Перайсці да зместу

Віктар Алегавіч Катоўскі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Віктар Катоўскі
Поўнае імя Віктар Алегавіч Катоўскі
Дата нараджэння 9 мая 1990
Краіна  Беларусь
Музычная дзейнасць
Прафесіі музыкант
Гады актыўнасці 2010 — цяперашні час
Інструменты бас-гітара
Жанр фолк-метал
Калектыў TerraKod

Віктар Алегавіч Катоўскі (нар. 9 мая 1990) — бас-гітарыст гурта TerraKod. Палітычны зняволены, абвінавачаны і асуджаны за каментары па справе Зельцэра[1].

Удзельнік гурта TerraKod. Разам з гуртом удзельнічаў у розных фэстах Беларусі і замежжа: Свята Сонца, Men-s Fest, Rockowisko Hajnówka; граў канцэрты разам з Gods Tower, TT-34, Jinjer[ru], Sciana, Re1ikt, Zolki Band і іншымі гуртамі.

Палітычны пераслед 2020—2022

[правіць | правіць зыходнік]

Пасля забойства ў кватэры на вуліцы Якубоўскага ў Мінску 28 верасня 2021 супрацоўнікамі КДБ IT-спецыяліста Андрэя Зельцэра, падчас якога таксама загінуў супрацоўнік КДБ Федасюк, Следчым камітэтам Беларусі былі распачаты крымінальныя справы на падставе ацэначных каментароў у інтэрнэце наконт гэтага здарэння і асобы Федасюка. Ужо 6 кастрычніка Следчы камітэт паведаміў, што маецца 136 падазраванных па гэтай справе, усе яны нібыта былі затрыманы[2]. Сярод затрыманых быў таксама Віктар Катоўскі, паведамленне пра яго затрыманне з’явілася 30 верасня[3], пазней стала вядома, што Віктар праходзіць па крымінальнай справе адразу па тром артыкулам Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 368 (Абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 130 (Распальванне сацыяльнай варожасці), пасля затрымання знаходзіўся спачатку ў ІЧУ на Акрэсціна, пасля быў пераведзены ў брэсцкі СІЗА-7.

6 кастрычніка 2021 шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый, сярод якіх Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт і Беларускі ПЭН-цэнтр, прызналі палітвязнямі 73 чалавека з ліку тых, хто быў затрыманы і абвінавачаны па «справе Зельцэра», Віктар Катоўскі таксама быў прызнаны палітычным зняволенным. Праваабаронцы адзначалі, што «затрыманыя па гэтай справе знаходзяцца ў неналежных умовах, іх працэсуальныя правы, у тым ліку права на абарону, паўсюдна парушаюцца», у заяве таксама была чарговы раз выказана пазіцыя праваабаронцаў наконт неабходнасці дэкрыміналізацыі адказнасці па дыфамацыйных артыкулах, а таксама падкрэслена селектыўнае і дыскрымінацыйнае ўжыванне крымінальнай адказнасці да крытыкаў прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў органаў унутраных спраў[4].

Прысуд па крымінальнай справе Віктара Катоўскага быў вынесены 14 красавіка 2022 у Брэсцкім абласным судзе. Па сукупнасці трох артыкулаў за тры допісы Катоўскага суддзя Мікалай Грыгаровіч па запыце пракурора Пакалы пастанавіў пакараць музыку пазбаўленнем волі тэрмінам на тры гады ў калоніі агульнага рэжыму і штрафам у памеры 100 базавых велічынь (3200 рублёў), менавіта столькі, колькі запрасіла абвінавачанне на папярэднім пасяджэнні 12 красавіка[5].

Зноскі