Перайсці да зместу

Трэцяя дынастыя Ура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Гістарычная дзяржава
Трэцяя дынастыя Ура
2112 да н. э. — 2004 да н. э.

Форма кіравання манархія
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Трэцяя дынастыя Ура, Ур III, шумера-акадскае царства — буйная старажытная дзяржава ў Месапатаміі ў канцы 3 тысячагоддзя да н. э.

Хаця горад Ур ужо ў 4 тысячагоддзі да н. э. з’яўляўся дастаткова буйным паселішчам сярод іншых шумерскіх гарадоў, асабістая манархічная дынастыя тут узнікла толькі каля 2600 г. да н. э. Першым вядомым валадаром, які меў тытул лугаль, быў Мескаламдуг[1]. Яго імя не ўваходзіла ў спіс валадароў Шумера, аднак было знойдзена на археалагічных артэфактах і надпісах на магільнях Ура. Яго нашчадак Мешанепада, што першым увайшоў у спіс лугаляў і кіраваў 80 гадоў, быў названы валадаром таксама Кіша і пераможцам Урука[2]. Апошні прадстаўнік першай дынастыі Балулу кіраваў 36 гадоў і быў пераможаны эламітамі.

З прадстаўнікоў другой дынастыі Ура (сярэдзіна 3 тысячагоддзя да н. э.) вядомы лугалі Нані і Мешкіангнана. Апошні быў пераможаны валадаром Адаба, які на некаторы час ператварыўся ў палітычны цэнтр паўднёвай Месапатаміі[3].

Трэцяя дынастыя Ура была заснавана пры невядомых абставінах у перыяд пасля заняпаду Акадскай імперыі. Некаторы час Шумер знаходзіўся пад кіраваннем дзяржавы гутыяў[4], але яна разглядалася як вельмі цяжкая і суправаджалася крызісам гаспадаркі. Відавочна, Ур, Урук і Лагаш, абароненыя забалочанымі землямі, пацярпелі ад нападаў гутыяў найменей за астатнія шумерскія гарады.

Каля 2109 г. да н. э. Утухегаль з Урука перамог апошняга валадара гутыяў і вызваліў Шумер ад іх улады. Утухегаль кіраваў 7,5 гадоў (з 2112 да н. э.). Пасля яго смерці ўлада перайшла да шагану (ваеннага адміністратара) Ур-Наму з Ура. Менавіта ён разглядаецца як заснавальнік трэцяй дынастыі[5]. У спісе лугаляў кажацца, што Урук пры гэтым быў зрынуты, але ў іншых крыніцах апавядаецца толькі пра перамогі Ур-Наму над гутыямі і Лагашам. Важнай для існавання моцнай дзяржавы аказалася заканадаўчая дзейнасць Ур-Наму. Ён вядомы як стваральнік аднаго з першых вядомых кодэксаў законаў.

Перыяд кіравання трэцяй дынастыі Ура адзначыў часавае адраджэнне ўплыву шумерскай культуры ў Месапатаміі і папярэднічаў узвышэнню Вавілона.

Выява Ур-Наму на цыліндрычнай пячатке

Ужо Ур-Наму, заснавальнік трэцяй дынастыі Ура, кантраляваў землі не толькі ў Шумеры, але і ў суседніх рэгіёнах. Ён меў афіцыйныя тытулы валадара Ура, валадара Шумера і валадара Акада. На самой справе, на поўначы яго ўлада распаўсюджвалася на частку тэрыторыі сучаснай Сірыі, а на ўсходзе — уздоўж рэчышча Дыялы[6]. Ур-Наму вёў надзвычай актыўную дзейнасць ва ўзнаўленні і будаўніцтве новых храмаў, каналаў, абарончых збудаванняў, пра што апавядаюць запісы самога валадара і яго пераемнікаў. Ён пачаў будаўніцтва знакамітага урскага зікурата. Кодэкс законаў Ур-Наму ўселяк падкрэсліваў справядлівасць лугаля. Аднак да самага канца яго кіравання знешняе становішча створанай ім дзяржавы заставалася няўстойлівым. Заснавальнік трэцяй дынастыі загінуў на 18 год свайго кіравання ў бітве, відавочна з гутыямі.

