Адрэзкі (зямля)
Адрэ́зкі — землі, адрэзаныя ад сялянскіх надзелаў на карысць памешчыкаў у ходзе сялянскай рэформы 1861 года ў Расійскай імперыі. У чарназёмных губернях Расіі адрэзкі складалі каля 1/5, у іншых мясцовасцях да 2/5 сялянскай надзельнай зямлі.
На Беларусі рэформа праводзілася паводле агульнарасійскіх і двух мясцовых палажэнняў. У Магілёўскай і беларускіх (акрамя Дрысенскага) паветах Віцебскай губерні, як у расійскіх і паўднёва-ўкраінскіх губернях, прадугледжвалася захаванне за сялянамі надзельных зямель, якімі яны карысталіся на момант скасавання прыгоннага права. Але памешчыкі атрымалі права паменшыць надзел, калі да рэформы ён быў большы за найвышэйшую норму (4—5,5 дзесяцін; найніжэйшая норма — 1 дзесяціна 800 квадратных сажняў — 1 дзесяціна 2000 квадратных сажняў на душу мужчынскага полу), калі ў памешчыка заставалася менш чым 1/3 прыдатнай зямлі маёнтка, а таксама калі селянін згаджаўся бясплатна атрымаць ва ўласнасць 25 % вышэйшага надзелу (даравальны надзел). Паводле ўстаўных грамат, на бальшыні Магілёўскай губерні адрэзкі складалі 12,7 % надзельнай зямлі. У Віленскай, Гродзенскай, Мінскай і Дрысенскім павеце Віцебскай губерні за сялянамі замацоўваліся землі, якія былі ў пастаянным карыстанні напярэдадні скасавання прыгоннага права. Адрэзкі ажыццяўляліся, калі надзел быў большы за інвентарны і калі ў памешчыцкім маёнтку заставалася менш за 1/3 прыдатнай зямлі. У Гродзенскай губерні было адрэзана 9,8 % надзельных зямель (каля 1/5 памешчыцкіх сялян увогуле былі пазбаўлены права на атрыманне надзелу), у Мінскай (без Навагрудскага і Пінскага паветаў), паводле заніжаных даных — 2 %. Памешчыкі пазбаўлялі былых прыгонных сялян лепшай ворнай зямлі, пашаў, сенажацяў, вадапояў, прагонаў для жывёлы, лясных участкаў, ссялялі іх «на пясочак». На Беларусі ў склад надзелу не былі ўключаны ўгоддзі, якія былі ў часовым карыстанні сялян (прыёмныя землі), за якія яны адбывалі павіннасці, таксама сялян пазбавілі зямельных сервітутаў[1].
Паўстанне 1863—1864 гадоў і масавы сялянскіх рух у адказ на ўмовы рэформ прымусілі расійскі ўрад пайсці па пэўныя саступкі. Паводле цыркуляраў віленскага генерал-губернатара Міхаіла Мураўёва ад 17 жніўня і 18 кастрычніка 1863 года, беларускім і літоўскім сялянам была вернута частка зямлі, адабраная памешчыкамі ў 1846—1862 гадах. У Заходняй і Цэнтральнай Беларусі яе атрымалі 19,2 тысячы абеззямеленых сялянскіх двароў, што складала 12,5 % ад колькасці двароў, якія мелі надзелы. Указамі ад 1 сакавіка і 2 лістапада 1863 года быў устаноўлены абавязковы выкуп, на 20 % паменшаны выкупныя плацяжы былых памешчыцкіх сялян, ім вярнулі частку адрэзкаў. Сялянам было вернута права часова карыстацца сервітутнымі ўгоддзямі[1].
Адрэзаныя землі былі конча патрэбны сялянам для выжывання, што прымушала іх арандаваць адрэзкі ў памешчыкаў на цяжкіх умовах (адработкі). Адразанне зямлі адбывалася таксама ў час рэформы дзяржаўных сялян 1867 года. Супраць адрэзкаў адбываліся масавыя выступленні сялян, вядомым з іх ёсць Аленскае выступленне сялян 1880—1882 гадоў[1].
Крыніцы
[правіць | правіць зыходнік]Літаратура
[правіць | правіць зыходнік]- Вячаслаў Панюціч. Адрэзкі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 1: А — Беліца / Рэдкал.: М. В. Біч і інш.; Прадм. М. Ткачова; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн. : БелЭн, 1993. — С. 62. — 20 000 экз. — ISBN 5-85700-074-2.