Бенедыкт Гербест

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Бенедыкт Гербест
Род дзейнасці:

езуіты, педагог, багаслоў, выкладчык

Дата нараджэння:

1531

Месца нараджэння:

Навэ Міста[d], Рускае ваяводства, Польскае Каралеўства

Дата смерці:

1593

Месца смерці:

Ярослаў[d], Яраслаўскі павет[d], Падкарпацкае ваяводства, Польшча

Альма-матар:

Ягелонскі ўніверсітэт

Бенедыкт Гербест (польск.: Benedict Herbest; 1531, Новае Места — 1593, Ярослаў) — польскі езуіт, педагог, багаслоў-палеміст, арганізатар польскай школы XVI ст., настаўнік Львоўскай гімназіі, езуіцкага калегіума ў Ярославе, выкладаў у Пазнаньскім універсітэце, прафесар Кракаўскай акадэміі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў Новым Месце (цяпер Старасамбарскі раён, Львоўская вобласць, Украіна) у беднай сям'і Зеляневічаў (або Зялінскіх). Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі, дзе атрымаў вучоную ступень бакалаўра. У 15501553 — рэктар гарадскай гімназійнай школы ў Львове, дзе займаўся вывучэннем старажытных моў. З 1555 — рэктар у школе пры касцёле Божай Маці ў Кракаве. У 1559 атрымаў ступень магістра вольных мастацтваў, у 1561 — доктара навук[1], выкладаў у Кракаўскай акадэміі. Па запрашэнні гнезненскага архібіскупа Ян Пшэрэнбскага наведаў яго рэзідэнцыю ў Скернявіцах, дзе займаўся адукацыяй моладзі і напісаў шэраг сваіх вядомых на той час твораў: «Comptus…» (1559), «Arithmeticz linearis» (1560). У 1563 пераехаў у Познань і стаў рэктарам Любранскага калегіума.

У 1566 выдаў адзін з найстарэйшых катэхізісаў на польскай мове «Навука сапраўднага хрысціяніна» (Nauka prauego chrzescijanina). Неўзабаве апублікаваў сачыненне «Апісанне дарогі» (Wypisanie drogi), у якім расказаў пра наведванне ў 1566 г. Львова і іншых гарадоў Рускага ваяводства і выказваў надзею на дасягненне уніі з праваслаўнай Царквой. У 1567 у Кёльне пабачылі свет яго «Horarium canonicarum rationarum cum D.Augustini sententiis de Eucharistia explicatis». Памылкі чэшскага духавенства ў падыходзе да пытанняў веры выкрываў у «Confutatio picarditarum haereticorum» (Кракаў, 1567).

У 1569 уступіў у ордэн езуітаў, у 1571 вучыўся ў Рыме (у Collegium Romanum). Вярнуўшыся ў 1572 у Польшчу, стаў выкладаць у езуіцкай семінарыі Пултуска. У 15741576 быў членам езуіцкага калегіума г. Брунсберга ў Швецыі, спаведніком каралевы Кацярыны Ягелонкі[1]. Паводле іншых звестак, па просьбе сандамірскага ваяводы Яна Косткі ў 1574 выехаў у Мальбарк для навучання сыноў і сваякоў ваяводы і ў 1575—1576 гг. выкладаў у езуіцкім калегіуме ў Ярославе[2]. Быў актыўным удзельнікам контрарэфармацыйнага руху ў Рэчы Паспалітай (на Валыні, Падоллі, Любліншчыне і інш.), навярнуў з кальвінізму да каталіцтва шмат каго з выбітных асоб таго часу. У 15831584 навяртаў праваслаўных у каталіцтва. У 1584 узначальваў езуіцкую місію ў Львове.

У 1586 у Кракаве з санкцыі кіраўніцтва ордэна выдаў свой самы знакаміты твор — «Паходжанне веры Рымскага Касцёлу і гісторыя грэчаскае няволі: дзеля адзінства» (Wiary Kościola rzymskiego wywody y greckiego niewolnistwa historia), які адыграў ролю ў зараджэнні царкоўна-палемічнай літаратуры на Беларусі. У сваім творы Гербест даводзіў, што ўсе Хрыстовы паслядоўнікі павінны трымацца супольна, прыняць адзіныкаляндар царкоўных святаў, супольна святкаваць дзень Уваскрэшання Сына Божага. У якасці асноўнага падмацавання свайго закліку да задзіночання ён прыгадваў словы Месіі з Евангелля паводле Яна (10:16)[3]. Акрамя таго, ён абвінавачваў праваслаўных у невуцтве (паводле Гербеста, яны не здольныя да цнатлівага жыцця, не ўмеюць чытаць малітвы, не ў змозе належным парадкам выконваць царкоўныя абрады, дапускаюць ідалапаклонства)[2]. За рэзкія выпады супраць праваслаўя кніга выклікала супольнае абурэнне, і правінцыял ордэна быў вымушаны забараніць яе распаўсюджванне.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Бразгуноў А. Бенедыкт Гербест // Наша Вера. — 1999. — № 3.
  2. 2,0 2,1 ГЕРБЕСТ. Православная Энциклопедия. Праверана 15 ліпеня 2012.
  3. Гісторыя беларускай літаратуры XI—XIX стагоддзяў у двух тамах. Том 1. Даўняя літаратура XI — першай паловы XVIII стагоддзя. — Мінск. Беларуская навука. 2006. С. 501

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]