Васілька Расціславіч

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search
Васілька Расціславіч
Vasilko Rostislavich.jpg
 
Нараджэнне: 1066
Смерць: 1124
Бацька: Расціслаў Уладзіміравіч
Дзеці: Іван Васількавіч[d] і Расціслаў Васількавіч[d]

Васілька Расціславіч (? — 1124) — князь церабоўльскі (1092—1124).

Маладосць, атрыманне ўдзела[правіць | правіць зыходнік]

Малодшы сын Расціслава Уладзіміравіча. Па смерці бацькі, браты Расціславічы — Рурык, Валадар і Васілька — засталіся без удзелаў. Працяглай барацьбой са старэйшымі князямі, у асноўным са стрыечным дзядзькам Усеваладам Яраславічам, яны дамагліся воласці на захадзе Русі. Так, старэйшы з Расціславічаў — Рурык, атрымаў Перамышль.

Верагодна, упершыню Васілька згадваецца ў летапісы без імя пад 1084 годам, калі разам з братам Валадаром выгнаў з Уладзімір-Валынскага Яраполка Ізяславіча, які, магчыма, у свой час узяўся «карміць» іх. Вялікі князь Усевалад Яраславіч паслаў тады супраць іх свайго сына Уладзіміра, які выгнаў Расціславічаў і вярнуў уладзімір-валынскі сталец Яраполку.

Яраполк пайшоў супраць Расціславічаў і 22.11.1086 г. пад Звянігарадам[uk] быў забіты ўласным дружыннікам. Забойца — Нярадзец — збег у Перамышль да Рурыка, таму супраць Расціславічаў узнікла падазрэнне. Сталец ва Уладзімір-Валынскім, на які магчыма спадзяваліся Расціславічы, аднак, перайшоў да Давыда Ігаравіча. У 1092 годзе Рурык памёр, а Перамышль атрымаў Валадар, а Васілька тады ж атрымаў ад Усевалада Яраславіча ва ўдзел Церабоўлю на Сераце.

У 1090-я гады Васілька праводзіў агрэсіўную палітыку датычна суседзяў Русі, звесткі пра яе толькі часткова захаваліся ў летапісах. Так, у 1092 годзе, яшчэ да смерці брата Рурыка, ён з полаўцамі ваяваў у Польшчы. Польскі храніст (XV ст.) Ян Длугаш, памылкова датуючы набег Васількі 1081 годам, паведамляе, што Васілька «напаў на Польскае каралеўства і імкліва і паспешліва спустошыў яго, захапіў і спаліў некалькі крэпасцяў, і са здабычай і трафеямі вярнуўся на Русь». Пазней, Васілька прызнаваў, што шмат зла зрабіў палякам, але планаваў зрабіць яшчэ болей.

У Васількі былі грандыёзныя планы вайны з Польшчай і іншымі суседзямі Русі, ён намерваўся прыцягнуць да гэтага не толькі полаўцаў, але і берандзеяў, печанегаў і торкаў, таксама папрасіць малодшую дружыну ў брата Валадара і князя Давыда Ігаравіча і з гэтымі сіламі пайсці ў Польшчу «на зіму і на лета» і ўзяць яе ўсю, «адпомсціць Рускую зямлю». Апроч гэтага, Васілька намерваўся паланіць дунайскіх балгараў і пасяліць іх у сваім княстве. Па гэтым Васілька таксама хацеў прасіць вялікага князя, з 1093 года ім быў ужо Святаполк Ізяславіч, і ва Уладзіміра Усеваладавіча дазволу ісці супраць полаўцаў — «або знайсці сабе славу, або загінуць за Рускую зямлю».

У канцы кастрычніка — пачатку лістапада 1097 года Васілька ўдзельнічаў у княжым з’ездзе ў Любечы, скліканым ініцыятывай Уладзіміра Усеваладавіча. На з’ездзе былі зацверджаны «отчыны» князёў і прызнаны прынцып іх непарушнасці. Рашэннем з’езду, урэшце за Васількам была зацверджаны Церабоўля, а за Валадаром — Перамышль.