Статуэтка Шульгі з Суз

Наступным лугалем Ура, Шумера і Акада стаў Шульгі (20942046 гг. да н. э.), сын Ур-Наму і дачкі Утухегаля[7]. Пра першыя гады яго валадарства амаль нічога не вядома, акрамя яго дзейнасці па ўмацаванню культаў багоў і іх храмаў у Ніпуры і Уры. Аднак на 19 год свайго кіравання ён рэфармаваў войска, пасля чаго пачаў заваёўніцкую палітыку на поўначы Месапатаміі, дзе захапіў Ашур і умацаваў мяжу з Субарту, а таксама на ўсходзе ад Шумера, дзе скарыў Элам. Сузы былі акупаваны шумерамі. Шульгі ад свайго імя клапаціўся пра мясцовыя храмы. Астатнія эламскія землі апынуліся пад уладай мясцовых дробных князёў, якія прынялі тытулы энсі — намеснікаў лугаля. Заключаліся шлюбныя дамовы з больш далёкімі дзяржавамі Іранскага нагор’я. Каб спыніць напады амарэяў на поўнач ад Акада паміж Тыграм і Еўфратам быў пабудаваны доўгі мур (каля 250 км).

Для нармальнага функцыянавання адзінай дзяржавы Шульгі пашырыў сетку дарог. Уздоўж іх былі адчынены дзяржаўныя заезныя двары для вандроўникаў. Адбылася стандартызацыя мер і вагі[8]. Для падрыхтоўкі штата чыноўнікаў-пісцоў з’явіліся спецыяльныя школы эдуба. У канцы жыцця або ўжо пасля смерці Шульгі быў абагаўлёны[7]. Яму будаваліся храмы, яго імя было замацавана ў месапатамскай міфалогіі.

Наступныя прадстаўнікі трэцяй дынастыі Амар-Суэн (20462037 гг. да н. э.), Шу-Суэн (20372028 гг. да н. э.) і Ібі-Суэн (20282004 гг. да н. э.) імкнуліся працягваць палітыку сваіх папярэднікаў. Аднак яна ўжо не была паспяховай. Пацяпленне клімату ў канцы 3 тысячагоддзя да н. э.[9] выклікала засуху і падзенне ўзроўню Персідскага заліва, ад чаго Тыгр і Еўфрат змянілі рэчышчы. Гэтыя змены мелі кастрафічныя наступствы. У Шумеры пачаліся неўраджаі і голад. З усходу ўсё болей адчуваўся ціск качавых амарэяў, і Шу-Суэн быў вымушаны пабудаваць новы доўгі мур. Але амарэі перапраўляліся праз Тыгр, рухаліся ўздоўж яго ўсходняга берага і зноў перапраўляліся ўжо з усходу на поўдні, каб рабіць напады на паселішчы земляробаў. На 5 год кіравання Ібі-Суэна яны прараваліся праз мур і паралізавалі дастаўку збожжа ў Ур[10]. На ўсходзе адбывалася актывізацыя раней заваяваных эламітаў. У выніку лугалі былі вымушаны траціць значныя рэсурсы на несупынныя войны. Тым часам, у Шумеры і Акадзе пачаліся паўстанні і адпадзенне пэўных частак дзяржавы. Асабліва неспрыяльная сітуацыя склалася ў 20222018 гг. да н. э., калі падчас голаду, нападаў амарэяў і вайны ў Эламе Ібі-Суэну перасталі падпарадкоўвацца Эшнуна, Лагаш, Ларса, Ума і Ісін. Нягледзячы на гэта, лугаль здолеў умацаваць муры Ура і Ніпура і адтэрмінаваць заняпад дзяржавы.

