Бегемот

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Бегемот
Hippopotamus amphibius - Homosassa Springs Wildlife State Park, Florida - 2010-01-13.jpg
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Hippopotamus amphibius (Linnaeus, 1758)

Падвіды
  • Hippopotamus amphibius amphibius (Linnaeus, 1758)
  • Hippopotamus amphibius capensis Desmoulins, 1825
  • Hippopotamus amphibius kiboko Heller, 1914
  • Hippopotamus amphibius tschadensis Schwarz, 1914
  • Hippopotamus amphibius constrictus Miller 1910
Арэал
выява

  Сучасная вобласць распаўсюджання

  Былая вобласць распаўсюджання

Ахоўны статус
Status iucn3.1 VU ru.svg Знаходзяцца ва ўразлівым становішчы
Уразлівыя
IUCN 3.1 Vulnerable : 10103
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на Вікісховішчы
ITIS   625024
NCBI   9833
EOL   311532
Самка звычайнага бегемота з дзіцянём.

Бегемот, або гіпапатам[1] (Hippopotamus amphibius) — буйное, усёеднае (у асноўным траваеднае) млекакормячае з атраду парнакапытных, падатрад свінападобных (няжвачных), сямейства бегемотавых. Да цяперашняга часу захаваліся два віды гэтага сямейства. Другі, апроч гіпапатама, і малавядомы від — карлікавы бегемот (Choeropsis liberiensis).

Навуковая назва з'яўляецца лацінізаванай формай грэчаскага слова ἱπποπόταμος, што азначае «рачны конь». Нягледзячы на гэтую назву, бегемот звязаны таксонаметрычным сваяцтвам не з коньмі, а з кітападобнымі і, троху болей аддалена, са свіннямі і пекары.

Слова «бегемот» мае біблейскае паходжанне.

Знешні выгляд, фізіялогія[правіць | правіць зыходнік]

Знешнасць своеасаблівая і цяжка ўявіць роднасць бегемота з іншымі капытнымі. Вышыня не болей за 1,5 м (вышыня карлікавага — 70-80 см), але маса дасягае 3-3,5 тон (карлікавага — 200—250 кг), такім чынам, вага бегемота супастаўляльная з вагою слана.

Тулава вельмі тоўстае, галава вялізная, шыя кароткая (знешне падаецца, што яе наогул няма), морда доўгая і шырокая адначасова, пашыраецца на канцы. Вочы і вушы маленькія, прычым вочы і ноздры размешчаны на верхняй частцы галавы.

Пашча шырокая, разцы вялікія (40-50 см). Ногі кароткія і тоўстыя, канчаюцца кароткімі пальцамі з маленькімі капыткамі. Хвост вельмі кароткі. Цела пакрытае тоўстай голай скурай шэрага колеру. Скура добра рэгенеруе, раны і драпіны гояцца вельмі хутка. Глыбокіх ран нанесці немагчыма, бо пад скурай тоўсты тлушчавы пласт, які абараняе ўнутраныя органы.

Пот у бегемота чырвонага колеру, таму ў спякоту здаецца, быццам жывёла зыходзіць крывёю.

Страваванне[правіць | правіць зыходнік]

Бегемот не можа паўторна пераварваць ежу, у адрозненне ад жвачных, яго страўнік мае складаную структуру — 3 камеры. Пабочным прадуктам стрававання з'яўляецца вялікая колькасць газаў, ад якіх жывёла пазбаўляецца, шырока адкрываючы пашчу.

Арэал[правіць | правіць зыходнік]

Абодва віды жывуць у Афрыцы. Звычайны бегемот жыве па ўсім кантыненце, за выключэннем крайняй поўначы, арэал карлікавага абмежаваны трапічным поясам (Нігерыя, Ліберыя, Сьера-Леонэ, Гвінея). Бегемоты моцна прывязаныя да вады, таму сустракаюцца толькі па берагах рэк з павольным цячэннем і на балотах. Жывуць статкамі па 10-30 галоў (многія дарослыя самцы трымаюцца асобна).

Лад жыцця[правіць | правіць зыходнік]

Большасць часу бегемоты або кормяцца на беразе (звычайна ў цёмны час сутак), або адпачываюць у вадзе (днём). На беразе бегемоты павольныя і рухаюцца няспешным крокам. У месцах, дзе жывёлы бываюць часта, яны пратоптваюць сцежкі, прычым глыбіня каляіны можа дасягаць 0,5 м. У выпадку небяспекі бегемоты бягуць да вады з хуткасцю да 40 км/г. Гэта значыць, бегемот можа бегчы ў некалькі разоў хутчэй за чалавека. Бегемоты добра плаваюць, перабіраючы нагамі па дне. Могуць правесці пад вадою 3-5 хвілін не вынырваючы, нават спяць у воднай тоўшчы, аўтаматычны падымаючыся на паверхню дзеля ўдыху.

