Перайсці да зместу

В’екес

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў В'екес)
В'екес
ісп. Vieques
Выгляд з паветра
Выгляд з паветра
Характарыстыкі
Плошча135 км²
Насельніцтва9 301 чал.
Шчыльнасць насельніцтва68,9 чал./км²
Размяшчэнне
18°07′ пн. ш. 65°25′03″ з. д.HGЯO
АрхіпелагАнтыльскія астравы
АкваторыяКарыбскае мора
Краіна
В’екес (Пуэрта-Рыка)
В'екес
В'екес
Map
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

В'е́кес (ісп.: Vieques) — востраў у Карыбскім моры. Складае асобны муніцыпалітэт Пуэрта-Рыка. Плошча - 135 км². Насельніцтва - 9 301 чал. (2010 г.)

Карта

Востраў В’екес уяўляе сабою паверхню падводнага вулканічнага хрыбта, што цягнецца ад суседняга вострава Пуэрта-Рыка. Месціцца за 10,7 км на паўднёвы ўсход ад Пуэрта-Рыка, за 58 км на паўднёвы ўсход ад Сан-Хуана. Даўжыня — 32,95 км. Найбольшая шырыня — 6,48 км. Большая частка паверхні ўяўляе сабою пагорыстае плато, што паступова паніжаецца да ўзбярэжжа. В’екес вядомы доўгімі і прыгожымі пясчанымі пляжамі. Найвышэйшы пункт — гара Монтэ-Пірата (300 м).

Клімат трапічны пасатны. Сярэднегадавая тэмпература трымаецца каля +24 °C. Нізкая паверхня не затрымлівае вятры, якія ўначы могуць істотна ахаладжаць паветра. У 2004 г. зафіксаваны мінімум +6 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў 1150 мм — 1400 мм. Улетку часцяком здараюцца ўраганы. Узімку назіраецца сухі сезон.

Большая частка вострава В'екес пакрыта саваннай і зараснікамі хмызнякоў. На поўдні вылучаецца некалькі заліваў з рэшткамі мангравых лясоў. Паўднёвыя залівы таксама знакаміты тым, што іх насяляюць біялюмінісцэнтныя мікраарганізмы Pyrodinium bahamense. Распаўсюджаныя наземныя жывёлы — птушкі, казуркі, ігуаны, чарапахі, крабы, яшчаркі, алені.

Людзі жывуць пераважна ў цэнтральнай частцы вострава. Усходняя і заходняя часткі, якія раней выкарыстоўваліся для ваенных патрэб, пераўтвораны ў запаведнікі.

Першыя людзі з’явіліся на востраве В'екес каля 4 тысяч гадоў таму. У 1493 г., калі востраў быў адкрыты Х. Калумбам, яго насялялі таіна. У пачатку XVI ст. мясцовыя таіна на чале братоў Какімара і Яўрэйба паднялі паўстанне супраць іспанцаў, але былі разбіты. Значная частка карэннага насельніцтва была пераселена на Пуэрта-Рыка. Рэшткі індзейскага насельніцтва В'екеса зніклі ў наступныя стагоддзі ў выніку сутычак з каланістамі з Англіі, Францыі і Шатландыі, якія няўдала спрабавалі стварыць сталыя паселішчы.

У 1843 г. каланіяльныя ўлады Пуэрта-Рыка стварылі асобны муніцыпалітэт В'екес і пачалі каланізацыю вострава. Тут былі створаны плантацыі цукровага трыснягу, на якіх працавалі негры-рабы і вольныя падзёншчыкі. У пачатку 1940-х гг. насельніцтва складала 10 362 чалавек, на 4 цукровых заводах вытваралася 8000 тон цукру.

У 1898 г. разам з Пуэрта-Рыка востраў быў далучаны да ЗША. У 1941 г. перададзены ў карыстанне ВМС ЗША. Землі на ўсходзе і захадзе вострава былі выкуплены амерыканскім урадам і выкарыстоўваліся як палігоны да 1999 г. ВМС пакінуў В'екес пад ціскам пратэстаў мясцовага насельніцтва. Палігоны былі пераўтвораны ў запаведнікі.

Інфраструктура

[правіць | правіць зыходнік]

В'екес складае асобны муніцыпалітэт Пуэрта-Рыка. Адміністрацыйны цэнтр месціцца ў горадзе Ісабэль-Сегунда на поўначы вострава. Другое па колькасці насельніцтва паселішча Эсперанса знаходзіцца на паўднёвым узбярэжжы. На В'екесе працуюць марскі порт і аэрапорт. Дарослае насельніцтва працуе на мясцовым заводзе кампаніі General Electric, а таксама абслугоўвае турыстаў.