У 2004 г. да н. э. валадар Элама з дынастыі Шымашкі стварыў моцную ваенную кааліцыю, узяў у аблогу Ур і захапіў яго. У шумерскай «Жалобнай песне аб Шумеры і Уры»[11] паведамляецца, што большасць гараджан не здолелі пакінуць горад і выратавацца ад ворагаў. Эламіты разрабавалі яго, вывезлі статую бога Сіна, што лічыўся заступнікам Ура, і ўзялі ў палон лугаля. Яго далейшы лёс невядомы. На некаторы час гегемонія ў Шумеры перайшла да Ісіна, чый уладар вярнуў статую Сіна з Элама і, відавочна, далучыў Ур да сваіх валоданняў, а потым да валадароў Ларсы. У XVIII ст. да н. э. галоўным палітычным цэнтрам Месапатаміі стаў Вавілон.

Таблетка з кодэксам Ур-Наму. Археалагічны музей у Стамбуле

Шумер і Акад эпохі трэцяй дынастыі Ура з’яўляўся спадчыннай манархіяй на чале аддзінага валадара з шумерскім традыцыйным тытулам луга́ль. Заснавальнік трэцяй дынастыі Ур-Наму называў сябе першапачаткова лугалям Ура, пасля смерці Утухегаля — лугалям Ура, Шумера і Акада. Шульгі і яго пераемнікі дадалі да тытула фармулёўку «валадар чатырох бакоў свету», як гэта калісьці рабілі манархі Акада, акрамя таго яны абагаўляліся пры жыцці[12]. Фармальна пры валадары мелася толькі адна валадарка — жонка або маці лугаля. У рэчаіснасці, у валадара было шмат наложніц рознага рангу. Адзін з іх лукур прыраўноўваў такіх жанчын да жрыц[13]. Дзеці лугаля таксама мелі пэўны ранг, так што спадчыннік трона быў вядомы да яго смерці. Частка дзяцей магла заняць пасады жрацоў найбольш важных храмаў. Напрыклад, старэйшая дачка лугаля па звычаю, заведзенаму яшчэ ў Акадскай імперыі, станавілася жрыцай у урскім храме Сіна. Астатнія займалі розныя дзяржаўныя пасады. Шульгі і яго нашчадкі імкнуліся заручыцца шлюбнымі дамовамі з кіраўнікамі найбольш важных правінцый і суседніх краін.

Шумер і Акад складалі аснову дзяржавы. Яны былі падзелены на 20 правінцый з адміністрацыйнымі цэнтрамі ў старажытных гарадах. У іх кіравалі мясцовыя цывільныя адміністрацыі на чале спадчынных валадароў энсі. Дзякуючы шлюбам з сям'ёй лугаля энсі звычайна былі яго сваякамі. Найбольш важнымі гарадамі былі Ур, Урук і Ніпур. Ур з’яўляўся сталіцай. Ніпур — рэлігійным і судовым цэнтрам, дзе лугаль у пачатку свайго кіравання шукаў прызнанне ў храме Энліля[14]. Асаблівы статус Урука тлумачыцца тым, што трэцяя дынастыя вызначала свой пачатак як ад Ур-Наму, так і ад Утухегаля. Кожная правінцыя выплочвала цэнтральным уладам натуральны падатак бала. Памежныя правінцыі ўзначальвалі прызначаныя лугалям ваенныя намеснікі шагін.

Для кантролю мясцовых адміністрацый быў створаны штат вандроўных чыноўнікаў сукал, якія выступалі ў якасці рэвізораў або пасланцаў цэнтра. Пасада сукалма, старшыні такіх чыноўнікаў, была адной з самых важных. Пры Шу-Суэне сукалма Арад-Нана[15] выконваў функцыі прэм'ер-міністра, меў тытул энсі Лагаша і з’яўляўся другім чалавекам у дзяржаве. К канцу існавання дзяржавы трэцяй дынастыі цэнтральны апарат моцна разросся, але не здолеў цалкам замяніць мясцовыя кіраўнічыя органы. Прычына пашырэння цэнтральнага апарата толькі часткова тлумачыцца імкненнем лугаля кантраляваць унутраны лад. Дзяржаўныя пасады ў Уры перадаваліся па спадчыне[16], таму рост сем'яў адміністратараў і чыноўнікаў прыводзіў да ўсё новых прызначэнняў.

