Перайсці да зместу

Македонцы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Македонцы
(Македонци)
Македонцы ў нацыянальных строях
Агульная колькасць 2 115 000 (2010 г.)
Рэгіёны пражывання  Паўночная Македонія — 1 314 тыс.

 Грэцыя — 256 тыс.
 Албанія — 36 тыс.
 Балгарыя — 1,7 тыс.
 Сербія — 116 тыс.
 Турцыя — 31 тыс.
 Германія — 69 тыс.
 ЗША — 18 тыс.
 Італія — 82 тыс.
 Канада — 20 тыс.
 Аўстралія — 83 тыс.

Мова македонская
Рэлігія праваслаўе, каталіцызм, іслам
Блізкія этнічныя групы балгары

Македо́нцы (макед.: Македонци) — славянскі народ, карэнныя насельнікі Балканскага паўвострава. Жывуць у Паўночнай Македоніі, у суседніх рэгіёнах Грэцыі, Албаніі. У выніку эміграцыі склаліся буйныя македонскія абшчыны ў іншых еўрапейскіх краінах, Аўстраліі, ЗША, Канадзе. Агульная колькасць — 2 115 тыс. чал.[1].

Паходжанне і гісторыя

[правіць | правіць зыходнік]
Маркавы вежы каля Прылепа, XIII—XIV стст.

У старажытнасці тэрыторыя Балканскага паўвострава, населенага сучаснымі македонцамі, была занята ілірыйскімі, фракійскімі і грэчаскімі плямёнамі. Само найменне Македоніі паходзіць ад назвы старажытных македонцаў, якія маглі належыць як да фракійцаў, так і да грэкаў. Да 148 г. н. э. існавала буйная Македонская дзяржава, пазней заваяваная Рымам. Да сярэдзіны 1 тысячагоддзя н. э. яе насельніцтва было значна элінізавана або раманізавана, толькі ў заходняй горнай частцы захаваліся нашчадкі ілірыйцаў і фракійцаў — продкі сучасных албанцаў. Таксама захавалася назва Македоніі як гістарычнай вобласці.

У V — VI стст. на Балканскі паўвостраў з поўначы прыйшлі славяне. Непасрэдна на тэрыторыі Македоніі рассяліліся плямёны другавітаў, струменцаў, берзічаў і інш. Яны ў значнай ступені асімілявалі тубыльцаў. Сучасныя македонцы з’яўляюцца непасрэднымі нашчадкамі старажытнага балканскага і прышлага славянскага насельніцтва.

У 681 г. на поўдзень ад Дуная было заснавана Балгарскае царства, у склад якой трапіла частка Македоніі (у тым ліку тэрыторыя сучаснай Паўночнай Македоніі). Паўднёвыя землі (тэрыторыя сучаснай грэчаскай Македоніі) у большым кантралявалася Візантыяй. Булгары і візантыйцы праводзілі палітыку перасялення славян, што прывяло да распаду традыцыйных племянных саюзаў і некаторым зменам на этнічнай карце Балканскага паўвострава. Значную ролю ў захаванні славянскай мовы і культуры адыгралі візантыйскія місіянеры Кірыл і Мяфодзій, якія з дапамогай вучняў стварылі царкоўнаславянскую мову на аснове дыялектаў македонскіх славян, а таксама славянскае пісьмо (кірыліца, глаголіца). У 865 г. балгарскі цар Барыс I прыняў праваслаўнае хрысціянства. Старажытная Балгарыя стала своеасаблівым пасрэднікам у перадачы хрысціянства і кніжнай культуры іншым славянскім народам. Адным з галоўных культурных цэнтраў Балгарыі стаў горад Скоп'е. У 970 г., калі ўсходняя частка Балгарыі была занята спачатку кіеўскім князем Святаславам, а потым Візантыяй, у Скоп’е была перанесена балгарская сталіца.

У XI — XIV стст. тэрыторыю Македоніі аспрэчвалі паміж сабою Візантыя, другое Балгарскае царства і Сербія. У другой палове XIV ст. Марка Мрняўчэвіч стварыў Прылепскае каралеўства, якое падначальвалася Асманскай Порце. Але ў 1395 г. яно было анэксавана асманамі. Македонія ўвайшла ў склад іх дзяржавы.

