Перайсці да зместу

Выкупная аперацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Выкупна́я апера́цыя (руск.: выкупная операция) — дзяржаўная крэдытная аперацыя, якая праводзілася ў Расійскай імперыі праз скасаванне прыгоннага права з 1861 года. Мэтай аперацыі было спрыянне пераходу надзельнай зямлі ва ўласнасць сялян. Да часу выкупу сяляне, застаючыся асабіста свабоднымі, працягвалі плаціць за карыстанне зямлёй памешчыка праз паншчыну і аброк, такія сяляне мелі статус часоваабавязаных сялян.

Паводле «Палажэння аб выкупе» селянін пры адсутнасці нядоімкі меў права выкупіць сядзібны ўчастак без згоды памешчыка, а палявы надзел мог выкупіць толькі са згодны або па патрабаванні памешчыка. Выкупны кошт надзельнага ўчастка вызначаўся шляхам капіталізацыі з 6 % гадавога грашовага аброку. Фактычна сяляне выкуплялі не зямлю, а феадальныя павіннасці, гэта значыць асабістую свабоду. Сяляне атрымлівалі ад дзяржаву пазыку ў 75—80 % выкупнога доўгу, якую павінны былі пагасіць на працягу 49 гадоў па 6 % штогод. Астатнія 20—25 % выкупнога доўгу сяляне абавязаны былі ўнесці памешчыку пры заключэнні выкупной здзелкі. Пры выкупе надзелу па патрабаванні памешчыка, гэта значыць пры адсутнасці добраахвотнага пагаднення, такая даплата не была патрэбна. Часта дадатковы плацеж замяняўся работай. Выкупная сума, за вылікам доўгу крэдытным установам, выдавалася памешчыкам аднаразова дзяржаўнымі 5-працэнтнымі банкаўскімі білетамі і выкупнымі пасведчаннямі. У 1863—1871 гадах на Беларусі і Літве ў сувязі з паўстаннем 1863—1864 гадоў і выплатай кантрыбуцыйнага збору мясцовымі памешчыкамі гэту суму дзяржава выдавала ім гатоўкай у памеры вылічанага гадавога 5,5-працэнтнага даходу з надзельных зямель сялян, пераведзеных на выкуп[1].

Абавязковы выкуп на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне (заходнія губерні) быў уведзены з 1863 года, у іншых рэгіёнах Расійскай імперыі з 1883 года. Пад уплывам паўстання 1863—1864 гадоў і масавага руху сялян ім вярнулі частку адрэзкаў (адрэзаных памешчыкам частак зямлі) і паменшылі выкупныя плацяжы. Памеры выкупных плацяжоў на дзесяціну надзельнай зямлі паводле выкупных актаў супраць з вызначанымі ва ўстаўных граматах зменшыліся ў Мінскай губерні на 75,4 %, Віленскай на 64,9 %, Магілёўскай на 23,8 %. Агульны кошт зямлі па выкупе і цана яе на мясцовым рынку ў 1863—1872 гадах адпаведна складалі: у Віцебскай губерні — 16,8 і 8,2 млн рублёў, Магілёўскай — 25,6 і 10,1 млн рублёў, Мінскай — 12,6 і 10,5 млн рублёў, Віленскай — 9,4 і 11,5 млн рублёў, Гродзенскай — 7,8 і 10,7 млн рублёў. Нягледзячы на меншы памер выкупной сумы супроць рыначнай цаны зямлі ў апошніх дзвюх губернях, сяляне ўсё адно значна пераплацілі за свае надзелы праз шматгадовае спагнанне дзяржавай 6 % па выкупной пазыцы[2].

Рэвалюцыйная сітуацыя ў краіне канца 1870-х — пачатку 1880-х гадоў і значны недабор выкупных плацяжоў (павелічэнне нядоімак) прымусілі расійскі ўрад у пачатку 1880-х гадоў скараціць памеры выкупу для былых памешчыцкіх сялян шэрагу рэгіёнаў. У 1882—1890-х гадах у Магілёўскай губерні выкупныя плацяжы былі паменшаны на 6,6 %, у Віцебскім і Гарадоцкім паветах Віцебскай губерні — на 3,3 %. На астатніх землях Беларусі скарачэнне не праводзілася. Праз падзеі рэвалюцыі 1905 года расійскі ўрад вымушаны быў скасаваць выкупныя плацяжы[2].

Выкуп усіх надзельных земляў былых панскіх сялян павінен быў скончыцца ў 1932 годзе, але выкупныя плацяжы былі спыненыя з 1 студзеня 1907 года ў рамках сталыпінскай аграрнай рэформы пад уплывам рэвалюцыі 1905 года. 3 лістапада 1905 года (пры старшыні Савета міністраў Сяргеі Вітэ, галоўным кіраўніку землеўпарадкаваннем і земляробствам Мікалаі Кутлеры) былі выпушчаны Найвышэйшы маніфест і суправаджальны ўказ[3], паводле якіх выкупныя плацяжы былых панскіх сялян з 1 студзеня 1906 года памяншаліся напалову, а з 1 студзеня 1907 года скасоўваліся цалкам.