Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Мітрафан Доўнар-Запольскі
Mitrofan Dovnar-Zapol'skiy.jpg
Дата нараджэння

2 (14) чэрвеня 1867

Месца нараджэння

Рэчыца, Рэчыцкі павет[d], Мінская губерня, Расійская імперыя

Дата смерці

30 верасня 1934(1934-09-30) (67 гадоў)

Месца смерці

Масква, РСФСР, СССР

Месца пахавання

Данскія могілкі[d]

Грамадзянства

Flag of Russia.svg Расійская імперыя
Flag of the Soviet Union (1936–1955).svg СССР

Род дзейнасці

гісторык

Навуковая сфера

Гісторыя, этнаграфія, фальклор, літаратуразнаўства, эканамічная гісторыя

Месца працы

Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава
Кіеўскі ўніверсітэт Св. Уладзіміра
Кіеўскі нацыянальны эканамічны ўніверсітэт імя Вадзіма Гецьмана[d]
Харкаўскі інстытут народнай гаспадаркі[d]
Харкаўскі нацыянальны ўніверсітэт імя В. Н. Каразіна
Бакінскі дзяржаўны ўніверсітэт[d]
Azerbaijan Technical University[d]
БДУ
Інстытут беларускай культуры
Маскоўская сельскагаспадарчая акадэмія імя К. А. Ціміразева

Альма-матар

Кіеўскі ўніверсітэт Св. Уладзіміра

Узнагароды і прэміі
Подпіс

Mytrofan Dovnar-Zapolskyi Signatute 1918.png

Лагатып Вікікрыніц Творы у Вікікрыніцах
Commons-logo.svg Мітрафан Доўнар-Запольскі на Вікісховішчы

Мітрафан Віктаравіч Доўнар-Запольскі (2 (14) чэрвеня 1867, Рэчыца — 30 верасня 1934, Масква[1]) — гісторык і этнограф беларускага паходжання. Паходзіў з дробнае беззямельнае шляхты, сын калежскага сакратара[2].

Аўтар больш за 150 прац па гісторыі Кіеўскай Русі, Маскоўскай дзяржавы, Расіі ў 19 ст., гісторыі Літвы і Беларусі, па сацыяльна-палітычным рухам, сялянскаму пытанні і этнаграфіі Беларусі.[3] Працы яго пераважна мелі навукова-аналітычны характар. Шырока карыстаўся ў сваіх працах матэрыяламі больш за 20 архіваў (Масква, Санкт-Пецярбург, Кіеў, Вільня, Варшава, Кракаў, Львоў, Кастрама, Яраслаўль, Ноўгарад, Нясвіж і інш.). Шмат з яго прац застаюцца неапублікаванымі. Узнагароджаны за навуковую працу ордэнам Святога Уладзіміра 4-й ступені (1916).

Выпускнік гістарычна-філалагічнага факультэта Кіеўскага ўніверсітэта (1893), магістарская дысертацыя (восень 1901), доктарская дысертацыя па гісторыі (1906). Прафесар Маскоўскага ўніверсітэта (1899), прафесар рускай гісторыі Кіеўскага ўніверсітэта (1902). Арганізатар і дырэктар Вышэйшых камерцыйных курсаў[4] (Кіеў, 1906), дырэктар Палаты экспертаў, старшыня навукова-папулярных гурткоў і таварыстваў у Кіеве.

Пасля канфлікту са студэнтамі Кіеўскага камерцыйнага інстытута (1917) і «Справы Сташэўскага» (1917),[5] адмовіўся амаль ад усёй выкладчыцкай працы. Прафесар Харкаўскага інстытута народнай гаспадаркі (снежань 1919) і Харкаўскага ўніверсітэта (1920—1921). Прарэктар Азербайджанскага ўніверсітэта і прафесар Бакінскага політэхнічнага інстытута (1922—1925). Пасля пераезду ў Беларусь, прафесар беларускай гісторыі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце (кастрычнік 1925—восень 1926), стваральнік, супольна з Д. І. Даўгялам, Археаграфічнай камісіі Інбелкульту (1925). Пасля вымушанага пераезду ў Маскву (восень 1926), часта мусіў працаваць па-за навуковым полем дзейнасці. Прафесар Ціміразеўскай акадэміі (1930-я). У 1920-х—1930-х таксама займаў пасады ў сістэме кіравання гаспадаркай у савецкіх Украіне, Азербайджане, Беларусі і Расіі.