У часы панавання першага і другога Балгарскіх царстваў славянскае насельніцтва Македоніі звычайна называлася ў пісьмовых крыніцах або балгарамі або проста славянамі. Відавочна істотных адрозненняў у культуры славян Македоніі і Балгарыі сапраўды не было. Сучасныя грэчаскія гісторыкі заўважаюць, што ў розныя гістарычныя перыяды ў Македоніі ўзрастала або памяншалася колькасць грэчаскага насельніцтва. Асманскі ўрад праводзіў палітыку каланізацыі зямель мусульманамі. Некаторыя з іх былі мясцовага паходжання, але таксама прыцягваліся перасяленцы з Малой Азіі і Албаніі. Усе праваслаўныя жыхары Македоніі звычайна называліся ў асманскіх дакументах па канфесійнай прыкмеце грэкамі. Хаця выхадцы з Македоніі прымалі ўдзел у барацьбе паўднёвых славян і грэкаў супраць асманаў, асобны нацыянальны рух македонцаў вылучыўся даволі позна.

У 1870 г. султан Абдул-Азіз заснаваў Балгарскі экзархат праваслаўнай царквы, у склад якой увайшлі землі Усходняй і Заходняй Македоніі. Яшчэ раней узніклі свецкія балгарскія школы. Былі створаны неабходныя перадумовы для ўваходжання славян-македонцаў у склад балгарскай нацыі. У 1878 г. узнікла аўтаномная Балгарская дзяржава, якая афіцыйна прэтэндавала на ўсе землі Македоніі. Супраць гэтага выступілі Сербія і Грэцыя. Было вырашана пачаць працэс надання аўтаноміі самой Македоніі, дзе акрамя славян жыло шмат мусульман і грэкаў. Аднак праект македонскай аўтаноміі быў адхілены асманскімі ўладамі ў 1880 г.

У гэтых умовах Балгарыя і Сербія імкнуліся прыцягнуць славян Македоніі да сябе і сцвярджалі, што яны з’яўляюцца або балгарамі, або сербамі. Найбольшага поспеху дасягнула Балгарыя. У 18781879 гг. македонскія славяне нават адкрыта выступілі на баку Балгарскай дзяржавы. У Сафіі навучаліся многія выхадцы з Македоніі. Грэчаскія царкоўныя інтэлектуалы таксама імкнуліся сцвердзіць правы Грэцыі на гэтыя землі, таму стварылі міф аб прамым паходжанні ўсяго македонскага насельніцтва ад старажытных македонцаў, а значыцца іх блізкасці да грэкаў. Цікава, што пазней македонскія нацыяналісты выкарысталі гэты міф для сцверджання сваёй нацыянальнай ідэалогіі і абаснавання прэтэнзій славян-македонцаў на грэчаскую Македонію. У канцы XIX — пачатку XX ст. балгарскія і грэчаскія ідэі адкрыта прапагандаваліся праз царкву і школы.

Сербія, якая ўсё больш і больш губляла аўтарытэт у «македонскім пытанні», у 1888 г. праз сваіх дыпламатаў упершыню адкрыта выказала думку аб існаванні самастойнага македонскага славянскага народа. Спярша яна знайшла падтрымку сярод македонскіх студэнтаў, што вучыліся ў замежных краінах. У 1903 г. падчас славянскага паўстання ў Македоніі македонскі мовазнавец Крстэ Пэткаў Місіркаў навукова абгрунтаваў існаванне асобнай македонскай мовы.

У 1913 г. Македонія фактычна апынулася падзеленай паміж Грэцыяй, Балгарыяй і Сербіяй. Грэцыя атрымала так званую Паўднёвую Македонію (зараз рэгіён у Грэцыі). Балгарыя — усходнюю частку, Сербія — заходнюю. У 1929 г. у складзе Югаславіі вылучылася Вардарская бановіна, на аснове якой у 1945 г. была створана Народная Рэспубліка Македонія (з 1963 — Сацыялістычная Рэспубліка Македонія). У 1946 г. Народная Рэспубліка Македонія ўвайшла ў склад Югаславіі на правах раўнапраўнага чальца. Македонская мова атрымала дзяржаўны статус як у самой рэспубліцы, так і ва ўсёй Югаславіі.

