Барысаўскае староства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Барысаўская воласць, пазней Барысаўскае староства — дзяржаўнае ўладанне ў Вялікім Княстве Літоўскім у XIV—XVIII стагоддзях. Займала ўсходнюю частку сучасных Барысаўскага і паўднёвую частку Крупскага раёнаў.

Напачатку воласць уваходзіла, верагодна, у Друцкае княства, у XV — 1-й палове XVI ст. — у Віленскае ваяводства. Даход з воласці ішоў на службовыя расходы віленскага ваяводы. У пачатку XVI ст. частка тэрыторыі воласці ў выніку велікакняжацкіх падараванняў ператварылася ў прыватныя маёнткі. Пазней Барысаўская воласць ператворана ў староства, якое перадавалася ва ўмоўнае ўладанне буйным феадалам. Першымі старостамі былі віленскія ваяводы Мікалай Радзівіл Чорны і Мікалай Радзівіл Руды, потым знаходзілася ва ўмоўным уладанні нашчадкаў апошняга. Паводле адміністрацыйнай рэформы ВКЛ 1565—66 большая частка староства увайшла ў Аршанскі павет, астатняя, на правым беразе ракі Бярэзіна, — у Менскі павет. У XVII ст. некаторыя маёнткі Барысаўскай воласці вылучыліся ў самастойныя ўладанні, засталося каля 50 населеных пунктаў, найбуйнейшымі з якіх у XVIII стагоддзі былі горад Барысаў і мястэчкі Барань, Лошніца, Нача, Неманіца, Ухвала. У XVIII стагоддзі староства трымалі Агінскія, потым зноў Радзівілы.

3 1793 года тэрыторыя староства апынулася ў складзе Расійскай імперыі. У 1798 годзе са складу староства вылучаны ў якасці павятовага цэнтра Барысаў, а само яно ў колькасці 8 тысяч душ мужчынскага полу падаравана ў прыватную ўласнасць Міхалу Радзівілу.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 2: Аршыца — Беларусцы / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1996. — 480 с.: іл. ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8