Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут
Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут (ВЛМІ) | |
---|---|
Заснаваны | 1921 |
Год закрыцця | 1925 |
Рэктар | В. Я. Брусаў |
Краіна | |
Размяшчэнне | Масква |
Юрыдычны адрас | Паварская вул., 52 |
Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Я. Брусава (руск.: Высший литературно-художественный институт имени В. Я. Брюсова), вядомы таксама як Брусаўскі інстытут (Брюсовский институт) — спецыяльная вышэйшая навучальная ўстанова ў Маскве з 1921 па 1925 год. У інстытуце рыхтавалі пісьменнікаў, паэтаў, белетрыстаў, драматургаў, крытыкаў і перакладчыкаў (трохгадовы курс навучання).
Гісторыя
[правіць | правіць зыходнік]Па ініцыятыве В. Брусава інстытут створаны ўвесну 1921 года ў «сядзібе Салагуба» на аснове студыі пры Літаратурным аддзеле Наркамасветы (раней таксама арганізаванай Брусавым), літаратурных курсаў пры «Палацы мастацтваў», закрытым у лютым, і часткі Дзяржаўнага інстытута слова. Акрамя таго, увесну 1922 года з ВЛМІ аб’ядналі Прафесійна-тэхнічную школу паэтыкі, дзе працаваў Брусаў і іншыя выкладчыкі ВЛМІ.
Пралетарыят, які авалодвае ўсімі прыладамі вытворчасці, які вывучае навуковую арганізацыю працы, не мог абмінуць такой магутнай прылады культуры, якім з’яўляецца слова. Вытворча авалодаць словам — такая задача ВЛМІ, створанага пралетарскай уладай.[1] |
У пачатку 1924 года ў сувязі з юбілеем Валерыя Брусава, які ўрачыста адзначаўся ў снежні 1923 года, інстытуту было прысвоена яго імя.
Пасля смерці Брусава ў снежні 1924 па рашэнні Аргбюро ЦК УКП(б) рэктарам быў прызначаны В. П. Палонскі. Загружаны выдавецкімі і рэдакцыйнымі справамі, Палонскі ў інстытуце не з’яўляўся, дакументы на подпіс атрымліваў ад прарэктара М. С. Грыгор’ева, які і ажыццяўляў фактычнае кіраўніцтва.
У пачатку студзеня 1925 года камісія па палягчэнні жыллёвай цеснаты ў Маскве на чале з М. М. Швернікам прыняла рашэнне пра перавод у Ленінград шэрагу ВНУ, і ў тым ліку ВЛМІ. Клопаты Палонскага былі беспаспяховыя. З сарака выкладчыкаў пагадзіліся пераехаць у Ленінград толькі Шэнгелі і Зундзяловіч. 15 чэрвеня 1925 калегія Глаўпрафадукацыі прыняла рашэнне:
«З прычыны высветленай немагчымасці пераводу ВЛМІ ў Ленінград лічыць яго ліквідаваным»[2].
Грыгор’еў змог арганізаваць Вышэйшыя дзяржаўныя літаратурныя курсы, куды перайшлі касцяк былых выкладчыкаў ВЛМІ і частка студэнтаў малодшых курсаў. Старшакурснікі давучваліся ў іншых ВНУ. Брусаўскі інстытут быў папярэднікам Літаратурнага інстытута імя Горкага, які ствараўся ўжо з улікам вопыту гэтага інстытута.
Выкладчыкі
[правіць | правіць зыходнік]- В. Я. Брусаў (энцыклапедыя верша, старажытнагрэчаская літаратура, гісторыя рымскай літаратуры, лацінская мова ў сувязі з агульным мовазнаўствам, семінарый па усеагульнай гісторыі);
- Г. А. Шэнгелі (вершазнаўства);
- М. П. Малішэўскі (агульнае метратанічнае вершазнаўства) — навуковы сакратар, затым памочнік загадчыка навучальнай часткай;
- М. А. Цяўлоўскі (руская літаратура 1800—1830-х гадоў);
- Ю. М. Сокалаў (руская вусновая славеснасць);
- Я. В. Зундзяловіч (семінарыі па Гогалю, Дастаеўскаму, Цютчаву);
- К. Р. Локс (тэарэтычная паэтыка, курс прозы);
- М. Д. Эйхенгольц (гісторыя французскай літаратуры);
- В. Ф. Пераверзаў (руская літаратура пасля Гогаля);
- П. С. Коган (гістарычны матэрыялізм, заходняя літаратура);
- М. С. Грыгор’еў (логіка, псіхалогія) — прарэктар па навучальнай частцы з 1922;
- Л. Г. Якабсон (гістарычная паэтыка);
- І. А. Кашкін (англійская мова);
- І. С. Рукавішнікаў (вершаскладанне).