Барацьба за ўдзел[правіць | правіць зыходнік]

Асляпленне і палон[правіць | правіць зыходнік]

Асляпленне Васількі. Мініяцюра Радзівілаўскага летапісу (XV ст.).

Любецкія пастанаўленні, аднак, былі парушаны амаль адразу. Колішні саюзнік Расціславічаў — Давыд Ігаравіч абвінаваціў Васілька перад вялікім князем Святаполкам Ізяславічаем, быццам задумвае супраць іх, змовіўшыся з Уладзімірам Усевалдавічам. Паводле Давыда, Уладзімір намерваўся адняць у Святаполка Кіеў, а Васілька — у самага Давыда Уладзімір-Валынскі. У пацверджанне слоў Давыд нагадаў Святаполку пра гібель брата, маўляў, забілі яго Расціславічы і цяпер думаць на яго. Святаполк паверыў Давыду.

Падрабязнае апавяданне пра далейшыя падзеі пакінуў кніжнік Васіль у г.зв. «Аповесці пра асляпленне Васількі Церабоўльскага», якая змешчана ў «Аповесці мінулых часоў» пад 1097 годам. Так, 5.11.1097 года Васілька, які вяртаўся з Любецкага з’езда быў запрошаны ў Кіеў і падманам схоплены на двары Святаполка, а на наступны дзень перавезены Давыдам у Белгарад пад Кіевам і там аслеплены людзьмі Святаполка і Давыда. Фізічна Васілька быў вельмі дужы, і злодзеі ледзь адолелі яго ўчатырох. Князя ў непрытомнасці кінулі на воз і павезлі да Уладзімір-Валынскага, які належаў Давыду Ігаравічу, дзе трымалі на двары нейкага Вакея, прыставіўшы 30 чалавек аховы і 2 княжых отракаў.

Гэта было нечуванае на Русі злачынства, зноў пачалася міжусобная вайна, пра спыненне якіх дамовіліся на Любецкім з’ездзе.

Астатнія ўдзельнікі Любецкага з’езда пайшлі супраць Святаполка і вымусілі яго паабяцаць прагнаць або схапіць Давыда, як галоўнага вінаватага ў злачынстве. Калі Давыд на Вялікі пост (8 лютага — 20 сакавіка 1098) даведаўся пра гэта, то падумаў, што і сам Уладзімір Усевалдавіч выступіць супраць яго, таму паслаў Васіля (кніжніка, які пазней напіша «Аповесць…») да палоннага Васількі з просьбай паслаць свайго чалавека да Уладзіміра і адгаварыць таго ад вайны, абяцаючы за гэта Васільку адзін з трох гарадоў на выбар — Усевалаж[uk], Шэпаль або Пераміль[uk]. Васілька паабяцаў выканаць гэту просьбу, «ды не будзе праліцця з-за мяне крыві», але нагадаў, што яму без патрэбы чужыя гарады, бо ёсць свая — Церабоўля. Тым часам пасля Вялікадня 1098 года (28 сакавіка) Давыд выступіў да Церабоўлі, каб заняць воласць свайго палоннага. У Бужска Давыда сустрэў брат Васількі — Валадар. Давыд, не маючы сілаў ісці супраць, зачыніўся ў Бужску, а Валадар аблажыў горад, патрабуючы вярнуць яму брата і абяцаючы за гэта мір. Давыд паслаў ва Уладзімір-Валынскі за Васількам, князі заключылі мір і Давыд вярнуўся ва Уладзімір-Валынскі.

