Аршанскі павет (Вялікае Княства Літоўскае)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Аршанскі павет
Краіна Flag of the Grand Duchy of Lithuania 1578.svg Вялікае Княства Літоўскае
Уваходзіць у
Адміністрацыйны цэнтр Орша
Насельніцтва гл. Насельніцтва
Аршанскі павет на карце
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Арша́нскі паве́т — адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў XVI—XVIII стст. у складзе Віцебскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага. Адміністрацыйны цэнтр — горад Орша. Назва Аршанскі павет ужывалася з XVI ст.[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Папярэднікам Аршанскага павета было Аршанскае (Рошскае) намесніцтва, утворанае ў 1392 г. пасля прамога падпарадкавання Воршы вялікаму князю літоўскаму Вітаўту. Верагодна, яно ўваходзіла ў склад Віцебскага княства і падзялялася на шэраг валасцей. У XV—пачатку XVI стст. значная іх частка шляхам вялікакняжацкіх пажалаванняў перайшла ва ўласнасць буйных феадалаў (пераважна праваслаўных князёў). Князі Друцкія-Пуцяцічы набылі Басею, Горкі, Горы, Шышава, князі Друцкія-Бабічы — Брухава, Куцейна, Ламачын, Мошкава, Прыхабы, Судзілавічы, Сялец, князі Адзінцэвічы — Гальцова, Рэпухаў. Воласці КопысьБаранню) і Раманава перайшлі да князёў Гальшанскіх. Каталіцкім панам Гаштольдам належаў Шклоў, Глябовічам — Дуброўна і Расасна. Маёнткам Межава валодаў пан П. Фурс, потым — князі Заслаўскія. У падпарадкаванні аршанскага намесніка да пачатку XVI ст. засталіся Бабіна, Баева, Дзевіна і Заазер’е. Велікакняжацкай уласнасцю заставаліся Смаляны, пакуль у 1543 г. каралева Бона Сфорца не прамяняла іх князю Сангушку. Невядомы ў гэты час статус Любавіцкай воласці, якая пазней належала панам Сцяцкевічам-Заверскім.

Пасля захопу Смаленскага ваяводства Вялікім Княствам Маскоўскім Аршанскі павет стаў пагранічным і неаднойчы быў тэатрам ваенных дзеянняў паміж войскамі ВКЛ і ВКМ. Так, на працягу 15081564 гг. маскоўскія войскі 6 разоў захоплівалі і спусташалі Оршу і яе ваколіцы, тройчы даходзілі да Друцка, двойчы — да Шклова і Копысі. На р. Крапіўна адбылася Аршанская бітва 1514 г.

Паводле адміністрацыйнай рэформы ВКЛ 1565—1566, памеры Аршанскага павета значна павялічаны. У яго ўвайшлі былое Лукомскае княства з буйным маёнткам Чарэя, Барысаўскае староства (да р. Бярэзіна), паўднёвай частка былога Аболецкага павета з Алексінічамі, Беліцай і Палоннам, уся тэрыторыя Друцкага княства ад Бабра да Стараселля, далучаны таксама Магілёўскае староства, Любашанская і ўсходняя частка Свіслацкай валасцей, шэраг прыватнаўласніцкіх маёнткаў уздоўж Дняпра (Баркалабаў, Буйнічы, Быхаў, Новы Быхаў) і на захад ад яго (Цяцерын з Бялынічамі, Галоўчын з Княжыцамі). У ваенных адносінах шляхецкае апалчэнне (харугва) Аршанскага павета падпарадкоўвалася віцебскаму ваяводу, буйныя магнаты выстаўлялі свае атрады асобна. Сцягам Аршанскага павета была харугва зялёнага колеру з выявай «Пагоні», аднолькавая з харугвай Віцебскага павета. У канцы XVI—1-й палове XVII стст. на тэрыторыі павета сфарміравалася латыфундыя паноў Сапегаў, якім належалі частка Лукомскага княства, Чарэя з Худавам, Талачын і Стараселле з вялікай часткай Друцкага княства, Цяцерын з Бялынічамі і Круглым, часткі Басеі, Гор, Горак і Шышава, Аршанскае і Магілёўскае староствы, Любашанская воласць. Буйнымі землеўладальнікамі былі князі Галоўчынскія (Галоўчын, Княжыцы, Новы Быхаў), Друцкія (ч. Друцка, Горь/, Саколіна), Зіноўевічы (Беліца), Лукомскія (ч. Лукомля, Мялешкавічы, Шчыдуты), Сангушкі (Абольцы, Брухава, Крупкі, Смаляны), Сцяцкевічы-Заверскія (Баркулабаў, Любавічы, Расасна, Чаркасаў), паны Глябовічы (Беліца, Дуброўна, Расасна), Радзівілы (Барысаўскае староства, Барань, Копысь, Рачанава), Хадкевічы (Бобр, Быхаў, Шклоў). Акрамя таго ў Аршанскім павеце налічвалася некалькі дзесяткаў дробных маёнткаў мясцовай шляхты.

