Перайсці да зместу

Братэрства і адзінства

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Братэрства і адзінства (сербахарв.: Bratstvo i jedinstvo/Братство и јединство, макед.: Братство и единство, славенск.: Bratstvo in enotnost, алб.: Bashkim dhe Vëllazërim, венг.: Testvériség és egység) — папулярны лозунг Камуністычнай партыі Югаславіі, які быў прыдуманы падчас Народна-вызваленчай барацьбы Югаславіі (1941—1945). У далейшым, гэтыя паняцці сталі кіруючымі прынцыпамі паваеннай міжэтнічнай палітыкі Югаславіі .

Пасля падзелу Югаславіі гітлераўскай кааліцыяй і іх саюзнікамі ў красавіку 1941 года, захопнікі распальвалі міжнацыянальную варожасць паміж шматлікімі этнічнымі і рэлігійнымі групамі Югаславіі. Стварэнне марыянетачнай дзяржавы, так званай, Незалежнай дзяржавы Харватыя і масавыя забойствы сербаў у Харватыі і Босніі і Герцагавіне, прывялі, як гэта сцвярджалі югаслаўскія камуністы, да спроб сербскай буржуазіі ператварыць узброенае супраціўленне ў братазабойчую вайну. Разумеючы, што толькі вызваленая Югаславія магла гарантаваць нацыянальную свабоду, югаслаўская камуністычная партыя паспяхова абвясціла братэрства і адзінства югаслаўскіх народаў і нацыянальных меншасцей у іх барацьбе супраць фашысцкіх захопнікаў і ўнутраных калабарацыяністаў. На другім пасяджэнні АВНВЮ ў 1943 годзе было прынята рашэнне аб прызнанні нацыянальных правоў усіх народаў краіны, якое было расцэнена як рэалізацыя прынцыпу братэрства і адзінства.

Пасля вайны, лозунг вызначыў афіцыйную палітыку міжэтнічных адносін у Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспубліцы Югаславіі, якая была адлюстравана ў канстытуцыях 1963 і 1974 гадоў. Палітыка прадпісвае, што югаслаўскія народы (сербы, харваты, баснійцы, македонцы, чарнагорцы) і нацыянальныя меншасці (албанцы, венгры, румыны, балгары і іншыя) з'яўляюцца раўназначнымі групамі, якія мірна суіснуюць у федэрацыі. Наяўнасць агульных рыс і ўзаемазалежнасці дапамагае пераадолець нацыянальныя канфлікты і нянавісць. Палітыка таксама прывяла да прыняцця сістэмы долевага падзелу членаў дзяржаўных устаноў, уключаючы эканамічныя арганізацыі, у якіх нацыянальныя групы былі прадстаўлены нацыянальным складам рэспублікі ці края.

Аўтатраса «Братэрства і адзінства»

Па ўсёй Югаславіі многія заводы, школы, народныя ансамблі, спартыўныя каманды насілі імя «Братэрства і адзінства», а таксама аўтатраса, якая аб'ядноўвала цэнтры рэспублік СФРЮ, ЛюблянаЗаграбБялградСкоп’е.

Некаторыя выдатныя асобы з былой Югаславіі былі прызнаны вінаватымі за дзеянні, якія, як лічаць, пагражалі братэрству і адзінству, такія як акты шавіністычнай прапаганды ці сепаратызм. Сярод асуджаных былі будучыя прэзідэнты Босніі і Герцагавіны (Алія Ізетбегавіч) і Харватыі (Франья Туджман і Стыпе Месіч), харвацкі генерал албанскага паходжання Рахім Адэмі і шматлікія іншыя.

  • Mesic, Stipe. 2004. The Demise of Yugoslavia: A Political Memoir. Central European University Press. Pp. 246.
  • «BRATSTVO I JEDINSTVO», Politička enciklopedija, Beograd 1975.