Той жа вясною Валадар і Васілька пайшлі супраць Давыда. Яны захапілі горад Усевалаж і спалілі яго, а жыхароў Васілька загадаў вынішчыць. Летапісец, настроены добразычліва да Васількі, рашуча асудзіў яго за расправу: «…і учыніў помсту на людзях невінаватых, і праліў кроў нявінную». Давыд зачыніўся ва Уладзімір-Валынскім, а браты аблажылі горад, запатрабаваўшы выдаць баяраў Турака, Лазара і Васіля, якія калісьці і нагаварылі Давыду на Васільку. Давыд змушаны быў падпарадкавацца і выдаў Васіля і Лазара, толькі Турак збег у Кіеў. Князі зноў заключылі мір, а выданыя баяры былі павешаны, целы іх расстралялі «Васількавічы», верагодна, юныя сыны Васількі. «Гэта ж другую помсту ўчыніў» — няўхвальна апавядае летапісец.

Вайна са Святаполкам[правіць | правіць зыходнік]

У 1099 годзе Святаполк Ізяславіч, урэшце, пайшоў абяцанай вайною, каб выгнаць Давыда Ігаравіча, а Расціславічам цалаваў крыж, што з імі міру і любові. Пасля даволі працяглай барацьбы, толькі аблога Уладзімір-Валынскага трывала 7 тыдняў (да 9.4.1099), Давыд Ігаравіч, паводле пагаднення са Святаполкам з цалаваннем крыжа (22.4.1099), выйшаў з Уладзімір-Валынскага ў Чэрвень[uk], відаць, гэты горад даў яму Святаполк ва ўдзел. Святаполк пасадзіў ва Уладзімір-Валынскім свайго сына Мсціслава. Па гэтым Святаполк сабраўся ваяваць і з Расціславічамі, бо тыя трымалі частку колішняй воласці яго бацькі і брата, таму паслаў іншага сына — Яраслава па дапамогу да венгерскага караля Каламана. Агульная небяспека зноў аб’яднала даўніх саюзнікаў, а нядаўніх ворагаў — Расціславічаў і Давыда Ігаравіча — Давыд, пакінуўшы сваёй жонку ў Валадара, адправіўся шукаць дапамогі ў полаўцаў.

Пайшоў Святаполк на Валадара і Васільку, даведаўшыся пра гэта, яны ўзялі крыж, які Святаполк цалаваў ім на мір і любоў, і выйшлі супраць. Сышліся Святаполк і Расціславічы ў лютым баі на Рожным полі, перад якім, на вачах войскаў абодвух бакоў, сляпы Васілька ўзняў над сабою крыж, які цалаваў ім Святаполк, і выклікнуў: «Яго ты цалаваў, але спачатку ўзяў зрок вачэй маіх, а цяпер хочаш ўзяць душу маю. Няхай будзе паміж намі крыж гэты!». Летапісец кажа, што многія бачылі ў небе над васількавым палком крыж — відавочнае сведчанне, што яму дапамагалі вышнія сілы. Убачыўшы як Расціславічы адольваюць Святаполк уцёк ва Уладзімір-Валынскі, а адтуль у Кіеў, Расціславічы ж не гналіся[1]. Неўзабаве, сын Святаполка — Яраслаў прывёў венграў пад Перамышль. Валадар зачыніўся ў горадзе, а венгры сталі вакол, паабапал ракі Вагр. Тым часам, Давыд Ігаравіч, які сустрэў хана Баняка, прыйшоў з полаўцамі пад Перамышль супраць венграў. У жорсткім баі на Вагры полаўцы разграмілі венграў, ва ўцёках шмат іх патанула ў Вагры і Сане. Такім чынам, Валадар і Васілька адстаялі свае ўладанні — Перамышль і Церабоўлю, а Давыд Ігаравіч на кароткі час вярнуў сабе Уладзімір-Валынскі.