У 1992 г. Рэспубліка Македонія атрымала поўную незалежнасць. Прычым, першай яе прызнала Балгарыя. Аднак з-за таго, што Грэцыя адмаўляе македонцам у праве карыстацца старажытнай назвай усяго гістарычнага рэгіёну, паміж дзвюма дзяржавамі ўзніклі спрэчкі. Прычым, яны адбываюцца не толькі на эканамічным і дыпламатычным, але таксама культурным і навуковым ўзроўнях. Балгарыя таксама не прызнае існавання самастойнай македонскай мовы (а, значыцца, не разглядае македонцаў як моўную і нацыянальную меншасць), што было зафіксавана ў сумесных дыпламатычных дакументах, дзе македонская мова вызначана як «македонская мова з пункту гледжання Канстытуцыі Рэспублікі Македонія» (1999 г.). Спроба пераназвання македонскай мовы прадпрымалася нават у Аўстраліі[2].

Народная культура

[правіць | правіць зыходнік]
Македонскія жанчыны ў народных строях, 1913 г.

Матэрыяльная культура

[правіць | правіць зыходнік]

Да нашага часу сельская гаспадарка з’яўляецца адной з найважнейшых галін эканомікі Паўночнай Македоніі. Македонцы, якія жывуць у суседніх краінах, таксама ў значнай ступені захоўваюць аграрны лад жыцця. Прыродна-геаграфічныя ўмовы Паўночнай Македоніі дазваляюць займацца рознымі відамі сельскагаспадарчай вытворчасці. У міжгорных западзінах і ва ўмераным горным поясе вырошчваюць збожжавыя культуры, тытунь, мак, вінаград, пладовыя дрэвы і г. д. Да пачатку XX ст. найбольш урадлівыя землі знаходзіліся ва ўладанні паноў-мусульман. Хрысціянскае насельніцтва пакутавала ад малазямелля. Да сярэдзіны XX ст. тэхніка апрацоўкі глебы таксама заставалася застарэлай. Палеткі апрацоўваліся пераважна драўляным ралам з кароткай дзяржальняй і стрэлападобным лемяшам.

Жывёлагадоўля развіта ў горных раёнах, асабліва на захадзе. Найбольш распаўсюджаная свойская жывёла — авечка. Трымаюць таксама коз, кароў, коняў, аслоў, радзей свінняў. У мінулым, кароў выкарыстоўвалі не столькі для атрымання малака, колькі як цяглавую жывёлу. У вёсках і на ўскраінах гарадоў даволі распаўсюджана пчалярства, на азёрах — рыбалоўства.

Здаўна македонцы займаліся адыходніцтвам. У цёплую пару года мужчыны займаліся сельскай, а ў астатнія месяцы працавалі ў гарадах, у тым ліку дастаткова аддаленых, будаўнікамі, цеслярамі, возчыкамі, наймаліся на лесараспрацоўкі і каменаломні. Македонскія рамеснікі здаўна славіліся разьбярствам па дрэву, вытворчасцю металічнага гаспадарчага посуду, конскай збруі і інш.

Сельскія паселішчы рознага тыпу. У далінах сустракаюцца вялікія вёскі, пабудаваныя паабапал дарогі але вакол плошчы. У эпоху асманскага панавання ўзніклі вёскі-чыфлік з высокай агароджай. У горных раёнах распаўсюджаны так званыя раскіданыя паселішчы, калі асобныя гаспадаркі або некалькі гаспадарак (край) знаходзяцца на пэўнай дыстанцыі (да 2 км). Гарады да 1912 г. былі заселены пераважна грэкамі або мусульманамі, таму старыя кварталы да нашага часу захоўваюць усходняе аблічча. Да пачатку XX ст. тыповыя хаціны каркасныя, абмазаныя глінай, аднакамерныя. Падлога земляная. Дах накрывалі дранкай або саломай. Столі не было. Жытло падзялялі драўлянай перагародкай на жылую частку (кука) і хлеў для жывёлы (пандзіла). У XX ст. пачалі ўзводзіць большыя па плошчы жытлы, часцяком на 2 або 3 паверхі. Ніжні паверх выкарыстоўвалі для гаспадарчых мэтаў.

