Перайсці да зместу

Беларусізацыя ў Смаленскай губерні

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Беларусіза́цыя на Смале́ншчыне — комплекс дзяржаўных і культурна-асветніцкіх мерапрыемстваў у межах агульнасавецкай нацыянальнай палітыкі карэнізацыі, ініцыяваны ў 1920-я гады з мэтай культурнага адраджэння беларускага народа, забеспячэння яго права на адукацыю і развіццё на роднай мове ў Смаленскай губерні РСФСР.

Запачаткаваная цэнтральнымі ўладамі і кіраўніцтвам БССР, гэта палітыка сутыкнулася з непрыняццем і свядомым сабатажам з боку мясцовай расійскай адміністрацыі. Баючыся страты пасад і магчымага перападпарадкавання рэгіёну Менску замест Масквы, смаленскае чыноўніцтва ўсяляк блакавала працэс. Мясцовыя ўлады часта скажалі дэмаграфічныя звесткі, спекулюючы на нізкім узроўні нацыянальнай самасвядомасці беларускага сялянства і ігнаруючы навуковыя даследаванні мінулых эпох, якія даказвалі беларускі характар рэгіёну[1][2].

Перадумовы і геапалітычны кантэкст

[правіць | правіць зыходнік]

У красавіку 1918 года Смаленск стаў адміністрацыйным цэнтрам Заходняй вобласці, у склад якой уваходзілі Віцебская, Магілёўская і Мінская губерні. Менавіта ў Смаленску 1 студзеня 1919 года была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусь (ССРБ). Аднак ужо ў сярэдзіне студзеня 1919 года Смаленская губерня была вернута ў склад РСФСР, дзе і заставалася ў далейшым[3].

Рашэнні X з’езда РКП(б) у сакавіку 1921 года і XII з’езда ў красавіку 1923 года замацавалі курс на карэнізацыю, якая ў дачыненні да беларусаў атрымала назву «беларусізацыя». Гэтая палітыка павінна была праводзіцца не толькі ў межах БССР, але і ў расійскіх рэгіёнах з кампактным пражываннем беларускага насельніцтва (Смаленская, Пскоўская і Бранская губерні)[4]. Галоўным матывам цэнтральнага савецкага кіраўніцтва быў знешнепалітычны «польскі фактар». Пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора 1921 года больш за 4 мільёны беларусаў апынуліся ў складзе Польшчы (Заходняя Беларусь), дзе падвяргаліся жорсткай паланізацыі. Стварэнне спрыяльных умоў для беларусаў у СССР павінна было прадэманстраваць перавагі савецкай улады і выклікаць сімпатыі заходнебеларускага насельніцтва[1]. З гэтай жа мэтай у 1924 і 1926 гадах адбылося тэрытарыяльнае ўзбуйненне БССР, у выніку якога са складу Смаленскай губерні Беларусі былі перададзены Горацкі і частка Мсціслаўскага павета[3].

Дэмаграфічная маніпуляцыя і ігнараванне навукі

[правіць | правіць зыходнік]
Карта Беларусі 1924 года, выдадзеная ЦВК БССР у Менску пад рэдакцыяй А. В. Сташэўскага, З. Х. Жылуновіча, У. М. Ігнатоўскага і інш. На карце Смаленшчына пазначана «ў межах пашырэння беларускага насялення на ўсходзе (паводле навуковых крыніц)».
Тэрыторыя рассялення беларусаў у Смаленскай губерні паводле «Этнаграфічнай карты Еўрапейскай Расіі» 1875 года, якая была вызначана пераважна паводле моўнага крытэрыю.

Гістарычна заходнія паветы Смаленскай губерні былі населены пераважна беларусамі. У даследаванні Я. А. Салаўёва (1855) зазначалася, што з 1 мільёна 83 тысяч жыхароў губерні беларусы складалі больш за 551 тысячу (51 %). Даследчык адзначаў рэзкія адрозненні ў характары, жыллі, вопратцы і побыце паміж усходняй (велікарускай) і заходняй (беларускай) часткамі губерні[5]. Фундаментальныя працы акадэміка Я. Ф. КарскагаБеларусы», 1903) і даследаванні М. В. Доўнар-Запольскага і У. М. Дабравольскага адназначна адносілі заходнія паветы Смаленшчыны да этнічнай беларускай тэрыторыі[5].

Мясцовае кіраўніцтва Смаленскай губерні катэгарычна не жадала прызнаваць наяўнасць беларускага насельніцтва на сваёй тэрыторыі. Каб пазбегнуць правядзення беларусізацыі, адміністрацыя свядома ігнаравала працы прызнаных навукоўцаў і этнографаў. Замест апоры на навуку, чыноўнікі пачалі спекуляваць на даных савецкіх перапісаў і нізкім узроўні нацыянальнай самаідэнтыфікацыі сялянства. Сяляне часта называлі сябе «рускімі» ў значэнні прыналежнасці да дзяржавы або праваслаўнай веры, хоць у побыце размаўлялі на беларускай мове.

