Багрынава (археалагічны помнік)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Багрынава  — археалагічны помнік каля вёскі Багрынава Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Уключае гарадзішча, замчышча і курганны могільнік.

Гарадзішча[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца за 0,5 км на поўнач ад вёскі. Часткова знішчана кар’ерам. Памеры захаванай часткі — 20 × 8 м. Культурны пласт дасягае 0,5—0,7 м.

Даследавалі Еўдакім Раманаў (1893), Аляксандр Каваленя (1930), Вольга Ляўко (1990). Знойдзены рэшткі ляпной і ганчарнай керамікі. У раскопе плошчай 52 м² прасочваецца канструкцыя валоў, якія моцна аплылі і па краях пляцоўкі амаль непрыкметныя.

У профілі валоў прасочваюцца драўляныя канструкцыі ў выглядзе кратаў з трыма ярусамі абпаленых бярвёнаў дыяметрам 10—12 см. Праслойкі з бярвёнамі размешчаны на глыбіні да 0,5 м адна пад адной. Ніжняя праслойка знаходзіцца на адлегласці 1,8 м ад дзённай паверхні. Ляпная кераміка і збудаванне вала адносяцца да VI—VIII стагоддзяў, ляпная кераміка датуецца XVI—XVII стагоддзямі.

Па дадзеных матэрыялаў, на месцы гарадзішча ў жалезным веку ў сярэдневякоўі ўзнікла сядзіба

Замчышча[правіць | правіць зыходнік]

Размешчана на ўсход ад гарадзішча, на высокім мысе. З поўначы і ўсходу да яго прымыкае кар'ер, з поўдзеня і захада абмежавана ярамі са стромкімі схіламі. На ўсходнім схіле тэраса шырынёй 4 м і роў глыбінёй да 5 м, шырынёй 5—7 м. З боку ракі Іржэўкі мае вышыню 15—18 м.

У 1990 годзе даследавала В. М. Ляўко. Пляцоўка памерамі 40 × 23 м з паўночнага боку пашкоджана вялікай ямай. У двух раскопках агульнай плошчай 40 м² культурны пласт 1,2—1,5 м складаецца з верхняга і ніжняга гарызонтаў. Былі знойдзены ганчарная кераміка XIV—XVII стагоддзяў, кафля XVII стагоддзя, цэгла-пальчатка, абпаленыя камяні.

Рэшткі пабудоў з дрэва і цэглы прасочаны ў шурфе па-за межамі замчышча, дзе выяўлены цэгла-пальчатка і гзымсавая кафля з выявай арла.

Курганны могільнік[правіць | правіць зыходнік]

Знаходзіцца абапал дарогі на Варанцэвічы. Захаваліся 6 насыпаў (раней было 12) вышынёй 1,5—2 м, дыяметрам 10—12 м. Даследавалі Л. В. Аляксееў (1959), А. Р. Мітрафанаў (1972), Ш. I. Бекцінееў (1981). У 1967 годзе 3. М. Сяргеева раскапала 4 курганы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на гарызонце. Знойдзены бранзалетападобныя скроневыя кольцы з пазалочанымі шклянымі і сердалікавымі прызматычнымі пацеркамі.

У 1969 годзе даследаваны яшчэ 2 насыпы. У адным выяўлены мужчынскае і жаночае пахаванні галавою на захад, знойдзены 6 скроневых кольцаў з сярэбранага дроту, 4 арабскія дырхемы дынастыі Саманідаў з адтулінамі для падвешвання, пацеркі, бронзавы пласціністы пярсцёнак, жалезны нож з рэшткамі драўляных тронкаў, віты сярэбраны бранзалет з завязанымі канцамі, жалезны абруч і дужка ад драўлянага вядра, білонавая падковападобная фібула, баявая сякера, невялікі бронзавы пласціністы бранзалет з канцамі ў выглядзе звярыных галовак, 2 пасудзіны. У другім кургане выяўлены тры пахаванні: у насыпе, на мацерыку, на пясчанай падсыпцы.

Могільнік датуецца ХІ стагоддзем, належаў крывічам.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]