У горных раёнах Паўночнай Македоніі захаваліся многія архаічныя рысы народнай вопраткі. Жаночы строй складаецца з тунікападобнай кашулі (кашульа або рыза) з высокім каўняром, расхінутай камізэлькі, фартуха і каляровага ваўнянага пояса. На галаву апранаюць круглы капялюшык-фес, а паверх яго — хустку. Мужчынскі строй уключае кашулю, доўгую (долама) або кароткую (джэмадан) палатнянай камізэльку, штаны рознага крою.

Сацыяльны лад

[правіць | правіць зыходнік]

У македонцаў доўгі час захоўвалася вялікая пашыраная сям'я задруга, якая магла ўключаць да некалькіх дзясяткаў чалавек. На чале яе стаяў старэйшы мужчына-дамакін. Прычым такія сем’і шырока сустракаліся не толькі ў сельскай мясцовасці, але і ў гарадах. Разам з пашыранай сям’ёй існавала і малая нуклеарная. Сельскія сем’і аб’ядноўваліся ў роды. Звычайна кожны род валодаў сваёй часткай паселішча. Хросныя бацькі прыраўноўваліся да крэўных сваякоў. Шлюбы знутры аднаго роду былі забаронены. Македонцы падзяляюць родзічаў па мужчынскай і жаночай лініі, што ўвасабляецца ў найменні сваяцкіх сувязяў.

Народная творчасць

[правіць | правіць зыходнік]

Распаўсюджаны святы, звязаныя з сельскім і рэлігійным каляндаром. Падчас калядаў (божык) папулярны розныя віды гаданняў, пажаданні ўрадлівасці, калядаванне. Напярэдадні свята арганізоўваюцца гульні, што суправаджаюцца скокамі праз вогнішча і кароткімі тэатральнымі відовішчамі. Сярод паўднёвых македонцаў вядомы святочныя зімовыя русаліі — калядаванні, калі ўзброеныя мячамі мужчыны абыходзілі сваю і суседнія вёскі, выконвалі танец ора і хрысцілі мячом хату гаспадара. Выпадковая сустрэча розных груп калядоўшчыкаў скончвалася кровапралітнай бойкай. На Багаяўленне і хрышчэнне было прынята забіваць барана, што некаторыя фалькларысты звязваюць са старажытным звычаем ахвярапрынашэння. У вербную суботу праводзіліся жаночае лазаруване, якое суправаджалася дзявочымі спевамі і танцамі. Таксама шчодра святкаваліся Вялікдзень, дзень Святога Георгія, Пятрок, Купалле.

У македонцаў захавалася шмат абрадавых і панегірычных песень, эпічныя балады, чарадзейныя казкі, гумарэскі, рэлігійныя казанні і г. д. Вылучаецца македонскі эпас пра Марка Кралевіча, які змагаўся з асманамі і, як вераць македонцы, не загінуў, а спіць сярод скал і аднойчы прыйдзе на дапамогу свайму народу.

Асноўны народны танец ора — колавы, незамкнёны. У мужчынскім ора прынята падтрымліваць партнёраў па танцу за плечы, але кожны танцор рухаецца самастойна, не забаронена імправізацыя. Распаўсюджаныя музычныя інструменты — дуда, жалейка, цымбалы, скрыпка, бубен і інш.

Македонская мова адносіцца да паўднёваславянскай групы моў. Найбольш блізкай да яе з’яўляецца балгарская. Пісьмовасць на аснове кірыліцы. Прыняты фанетычны прынцып правапісу.

У македонскім фальклоры захаваліся некаторыя рысы паганства, вера ў духаў-заступнікаў, у тым ліку змеепадобных істот, духаў, якія прыносяць багацце або хваробы, нави — душы неахрышчаных дзяцей і г. д. У вёсках да сярэдзіны XX ст. было распаўсюджана знахарства.

Большасць вернікаў спавядае праваслаўе, аднак ёсць невялікая колькасць каталікоў (у тым ліку сярод македонцаў Албаніі) і мусульмане-торбешы. Апошнія размаўляюць на македонскай мове, аднак лічаць сябе нашчадкамі туркаў або албанцаў.

Зноскі