Ужо пры Ур-Наму адбылася першасная кадыфікацыя дзяржаўнага заканадаўства[17]. Збор законаў заснавальніка трэцяй дынастыі дайшоў да нашага часу ў няпоўным выглядзе дзякуючы больш познім перапісчыкам. У прадмове да яго казалася, што Ур-Наму прымае законы для ўсталявання міру і справядлівасці. Галоўным суддзёй з’яўляўся сам лугаль. Судовымі справамі таксама займаліся энсі і шагін. Але меліся і прафесійныя суддзі ды-куд або часовыя суддзі машкім. Некаторыя злачынствы, напрыклад забойства, кодэкс Ур-Наму караў смерцю, але ў большасці выпадкаў прадпісваліся штрафы і кампенсаванні.

Аснову арміі трэцяй дынастыі Ура складала пяхота, ўзброеная дзідамі. У шумераў практыкавалася стандартызацыя ўзбраення[18]. Армія камплектавалася пераважна з жыхароў цэнтральных правінцый. Служба лічылася іх абавязкам. У некаторых выпадках да дзяржаўнай арміі далучаліся прыватныя ваенныя атрады. Для аховы гарадоў і памежжа будаваліся шматлікія ваенныя ўмацаванні. Іх аховай займаліся сталыя гарнізоны наёмнікаў, часам амарэяў і хурытаў, якія атрымоўвалі за службу харчовую выплату.

Таблетка са штогадовай гаспадарчай справаздачай часоў Амар-Суэна. Захоўваецца ў Луўры

Асновай эканомікі дзяржавы трэцяй дынастыі Ура, як і іншых старажытных дзяржаў, з’яўлялася сельская гаспадарка. Прычым, з-за асаблівасцей экалогіі і геаграфіі рэгіёна, найважнейшым было земляробства. У цэнтральных правінцыях жывёлагадоўля адыгрывала толькі дадатковы характар. Адгонная жывёлагадоўля развівалася пераважна на ўскраінах, у мясцовасцях, дзе пераважалі стэп, паўпустыні і балоты. Там існаваў спецыяльны падатак свойскай жывёлай, які выплочваўся як падатак на зброю для ваенных [19].

Галоўным прадуктам земляробства быў ячмень, што мог даваць паўнавартыя ўраджаі нават на часткова засоленых з-за памылак у ірыгацыі землях. Яшчэ да ўсталявання трэцяй дынастыі ўлады шумерскіх гарадоў імкнуліся ўрэгуляваць кошты. З-за адсутнасці манет, мерай разлікаў былі зліткі срэбра і іншых металаў. Нават такой простай металічнай валюты не хапала, і кошты вызначаліся ў аб'ёмах ячменя. У гады кіравання Ур-Наму вытворчасць збожжа ўзрасла, што прывяло да сапраўднай «інфляцыі» і рэзкаму ўздыму коштаў на мяса, якое выкарыстоўвалася для ахвярапрынашэнняў у храмах[20]. У далейшым дзяржава рэгулявала эканоміку праз вытворчасць у буйных гаспадарках. Пры гэтым, заўважна надзвычайная бюракратызацыя, выяўленая даследчыкамі ў шматлікіх справаздачах, што дайшлі да нашага часу.

Гаспадарчыя ўстановы дзяржавы трэцяй дынастыі можна ўмоўна падзяліць на палацавыя, храмавыя і прыватныя. Першыя і другія займалі вялікія абшары і, відавочна, былі асноўнымі вытворцамі сельскагаспадарчай прадукцыі. Пры іх таксама меліся рамесныя майстэрні, склады і пункты размеркавання. У іх вёўся падрабязны ўлік таго, што вытваралася, захоўвалася ці адпраўлялася ў іншыя месцы. Храмы валодалі буйнымі маёнткамі, аднак самі храмы кантраляваліся дзяржавай, таму іх маёнткі выконвалі дзяржаўныя функцыі[21]. Персанал, які працаваў у маёнтках, меў дастаткова складаную іерархію. На чале стаялі адміністратары га́нігена. На ніжэйшай прыступцы — простыя рабочыя гуру (мужчыны) і гемэ (жанчыны). Яны аб’ядноўваліся ў атрады, падобныя ваенным, нават званні тых, хто іх узначальваў, нагадвалі ваенныя. Звычайна, рабочыя выконвалі пэўныя абавязкі, але ў залежнасці ад сітуацыі маглі быць накіраваны на іншую працу. За гэта яны атрымоўвалі паёк у выглядзе збожжа і воўны, часам — алею, масла, фінікаў, піва і г. д. Работнікі і іншыя сяляне маглі арандаваць частку зямлі, за што аддавалі ўладальніку траціну ўраджаю.