У палітыцы[правіць | правіць зыходнік]

Удзельнічаў у нелегальных дэмакратычных рухах (1880-я), быў пад часоваю забаронай сяліцца ў Кіеве. Пазней, сімпатызаваў левым рухам.

Актыўна падтрымліваў БНР, ачольваў Беларускую гандлёвую палату (Кіеў, 1918), падрыхтаваў праект стварэння Беларускага ўніверсітэта ў Мінску (кан. сакавіка 1918). У маі—кастрычніку 1918 удзельнічаў у працы дыпламатычнай місіі БНР у Кіеве, якая шукала магчымасцяў дабіцца прызнання БНР у прадстаўнікоў Савецкай Расіі, Украіны, Дону, Германіі і Аўстра-Венгрыі.

Па просьбе ўладаў БНР склаў «Мемарыял» («Асновы беларускай дзяржаўнасці»), які быў надрукаваны ў Гродне і Вільні ў 1919 па-беларуску, па-руску, па-нямецку, па-французску; пазней «Мемарыял» быў перакладзены на англійскую мову П. Кларкам. Дакумент утрымліваў гістарычныя падставы неабходнасці стварэння незалежнай беларускай дзяржавы, і быў прадстаўлены на Версальскай канферэнцыі, хоць і беспаспяхова.

Два сыны Доўнар-Запольскага загінулі ў час грамадзянскай вайны ў шэрагах Чырвонай Арміі.

Надрукаваная, але неапублікаваная кніга «Гісторыя Беларусі» выклікала абурэнне палітычных уладаў Беларусі (пач.1926), была названа «катэхізісам нацыянал-дэмакратызму», забаронена, а рукапіс канфіскаваны. Пасля гэтага, Д.-З. быў вымушаны пераехаць, практычна высланы, у Маскву (восень 1926), і ніколі больш не вяртаўся ў Беларусь.

У 1930—1934 ён быў рэзка крытыкаваны за «нова-народніцтва», яму прыпісвалася аўтарства ідэйнай базы «нацыянал-дэмакратызму», яго называлі «агентам фашызму» (акад. В. К. Шчарбакоў), ён і яго навуковая школы былі палітычна выкрыты ў выступе яго былога вучня праф. А. П. Аглобліна (Кіеў, 1934).[6]

У навуцы[правіць | правіць зыходнік]

Вучань прафесараў Галубоўскага, Іконнікава, і, асабліва, В. Б. Антановіча. Імкнуўся спалучаць навуковую і навучальную дзейнасці, як гэта рабілі Шафарык, Караджыч, Кастамараў.

Разбіў погляд на беларусаў як на народ, пазбаўлены нацыянальнасці, рашуча падтрымліваў беларускае нацыянальнае адраджэнне ў пач. 20 ст. Вітаў з'яўленне «строга аб'ектыўнай і навуковай» плыні ў беларускіх гістарычных і этнаграфічных даследваннях. Выказваў агульную сімпатыю да марксізму, але не быў ім захоплены.

Гістарычныя канцэпцыя[правіць | правіць зыходнік]

Д.-З. аддаваў вяршэнства гісторыі народаў у пар. з гісторыяй дзяржаў, лічыў этнаграфію і эканоміку аднымі з найважнейшых фактараў у развіцці грамадства.

Сцвярджаў існаванне беларускай нацыі, з уласнай гісторыяй, выразнымі этнаграфічнымі рысамі, багатай народнай культурай, з уласнай беларускай мовай як спадчынніцай дыялектаў крывічоў і дрыгавічоў. Падтрымліваў «тэорыю каланізацыі» узнікнення дзяржаўнасці ў Беларусі, лічыў крывічоў і дрыгавічоў у вялікай ступені ізаляванымі ад старажытнарускай дзяржавы, іх развіццё, з гэта прычыны, адметным. Д.-З. таксама сцвярджаў адсутнасць этнаграфічнай еднасці ў старажытнарусай дзяржаве, яе адзінымі яднальнымі фактарамі лічыў вонкавыя палітычныя і ваенныя пытанні.

Разглядаў стварэнне ВКЛ у 13 ст. як часткова мірна ўтвораны і ўзаемна карысны саюз князёў ваяўнічай Літвы і аслабленых князёў Русі.

