Батакі (Палаван)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
У гэтага паняцця ёсць іншае значэнне Батакі Суматры.
Батакі
Фота 1913 г.
Агульная колькасць 3 900 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання Палаван
Мова бінатак
Рэлігія політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы тагбануа, палаванцы

Бата́кі — малы народ на востраве Палаван (Філіпіны). Агульная колькасць (2023 г.) — 3 900 чалавек[1].

Хаця мова бінатак, на якой размаўляюць батакі, належыць да аўстранезійскай сям'і моў, яны значна адрозніваюцца ад іншых карэнных жыхароў Палавана сваім абліччам. З-за нізкага росту, кудлатых валасоў і цёмнай скуры іх звычайна адносяць да негрыта, якія лічацца прамымі нашчадкамі першых насельнікаў Паўднёва-Усходняй Азіі. Генетычныя даследаванні паказалі блізкасць батакаў да іншых негрыта Філіпінаў, але разам з гэтым — актыўнае змешванне з суседнімі народамі, што адбываецца на працягу стагоддзяў.

Першасна батакі насялялі землі ў вусцях рэк каля сучаснага горада Пуэрта-Прынсеса. Яны вялі вандроўны лад жыцця, займаліся збіральніцтвам, паляваннем і рыбалоўствам. Частку прадуктаў збіральніцтва абменьвалі на металічныя прылады гандлярам з Сулу. Каланізацыя ўзбярэжжа выклікала зыход батакаў углыб вострава. У XX ст. яны пасяліліся ў сталых вёсках, сталі займацца земляробствам. Тым не меней, батакі захавалі пэўную ізаляванасць і многія рысы папярэдняй вандроўнай культуры. Жывуць у каркасных хацінах, што нагадваюць навес над вогнішчам. Аснову харчавання складаюць клубневыя культуры. Застаюцца важнымі збор ляснога мёду і смалы, якія абменьваюць на рыс і прадметы побыту.

Шлюбны ўзрост юнакоў вызначаецца палавым сталеннем. У мінулым былі забаронены шлюбы са сваякамі, у тым ліку стрыечнымі. Практыкавалася палігінія, калі лепшыя здабытчыкі жаніліся на некалькіх жанчынах. У нашы дні з-за скарачэння насельніцтва шлюбы са стрыечнымі сваякамі ўжо не з'яўляюцца рэдкасцю. З-за ўплыву каталіцызма адбылася адмова ад шматжонства.

Традыцыйная рэлігія батакаў заснавана на веры ў шматлікіх багоў і духаў прыроды, шкодную і лекавую магію. Лічыцца, што пасля смерці душа трапляе ў Басад, свет багоў, дзе пасля суду памяшчаецца на нябёсы або скідваецца ўніз. Лекаваннем і арганізацыяй рытуалаў займаецца шаман байлан. Частка вернікаў спавядае хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]