Валокі (Хойнікі)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Валокі (Хойніцкі раён))
Населены пункт
Валокі
Краіна
Вобласць
Раён
Каардынаты
Першая згадка
1683 год
Часавы пояс
Тэлефонны код
+375 2346
Аўтамабільны код
3
Валокі на карце Беларусі ±
Валокі (Хойнікі) (Беларусь)
Валокі (Хойнікі)
Валокі (Хойнікі) (Гомельская вобласць)
Валокі (Хойнікі)

Валокі (трансліт. Vałoki) — гістарычная мясцовасць Хойнікаў, размешчаная ў паўднёвай частцы места.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Тапонім Валокі ўтварыўся ад слова валока. Так у XVI—XIX стст. называлася адзінка вымярэння плошчы зямельных участкаў роўная 21,36 га. Сяло Хвойнікі, калісьці самае паўночнае ў Брагінскай воласці, было заснаванае на ўскрайку балота, дакуль пушча не даходзіла, таму і асесці атрымалася лягчэй. Але ворыўнай зямлі з цягам часу стала не хапаць. З’явілася патрэба ў асваенні суседняга больш высокага, парослага лесам вострава, дзе ўрэшце і былі намераныя валокі для хвойніцкіх аратых. Потым каля іх пачалі сяліцца людзі, у выніку чаго ўзнікла аднайменная вёска.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Карона Каралеўства Польскага[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш ранняя згадка пра вёску Валокі сустрэтая пакуль што ў люстрацыі падымнага падатку Оўруцкага і Жытомірскага паветаў Кіеўскага ваяводства1683 года. Належала да włości Choynickiej князя Канстанціна Яна Шуйскага. З яе 32 дымоў выплачваліся 3 злотыя, у другі пабор з 3 дымоў яшчэ 3 злотыя[1]. Наступная звестка датаваная 12-м днём лютага 1694 года, калі Себасціян Яроцкі з іншай шляхетнай чэляддзю прыехаў на стрэчанскі кірмаш у мястэчка Хойнікі дзеля закупкі правіянта на ўтрыманне сваёй харугвы, якая выправілася была пад Хвастаў супраць казакоў палкоўніка Сямёна Палія, ды спыніўся на ноч у доме ўдавы Казачыхі «na Wołokach»[A][2]. На 1698 год, паводле інвентара добраў Хойнікі, перададзеных у кіраванне пана Зыгмунта Шукшты, у Валоках было 27 двароў, гаспадары васьмі з іх, старэйшыя ўзростам, памерлі, яшчэ трое ўцеклі. Паводле рэвізіі 1716 года, тут налічвалася 28 гаспадарак, адна з іх вызваленая ад павіннасцяў (słoboda). Згодна з інвентаром 1721 года, калі абцяжараны даўгамі маёнтак ад пасэсара Юзафата Парышэвіча, біскупа валоскага, перайшоў дзедзічнаму ўладальніку князю Мікалаю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму, у вёсцы Валокі было 28 двароў, адзін з якіх належаў баярыну «na wsłudze», з астатніх жа выбіралася 114 злотых чыншу, даніны мядовай 62 бельцы, а таксама іншае дзякла. Супольна жыхары адпрацоўвалі паншчыну ад Вялікадня (Wielkiej Nocy) да св. Міхайлы па тры дні, ад Міхайлы да Вялікадня па два дні, гвалты адбывалі, грэблі масцілі, з падводамі ездзілі або грашыма адкупаліся, «быдла рагатага і нерагатага», птушку, як і збожжа ярыннага давалі. Прозвішчы жыхароў — Жаўняк, Лобан, Чэкан, Карась, Лукашэнка, Дрозд, Піліпенка, Бондар, Ліцвінка, Амелька, Кудака, Шмотка, Гусак, Колас, Кукальнік, Казак (Казачыха, Казачэнка) Цярэшчанка[3].

Паводле тарыфа падымнага падатку Кіеўскага ваяводства 1734 года, Валокі ў складзе Хойніцкай воласці належалі князю Ігнацыю Шуйскаму, харунжычу берасцейскаму[4]. У тарыфе 1754 года вёска не згаданая. Відавочна, яе двары і падаткі з іх былі аб’яднаныя люстратарамі ці паборцамі з мястэчкавымі.

Згодна з перапісам яўрэйскага насельніцтва 1765 года, у Валоках жылі 2 плацельшчыкі пагалоўшчыны, якія належалі да Хойніцкага кагала. Перапісы 1778 і 1784 гадоў не засведчылі ніводнага[5].