У гарадах таксама меліся буйныя храмавыя і палацавыя прадпрыемствы. Так, у Уры дзяржаўны палац кантраляваў вытворчасць тканін. Дзяржава абмяжоўвала рух рамеснікаў з горада ў горад[22]. На буйных прадпрыемствах і будоўлях часцяком працавалі жанчыны. Іх заробак быў істотна меншым, чым у мужчын (напрыклад, у архіве Гаршаны Архівавана 4 снежня 2020. дзённы заробак жанчын на будоўле пазначаны як 3 л ячменю, а мужчын — 5 л[23]), аднак яны мелі магчымасць займаць пасады адміністратараў груп рабочых.

Дзейнасць дробных хатніх гаспадарак амаль не задакументавана, таму ў мінулым у даследчыкаў стваралася ўражанне, што яны не адыгрывалі істотнай ролі ў эканамічным развіцці. У нашы дні вучоныя часцей кажуць пра важнасць узаемадзеяння дробных і буйных гаспадарак. Экалагічныя ўмовы Месапатаміі, асабліва ў перыяд засухі, патрабавалі шмат клопату пра абрашэнне надзелаў. Фактычна ўстойлівая арганізацыя ірыгацыі клалася на буйныя храмавыя і палацавыя гаспадаркі. Частка іх зямельнага фонду перадавалася ў карыстанне жрацам, адміністратарам і сталым рабочым, якія акрамя дзённага пайка атрымоўвалі ўраджай з асабістых надзелаў. Раней лічылася, што рабочыя знаходзіліся ў прыгонным стане. Сучасныя даследаванні не падцвярджаюць гэтага[24]. Надзелы па-за межамі маёнткаў перадаваліся ў карыстанне прыдворным, чыноўнікам і сялянам. Вядомы ўзгадкі пра прыватныя гаспадаркі, уладальнікі якіх эксплуатавалі рабоў і нават трымалі свае ваенныя сілы. Але большасць сялян акрамя працы на сваіх надзелах была вымушана сезонна працаваць у буйных маёнтках, дзе іх дзённы поплатак быў нават вышэйшым, чым у рабочых. Надзелы перадаваліся па спадчыне, але не маглі прадавацца. Часам забарона на продаж абыходзілася шляхам дарэння. У гарадах розныя прафесійныя заняткі з’яўляліся спадчыннымі. Відавочна, прывтныя рамеснікі з’яўляліся асноўнымі вытворцамі тавараў паўседзённага ўжытку.

Палацы, храмы і прыватныя асобы эксплуатавалі не толькі наёмных рабочых, але і рабоў. У перыяд кіравання Шульгі паспяховыя ваенныя кампаніі дазвалялі ператвараць у рабоў палонных нам-ра-ак («здабычу»). Іх працай карысталіся на будоўлях, абслугоўванні ірыгацыйных сістэм, трымалі як хатніх служак і выкарыстоўвалі ў ваеннай справе. У сярэдзіне кіравання Амар-Суэна прыток палонных зменьшыўся, аднак рабства працягвала існаваць. Рабамі станавіліся дзеці рабоў і беднякі, што прадавалі сябе ў рабства з-за запазычанасці. Іх унёсак у эканоміку застаецца малавядомым. Асаблівасцю рабства ў Шумеры і Акадзе было тое, што рабы разглядаліся як малодшыя члены роду рабаўладальнікаў, а таму маглі займаць важныя пасады, вышэйшыя за пасады асабіста вольных людзей. Часцяком рабы працавалі за межамі гаспадаркі рабаўладальніка. У архіве Гаршаны ўзгадваюцца 175 рабоў прыдворнай сям'і Шу-Кабта, прыцягнутых для будоўлі далёка ад Ура[25]. Сярод іх былі кваліфікаваныя муляры і нават адміністратары. Яны атрымоўвалі паёк і заробак нароўні з наёмнымі рабочымі. Відавочна, потым увесь заробак або яго частка перадаваліся ўладальнікам. Тое, што рабы маглі займацца самастойнай дзейнасцю і накапліваць пэўную маёмасць, падвярджаецца фактамі выкупу рабамі саміх сябе з рабскага стану.

