Брэвіс
Брэвіс | ||||||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
̆ | ||||||||||||
| ||||||||||||
Характарыстыкі
| ||||||||||||
Юнікод |
U+0306 | |||||||||||
HTML-код |
| |||||||||||
UTF-16 |
0x306 | |||||||||||
URL-код |
%CC%86 |
Брэ́віс, або брэ́вэ (лац.: breve — «кароткае»), перавернутая камора[1] — адзін з кірылічных і лацінскіх надрадковых чашападобных дыякрытычных знакаў; запазычаны са старажытнагрэчаскай пісьменнасці, дзе пазначаў кароткасць галосных. У тыпаграфіцы адрозніваюцца кірылічнае брэвэ і лацінскае брэвэ: як правіла, першае мае патаўшчэнні па краях, другое — у сярэдзіне[2].
У кірыліцы
[правіць | правіць зыходнік]На славянскай глебе стала пазначаць нескладовы характар галосных. Рэгулярна выкарыстоўваецца з XV—XVI стст., пераважна над літарай «И». Таксама сустракалася над іжыцай (у старадрукаваных кнігах украінскага паходжання), над літарай «Ю» (у старой румынскай кірыліцы) і ў некаторых іншых выпадках.
З сярэдзіны XVII стагоддзя выкарыстанне брэвіса ў царкоўнаславянскай мове рускага зводу становіцца абавязковым для адрознівання галоснага «И» і зычнага «Й».
У грамадзянскім шрыфце першапачаткова былі скасаваны ўсе надрадковыя знакі, у тым ліку і кароткая; яна вярнулася ў рускую пісьменнасць у 1735 годзе[3], адкуль у складзе літары «Й» у розны час была запазычана іншымі мовамі (цяпер выкарыстоўваецца ва ўсіх кірыліцах, акрамя сербскай і македонскай, якія змянілі «Й» на «Ј», якая супадае па напісанні з лацінскім «J»).
Іншага паходжання брэвіс у беларускай літары «Ў» — створанай у XIX стагоддзі па мадэлі «Й» (адзін з першых выпадкаў ужывання — слоўнік Насовіча 1870 года). Акрамя таго, яна ўжывалася для таго ж гука ў кірылічным асецінскім алфавіце Шогрэна да 1924 года. Ва ўзбекскай жа кірыліцы гэтая літара пазначае простае /o/ (у той час як «О» пазначае заднеязычную /ɒ/).
Брэвіс ўжываецца ў складзе літар «Ӑ» і «Ӗ» чувашскага алфавіта для пазначэння кароткіх галосных сярэдняга ўздыму. У малдаўскім алфавіце «Ӂ» пазначае афрыкату /d͡ʒ/.
У сербскім алфавіце і харвацкай лацініцы перавернуты брэвіс над галоснай (сустракаецца ў слоўніках і навучальнай літаратуры) пазначае доўгую сыходную інтанацыю.
У лацінцы
[правіць | правіць зыходнік]У лацінскім алфавіце брэвіс перш за ўсё ўжываецца для пазначэння кароткіх галосных лацінскай мовы ў лінгвістычнай і навучальнай літаратуры прынамсі з часоў Адраджэння. Пазней яго сталі выкарыстоўваць у лінгвістыцы для транскрыпцыі ці транслітарацыі (напрыклад санскрыту ці праіндаеўрапейскай мовы).
У эсперанта «Ŭ» пазначае паўгалосны /w/. Пазней літара ўвайшла ў склад беларускай лацінкі і некаторых праектаў украінскай.
«Ă» у розных мовах пазначае розныя гукі: у румынскай — /ə/, у в’етнамскай — /ɐ/.
Са стварэннем турэцкага лацінскага алфавіта літара «Ğ» стала пазначаць заднеязычны фрыкатыўны зычны /ɣ/, які, зрэшты, у літаратурнай турэцкай мове не вымаўляецца і пазначае звычайна даўгату папярэдняга галоснага. З пераходам на лацінскі алфавіт у 1990-х гадах гэту літару запазычалі (з першапачатковым значэннем) азербайджанская і крымскататарская мовы.
У грэчаскім алфавіце
[правіць | правіць зыходнік]Брэвіс нароўні з макронам звычайна сустракаецца ў навучальнай ці лінгвістычнай літаратуры па старажытнагрэчаскай мове для пазначэння кароткіх гукаў /a i y/ ᾰ ῐ ῠ, для якіх адсутнічае парнае абазначэнне «кароткі — доўгі» (у адрозненне ад ε/η і ο/ω).
Гл. таксама
[правіць | правіць зыходнік]Зноскі
- ↑ А. І. ГРУША. БЕЛАРУСКАЯ КІРЫЛІЧНАЯ ПАЛЕАГРАФІЯ
- ↑ Бреве кириллическое, «Кратка» (Cyrillic breve) . Справочник ПараТайп. Архівавана з першакрыніцы 19 красавіка 2013. Праверана 18 красавіка 2013.
- ↑ Грот Я. К. Спорные вопросы русского правописания. — Спб., 1873. — С. 20—21.