Лічыў як дзяржаўную унію, так і царкоўную унію негатыўнымі фактарамі беларускай гісторыі, якія спрыялі рэлігійнай нецярпімасці. Адмоўна ставіўся да ўлучэння беларускіх земляў у склад Расіі пасля раздзелаў Рэчы Паспалітай. Наогул, лічыў, што і польская «шляхецкая арыстакратычная рэспубліка», і расійская «баярская алігархія», якія выключалі дэмас, былі «двума ліхамі» у беларускай гісторыі і згубна ўплывалі на беларускі народ, які «моцна дэмакратычны ў сваіх гістарычных і народных традыцыях».

Пазней у 1920-х, дадаткова падкрэсліваў эканамічны фактар у гісторыі і значэнне класавай барацьбы ў гісторыі ВКЛ.

У бачанні іншых[правіць | правіць зыходнік]

Яго асоба і творчасць прыцягвалі самыя палярныя ацэнкі. Да 1930-х яго наогул станоўча ацэньвалі М. К. Любаўскі, У. І. Пічэта, Ф. Ф. Турук, Д. І. Даўгяла і інш.[7] Пачынаючы з 1930-х, Д.-З. трапіў, як навуковец, пад вострую палітызаваную крытыку (С. Я. Вольфсон, В. М. Перцаў, У. К. Шчарбакоў і інш.). У 1940-х—1970-х, параўнальна бяспечныя часткі яго прац (этнаграфія, археалогія, археаграфія) вывучаліся, і ставіліся ў аснову прац (В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, І. У. Чаквін, М. М. Улашчык, Л. В. Аляксееў). Гістарычныя працы Д.-З. зрэдку ўзгадваліся ў спасылках да 1980-х. Спробы ацэнкі Д.-З. як гісторыка рабіліся ў манаграфіях У. М. Міхнюка, З. Ю. Капыскага, В. У. Чапко. У 1990-х з'явіліся працы, якія вывучалі агульную навуковую пазіцыю Д.-З. (С. І. Міхальчанка), развіццё яго гістарычнай канцэпцыі (Дз. У.Караў, М. Ф. Шумейка).

Джон Леслі Говард Кіп і Альтэр Л. Літвін узгадваюць пра Доўнар-Запольскага і Пічэту як пра «умеркаваных (беларускіх) нацыяналістаў»[8].

Навуковыя працы[правіць | правіць зыходнік]

Гісторыя, эканоміка і статыстыка Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

  • Нарыс гісторыі крывіцкіх і дрыгавіцкіх земляў да канца XII стагоддзя, Кіеў, 1891.
  • Заходне-руская сялянская абшчына ў XVI стагоддзі, Санкт-Пецярбург, 1897.
  • Дзяржаўная гаспадарка Вялікага княства літоўскага пры Ягелонах. Магістарская дысертацыя, Кіеў, 1901.
  • Нарысы арганізацыі заходне-рускага сялянства ў XVI стагоддзі. Доктарская дысертацыя, Кіеў, 1906.
  • Гісторыя рускай народнай гаспадаркі, Кіеў, 1911.
  • Гісторыя Беларусі, пачатковы варыянт у 1919, дапоўнена і надрукавана ў 1925, забаронена, выд. паводле няпоўнага рукапісу ў 1994 і 2005.
  • Нарыс сацыяльна-эканамічнай структуры Беларусі ў XVI—XVIII ст., Менск, 1925.
  • Народная гаспадарка Беларусі ў 1861—1914, Менск, 1926.
  • СССР па раёнах. Заходні раён (Беларуская ССР і заходняя частка РСФСР), Масква-Ленінград, 1928.

Этнаграфія і фальклор Беларусі[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларускае вяселле і вясельныя песні, Кіеў, 1888.
  • Беларускае вяселле ў культурна-рэлігійных перажытках, Кіеў, 1893.
  • Беларускеа Палессе. Зборнік этнаграфічных матэрыялаў М. В. Доўнар-Запольскага. Песні пінчукоў[9], Кіеў, 1895.
  • Даследванні і артыкулы. Зборнік у 2 т., Кіеў, 1909.