Эканоміка Месапатаміі перыяда трэцяй дынастыі не была замкнёнай, паколькі для яе развіцця патрабаваліся дадатковыя рэсурсы — драўніна, металы, будаўнічыя матэрыялы, каштоўныя камяні, араматычныя рэчывы і інш. Міжнародны гандаль знаходзіўся ў руках прафесійных гандляроў дамкара, якія з’яўляліся прыватнымі асобамі, самастойна карысталіся крэдытам і пазыкай, аднак былі шчыльна звязаны з буйнымі палацавымі і храмавымі гаспадаркамі[26]. Гандляры, што вялі гандаль з паўночнымі і заходнімі краінамі, вандравалі на рачных суднах па Еўфрату аж да Эмара, потым арганізоўвалі наземныя караваны з аслоў. Доступ рэсурсаў з Іранскага нагор’я стаў магчымым дзякуючы дынастычным сувязям з мясцовымі манархамі. Яшчэ адным важным гандлёвым шляхам быў марскі праз Персідскі заліў у краіны Маган (сучасны паўночны Аман) і Дыльмун. З Магана прывозілі медзь і дыярыт. Дыльмун з’яўляўся вызначальным пасрэдніцкім цэнтрам у сувязях з багатай краінай Мелуха (магчыма, Індскай цывілізацыяй). Для плаванняў на ўсход майстры з Ура будавалі вялікія караблі. Некаторыя з іх дасягалі водазмяшчэння 90 т[27]. Пашыраным таварам, што вывозілі з Месапатаміі, было збожжа. Другім важным таварам маглі быць тканіны, што тлумачыць хуткае развіццё ткацтва і авечкагадоўлі, якія стымуляваліся і кантраляваліся з боку дзяржавы.

Вялікі зікурат Ура

У адрозненні ад эпохі Акадскай імперыі, калі валадары імкнуліся замацаваць свой ваяўнічы вобраз, прадстаўнікі трэцяй дынастыі Ура паказвалі сябе як надзвычай набожныя стваральнікі, заўгодныя вышэйшым сілам. Таму яны актыўна займаліся будаўніцтвам, рэстаўрацыяй і ўзвядзеннем новых будынкаў. Пра гэта сведчаць як запісы, зробленыя ў гады іх кіравання і пазней, так і археалагічныя знаходкі. У першую чаргу, узводзіліся і ўзнаўляліся абарончыя збудаванні і храмы. Так, Ур-Наму клапаціўся пра муры Ура. Па загаду Шульгі і Шу-Суэна будаваўся доўгі мур паміж Тыграм і Еўфратам для стрымлівання амарэяў[28]. Нават у гады заняпаду Ібі-Суэн узнаўляў абарончыя збудаванні Ура і Ніпура.

Будаўніцтва храмаў мела не толькі рэлігійны, але і ідэалагічны сэнс. Найбольш знакаміты Этэменігуру — рэлігійны комплекс у Уры, прысвечаны яго заступніку богу Сіну, узведзены на штучным узвышэнні ў форме замкнёнага чатырохкутніка з 2 унутранымі дварамі і велічным зікуратам, што першапачаткова меў 64 м у даўжыню, 45 у шырыню, ад 20 м да 30 м у вышыню[29]. На поўдзень ад яго знаходзіліся Гіпару — комплекс з храма Нінгал і дома вялікай жрыцы, Ганунма (меркавана комплекс сховішчаў), Эхурсаг (храм і палац лугаля), вялікая магільня («маўзалей») Шульгі і яго нашчадкаў.

