Бітва на Ізеры

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Бітва на Ізеры
Асноўны канфлікт: Бег да мора на Заходнім фронце Першай сусветнай вайны
Уцёкі немцаў ад бельгійскага войска ў бітве на Ізеры
Уцёкі немцаў ад бельгійскага войска ў бітве на Ізеры
Дата 16–31 кастрычніка 1914
Месца Ізер, Бельгія
Вынік Перамога саюзнікаў
Праціўнікі
 Бельгія
Францыя Францыя
Вялікабрытанія Вялікабрытанія
 Германская імперыя
Камандуючыя
Бельгія Кароль Альберт I
Бельгія Эміле Дасен
Бельгія Агюстэн Мішэль
Бельгія Альфонс Жак
Францыя П’ер Алексіс Ранарк
Вялікабрытанія Горас Гуд
Германская імперыя Альбрэхт Вюртэмбергскі
Германская імперыя Ганс фон Безелер
Сілы бакоў
Бельгія: 65 000 чалавек
Францыя: ?
(1 дывізія пяхоты,
1 брыгада марскіх фузілёраў)
6 корпус (12 дывізій)
Страты
Бельгія: 40 000
Францыя: 15 000
76 250
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Бі́тва на Ізеры (фр.: Bataille de l'Yser, нідэрл.: Slag om de IJzer) — бітва ў часе Першай сусветнай вайны, якая адбылася ў кастрычніку 1914 года паміж бельгійскімі гарадамі Ньюпарт і Дыксмёйдэ ўздоўж ракі Ізер[1]. Бельгійская армія здолела цаной вялікіх стратаў спыніць прасоўванне немцаў, упершыню пасля ўварвання кайзераўскай Германіі ў Бельгію замацаваўшы лінію фронту па Ізеры пасля таго, як пад кантролем немцаў апынулася 95 % тэрыторыі Бельгіі. Дзякуючы перамозе ў бітве Бельгія здолела ўтрымаць кантроль над рэштай сваёй тэрыторыі, а кароль Альберт стаў нацыянальным героем бельгійцаў.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

2 жніўня 1914 Бельгія адмовілася прапусціць нямецкія войскі праз сваю тэрыторыю. Пасля гэтага 4 жніўня Германія напала на сваю суседку вялізнымі сіламі[2]. Не маючы падтрымкі ад Францыі і Вялікабрытаніі, бельгійская армія пачала адыход да Антверпена. Бельгійскі ўрад пераехаў туды ж, пакінуўшы сталіцу без абароны; 20 жніўня Брусель без бою быў заняты нямецкімі войскамі. 24 жніўня паў Намюр.

У кастрычніку пасля атакі немцаў на некалькі фортаў вакол Антверпена бельгійскае войска са стратамі працягнула адступленне. 9 кастрычніка горад здаўся, яго 33-тысячны гарнізон (к. ⅓ бельгійскай арміі) адышоў у Нідэрланды, дзе быў інтэрнаваны[3].

Адначасна з аблогай Антверпену нямецкія войскі разбілі французаў на мяжы з Бельгіяй (7 жніўня — 13 верасня) і адагналі іх у паўднёвым напрамку. Серыя ўзаемных спробаў французска-брытанскай і нямецкай армій абысці паўночны фланг ворага вылілася ў бег да мора праз Пікардыю, Артуа і Фландрыю, які скончыўся на паўночнаморскім узбярэжжы Бельгіі, дзе заставаліся рэшткі бельгійскіх войскаў з Антверпена[4].

Здача Антверпена і адступленне саюзнікаў.

11 кастрычніка, з падыходам немцаў да Гента, бельгійскі гарнізон пакінуў горада і далучыўся да рэгулярнага войска. Пасля гэтага ў Гент зайшла нямецкая армія.

Да 18 кастрычніка бельгійскія, брытанскія і французскія войскі на поўначы Францыі і ў Бельгіі стварылі абарончую лінію ад Ла-Басэ да Дыксмёйдэ[5].

Планы нямецкага наступу па Фландрыі і поўначы Францыі.

Хада бітвы[правіць | правіць зыходнік]

14 кастрычніка пасля працяглага адступлення бельгійская армія пачала акопвацца ўздоўж Ізера, саюзнікі забяспечвалі марскую падтрымку пад кіраўніцтвам брытанскага адмірала Гораса Гуда.