На тэрыторыі павета здаўна існавалі праваслаўныя манастыры Чарэйскі Свята-Троіцкі і Магілёўскі Пячэрскі. У 1620-я г. ў адказ на каталіцкую экспансію створаны Куцеінскі (каля Оршы), Буйніцкі і Баркулабаўскі праваслаўныя манастыры. Адначасова ўзнікалі (пераважна ў маёнтках магнатаў) каталіцкія касцёлы і кляштары. Так, Сапегі заснавалі каталіцкія кляштары ў Быхаве (каля 1620 г.), Бялынічах (1623 г.), Чарэі і Беліцы. З’явіліся каталіцкія кляштары і ў Оршы: базыльянскі (1642), дамініканскі (1650), бернардзінскі (1653). З канца XVI ст. існаваў кляштар у Лукомлі, з 1653 г. — у Чавусах. Касцёлы ўзніклі ў большасці мястэчкаў, што дазволіла стварыць у складзе Віленскага біскупства асобны Аршанскі дэканат (ахопліваў Аршанскі павет і суседняе Мсціслаўскае ваяводства). Быў заснаваны і Аршанскі езуіцкі калегіум з вялікімі зямельнымі ўладаннямі. Да езуіцкага калегіума ў Вільні перайшоў ад Сапегаў маёнтак Пачаевічы. Да пачатку XVII ст. найбуйнейшым горадам павета стаў Магілёў, які ў 1561 г. атрымаў права на войтаўства (гарадское кіраванне), а ў 1577 г. поўнае самакіраванне — магдэбургскае права і герб. Такімі ж правамі карысталіся Барысаў і Орша1620 г.). Гандлёва-рамеснымі цэнтрамі павета былі прыватнаўласніцкія мястэчкі Бобр, Быхаў, Бялынічы, Галоўчын, Горы-Горкі, Копысь, Лукомль, Раманава, Стараселле, Талачын, Шклоў, пазней Крупкі, Халопенічы, Чавусы.