У перыяд трэцяй дынастыі адбыўся росквіт Ніпура — галоўнага рэлігійнага і судовага цэнтра Шумера. Яго плошча пашырылася да 135 га, а насельніцтва павялічылася прыкладна да 40 000 чалавек[30]. Канал падзяліў горад на выразна вызначаныя ўсходні і заходні сектары. Самыя вялікія грамадскія будынкі размяшчаліся на ўсходнім боку ў раёне, які звалі «злучэннем неба і землі». Пры Ур-Наму былі канчаткова вызначаны архітэктурныя формы Экур — храма, дзе па меркаванню шумераў жыў вярхоўны бог Энліль. Яго насыпны фундамент займаў прастору каля 2 262 м². Акрамя таго, у горадзе знаходзіліся зікурат, храмавыя комплексы багоў Інаны, Гулы і Нінурты. Храмы і зікураты будаваліся і ў іншых гарадах. Адзінае вялікае свецкае збудаванне, якое адносна добра захавалася да нашага часу, — палац Іль-Шуіліі, лугаля Эшнуны[31].

Матывы блізкасці валадароў да багоў і стварэння дзеля росквіту таксама адлюстраваны ў прыкладах тагачаснага мастацтва — рэлігійных статуэтках, барэльефах на сценах храмаў і каменных стэлах, выявах на цыліндрычных пячатках[19][32]. Так, на стэле Ур-Наму лугаль паказаны разам з багамі і рабочымі-будаўнікамі, паўтараныя матывы — яго сувязь з вадой, магчыма ўказанне на ўзнаўленне каналаў, закінутых пры гутыях.

Кантракт аб найманні з Гірсу на шумерскай мове, каля 2037 г. да н. э.

Перыяд трэцяй дынастыі стаў росквітам пісьмовасці і літаратуры на шумерскай мове. У наш час вядома болей за 120 000 дакументаў таго часу, і толькі каля 100 зроблены на акадскай мове, астатнія на шумерскай[33]. Гэты матэрыял складае самы вялікі корпус клінапісных тэкстаў у параўнанні з любым перыядам гісторыі паўднёвай Месапатаміі. Большасць тэкстаў захоўваліся ў цэнтральных або правінцыйных архівах і належалі да адміністрацыйных спраў.

Узнікненне такой колькасці пісьмовых крыніц стала магчымым дзякуючы пашырэнню адукацыі, якое адбылося пры Ур-Наму або Шульгі і павінна было забяспечыць дзяржаўны апарат, храмы і буйныя гаспадаркі пісьменнымі адміністратарамі. Што сабой уяўляла шумерская школа-эдуба ў эпоху трэцяй дынастыі, дакладна не вядома. Захаваліся прыклады болей позняга перыяду 2 тысячагоддзя да н. э., калі эдуба існавала часцей як прыватная ўстанова, дзе вывучалі клінапіс, шумерскую мову і матэматыку[34]. Праграма адукацыі была дастаткова складанай, у школе давалася болей ведаў, чым патрабавалася звычайнаму пісцу. Шумерскія школьнікі былі вымушаны браць частку заняткаў на дом у якасці хатніх заданняў[35].

Літаратура эпохі трэцяй дынастыі прадстаўлена рознымі па жанру творамі: эпічнымі казаннямі, складзенымі ў вуснай форме ў папярэднія перыяды, рэлігійнымі спевамі, разважаннямі, казкамі і г. д. Многія з іх адлюстроўвалі ідэалогію лугаляў Ура, якія імкнуліся злучыць сябе з прадстаўнікамі мінулых вядомых дынастый буйных шумерскіх гарадоў. Напрыклад, у спеве пра смерць Ур-Наму паведамлялася, што ён сустракаецца ў замагільным свеце з Гільгамешам. У песне, прысвечанай Шульгі, гаворыцца: «Хай мае гімны будуць ва ўсіх на вуснах; хай песні аб мне не сыходзяць з памяці»[36]. Амерыканскі ўсходазнавец Пётр Міхалоўскі нават высоўвае гіпотэзу пра тое, што пісцы трэцяй дынастыі наўмысна знішчылі літаратурныя творы Акадскай імперыі і перазапісалі старыя легенды на новы лад[19]. Пад уплывам новых літаратурных твораў шумерская пісьмовая мова зведала некаторыя змены. У прыватнасці з’явілася вытанчаная літаратурная мова эмэ-сал, на якой пісалі тэксты ад імя жанчын-гераінь.