Статак бегемотаў

Звычайна бегемоты флегматычныя, у статку рэдка бываюць канфлікты, але спакой падманлівы. Бегемот лёгка можа расправіцца з львом, чалавекам і нават кракадзілам, якога прыняў за пагрозу. Тым жа часам зафіксавана шмат выпадкаў, калі бегемоты праяўлялі кранальны клопат пра антылопаў і зебраў, ратуючы іх ад кракадзілаў. Такія паводзіны выходзяць за межы біялагічнай мэтазгоднасці, і навукоўцы не могуць іх растлумачыць.

Рацыён[правіць | правіць зыходнік]

Корміцца бегемот амаль выключна травой. За суткі можа з'есці да 40 кг зеляніны.

Бегемот і чалавек[правіць | правіць зыходнік]

У старажытнасці[правіць | правіць зыходнік]

Паляванне афрыканскіх абарыгенаў на бегемота

Мясцовае насельніцтва не часта палявала на бегемотаў, гэта амаль не дазваляла прымітыўная зброя. Аднак ужо ў Старажытным Егіпце на яго палявалі з дапамогай гарпуноў, бо бегемот спустошваў палі. Сцэны палявання на бегемота знойдзены на насценных роспісах у грабніцы Тутанхамона. Бегемот у старажытнаегіпецкай міфалогіі ўвасабляў «Вялікую Маці» Аменці, «падаўніцу вод». Вялізны жывот бегемота нагадваў цяжарнасць жанчыны, таму багіня-заступніца Таўрэт (Таўрт, Таварэт, Таэрыс) выяўлялася бегемотам з жаночымі грудзямі, які трымаў «са-шлейф» (папірус ці амулет, якія сімвалізаваў абарону, бяспеку жанчын і дзяцей). Фігуры Таўрэт усталёўваліся на ложку дзеля бласлаўлення будучай маці. Чырвоны гіпапатам сімвалізаваў бога Сэта, а сцягно чырвонага бегемота — фалічную нагу Сэта, яго сілу, мужнасць. Нярэдка Сэта суправаджала багіня-гіпапатам. Ужо пры Старым Царстве адзначалі свята, на якое фараон забіваў белага бегемота. Пры гэтым лічылася, што фараон — гэта Гор, якія забівае Сэта. У храме Эдфу многія роспісы паказваюць, як Гор забівае грэшнікаў у абліччы бегемотаў.

У старажытных іудзеяў бегемот увасабляў сілы зямлі, у процівагу Левіяфану, які ўвасабляў сілы мора, і Зіз, якая сімвалізавала сілу паветра. Кніга Іова апісвала «бегемота» як пражэрлівую пачвару, падобную да гіпапатама. Чакалася, што пры «канцы свету» «бегемот» прыйдзе як увасабленне зла.

XIX—XX ст.[правіць | правіць зыходнік]

Свайго росквіту паляванне на бегемотаў дасягнула ў часы каланізацыі Афрыкі. Бегемот стаў крыніцай не толькі ядомага мяса, але і цвёрдай скуры, высакакласнай косткі, якая па сваіх уласцівасцях набліжалася да слановай. У выніку плошча арэалу бегемотаў скарацілася ў дзесяткі разоў.

У няволі бегемоты жывуць у заапарках і размнажаюцца. Працягласць жыцця бегемота ў няволі дасягае 50 гадоў, на волі — 30-40 гадоў. Карлікавыя бегемоты вельмі рэдкія і знаходзяцца пад аховай.

Паводле статыстыкі, бегемот сярод усіх афрыканскіх жывёл з'яўляецца лідэрам паводле колькасці забітых людзей. Спецыяльнае даследаванне зафіксавала на тэрыторыі адной толькі Кеніі 4493 інцыдэнтаў, калі бегемот праяўляў агрэсію да чалавека.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Напісанне Бегемот, Гіпапатам у адпаведнасці з БЭ ў 18 тамах., Т.2. Мн., 1996, С.370

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Chris & Tilde Stuart: Field Guide to the Larger Mammals of Afrika. Struik, 2000, ISBN 1-86872-534-0
  • Ronald M. Nowak: Walker's Mammals of the World. Johns Hopkins University Press, 1999 ISBN 0-8018-5789-9
  • Almuth Behrmann: Das Nilpferd in der Vorstellungswelt der Alten Ägypter, Bern 1989, ISBN 3-631-48964-1

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]