Усерасійскі перапіс насельніцтва 1897 года, які ўлічваў родную мову, зафіксаваў у губерні 100,7 тысячы беларусаў (6,6 %), з якіх большасць жыла ў Краснінскім павеце (90 % жыхароў павета)[6]. Перапіс 1920 года паказаў, што беларусы складалі 54 700 чалавек (2,62 %). Да 1926 года ўлады «налічылі» толькі 20 408 беларусаў (0,89 %)[6]. Такім чынам, кіраўніцтва губерні стварала зручную для сябе карціну цалкам «рускага» рэгіёну, заяўляючы ў Маскву, што «беларусаў у нас няма», а ёсць толькі рускія з «мужыцкай» або сапсаванай гаворкай[2]. Гэта таксама тлумачылася самарусіфікацыяй: мадэрнізацыйныя працэсы і індустрыялізацыя стваралі новыя сацыяльныя ліфты, і беларускае сялянства імкнулася далучацца да рускай культуры як сродку прасоўвання ў грамадстве[5].

На фоне гэтага афіцыйнага зніжэння лічбаў паказальным быў выступ прафесара Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта К. М. Клятновай. 2 ліпеня 1923 года на міжведамаснай губернскай нарадзе камісій па пытанні беларусаў яна заявіла, што доля беларускага сельскага насельніцтва ва ўсёй Смаленскай губерні, за выключэннем Гжацкага, Сычоўскага і часткі Вяземскага паветаў, дасягае 90 %. Даследчыца Вольга Кобец адзначае, што такія лічбы былі відавочным перабольшаннем, але яны выкарыстоўваліся прыхільнікамі беларусізацыі, каб падкрэсліць важнасць і маштаб праблемы ў супрацьвагу афіцыйнай статыстыцы[7][8].

Сабатаж з боку мясцовай адміністрацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Сапраўднай прычынай супраціўлення беларусізацыі былі асабістыя інтарэсы і велікарускі шавінізм смаленскага і павятовага чыноўніцтва. Як адзначалася ў дакладных запісках таго часу, на чале савецкага і партыйнага апарату ў гэтых рэгіёнах стаялі выхадцы з цэнтральнай Расіі, а не мясцовыя ўраджэнцы. Яны панічна баяліся, што паспяховая беларусізацыя прывядзе да далучэння іх паветаў да БССР, як гэта адбылося з шэрагам паветаў у 1924 годзе. Пераход у юрысдыкцыю Менска азначаў бы для іх страту прамых датацый з Масквы, змяншэнне адміністрацыйнай вагі і неабходнасць вывучаць беларускую мову пад пагрозай звальнення[1].

Таму дырэктывы Наркампраса РСФСР аб адкрыцці беларускіх школ сустракалі глухі сабатаж. Адзін з кіраўнікоў павятовага аддзела народнай асветы адкрыта заяўляў падчас перамоў: «Ніякай беларускай мовы я не прызнаю і яна пры нас не будзе ўведзена. Што вы хочаце прымусіць нас вучыцца вашай мужыцкай мове, нам яна не патрэбна»[2].

Рэалізацыя палітыкі ў сферы адукацыі

[правіць | правіць зыходнік]

Уплыў НЭПа і фінансавы крызіс

[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным правадніком палітыкі карэнізацыі ў РСФСР стаў Наркампрас. Увесну 1922 года ён пастанавіў увесці беларускую мову ў школах першай ступені і курс беларусазнаўства ў школах другой ступені ў рэгіёнах з кампактным пражываннем беларусаў. 18 лютага 1923 года пры Смаленскім губернскім аддзеле народнай асветы (губана) было створана бюро нацыянальных меншасцей з беларускай секцыяй, якую ўзначаліў М. Агейчык[4].

Аднак практычная рэалізацыя сутыкнулася з катастрафічным станам сістэмы адукацыі з-за пераходу да новай эканамічнай палітыкі (НЭП). Школы былі зняты з цэнтралізаванага дзяржаўнага фінансавання і пераведзены на мясцовыя бюджэты, якім катастрафічна не хапала сродкаў. У 1922 годзе ў Смаленскай губерні колькасць школ першай ступені ў сельскай мясцовасці скарацілася з 2637 да 1700. Настаўнікі галадалі і не атрымлівалі заробак месяцамі. Улады ўводзілі плату за навучанне і стваралі «дагаворныя школы», якія ўтрымліваліся сялянамі. У такіх умовах выжывання пытанні беларусізацыі ўспрымаліся як недарэчная і непадмацаваная фінансамі кампанія[3]. У красавіку 1923 года Смаленскае губана прыняло фармальнае рашэнне аб увядзенні беларускай мовы ў 150—200 школах, але гэта засталося на паперы з-за поўнай адсутнасці кадраў, падручнікаў і праграм[4].

Падрыхтоўка кадраў і «папяровыя» школы

[правіць | правіць зыходнік]

Сур’ёзныя спробы стварэння беларускіх школ пачаліся з 1925/1926 навучальнага года, калі губана намеціла перавесці на беларускую мову 20 школ у Смаленскім і Рослаўльскім паветах. Улетку 1925 года ў Менску былі арганізаваны курсы перападрыхтоўкі, на якія накіравалі 31 смаленскага настаўніка. Выявілася, што яны зусім не ведалі літаратурнай беларускай мовы і былі настроены да яе вывучэння крайне варожа. У 1926 годзе былі арганізаваны мясцовыя трохтыднёвыя курсы ў Смаленску, якія ахоплівалі мову, гісторыю, геаграфію і эканоміку Беларусі[7].