Расійская імперыя[правіць | правіць зыходнік]

Фальварак і вёска Валокі на схематычным плане Рэчыцкага павета 1800 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Валокі апынуліся ў межах Чарнігаўскага намесніцтва (губерні), з 1796 года ў складзе адноўленага Рэчыцкага павета Маларасійскай, а з 29 жніўня 1797 года Мінскай губерні Расійскай імперыі[6]. Згодна з кантрактам, падпісаным 4 красавіка 1794 года, добры Валокі і Хойнікі дзедзічнай уладальніцы пані Людвікі з Шуйскіх Прозаравай, аддадзеныя ў «арэндную пасэсію» да 2 красавіка 1796 года за суму ў 7 947 польскіх злотых і 29 грошаў ксяндзу Юзафу, сыну Марціна, Корсаку, каноніку інфлянцкаму. Адміністратарам быў яго пляменнік Юзаф, сын Станіслава, Віткоўскі. Вёска Валокі на той час мела 69 двароў з 219 душамі мужчынскага і 202 жаночага пола[7]. У «Камеральном описании… Речицкой округи», датаваным 29 студзеня 1796 года, фальварак і вёска Валокі названыя сярод паселішчаў у складзе Хойніцкіх добраў Людвіка Прозара[B], якія раней былі перайшлі «в казну», але «по высочайшему повелению» вернутыя Луізе Прозаравай[8].

З шляхецкай рэвізіі 1811 года вынікае, што фальварак Валокі трымаў у пасэсіі пан Трацяк, эканомам быў 26-гадовы Каспер Канаржэўскі, на ўслугах — 12-гадовы Ануфрый Крушэўскі[9].

План фальваркаў Езапоў і Валокі. 1887 г.

Паводле інвентара Хойніцкага маёнтка 1844 года, прыналежнага рэчыцкаму падкамораму Уладзіславу, сыну Караля, Прозару, адным з сямі яго фальваркаў быў Валоцкі. У складзе апошняга — вёскі Валокі, Людвінопаль, Гарошкаў, мястэчка Хойнікі[10]. У «Списках населённых мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засведчана, што 236 жыхароў абодвух полаў з вёскі Валокі былі прыхаджанамі Хойніцкай Свята-Пакроўскай царквы, 78 валоцкіх мужчын і 80 жанчын, якія жылі ў фальварку і ў вёсцы, з'яўляліся парафіянамі Астраглядаўскага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі[11].

У пачатку 1870 года ў Валоках было 218 сялян-уласнікаў, прыпісаных да Валоцкага сельскага таварыства[12], да якога належаў яшчэ і Людвінопаль са сваімі 58 уласнікамі. На 1879 год вёска разам з іншымі 9 паселішчамі належала да прыхода Хойніцкай Пакроўскай царквы[13].

Сядзібны дом А. Аўраамава на месцы фальварка Валокі. Сучасная вуліца Карла Маркса, 19

Паводле плану 1886 года, у мястэчку Хойніках існавала Валоцкая вуліца, якая вяла да фальварка і вёскі Валокі[14]. 2 лістапада 1887 года праўнук абознага Канстанцін, сын Мечыслава, Прозар прадаў абцяжараны даўгамі маёнтак Хойнікі расійскім купцам з Арлоўскай губерні, карачаўскаму Міхаілу Пятровічу Аўраамаву і трубчэўскаму Гаўрылу Сямёнавічу Курындзіну за 580 000 рублёў серабром[15].

На 1909 год у вёсцы Валокі 136 двароў, 749 жыхароў, у дзвюх аднайменных сядзібах адпаведна 1 двор, 35 жыхароў і 1 двор, 14 жыхароў[16]. У 1912 годзе Андрэй Міхайлавіч Аўраамаў завершыў узвядзенне мураванага палацыка «u wjazdu do Chojnik», як вызначыў яго месцазнаходжанне Анджэй Раствароўскі, унук Аляксандра Аскеркі, якому з-за дажджу ўвосень 1915 года, не даехаўшы да Рудакова, давялося тут заначаваць[17]. А гэта — якраз на месцы першай з названых сядзібаў альбо уласна былога фальварка Валокі.

Найноўшы час[правіць | правіць зыходнік]

Вёска Валокі на карце, складзенай у 1924-26 гг.

9 лютага 1918 года, яшчэ да падпісання Брэсцкага міру з бальшавіцкай Расіяй (3 сакавіка), Германія перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвешчана была часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Валокі і Хойнікі, аднак, апынуліся ў складзе часова створанай 15 чэрвеня Палескай губерні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. Ад 18 мая тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гетмана Паўла Скарападскага[18].

1 студзеня 1919 года, паводле пастановы І з’езду КП(б) Беларусі, Хойнікі ўвайшлі ў склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня Масква адабрала іх разам з іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР.

8 снежня 1926 года Валокі з Хойнікамі вярнулі БССР. Тады ж вёска стала цэнтрам сельсавета ў складзе Хойніцкага раёна Рэчыцкай акругі. З 9 чэрвеня 1927 года Валокі ў складзе Гомельскай акругі. 30 снежня 1927 года сельсавет узбуйнены, у яго склад увайшла тэрыторыя скасаванага Малешаўскага сельсавета. 26 ліпеня 1930 года акруговы падзел быў скасаваны. З 20 лютага 1938 года Валокі з Хойніцкім раёнам апынуліся ў межах Палескай вобласці з цэнтрам у Мазыры, з 8 студзеня 1954 года — у Гомельскай вобласці.

