Старое царства (Егіпет)
Старое царства, ці Старажытнае царства — эпоха ў гісторыі Старажытнага Егіпта паміж 28—23 стст. да н.э., час праўлення III, IV, V і VI дынастый.
Аддзяленне Старога царства ад папярэдняга яму Ранняга царства, ці раннедынастычнага перыяду, з'яўляецца ўмоўным: III дынастыя, з якой пачынаецца Старое царства, роднасная II дынастыі, а сталіцай Егіпта заставаўся Мемфіс.
У час Старога царства дзяржава зведала эканамічны і культурны ўздым. Адзінства Егіпта ўвасаблялася ва ўладзе фараона, які быў неабмежаваным гаспадаром усёй краіны.
Побач з абшчынным узнікла прыватнае землеўладанне, умацаваўся бюракратычны апарат, створана пастаяннае войска. Неабмежаваная ўлада фараонаў выявілася ў будаўніцтве пахавальных пірамід (Хеопса, Хефрэна, Мікерына і інш.).
Распаўсюдзіўся культ бога Ра, егіпецкія цары называлі сябе яго сынамі. У гэты перыяд узмацніліся палітычныя і эканамічныя сувязі Егіпта з Фінікіяй і краінай Куш (у Нубіі). Фараоны Снофру і Сахура рабілі ваенныя набегі на Фінікію, адкуль дастаўлялі драўніну для будаўніцтва караблёў. З Куша паступалі золата, слановая косць, жывёла, духмяныя рэчывы, рабы. З цягам часу ўлада фараонаў прыйшла ў заняпад і дзяржава распалася на номы.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Егіпет Старажытны // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 6: Дадаізм — Застава / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 1998. — Т. 6. С. 369—374.