Барсіпа

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
археалагічны помнік
Барсіпа
بورسيبا
Ruins of the ziggurat and temple of Nabu at Borsippa, Babylonia, Iraq.jpg
Руіны зікурата і храма Набу
32°23′31,19″ пн. ш. 44°20′30,8″ у. д.HGЯO
Краіна Flag of Iraq.svg Ірак
Месцазнаходжанне
Будаўніцтва канец 3 тысячагоддзя да н.э. — сярэдзіна 1 тысячагоддзя н.э.
Лагатып Вікісховішча Барсіпа на Вікісховішчы

Барсіпа (араб. بورسيبا‎‎) — помнік археалогіі ў Іраку на месцы старажытнага месапатамскага горада.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Барсіпа была заснавана ў перыяд трэцяй дынастыі Ура на канале Бурс на поўдзень ад ракі Еўфрат. Ужо ў перыяд кіравання Хамурапі яна ўзгадвалася як частка Вавілонскай дзяржавы, дзе адыгрывала ролю другога па значнасці горада пасля самога Вавілона. Набу, заступнік Барсіпы, стаў адным з найбольш шанаваных багоў Месапатаміі. Мясцовае свята ў гонар Набу і Ташмету супернічала па свайму размаху са святам у гонар Мардука і Cарпаніт у Вавілоне. Паміж Барсіпай і Вавілонам арганізоўвалася сакральная працэсія на чале са статуяй Набу. Такім чынам, лічылася, што бог-сын наведвае свайго бацьку Мардука. У XIX ст. да н. э. у цэнтры горада быў узведзены зікурат Эўрымінанкі, які поруч з храмам Набу з'яўляўся важным сакральным месцам.

Росквіт Барсіпы прыйшоўся на першую палову 1 тысячагоддзя да н. э., асабліва на гады кіравання Халдзейскай дынастыі. У 484 г. да н. э. горад моцна пацярпеў падчас задушэння персамі паўстання супраць Ксеркса, калі быў разбураны храм Набу. Але ён быў узноўлены і ўзгадваўся нават у сярэдзіне 1 тысячагоддзя н. э. Страбон паведамляў, што ў Барсіпе знаходзілася секта астролагаў. Пазней у ёй месцілася значная яўрэйская абшчына.

Заняпад горада адбыўся пасля арабскага заваявання Месапатаміі. Рэшткі Эўрымінанкі доўгія стагоддзі прыцягвалі да сябе вандроўнікаў. Некаторыя з іх прымалі іх за рэшткі Вавілонскай вежы.

Археалогія[правіць | правіць зыходнік]

Французская навуковая экспедыцыя ў Месапатаміі пачала раскопкі на месцы горада ў 1852 г. Аднак канчатковая ідэнтыфікацыя Барсіпы адбылася толькі ў 1854 г. дзякуючы Генры Роўлінсану, які адшукаў сведчанні рэстаўрацыі перыяду Навухаданосара II. У 1980-я гг. аўстрыйскія археолагі выявілі пабудовы 2 тысячагоддзя да н. э.

Археалагічны помнік складаецца з 2 пляцовак-узвышшаў. Найбуйнейшая паўночна-заходняя пляцоўка Ібрагім-Халіл знакаміта знаходкамі гліняных клінапісных таблетак падчас ракопак у XIX ст. Паўднёва-заходняя пляцоўка Бурс уяўляе сабою пагорак з рэшткамі зікурата Эўрымінанкі і храма Набу. У нашы дні вышыня зікурата складае каля 52 м. У перыяд Навухаданосара II яна дасягала прыкладна 70 м. Галоўная вежа Эўрымінанкі калісьці была абліцавана блакітнай кафляй. Для будаўніцтва зікурата і храма выкарыстоўвалася як сырцовая, так і абпаленая цэгла.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]