Зноскі

  1. Treasures from the Royal Tombs of Ur, 1998. P. 25
  2. Petr Charvat, Three Kings of the Orient in Archaic Ur
  3. Ur
  4. GUTIANS
  5. Ur-Nammu
  6. Dictionnaire de la civilisation mésopotamienne / Francis Joannès (dir.). — Paris: Robert Laffont, 2001. P. 885 - 887
  7. а б Shulgi of Ur - Ancient History Encyclopedia
  8. The Mighty Deeds of King Shulgi of Ur, Master of Mesopotamian Monarchs
  9. Minna Silver (former Lönnqvist) MARDIN, Climate Change, the Mardu Wall, and the Fall of Ur
  10. Мохаммед К. Рокан, Падение города Ур и конец шумерского периода в Месопотамии в 2004 г. до н. э.(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 27 ліпеня 2020. Праверана 1 лістапада 2020.
  11. The lament for Sumer and Urim: translation
  12. Shulgi Ruler of Ur
  13. History of the Sumerian gods. Sumerian Gods, Gods and Goddesses Sumerian
  14. NIPPUR: THE RELIGIOUS CENTER OF MESOPOTAMIA
  15. Scribal social ranking in Sumerian society
  16. STEVEN J. GARFINKLE, WAS THE UR III STATE BUREAUCRATIC? PATRIMONIALISM AND BUREAUCRACY IN THE UR III PERIOD
  17. The Code of Ur-Nammu: When Ancient Sumerians Laid Down the Law, Everyone Obeyed
  18. Les Sumériens ont constitué la plus ancienne civilisation de l'histoire Архівавана 1 лістапада 2020.
  19. а б в Ur III: Continuity and Erasure
  20. Cripps Eric L., The Structure of Prices in the Ur III Economy: Cults and Prices at the Collapse of the Ur III State // Journal of Cuneiform Studies. Vol. 71, 2019. P. 53 – 76
  21. ROBERT K. ENGLUND UCLA, EQUIVALENCY VALUES AND THE COMMAND ECONOMY OF THE UR III PERIOD IN MESOPOTAMIA
  22. Rita P. Wright, Crafting Social Identity in Ur III Southern Mesopotamia Архівавана 12 лютага 2022.
  23. Robert McC. Adams, Slavery and Freedom in the Third Dynasty of Ur: Implications of the Garshana Archives Архівавана 25 кастрычніка 2020.
  24. R. de Maaijer, LAND TENURE IN UR III LAGAS
  25. Robert McC. Adams, Slavery and Freedom in the Third Dynasty of Ur: Implications of the Garshana Archives Архівавана 25 кастрычніка 2020.
  26. TRADE AND TRADERS OF MESOPOTAMIAN UR
  27. Postgate, J. Early Mesopotamia: Society and Economy at the Dawn of History. — New-York, London: Routledge, 1992. P. 218
  28. 7 Famous Border Walls
  29. The Great Ziggurat of Ur
  30. Nippur - UNESCO World Heritage Centre
  31. THE GIMILSIN TEMPLE AND THE PALACE OF THE RULERS AT TELL ASMAR
  32. Pitts, Audrey. The Cult of the Deified King in Ur III Mesopotamia
  33. Manuel Molina, Archives and Bookkeeping in Southern Mesopotamia during the Ur III period
  34. Christine Proust, Masters’ Writings and Students’ Writings: School Material in Mesopotamia
  35. Steve Tinney, TEXTS, TABLETS, AND TEACHING
  36. Sumerian literature
  • Довгяло, Г. История Древнего Востока / Г. И. Довгялло, О. В. Перзашкевич, А. А. Прохоров. — Минск: ТетраСистемс, 2002 ISBN 985-470-051-8
  • Treasures from the Royal Tombs of Ur / Ed. by R.L. Zettler and L. Horne. — UPenn Museum of Archaeology, 1998 ISBN 0-92-417154-5