Паводка на Ізеры, заходняя Бельгія.

16 кастрычніка немцы атакавалі Дыксмёйдэ, але бельгійцы і французы з вялікімі стратамі здолелі адстаяць горада. Палкоўнік Альфонс Жак за сваю ролю ў абароне гораду пазней атрымаў тытул «дэ Дыксмёйдэ». 18 кастрычніка нямецкі наступ адкінуў саюзнікаў ад Ньюпорта да Араса (Францыя), намагаючыся таксама пазбавіць брытанцаў прахону да Кале, Булоні і Дзюнкерка. Немцы, не лічачыся са стратамі, прарвалі бельгійскую абарону, захапілі Кеем, Шур і часткова Манекенсверэ і выйшлі да Ізера, нягледзячы на агнявую падтрымку ад англійска-французскай флатыліі.

21 кастрычніка нямецкія войскі пад ударамі французскай 42-й дывізіі ўсё ж стварылі на заходнім беразе ракі невялікі плацдарм, адкуль бамбардзіравалі Дыксмёйдэ. Бельгійская армія пачала падрыхтоўку да затаплення тэрыторыі паміж Ізерам і прытокамі, каб спыніць наступ ворага. Уночы 26-29 кастрычніка падчас прыліваў шлюзы былі адкрыты, паступова ўзровень вады падняўся на тэрыторыі даўжынёй 1,6 км, на поўдні дасягнуўшы Дыксмёйдэ[6].

30 кастрычніка немцы правялі яшчэ адзін наступ на Ізеры, прарвалі другую лінію абароны бельгійцаў і дайшлі да Рамскапеле і Первейзэ[7]. Контратакай бельгійска-французскае войска адбіла Рамскапеле. Пасля гэтага на затопленай тэрыторыі ваенныя дзеянні праводзіць было немагчыма, і немцы адышлі ўночы на 31 кастрычніка[8]. 10 лістапада паў Дыксмёйдэ.

Вынікі[правіць | правіць зыходнік]

Нямецкае войска не здолела канчаткова перамагчы Бельгію, абарона якой апошняга лапіку зямлі ўздоўж мора спыніла бег да мора і перыяд актыўных сутыкненняў. Лінія фронту стабілізавалася ўздоўж ракі Ізер і ўтрымлівалася бельгійскім войскам да 1918 года з нязначнымі зменамі.

Страты нямецкіх войскаў у перыяд 18 кастрычніка — 30 лістапада ацэньваюцца ў к. 76 250 чалавек[9]. Бельгійская армія панесла меншыя страты, хоць усё ж значныя — каля 20 000 чалавек[10].

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Barton 2005, с. 17.
  2. Falls 1959, с. 41.
  3. Dumoulin et al. 2005, с. 93.
  4. Doughty 2005, с. 103—104.
  5. Edmonds 1925, с. 117–119, 125.
  6. Edmonds 1925, с. 257.
  7. Edmonds 1925, с. 300.
  8. Edmonds 1925, с. 300–301.
  9. Edmonds 1925, с. 468.
  10. Sheldon 2010, с. 91.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Barton, P. Doyle, P.; Vandewalle, J. Beneath Flanders Fields: the Tunnellers' War, 1914–1918. — Staplehurst: Spellmount, 2005. — ISBN 0-7735-2949-7.
  • R. A. Doughty. Pyrrhic Victory: French Strategy and Operations in the Great War. — Cambridge, MA: Belknap Press, 2005. — ISBN 0-67401-880-X.
  • M. Dumoulin, E. Gerard,M. Van den Wijngaert, V. Dujardin. Nouvelle Histoire de Belgique. — Brussels: Éd. Complexe, 2005. — Т. II: 1905–1950. — ISBN 2-8048-0078-4.
  • J. E. Edmonds. Military Operations France and Belgium, 1914: Antwerp, La Bassée, Armentières, Messines and Ypres October–November 1914. — 1. — London: Macmillan, 1925. — Т. II. — (History of the Great War Based on Official Documents by Direction of the Historical Section of the Committee of Imperial Defence).
  • C. Falls. The Great War 1914–1918. — New York: Putnam, 1959.
  • J. Sheldon. The German Army at Ypres 1914. — 1. — Barnsley: Pen and Sword Military, 2010. — ISBN 978-1-84884-113-0.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]