Вайна віскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Вайна віскі
Экіпаж фрэгата HDMS Triton Каралеўскіх ваенна-марскіх сіл Даніі падымае сцяг над востравам. 2003 год.
Экіпаж фрэгата HDMS Triton Каралеўскіх ваенна-марскіх сіл Даніі падымае сцяг над востравам. 2003 год.
Дата 198414 чэрвеня 2022
Месца Востраў Ганса
Прычына спрэчка за востраў
Вынік Атаўскае пагадненне
Змены 60% вострава адышлі Даніі, 40% — Канадзе
Праціўнікі
Данія Данія Канада Канада

Вайна віскі[1] (таксама Спіртаносная вайна[2], Алкагольныя войны[3], Вайна сцягоў[4]) — тэрытарыяльная спрэчка паміж Даніяй і Канадай вакол прыналежнасці вострава Ганса. Канфлікт не насіў узброены характар, а выліваўся ў пераменным «захопе» тэрыторыі то датчанамі, то канадцамі, якія ўсталёўвалі сваі сцягі і пакідалі адзін аднаму алкагольныя напоі. Падзеі завяршыліся падпісаннем у Атаве пагаднення аб падзеле спрэчнага вострава. Пасля падпісання дакумента міністр замежных спраў Канады Мелані Жолі  (руск.) назвала канфлікт вакол Ганса «самай прыязнай з усіх войнаў»[2].

Востраў[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Ганса (грэнл.: Tartupaluk; дацк.: Hans Ø; англ.: Hans Island) — невялікі незаселены востраў у цэнтры праліва Кенэдзі, часткі праліва Нэрса (Паўночны Ледавіты акіян). Даўжыня вострава — 1290 метраў, шырыня — 1199 метраў. Плошча 1,3 км². Востраў Ганса — самы маленькі сярод трох астравоў у праліве Кенэдзі.

Сам Ганса незаселены, на ім і паблізу яго няма ніякіх карысных выкапняў. Самае блізкае населенае месца — Алерт (Канада) — знаходзіцца ў 198 км ад вострава, Сіорапалук (Грэнландыя) — у 349 км, Каанаак (Грэнландыя) — у 379 км.

Востраў названы ў гонар Ганса Хендрыка — грэнландскага вандроўніка і перакладчыка, удзельніка шэрагу амерыканскіх і брытанскіх арктычных экспедыцый Ілайшы Кента Кейна, Чарльза Фрэнсіс Хола, Ісаака Ізраэля Хееса і Джорджа Нэрса (з 1853 да 1876 год).

Ход падзей[правіць | правіць зыходнік]

Зараджэнне канфлікту[правіць | правіць зыходнік]

У 1880 годзе Вялікабрытанія перадала Канадзе ўсе свае ўладанні ў Арктыцы, аднак па прычыне выкарыстання састарэлых карт XVI стагоддзя[5] востраў Ганса не быў уключаны ў дакументы. У 1920-х гадах дацкія даследчыкі склалі больш падрабязнае апісанне мясцовасці, пазначыўшы востраў на карце. Урад Даніі прыняў рашэнне ўключыць яго ў склад каралеўства[6].

У 1933 годзе Пастаянная палата міжнароднага правасуддзя (англ.: Permanent Court of International Justice – PCIJ) Лігі Нацый вынесла рашэнне па пытанні карціравання вострава на карысць Даніі. Але пра гэтае рашэнне забыліся ў 1946 годзе, пасля таго, як распушчаную палату правасуддзя замянілі міжнародным судом ААН[7]. Пазней, у 1972 годзе[7], аб праблемным востраве ўспомнілі, калі дзве краіны вырашылі правесці дэмаркацыю водных межаў[6].

У 1973-м бакі ў цэлым прыйшлі да пагаднення аб межах, аднак прыналежнасць Ганса ўзгоднена не была. Прычынай гэтаму паслужыла роўная аддаленасць острава як ад берага Канады, так і ад берага Грэнландыі — 18 кіламетраў. Згодна Міжнароднаму праву, абедзве краіны маглі прэтэндаваць на яго. Рашэнне лёсу спрэчнай тэрыторыі было адкладзена на потым[2].

У 1983 годзе Канада выдала дазвол канадскай нафтавай кампаніі Dome Petroleum  (англ.) на стварэнне навуковага лагера на востраве Ганса, нібыта для даследавання ўплыву марскога лёду на свідравыя ўстаноўкі[8]. У той жа год грэнландскі журналіст, які наведаў Ганса, сустрэўся з навукоўцам кампаніі. Яго артыкул, што з’явіўся ў грэнладскай газеце Hainan, прыцягнуў увагу як дацкіх, так і канадскіх уладаў[9][10].