Да 1927/1928 навучальнага года ў губерні лічылася 36 школ першай ступені, якія пачалі «беларусізавацца». Аднак праверкі паказвалі, што яны часта заставаліся беларускімі толькі на паперы. Рускія настаўнікі давалі распіскі аб пераходзе на беларускую мову, але працягвалі выкладаць па-руску. Вялікай праблемай былі аднакамплектныя школы (адзін настаўнік адначасова працаваў з трыма ўзроставымі групамі). Старэйшых вучылі па-руску, а малодшых — па-беларуску, што стварала ў галовах дзяцей «кашу» і прыводзіла да 30-35 % другагодніцтва[7].

Парадаксальнай была сітуацыя з падручнікамі. Выдадзеныя ў Менску і Маскве беларускія кнігі паступалі ў губерню цэлымі пудамі. Аднак на месцах, каб пазбавіцца ад «гэтага няшчасця», беларускую літаратуру свядома хавалі пад рускімі кнігамі і выдавалі настаўнікам толькі рускамоўныя выданні. Інспектары адзначалі, што такія дзеянні мясцовых работнікаў (як гэта было ў Пятровіцкім валасным выканкаме) «блізкія да злачынства»[7].

Беларускае аддзяленне рабфака

[правіць | правіць зыходнік]

У 1925 годзе пры рабфаку Смаленскага дзяржаўнага ўніверсітэта было адкрыта беларускае аддзяленне на 60 месцаў. Каб заахвоціць паступленне, для беларусаў былі зніжаны патрабаванні да працоўнага стажу на адзін год. Гэта прывяло да таго, што абітурыенты пры паступленні актыўна даказвалі, што яны ёсць «сапраўднымі беларусамі», каб скарыстацца ільготамі. Аднак ужо праз некалькі тыдняў вучобы яны пачыналі ладзіць сходы і патрабаваць скасавання выкладання на беларускай мове, выказваючы крайне нядобразычлівае стаўленне да яе[7]. Слухачам выкладалі беларускую мову і геаграфію на беларускай мове, астатнія прадметы вяліся на рускай.

Навуковыя даследаванні і краязнаўства

[правіць | правіць зыходнік]

Улетку 1927 года Смаленскую губерню абследавала фальклорна-дыялекталагічная экспедыцыя Інстытута беларускай культуры (будучай Акадэміі навук БССР) у складзе этнографаў А. Д. Шлюбскага і І. А. Сербава. У сваёй справаздачы яны адзначалі, што мясцовыя жыхары, нават прызнаючы свае беларускія карані, баяліся гэтага і называлі сябе «смалянамі» або рускімі з-за «спадчыны ўпартага, на працягу двухсот з лішкам гадоў, правядзення „царскай нацыянальнай палітыкі“»[7].

Экспедыцыя сутыкнулася з адкрытым неразуменнем з боку мясцовых чыноўнікаў. Напрыклад, старшыня аднаго з валасных выканкамаў Дзямідаўскага павета, былы рабочы ленінградскага завода, здзівіўся, пачуўшы беларускую мову навукоўцаў: «Дзіўна, які некультурны і неадукаваны народ — беларусы. Бо ў вас ва ўніверсітэце гавораць дакладна гэтак жа, як гавораць непісьменныя і неразвітыя сяляне ў маёй воласці». Нягледзячы на гэта, менскія даследчыкі прапаноўвалі лічыць беларускім увесь Дзямідаўскі павет, хоць паводле перапісу там было толькі каля 123 беларусаў[7].

Згортванне палітыкі

[правіць | правіць зыходнік]

Сутыкнуўшыся з магутнай бюракратычнай сцяной, бракам фінансавання і адсутнасцю падтрымкі з боку дэзарыентаванага сялянства, палітыка беларусізацыі на Смаленшчыне не мела будучыні. Бацькі абгрунтавана лічылі, што для далейшага жыцця і сацыяльнага прасоўвання ў Расіі іх дзецям патрэбна менавіта руская мова[7].

У 1929 годзе Смаленская губерня ўвайшла ў склад новаўтворанай Заходняй вобласці. У гэты час яшчэ рабіліся спробы больш сістэмна падысці да абслугоўвання нацыянальных меншасцей. Аднак з пачаткам 1930-х гадоў агульнасаюзны вектар нацыянальнай палітыкі кардынальна змяніўся. Пасля прыняцця 2 сакавіка 1933 года пастановы Палітбюро ЦК УКП(б) «Аб скрыўленні нацыянальнай палітыкі ВКП(б) у Беларусі», практыка беларусізацыі ў расійскіх рэгіёнах была з радасцю і канчаткова згорнута мясцовымі ўладамі. Усе беларускія школы і ініцыятывы на Смаленшчыне былі ліквідаваны або пераведзены на рускую мову навучання[9].