Буск
| Горад | |||
| Буск | |||
|---|---|---|---|
| Буськ | |||
|
|||
| 49°58′ пн. ш. 24°37′ у. д.HGЯO | |||
| Краіна |
|
||
| Вобласць | Львоўская | ||
| Раён | Бускі | ||
| Гісторыя і геаграфія | |||
| Першая згадка | 1097 | ||
| Плошча | 3.84 км² | ||
| Вышыня цэнтра | 217 м | ||
| Водныя аб’екты | Буг | ||
| Часавы пояс | UTC+2, летам UTC+3 | ||
| Насельніцтва | |||
| Насельніцтва | 8500 чалавек (07.03.2022) | ||
| Лічбавыя ідэнтыфікатары | |||
| Тэлефонны код | +380-3264 | ||
| Паштовы індэкс | 80500—80505 | ||
| Аўтамабільны код | BC і НС / 14 | ||
|
|
|||
Буск (укр.: Буськ) — горад ва Украіне, адміністрацыйны цэнтр Бускага раёна Львоўскай вобласці. За 51 км ад Львова, з якім звязаны аўтамабільнай дарозе міжнароднага значэння Е40 Кіеў — Львоў, за 5 км ад чыгуначнай станцыі Краснэ. Колькасць насельніцтва — 8 484 чалавек (2022). На правым беразе Заходняга Бугу.
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Упершыню згаданы пад 1097 годам, калі тут трымаў аблогу князь уладзімірскі Давыд Ігаравіч. Але ёсць думка, што горад заснаваны значна раней і быў цэнтрам племя бужан, згаданых у «Аповесці мінулых гадоў» — «Бужане зане седоша по Бугу». Назва горада паходзіць ад ракі і сустракаецца ў летапісах у форме «Бужск», «Бужаск», «Божск» і іншых. На мысе, дзе рака Полтва ўпадае ў Заходні Буг захавалася гарадзішча плошчай каля 6 гектар.
У XI—XII стст. Буск быў цэнтрам Бужскага удзела Уладзімірскага княства. У 1097—1113 Бускам валодаў Давыд Ігаравіч. Пасля яго смерці горад заставаўся цэнтрам удзела, і ім валодала шэраг князёў, у тым ліку ў 1123—1125 гадах вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах.
У XIII — 1-й палове XIV стст. Буск у Бэлзскім ўдзеле Галіцка-Валынскага княства. Падчас татара-мангольскага нашэсця на Русь праз горад прайшоў Батый. У 1284 гадах Буск абрабаваны і разбураны Целебугой. У 1349 годзе горад у складзе часткі Галіцка-Валынскага княства трапіў пад уладу Польскага каралеўства і стаў цэнтрам павета Бэлзскага ваяводства.
У 1411 годзе князь мазавецкі і бэлзскі надаў Буску магдэбургскае права, а ў 1506 годзе жыхары горада дабіліся дазволу на дзейнасць васкабойні. Горад стаяў на так званым Чорным шляху, па якім здзяйснялі набегі татары, Буск на працягу XV ст. некалькі разоў цярпеў ад іх нападаў — у 1442, 1450, 1453, 1467 і 1498 гадах, горад некалькі разоў разрабаваны і спалены. Набегі не спыняліся і ў XVI ст. Так, у 1516 годзе татары напалі на прадмесці горада і захапілі шмат палонных. Тое самае здарылася і ў 1549 годзе. У XVI ст. пасля шэрагу спусташальных татарскіх набегаў для засялення гэтага краю запрасілі «валохаў», то-бок італьянцаў, якія займаліся жывёлагадоўляй, вырабам сукна, бочкавых клёпак і дрэўнага вугалю, іншых драўляных вырабаў, сплавам лесу па Бугу і спрыялі ажыўленню рамяства і гандлю. У 1578 годзе бускі мешчанін Ларыён заснаваў Бускі папяровы млын. На паперы, вырабленай на гэтым млыне, друкаваліся кнігі Івана Фёдарава ў Львове. У 1714 годзе папяровы млын знесены паводкай, у канцы XVIII ст. адноўлены, месца, дзе размяшчаўся млын, жыхары дагэтуль завуць «папірняй».
У 1541 годзе кароль Жыгімонт Стары пацвердзіў гораду магдэбургскае права.
