 65 % насельніцтва Ізраіля падтрымалі прызнанне Арыэльскага ўніверсітэта восьмым універсітэтам Ізраіля.

Універсітэт мае 26 кафедр на трох факультэтах і трох школах. Усе ступені ўніверсітэта прызнаюцца Саветам па вышэйшай адукацыі Ізраіля.

Універсітэт супрацоўнічае з міжнароднымі арганізацыямі і ўніверсітэтамі па ўсім свеце. Але ўніверсітэт і яго супрацоўнікі сталі аб’ектам байкоту як у Ізраілі, так і за мяжой з-за свайго размяшчэння на акупаваным Ізраілем Заходнім беразе ракі Іардан.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]