16 красавіка 1959 года Валоцкі сельсавет скасаваны, тэрыторыя перададзена ў адміністрацыйнае падпарадкаванне Хойніцкага пасялковага савета[19].

У 1972 годзе вёска Валокі далучаная да места Хойнікі і названая вуліцай імя Катоўскага.

Асобы[правіць | правіць зыходнік]

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Удава Казачыха з сынамі згаданая сярод жыхароў Валокаў у інвентары 1698 года. У 1716 і 1721 гадах названы Назар Казачэнка.
  2. Так падпісваўся Караль, бо маёнтак быў уласнасцю яго жонкі Людвікі, а каб браць удзел у справах павета і ў Рэчы Паспалітай, і ў Расіі неабходна мець у яго межах зямельныя ўладанні.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Архив Юго-Западной России. Ч. VII. T. I. Акты о заселении Юго-Западной России. — Киев, 1886. С. 488, 506
  2. Архив ЮЗР. Ч. III. Т. II. Акты о казаках (1679—1716). — Киев, 1868. С. 286
  3. НГАБ у Менску. Ф. 320. Воп. 1. Спр. 1. А. 119, 120, 122адв.-123, 130, 140
  4. Тарифи подимного податку, сеймикові лауди і люстрації Київського воєводства першої половини XVIII століття. /Вид. друге, доп. Укл. Конрад Жеменецький. — Біла Церква, 2015. С. 285
  5. Архив ЮЗР. Ч. 5. Т. 2. Переписи еврейского населения в юго-западном крае в 1765—1791 гг. — Киев, 1890. С. 301, 391, 710
  6. Насевіч В., Скрыпчанка Т. Рэчыцкі павет / В. Насевіч, Т. Скрыпчанка // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі: у 6 т. — Т. 6. Кн. 1. — Мінск: БелЭн, 2001. C. 181—182.
  7. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 59. А. 171—189адв.
  8. Петреченко І. Є. «Камеральное описание… Речицкой округи» 1796 р.: інформаційний потенціал пам’ятки // Днепровский паром. Природное единство и историко-культурное взаимодействие белорусско-украинского пограничья / Материалы международной конференции (26-27 апреля 2018 г., г. Гомель). — Минск, 2018. С. 70 — 71
  9. НГАБ. Ф. 333. Воп. 9. Спр. 263. А. 104
  10. НГАБ. Ф. 142. Воп. 1. Спр. 1475. А. 33адв. etc.
  11. Расійскі дзяржаўны гістарычны архіў. Ф. 1290. Воп. 4. Спр. 79. А. 382, 666
  12. Список волостей, обществ и селений Минской губернии на 01. 01. 1870 г. — Минск, 1870. Л. 68адв.
  13. Описание церквей и приходов Минской епархии. VIII. Речицкий уезд. — Минск, 1879. С. 140
  14. Мястэчка Хойнікі на плане 1886 г.
  15. Виноградов Д. Л. Живые прошлого страницы. / Дмитрий Леонидович Виноградов. — Минск: А. Н. Вараксин, 2018. С. 99 — 102
  16. Список населённых мест Минской губернии. / Сост. В. С. Ярмолович. — Минск, 1909. С. 30
  17. Rostworowski A. Ziemia, której już nie zobaczysz. Wspomnienia Kresowe. — Warszawa, 2001. S. 110.
  18. Ціхаміраў А. В. Станаўленне і развіццё беларуска-украінскіх адносін у 1918—1920 гг. // Веснік БДУ. Сер. 3. 2005. № 3. С. 28 — 32; Грицкевич А. П. Борьба за Украину, 1917—1921 / А. П. Грицкевич; под науч. ред. А. Е. Тараса. — Минск: Современная школа, 2011. С. 92 — 93; Ільїн О. Західне Полісся в Українській Державі гетьмана Скоропадського (Історія в документах) / О. Ільїн // Над Бугом і Нарвою : український часопис Підляшшя. — 2014. № 3. С. 42; Валентина Метлицька. Тимчасова німецька окупація та її вплив на долю східного Білоруського Полісся (березень 1918 — січень 1919 рр.). // Україна та Німеччина: міждержавні відносини: збірник наукових праць / ред. кол. Владислав Верстюк (гол.), Степан Віднянський, Руслан Пиріг, Ірина Матяш, Дмитро Вєдєнєєв, Володимир Бойко, Дмитро Казіміров. — Чернігів: Сіверський центр післядипломної освіти, 2018. С. 286—296 (артыкул беларускамоўны); Замойский А. С. Брагин и местечки юго-восточной Беларуси в условиях перехода от войны к миру. 1918—1922. // Брагинщина в контексте истории белорусско-украинского пограничья: сборник научных статей / редкол. А. Д. Лебедев (отв. ред.) [и др.]. — Минск: Четыре четверти, 2018. С. 85
  19. Рашэнне выканкома Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных ад 16 красавіка 1959 г. // Збор законаў, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў і распараджэнняў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1959, № 5.