Візіты на востраў[правіць | правіць зыходнік]

Першы «захоп» вострава адбыўся ў 1984 годзе, аднак даныя, хто першы ажыццявіў высадку, адрозніваюцца. Па адной з версій, дацкі міністр па справах Грэнландыі наведаў востраў і пакінуў на ім бутэльку шнапса пад знакам «Сардэчна запрашаем на дацкую зямлю!»[7]. Па іншых звестках, першымі сюды прыбылі канадскія вайскоўцы, пакінуўшы віскі[11]. Так ці інакш, але з гэтага моманту зарадзіўся звычай зменных высадак на Ганса, калі раз у некалькі месяцаў адзін з бакоў прыбываў на востраў, усталёўваючы свой сцяг і пакідаючы алкаголь для апанентаў. Дацкія памежнікі пакідалі бутэльку шнапсу для канадцаў. Канадцы са свайго боку прывозілі бутэльку Canadian Club Whiskey для датчан[7].

У 2001 годзе Ганса наведалі Кейт Д’юінг і Крыс Харысан, супрацоўнікі Геаслужбы Канады  (англ.), якія складалі карту паўночнай часткі вострава Элсмір. Навукоўцы прыбылі туды на верталёце[12].

Адносіны некалькі абвастрыліся 13 ліпеня 2005 года, калі канадскія войскі высадзіліся на востраў Ганса, узвялі інуксук (каменную скульптуру) і паднялі нацыянальны сцяг. Праз тыдзень востраў наведаў міністр абароны Канады Біл Грэм  (англ.). Данія заявіла пратэст, у якім востраў быў абвешчаны «часткай дацкай тэрыторыі», і падала скаргу на «няўзгоднены візіт канадскага міністра»[7]. На гэтым фоне датчане перакінулі ў рэгіён арктычны/акіянскі патрульны катэр HDMS «Tulugaq»[13].

Перамоўны працэс[правіць | правіць зыходнік]

8 жніўня 2005 года было абвешчана, што Канада жадае пачаць перамовы. Тагачасны прэм’ер-міністр Даніі Андэрс Фог Расмусен падтрымаў ідэю, заявіўшы аб недапушчальнасці «вайны сцягоў» у сучасным свеце[4]. 16 жніўня міністр замежных справаў Даніі Пер Сціг Мелер  (англ.) абвясціў аб гатоўнасці абодвух бакоў прыступіць да перамоваў. Урад Грэнландыі падтрымаў рашэнне. У выпадку, калі ім не ўдалося б дасягнуць пагаднення, бакі дамовіліся звярнуцца ў Міжнародны суд у Гаазе[14]. Міністр замежных спраў Канады П’ер Пэцігру  (англ.) заявіў у інтэрв’ю The Canadian Press  (англ.) аб малаверагоднасці такога зыходу і сваіх намерах выкласці гістарычную прыналежнасць Ганса Канадзе[15].

19 верасня міністры замежных спраў Канады і Даніі сустрэліся ў Нью-Ёрку. Пэцігру заявіў, што краіны будуць працаваць разам, «каб пакінуць гэтае пытанне ззаду», але працягваў настойваць на прыналежнасці вострава Канадзе[16].

У 2018 годзе бакі стварылі сумесную рабочую групу для ўрэгулявання канфлікту[2].

Пагадненне[правіць | правіць зыходнік]

Умовы[правіць | правіць зыходнік]

14 чэрвеня 2022 года была падпісана дамова аб падзеле вострава. Подпіс пад ёй у Атаве паставілі міністры замежных спраў Канады і Даніі Мелані Жолі  (руск.) і Епэ Куфуд  (англ.), а таксама прэм’ер-міністр Грэнландыі Мютэ Буруп Эгедэ  (англ.). Востраў падзялілі амаль напалову па натуральнай расколіне, якая праходзіць з поўначы на поўдзень (60% дасталіся Даніі, астатнія 40% — Канадзе[17]). Бакамі забяспечаны пастаянны доступ і свабода перамяшчэння па ўсім востраве для інуітаў, а таксама мясцовых жыхароў Аванерсуака, Нунавута і Грэнладыі. Дазвол распаўсюджаны ў тым ліку на паляванне, рыбалку і іншыя, звязаныя з імі культурныя, традыцыйныя і гістарычныя мерапрыемствы[2]. Данія і Канада зацвердзілі таксама марскую мяжу, працягласцю амаль у 4 тыс. км[17].

Матывы[правіць | правіць зыходнік]

Шырока распаўсюджана меркаванне, што канфлікт галоўным чынам завершаны з-за неабходнасці разведаць магчымыя рэсурсы блізу вострава. Так, напрыклад, у 2012 годзе Канада і Данія завяршылі перамовы па разведцы нафты і прамысловых правах у моры Бафіна. Аднак вобласць вакол Ганса не была закранута. Тады Канада прапанавала падзяліць востраў Ганса напалову, але датчане ідэю не падтрымалі[7].

