Дзякла

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Дзякла — прадуктовая рэнта за зямельны надзел, якая збіралася на карысць землеўладальніка з сялян у Вялікім Княстве Літоўскім. Выплочвалася збожжам: пераважна жытам і аўсом, радзей ячменем і пшаніцай. Да валочнай памеры 1557 г. адзінкай абкладання былі дворышча і служба, пазней — валока (21,36 гектары) і дым. У склад рэнты таксама ўваходзілі хатняя птушка і жывёла, яйкі, мёд, арэхі, грыбы, ягады, сена, лён і пянька[1]. Найчасцей памер збожжавага дзякла, які залежаў ад ураджайнасці, складаў 1—2 бочкі жыта і аўса (глядзіце Літоўскія меры аб'ёму: бочка = 36 вёдраў = 406 літраў). У адной бочцы змяшчалася 18 пудоў (295 кг) жыта, або 10 пудоў (164 кг) аўса, або 15 пудоў (246 кг) ячменя, або 19 пудоў (311 кг) пшаніцы. У 2-ой палове 16 ст. у маёнтку Нябышын (Ашмянскі павет, Віленскае ваяводства; цяпер Вілейскі раён, Мінская вобласць) сяляне здавалі з валокі 2 бочкі жыта, 2 бочкі аўса і 2 бочкі пшаніцы. Сяляне мелі звезці збожжа на поле землеўладальніка, засеяць і забаранаваць яго (не ў залік паншчыны). Інвентар за 1578 г. вёскі Косценева (Слонімскі павет, Наваградскае ваяводства; цяпер Бярозаўскі раён, Брэсцкая вобласць) прадпісваў здаваць «аўса бочак 2 альбо грошай 20 за адвозы, сена воз 1 або грошы 5 за адвозы, за гусь, куры, яйцы, грошы 3 і пул, за невады грошы 2». У 1705 г. уласнік маёнтка Газдзеева (Мінскае ваяводства) прапанаваў сялянам плаціць замест 1/2 бочкі жыта — 10 злотых, замест бочкі аўса — 5 злотых, замест воза сена — 3 злотых[2]. У 2-й палове 18 — 1-й палове 19 ст. выцясняецца працоўнай (паншчына) і грашовай (чынш) рэнтай[3].

Зноскі

  1. Васіль Мялешка. Дзякла // Вялікае Княства Літоўскае : Энцыклапедыя ў 2 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — 2-ое выд. — Менск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2007. — Т. 1. — С. 587-588. — 688 с. — ISBN 978-985-11-0393-1.
  2. Васіль Мялешка. Дзякла // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1996. — Т. 3. — С. 235. — 527 с. — ISBN 985-11-0041-2.
  3. Васіль Мялешка. Дзякла // Беларуская энцыклапедыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 1998. — Т. 6. — С. 137. — 576 с. — ISBN 985-11-0106-0. Архівавана 10 снежня 2015.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]