Паўднёвая частка павета была арэнай баявых дзеянняў казацкіх загонаў С. Налівайкі (1595) і т.зв. «вайны за Маларосію» (з 1648 г.). У 1654 г. амаль увесь павет заняты рускімі войскамі і заставаўся ў іх руках да 16601661 гг. У 1655 г. каля мястэчка Шапялевічы рускія разбілі войска ВКЛ. У 1660 г. на р. Бася адбылася бітва, у якой войска ВКЛ на чале з П. Сапегам і С. Чарнецкім разбіла маскоўскае войска князя Ю. Далгарукава  (руск.). Вайна прычыніла павету моцнае спусташэнне. Сойм ВКЛ 1661 г. характарызаваў стан павета як «ушчэнт разбураны і спалены»[2], а колькасць дымаў скарацілася на 67 %[3]. Да канца XVII ст. яе вынікі былі ў асноўным пераадолены. З’явіліся новыя кляштары ў Дуброўне (1674 г.), Галоўчыне і Княжыцах (1681 г.), Оршы (1680 г., францысканскі). Колькасць касцёлаў у межах павета да 1669 г. дасягнула 17. Да канца XVII ст. старыя магнацкія латыфундыі ў асноўным распаліся, за выключэннем уладанняў Сапегаў, якія ахоплівалі Стары і Новы Быхаў з Тайманавам, Баркулабаў з Буйнічамі, частку Галоўчына, Беліцу, Бобр, Горы з Горкамі, Чарэю з Мялешкавічамі. Частка спадчыны князёў Галоўчынскіх (Галоўчын, Княжыцы) мерайшла да Пацаў. Акрамя таго, мелася каля 150 шляхецкіх маёнткаў (буйнейшыя ўладальнікі Баратынскія, Галімскія, Кміцічы, Падбярэзскія, Халецкія і інш.) і вялікія дзяржаўныя воласці (староствы) — Барысаўскае, Любавіцкае, Любашанскае, Магілёўскае, Свіслацкае. 3 пачатку XVIII ст. павет зноў стаў арэнай ваенных дзеянняў спачатку паміж магнацкімі групоўкамі К. Я. Сапегі і Р. Агінскага (1700 г.), потым паміж войскамі шведскага караля Карла XII і рускага цара Пятра I (17051708 гг.). Адбыліся і ўзброеныя выступленні сялян у Дуброўне (1701 г.) і Быхаве (1702 г.). Сярод землеўладальнікаў Аршанскага павета ў XVIII ст. па-ранейшаму дамінавалі Сапегі, у 2-й палове XVIII ст. значную маёмасць набылі князі Агінскія (Барысаўскае староства, Бобр, Бялынічы, Свіслач, Цяцерын). У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) большая частка павета (да р. Друць) адышла да Расійская імперыі, дзе была ўтворана Аршанская правінцыя. Астатняя частка павета (з цэнтрам у Халопенічах) праіснавала да 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793 г.).

У складзе Расійскай імперыі Орша стала цэнтрам новага Аршанскага павета, які ў параўнанні з паветам Вялікага Княства Літоўскага быў значна паменшаны па памерах.

Ураднікі[правіць | правіць зыходнік]

Падстаростамі былі В. Цяпінскі (1578), П. Кубліцкі (1599), А. Падбярэзскі (1614), Я. Друцкі-Любецкі (1625-34), П. Галімскі (1651); павятовымі маршалкамі — П. Ю. Друцкі-Саколінскі (1569—75), Ц. Ю. Друцкі-Саколінскі (1575—85), Р. Падбярэзскі (з 1585),Б. А. Лукомскі (1591), М.Друцкі-Саколінскі (1591—1605), Я. Друцкі-Горскі (1605—19), Я. Курч (1619), С. Сангушка (1620), Я. Ю. Друцкі-Саколінскі (1622—48), П. Галімскі (1653); павятовымі харунжымі — Я. В. Сцяцкевіч-Заверскі (1629—31), Ю. Горскі (1639), С. Галоўчынскі (1640—44), М. Галоўчынскі (1644—58); земскімі суддзямі — Б. А. Лукомскі (1580—91), А. В. Варапай (1599—1615), I. Б. Лукомскі (1620—25), Я. Цеханавецкі (1635), М. Баратынскі (1638— 42).

Зноскі

  1. Насевіч В. Л. Аршанскі павет. // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.1: А — Аршын / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 1. — С. 542. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0036-6 (т.1).
  2. Volumina legum: przedruk zbioru praw staraniem xx. pijarow w Warszawie od r. 1732 do r. 1782 wyd. T. 4. — Petersburg: J. Ohryzko,1859. — 518 s. — S. 386—389.
  3. Morzy, J. Kryzys demograficzny na Litwie i Białorusi w II połowie XVII wieku / Józef Morzy. — Poznań: Uniwersytet im. Adama Mickiewicza, 1965. — 405 s. — Tabl. 22, 24. — (Prace Wydziału Filozoficzno-Historycznego — Uniwersytet im. Adama Mickiewicza w Poznaniu. Historia 21).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]