Хіяс

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Востраў Хіяс)
Хіяс
грэч. Χίος
Порт Лімія
Порт Лімія
Характарыстыкі
Плошча842,5 км²
Насельніцтва51 930 чал.
Шчыльнасць насельніцтва61,64 чал./км²
Размяшчэнне
38°24′ пн. ш. 26°01′ у. д.HGЯO
АкваторыяЭгейскае мора
Краіна
Хіяс (Грэцыя)
Хіяс
Хіяс
Праблемы з <mapframe>:
  • Атрыбут «latitude» мае няслушнае значэнне
  • Атрыбут «longitude» мае няслушнае значэнне
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Хі́яс (грэч. Χίος) — востраў у Эгейскім моры. Уваходзіць у склад Грэцыі. Агульная плошча — 842,5 км². Насельніцтва — 51930 чал. (2011 г.).

Геаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Востраў Хіяс месціцца ва ўсходняй частцы Эгейскага мора, усяго за 4,6 км ад тэрыторыі Турцыі, за 194 км на паўночны ўсход ад Афінаў і 1707 км на паўднёвы захад ад Мінска. Даўжыня з поўначы на поўдзень — 50,9 км, найбольшая шырыня — 29 км.

Востраў мае вулканічнае паходжанне. Знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад краю тэктанічнай платформы, таму лічыцца сейсмічна небяспечным. Ландшафт гарысты, асабліва на поўначы, дзе гара Пелінаён узвышаецца на 1297 м. Берагі скалістыя, узвышаныя. Толькі ў некалькіх месцах вылучаюцца пляжы.

Клімат засушлівы субтрапічны. Сярэдняя тэмпература студзеня +5—11 °C. Сярэдняя тэмпература ліпеня +19—28 °C. Сярэднегадавая колькасць ападкаў — 520 мм. Самыя засушлівыя месяцы — ліпень і жнівень, калі ападкі не перавышаюць 1 мм. Часцяком дажджы не здараюцца на працягу ўсяго лета.

Прырода[правіць | правіць зыходнік]

У антычнасці значная частка вострава была пакрыта хваёвымі лясамі. З-за кліматычных змен і дзейнасці чалавека ў наш час флора прадстаўлена пераважна ксерафітнымі хмызнякамі і травамі. Лясы захаваліся толькі ў гарах. У 2012 г. пажары знішчылі каля 36 000 га лясоў і сельскагаспадарчых насаджэнняў.

Востраў Хіяс — сезоннае месца адпачынку многіх відаў пералётных птушак.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Мармуравая пліта з вытрымкай з "Гісторыі" Герадота аб Гамеры

Востраў Хіяс быў населены не раней за 1600 г. да н. э. Старажытнагрэчаскія гісторыкі лічылі, што першымі жыхарамі былі лелегі. У IX ст. да н. э. востраў быў заняты перасяленцамі з Кіпра і Эўбеі. У класічную эпоху хіясцы размаўлялі на іанійскім дыялекце грэчаскай мовы і ўваходзілі ў Іанійскі саюз. Мясцовым ураджэнцам лічыўся Гамер. З канца VII ст. да н. э. тут чаканілі ўласную манету, вёўся актыўны гандаль, у тым ліку з такімі аддаленымі месцамі як Паўночнае Прычарнамор'е, Егіпет і Галія. Насельніцтва Хіяскага поліса дасягала 120 тыс. чал. Галоўным прадметам экспарту было віно.

У VI ст. была ўсталявана дэмакратычная сістэма кіравання па вобразу Афінаў. Сувязі з Атыкай сталі асабліва важнымі з сярэдзіны VI ст. да н. э., калі Хіяс вёў барацьбу за незалежнасць супраць дзяржавы Ахеменідаў. У 478 г. да н. э. поліс увайшоў у Дэласкі саюз, у якім быў пазбаўлены абавязку выплочваць свой унёсак грашыма. Замест гэтага астравіцяне забяспечвалі саюзнікаў караблямі. У 412 г. да н. э. хіясцы паўсталі супраць дыктату з боку афінян, былі атакаваны афінскім флотам, але здолелі выдужаць аблогу з дапамогай спартанцаў. Пазней востраў увайшоў у склад Македоніі, потым Рымскай дзяржавы.

З 395 г. н. э. у складзе Візантыі. У XI ст. кароткі час знаходзіўся пад уплывам сельджукаў. У 12611566 гг. — калонія Генуэзскай рэспублікі. Мясцовыя генуэзскія землеўладальнікі вялі асабістую знешнюю палітыку, што асабліва стала характэрным для першай паловы XVI стагоддзя. У 1566 г. востраў афіцыйна ўвайшоў у склад Асманскай імперыі. Асманскае кіраванне было адзначана вяртаннем грэчаскага ўплыву.

Мясцовыя гандляры і чыноўнікі — пераважна грэкі — атаясамлялі свой поспех з турэцкімі ўладамі, таму ў пачатку XIX ст. яны вельмі насцярожана аднесліся да руху за незалежнасць Грэцыі. У 1822 г. на Хіяс пераправілася некалькі сотняў грэкаў-рэвалюцыянераў з вострава Самас. У адказ, асманскія ўлады высадзілі дэсант, які арганізаваў разню паўстанцаў і мірнага насельніцтва. Хіяс увайшоў у склад Грэцыі толькі ў 1912 г.

Культурная спадчына[правіць | правіць зыходнік]

У 1990 г. праваслаўныя манастыры Дафні, Хосіас-Лукас і Неа-Моні на востраве Хіяс былі ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг ЮНЕСКА Сусветная спадчына ЮНЕСКА, аб’ект № 537
рус.англ.фр.