Алесь Каўрус

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з А. Каўрус)
Алесь Каўрус
Дата нараджэння 18 мая 1935(1935-05-18)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 кастрычніка 2022(2022-10-12) (87 гадоў)
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці пісьменнік, мовазнавец, педагог
Навуковая сфера мовазнаўства[1]
Месца працы
Навуковая ступень кандыдат філалагічных навук (1965)
Навуковае званне
Альма-матар
Узнагароды
Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь

Алесь Каўрус, поўнае імя Аляксандр Аляксандравіч Каўрус (18 мая 1935, в. Брусы, цяпер Мядзельскі раён, Мінская вобласць — 12 кастрычніка 2022, Мінск) — беларускі мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук (1965), дацэнт.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Вучыўся ў Мядзельскай сярэдняй школе, вядомай традыцыямі нацыянальна-патрыятычнага руху. У 1959 годзе скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут. У 1959—1962 гадах працаваў настаўнікам у Мядзельскім раёне. Пасля навучання ў аспірантуры пры Мінскім педінстытуце ў 1965 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю. У 1965—1968 гадах працаваў старшым выкладчыкам Мазырскага педагагічнага інстытута, у 1968—1974 гадах — старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР.

Балюча ўспрымаў знішчэнне беларускай сярэдняй і вышэйшай адукацыі, якое праводзілі савецкія ўлады, а таксама ўсеагульную русіфікацыю грамадскага і палітычнага жыцця, не прымаў антыбеларускую пазіцыю тагачаснага кіраўніцтва акадэмічнага Інстытута мовазнаўства, падтрымліваў кантакты з аднадумцамі з акадэмічнага і выкладчыцкага асяроддзя. У сваіх публікацыях, на лекцыях у інстытуце, у выступах і навуковых дыскусіях пастаянна адстойваў самабытнасць беларускай мовы, яе правы ў грамадскай сферы. У пачатку 1974 года Каўрус быў дастаўлены ў КДБ на допыт, а 22 сакавіка Вучоная рада інстытута, якая знаходзілася пад ціскам парткаму і дырэкцыі, вынесла пастанову пра яго неадпаведнасць займанай пасадзе. У пратаколе пасяджэння рады ў прыватнасці запісана: «Знаходзяцца яшчэ ў нашым асяроддзі людзі, якія свядома становяцца на пазіцыі нашых ідэйных праціўнікаў і спрабуюць весці барацьбу супраць палітыкі партыі і ўраду… Партарганізацыя і дырэкцыя маюць матэрыялы, з якіх відаць, што гэта група (гаворка пра навукоўцаў з „Акадэмічнага асяродку“) сыходзілася ў поглядах, перыядычна збіралася, затым вяла гутаркі, абмяркоўвала свае пытанні ў закрытым парадку». Паводле загаду дырэктара ад 4 красавіка 1974 года Каўрус быў звольнены з працы. Былі вернуты з выдавецтва рукапісы яго манаграфіі і артыкулаў, яго прозвішча выкрэслівалася з публікацый іншых аўтараў. Прозвішча жонкі было выкраслена з адпаведных тамоў «Беларускай Савецкай Энцыклапедыі», над якімі яна працавала як рэдактар. Наступная праца Каўруса была апублікаваная толькі праз 6 гадоў. Больш за паўгода пасля звальнення з інстытута Каўрус быў без працы.

17 кастрычніка 1974 года ўладкаваўся на пасаду рэдактара выдавецтва «Народная асвета». З 1981 года працаваў на кафедры беларускага мовазнаўства ў Беларускім дзяржаўным педагагічным інстытуце. У 1982—2006 гадах быў дацэнтам кафедры беларускага мовазнаўства Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.

Даследаваў мову мастацкай літаратуры і сродкаў масавай інфармацыі, беларускую тэрміналогію, культуру мовы, стылістыку і іншае. Аўтар некалькі кніжак і больш як 250 артыкулаў.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • «З крыніц народнай мовы» (1968)
  • «Стылістыка беларускай мовы» (1980, 2-е выд. 1987, 3-е выд. 1992)
  • «Культура слова» (1983)
  • «Слова наша роднае» (1986)
  • «Мова народа, мова пісьменніка» (1989)
  • «Дакумент па-беларуску» (1994, у суаўтарстве з М. Круталевічам)
  • «Стараславянская мова», навучальны дапаможнік для студэнтаў ВНУ (2005)
  • Словаклад. Слоўнік адметнай лексікі (2013)

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антановіч С. Быць ідэйна свядомымі. Заўвагі на палях стэнаграмы красавіцкага (1974 г.) пленума ЦК КП Беларусі // Літаратура і Мастацтва. 10.05.1991;
  • Клышка А. Прадмова да артыкула А. Каўруса «Да свайго слова» // Полымя. 1995, № 5;
  • Міско С. Міфы застаюцца толькі міфамі // Менская грамада. 1994, № 1 (6), ліпень;
  • Рабкевіч В. Група пяцёх // Наша Ніва. 1995, № 3.
  • Чарняўскі М. Алесь Каўрус // Дэмакратычная апазыцыя Беларусі: 1956—1991. Пэрсанажы і кантэкст. — Мн.: Архіў Найноўшае Гісторыі, 1999. — ISBN 985-6374-08-1