Канечнае зацвярджэнне на ўдзеле[правіць | правіць зыходнік]

У 1100 годзе старэйшыя князі двойчы збіраліся ва Увецічах, каб устанавіць мір, у выніку Давыд Ігаравіч быў асуджаны і атрымаў толькі Буск. Расціславічы ў з’ездзе не ўдзельнічалі. Старэйшыя князі 30.8.1110 года паслалі да Валадара, каб забраў сляпога Васілька да сябе ў Перамышль, а Церабоўлю аддаў, або прыслаў Васільку да старэйшых князёў і яны будуць яго «карміць»[2]. Таксама ад Валадара патрабавалі вярнуць смердаў і халопаў, т. б. палон, які яны з братам узялі ў вайну. Валадар, аднак, не паслухаліся і невядома на якіх умовах быў устаноўлены мір, але і далей Валадар трымаў Перамышль адзін, а Васілька застаўся ў Церабоўлі[1].

Апошнія гады[правіць | правіць зыходнік]

Згадкі крыніц пра Васільку ў наступныя гады вельмі скупыя. Працяглы час Валадар з Васількам трымаліся саюзу з Уладзімірам Усеваладавічам, саюз гэты, магчыма, меў месца яшчэ ў 1090-я гады і ўзмацніўся дзякуючы цвёрдай пазіцыі Уладзіміра на Любецкім і Увеціцкіх з’ездах на карысць Расціславічаў. Пагатоў, саюз мусіў узмацніцца пасля 1113 года, калі Уладзімір заняў вялікакняскі сталец у Кіеве. У 1114 годзе Валадар выдаў (11 верасня) сваю дачку, імя якой не вядома, за сына Уладзіміра — Рамана. Летам 1117 года Валадар і Васілька ўдзельнічалі ў паходзе вялікага князя Уладзіміра Усеваладавіча на Уладзімір-Валынскі супраць Яраслава Святаполчыча. Яраслаў уцёк у Польшчу, а Уладзімір пасадзіў ва Уладзімір-Валынскім свайго сына Рамана, а пасля яго смерці (1119) яшчэ аднаго — Андрэя.

У 1122 годзе Васількаў брат Валадар трапіў у польскі палон, Васілька пачаў перамовы і заплаціў за брата вялізны выкуп — паводле Я. Длугаша, 12 000 грыўняў срэбра — што прычынілася працягламу гаспадарчаму крызісу ў Перамышльскім і Церабоўльскім княствах. Магчыма, адной з умоў выкупу Валадара была дапамога братоў Яраславу Святаполчычу, які хацеў вярнуць сабе Уладзімір-Валынскі адабраны Уладзімірам Усевалдавічам. Прынамсі, у 1123 годзе да Уладзімір-Валынскага, дзе сядзеў ужо Андрэй Уладзіміравіч, Яраслаў Святаполчыч падступіў з саюзным войскам з палякаў, венграў, чэхаў і дружын Валадара і Васількі. Аднак, Яраслаў загінуў пад горадам і саюз распаўся, кожны вяртаўся дадому. Тады Расціславічы паслалі з «маленнем» і дарамі да Уладзіміра Усевалдавіча, які ішоў ужо вайною, і той дараваў ім.

Памёр Васілька ў 1124 годзе.

Нашчадкі[правіць | правіць зыходнік]

Васілька Расціславіў меў двух сыноў — Івана і яшчэ аднаго, чые імя называе толькі Я. Длугаш, — Рыгора, а таксама дачку. В. М. Тацішчаў, у сваёй «Гісторыі Расійскай», называе імёны Васількавічаў іначай — Ігар і Расціслаў.

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Рапов, 1977, с. 71.
  2. Рапов, 1977, с. 72.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Войтович Л. Галицьке князівство на Нижньому Дунаї // Галич і Галицька земля в державотворчих процесах України. — Галич, 2008. — С. 3-18;
  • Крип’якевич І. Галицько-Волинське князівство. — Львів, 1999. — С. 55;
  • Мавродин В. В. Русские на Дунае // Ученые записки ЛГУ. Серия гуманитарных наук. № 87. 1943. — С. 12;
  • Рапов О. Княжеские владения на Руси в X — первой половине XIII в.. — М.: Изд-во МГУ, 1977. — 268 с.
  • Щавелева Н. И. Древняя Русь в «Польской истории» Яна Длугоша. — М., 2004.