Тагбануа

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Тагбануа
(Tagbanwa)
Агульная колькасць 15000 (2023 г.)
Рэгіёны пражывання Палаван
Мова мовы тагбануа
Рэлігія політэізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы батакі, палаванцы

Тагба́нуа (саманазва: Tagbanwa) — карэнны народ вострава Палаван (Філіпіны). Агульная колькасць (2023 г.) — 15 000 чалавек[1].

Некаторыя архаічныя рысы культуры і даволі цёмны колер скуры тагбануа спарадзіў сярод даследчыкаў гіпотэзу пра тое, што іх непасрэдныя продкі папярэднічалі масавай міграцыі аўстранезійцаў на Філіпіны і такім чынам з'яўляюцца адным з найстаражытнейшых народаў гэтай краіны. Аднак пакуль гэтая здагадка не мае дастаткова пераканаўчых доказаў.

Тагбануа традыцыйна насялялі цэнтральную і паўночную часткі Палавана, а таксама дробныя астравы на паўночны захад ад яго. Яны не мелі адзінай сацыяльнай арганізацыі накшталт племяннога аб'яднання. Агульная назва была дадзена ім звонку і, відавочна, значыць «вясковыя жыхары». Вылучаюцца 3 розныя этнаграфічныя групы. Кожная з іх размаўляе на асабістай мове аўстранезійскага паходжання. Мовы тагбануа вельмі блізкія лексічна, аднак адрозніваюцца танальна, так што носьбіт адной мовы не заўсёды можа зразумець носьбіта іншай.

Да прыходу еўрапейцаў тагбануа мелі актыўныя кантакты з дзяржавамі Паўднёва-Усходняй Азіі, ведалі металы, карысталіся асабістым пісьмом на аснове старажытнага індыйскага пісьма. Першы кантакт з еўрапейцамі адбыўся падчас наведвання Палавана экспедыцыяй Магелана. Болей актыўнае ўзаемадзеянне з вонкавым светам пачалося з пачатку XX ст., калі на землях тагбануа была пабудавана выпраўленчая калонія. У 19021903 гг. тубыльцы моцна пацярпелі ад эпідэмічных захворванняў. Паступова яны выціскаліся з карэнных тэрыторый або былі вымушаны асімілявацца. У 1910 г. для іх былі вылучаны землі ў якасці рэзервацыі. У 1989 г. на востраве Карон была вылучана тэрыторыя (каля 22 тысяч га зямлі і мора), што набыла статус «родавай сядзібы».

Традыцыйнымі заняткамі тагбануа былі падсечнае земляробства, рыбалоўства, збіральніцтва і паляванне. Такія прадукты збіральніцтва, як мёд, смала і ратанг, звычайна абменьваліся на вонкавыя тавары. Палявалі з дапамогай духавой трубкі і стрэл. Антоніа Пігафета апісаў звычай кроўнага яднання, калі дамова паміж двума бакамі замацоўвалася ўзаемным пацісканнем парэзаных далоней.

У мінулым тагбануа спавядалі рэлігію, заснаваную на веры ў багоў-заступнікаў, духаў прыроды і памерлых. У нашы дні шырока распаўсюджана хрысціянства.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]