Паводле інвентару за 1578 год, у Буску 4 млыны і валюшня, жыло 4 шаўца, 3 кавалі, 10 краўцоў, 12 кушняроў, 10 ткачоў, 6 півавараў, 3 бондары, 1 шорнік, 1 мечнік, 3 шапачнікі, 2 саладоўнікі, 1 цырульнік, 1 злотнік, 1 ганчар. Былі цэхі ткачоў, краўцоў і нейкія іншыя. Горад быў адным з цэнтраў гандлю ў рэгіёне, праводзіліся кірмашы.
У перыяд вайны 1648—1654 гадоў Буск і наваколлі сталі месцам баёў паміж атрадамі Багдана Хмяльніцкага і войскамі Рэчы Паспалітай. Падчас паходу 1655 года ў Заходнюю Украіну казакі прыступам авалодалі горадам і разбурылі яго ўмацаванні — гарадскія сцены і валы.
У канцы XVII ст. у наваколлях Буска сталі здабываць жалезную руду. З’явіліся «жалезныя кузні», а таксама арганізавана вытворчасць шкла, паташу і вапны. Пачалася здабыча охры. У 1769 годзе пабудавалі гарбарную мануфактуру, якая пасля пастаўляла абутак для арміі Аўстра-Венгрыі.
У XVI—XVIII стст. Буск быў адным з прыкметных цэнтраў культуры і асветы на заходнеўкраінскіх землях. Значную ролю ў гэтым грала Бускае брацтва, пры ім была пачатковая школа з стараўкраінскай мовай выкладання. З прычыны дарагавізны друкаваных кніг, настаўнікі брацкіх школ займаліся іх перапісваннем. Захавалася кніга «Соборник цветоносный», перапісаная настаўнікам бускай школы Якавам Чайкай.
Буск звалі «Галіцыйскай Венецыяй». Рэкі Салотвіна, Ракітная, Рудная і Малдова, якія цякуць праз горад, падзялялі яго на некалькі частак — Стары горад, Сярэдні горад, Новы горад і Ябланаўка. Да горада прылягалі прадмесці: на правым беразе Буга — Ліпабокі, Доўгі бок і Валяне, падзеленыя рэчышчамі багністых рэк Салотвіны і Ракітнай, а на левым беразе — Нямецкі бок і аддзеленае ад яго рэчышчам Полтвы Падзамча. Сувязь паміж цэнтрам горада і прадмесцямі была праз грэблі і 68 мастоў і кладак з двух-трох дошак на высокіх палях.
Пасля першага падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 годзе горад трапіў пад уладу Аўстра-Венгрыі. У 1772—1782 гадах горад быў цэнтрам дыстрыкту, у 1782—1789 гадах уваходзіў у склад Бродаўскай, у 1789—1867 — Залачоўскай акругі, у 1867—1918 — Каменска-Струмілаўскага павета. Хоць горад працягваў карыстацца магдэбургскім правам, усім распараджаўся былы стараста і арандатар Іосіф Мір, які захаваў правы арандатара і атрымаў ад аўстра-венгерскага ўрада тытул графа. У канцы XIX ст. правы графа Міра перайшлі да графа Бадэні.
У перыяд Першай Сусветнай вайны Буск некалькі разоў пераходзіў з рук у рукі і вельмі пацярпеў ад ваенных дзеянняў. Пасля распаду ў лістападзе 1918 года Аўстра-Венгрыі ўлада ва Усходняй Галіцыі, у тым ліку Буску, перайшла да Заходнеўкраінскай Народнай Рэспублікі (ЗУНР). У ліпені 1919 года горад занялі войскі Польшчы. 15 жніўня 1919 года ў Буск уступіла 1-я Конная армія і ўсталявана савецкая ўлада. У горадзе знаходзіўся штаб 1-й Коннай арміі на чале з С. М. Будзённым.
Увосень 1920 года горад зноў перайшоў пад уладу Польшчы. У 1921—1939 гадах быў мястэчкам Каменска-Струмілаўскага павета Цярнопальскага ваяводства. Вялікая частка прадпрыемстваў у горадзе належала графу Бадэні і графіні Сукс.
У верасні 1939 года ў Буск увайшла Чырвоная Армія і зноў усталявана савецкая ўлада. У 1940 годзе Буск аднесены да катэгорыі гарадоў і стаў цэнтрам раёна Львоўскай вобласці. 1 ліпеня 1941 года ў горад увайшлі нямецкія войскі. 18 ліпеня 1944 года Буск вызвалілі войскі 1-га Украінскага фронту.