Згодна з версіяй дырэктара Еўразійскага камунікацыйнага цэнтра Аляксея Пілько, востраў Ганса, нягледзячы на свае невялікія памеры, мае пэўнае стратэгічнае значэнне ў зоне, дзе могуць праходзіць крытычныя важныя арктычныя марскія шляхі[17].

" Тэрытарыяльная спрэчка паміж Даніяй і Канадай паўстала не проста так, яны вельмі доўга абмяркоўвалі гэтую праблему. Востраў Ганса — памежная зона паміж краінамі, дзе праходзіць так званы Паўночна-заходні праход, які з’яўляецца патэнцыйным канкурэнтам і альтэрнатывай Паўночнага марскога шляху. Арктыка растае, і, увогуле-то, Паўмаршлях становіцца ўсё больш прывабным, асабліва ў сувязі з загрузкай традыцыйнага Паўднёвага марскога шляху вакол Афрыкі праз Суэцкі канал і Індыйскі акіян. Але Паўночны марскі шлях практычна цалкам — ад Мурманска да Чукоткі — кантралюецца Расіяй. "

У гэтай сувязі для краін НАТА паўстала неабходнасць атрымаць альтэрнатыву, што магла быць знойдзена ў выглядзе Паўночна-заходняга праходу[17].

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Завяршыўшы канфлікт, Канада і Данія фармальна ўсталявалі самую доўгую марскую мяжу ў свеце: яе працягласць склала 3882 км. Была таксама ўстаноўлена сухапутная мяжа Канады і ЕС у асобе Дацкай Грэнландыі[2].

Бакі падкрэслілі кантэкст, у якім адбылося ўрэгуляванне тэрытарыяльнай спрэчкі — уварванне Расіі ва Украіну[18].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Maura Forrest. Canada and Denmark settle ‘Whisky War’ with a bottle exchange (англ.). Politico (14 чэрвеня 2022). Праверана 17 чэрвеня 2022.
  2. а б в г д е "Спиртоносная война между Данией и Канадой окончена. Страны поделили остров Ганса". BBC News Русская служба. 2022-06-14. Праверана 2022-06-16.
  3. The Hans Island "liquor wars" between Canada and Denmark may be the cutest dispute in history (англ.). The Vintage News (18 верасня 2016). Праверана 16 чэрвеня 2022.
  4. а б Canada vil forhandle om Hans Ø (дацк.)(недаступная спасылка). Jyllands-Posten (8 жніўня 2005). Архівавана з першакрыніцы 18 верасня 2005. Праверана 30 чэрвеня 2022.
  5. Amy Dickey. The Whisky War: Why history's most polite territorial conflict rages on (англ.). Business Insider (8 лютага 2021). Праверана 18 чэрвеня 2022.
  6. а б Даниил Студнев. "Война виски": из-за чего длилось полувековое противостояние Канады и Дании // ТАСС : информационное агентство. — 17 июня 2022.
  7. а б в г д е Остров невезения: из-за чего началась «война виски»? // Крым.Реалии. — 6 июля 2016.
  8. Steven Chase (2022-06-10). "Canada and Denmark reach settlement over disputed Arctic island, sources say". The Globe and Mail [англійская]. Праверана 2022-06-17.
  9. Why it took 50 years to resolve Canada and Denmark’s dispute over a tiny Arctic island (англ.). National Geographic (14 чэрвеня 2022). Праверана 17 чэрвеня 2022.
  10. Taissumani: August 29, 1871 - Hall Names Hans Island (англ.). Nunatsiaq News (26 жніўня 2005). Праверана 17 чэрвеня 2022.
  11. The barren islands that countries never stop fighting over
  12. George, Jane (April 9, 2004). "Greenland, Canada squabbling over pet rock". Nunatsiaq News. Праверана February 23, 2019.
  13. [1]
  14. Rasmus Avnskjold. Ø-farcen er slut (дацк.). B.T. (16 жніўня 2005). Праверана 17 чэрвеня 2022.
  15. Canada has claim to Hans Island: Pettigrew (англ.)(недаступная спасылка). CTV (20 жніўня 2005). Архівавана з першакрыніцы 6 снежня 2005. Праверана 17 чэрвеня 2022.
  16. Canada, Denmark agree to resolve dispute over Arctic island (англ.). CBC News (19 верасня 2005). Праверана 17 чэрвеня 2022.
  17. а б в г Светлана Белова. «Война виски» завершилась дальновидно // Коммерсантъ : газета. — 18 июня 2022.
  18. Ian Austen.Canada and Denmark End Their Arctic Whisky War // The New York Times. — 14 июня 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]