Палітычная гісторыя Русі і Расіі[правіць | правіць зыходнік]

  • Палітычны лад Старажытнай Русі, Масква, 1906.
  • Палітычныя ідэалы М. М. Сперанскага, Масква, 1906.
  • Узнікненне міністэрстваў ў Расіі, Масква, 1906.
  • З гісторыі сацыяльных рухаў у Расіі. Зборнік артыкулаў, Кіеў, 1905.

Працы па руху дзекабрыстаў[правіць | правіць зыходнік]

  • Таемнае таварыства дзекабрыстаў, Масква, 1906.
  • Мемуары дзекабрыстаў, Кіеў, 1906.
  • Ідэалы дзекабрыстаў, Масква, 1907.

Дакументальныя працы[правіць | правіць зыходнік]

  • Дакументы Маскоўскага архіву Міністэрства юстыцыі, Масква, 1897.
  • Баркулабаўскі летапіс, 1897.
  • Акты Літоўска-Рускай дзяржавы. Выпуск 1, 1390—1529, Масква, 1898.
  • Літоўскія ўпамінкі татарскім ордам, Сімферопаль, 1898.
  • Зборнік матэрыялаў з гісторыі народу Валынскага ваяводства ў 17—18 ст., 1914 (не публ.).

Зноскі

  1. Памёр ад прыступу стэнакардыі і, лічыцца, пазбег такім чынам далейшых пераследванняў.
  2. Бацька займаў пасаду сталаначальніка ўезднага жандарскага ўпраўлення).
  3. Лучна з больш за 30 працамі па этнаграфіі і фальклоры Беларусі. Аўтар прац па этнаграфіі з 1883, начальнік вялікай этнаграфічнай экспедыцыі ў Мінскай і Грдзенскай губерніях (1890—1891).
  4. Кіеўскі камерцыйны інстытут з 1909.
  5. Сташэўскі быў яго вучнем, і быў замяшаны ў крадзеж архіўных дакументаў.
  6. Мяркуецца, што менавіта даклад былога вучня мог стаць повадам для фатальнага прыступу стэнакардыі.
  7. Караў 1994, С.5.
  8. У кнізе «Сталінізм: рускі і заходні пагляд на пераломе стагоддзяў» (Routledge, 2005, ISBN 0415351081, p.162).
  9. Тут, жыхароў Піншчыны.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Саковіч А. Прафэсар Мітрахван Доўнар-Запольскі // Веда [Нью-Ёрк]. — 1952. — № 7 (12). — С. 193—206.
  • Палонская-Васіленка Н. Доўнар-Запольскі // Запісы = Zapisy. — 1953. — № 1. — С. 14—28.
  • Бандарчык В. Спадчына гісторыка і этнографа // Літаратура і мастацтва. — 1960. — № 102.
  • Бандарчык В. К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст. — Мн.: Навука і тэхніка, 1964. — 282 с. С.201—215.
  • Калубовіч А. Прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі й Акт 25 Сакавіка // Беларуская думка [Саўт-Рывэр]. — 1964. — № 6. — С. 3—7.
  • Калубовіч А. Прафэсар Мітрафан Доўнар-Запольскі й Акт 25 Сакавіка // Калубовіч, А. Крокі гісторыі: Дасьледаваньні, артыкулы, успаміны / Аўген Калубовіч; Біяграфічны нарыс і сьпіс публікацый І. Каханоўскай. — Беласток — Вільня — Менск: «ГаМакс» — «Наша Ніва» — Мастацкая літаратура, 1993. — 285 с. — ISBN 5-340-01437-1. — С. 85—91.
  • Караў Дз. У. Прадмова // Доўнар-Запольскі М. В. Гісторыя Беларусі / Беларус. Энцыкл., Нац. арх. Рэсп. Беларусь.; Пер. з рус. Т. М. Бутэвіч, Т. М. Кароткая, Е. П. Фешчанка. — Мн.: БелЭн, 1994. — 510 с.: 1л. ISBN 5-85700-151-X. С.5—15.
  • Даследчык гісторыі трох народаў: М. В. Доўнар-Запольскі. Гомель, 2000.
  • Лебедева В. М., Скалабан В. В., Шумейко М. Ф. М. В. Довнар-Запольский и его наследие // Довнар-Запольский М. В. История Белорусии / М. В. Довнар-Запольский. — 2-е изд. — Мн.: Беларусь, 2005. — 680 с. ISBN 985-01-0550-X. С.3—14.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]